У лютым ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. Сёлета ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №1 ім.В. Ф. Купрэвіча г. Смалявічы» прайшла ўсеагульная дыктоўка. Тэкст традыцыйна выбіралі са знакамітых твораў беларускіх пісьменнікаў. На гэты раз спыніліся на творы Цёткі «Шануйце роднае слова». Скончылася дыктоўка наступнымі словамі: «На вас – моладзі – ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачаць свой народ знаннем і культурай». Нягледзячы на тое, што гэтыя словы былі напісаныя больш за 100 гадоў таму, яны застаюцца актуальнымі і для цяперашняга часу. Тыя, хто лепш за ўсіх напісалі дыктоўку, атрымалі ад Смалявіцкага раённага камітэта грамадскага аб’ядання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» памятныя падарункі. Таксама навучэнцы прынялі ўдзел у віктарыне на веданне слоў на беларускай мове. За кожнае адгаданае слова навучэнцы атрымлівалі невялікі салодкі прыз. Смалявіцкі раённы камітэт ГА «БРСМ» ад усяго сэрца дзякуе настаўніку беларускай мовы і літаратуры Таццяне Георгіеўне Вуглік за дапамогу пры правядзенні мерапрыемства.


Ва ўстанове адукацыі «Будагоўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» таксама прайшоў Сусветны дзень роднай мовы. Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры правялі мерапрыемства, прымеркаванае да гэтай даты. Вучні паказалі сцэнку пра беларускую мову, дзе гучалі вершы і песні на беларускай мове. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» Галіна Іванаўна Мілько ў заключэнні мерапрыемства яшчэ раз заклікала хлопцаў і дзяўчат любіць і берагчы нашу родную мову.


Наталля ТЫШКОЎСКАЯ.

Фота аўтара.