Стогадовая бабуля Соф’я. 21.by

Стогадовая бабуля Соф’я

21.03.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ШМАТЛЮДНА было сёмага сакавіка ў доме жыхаркі вёскі Балькаўшчызна Соф’і Сурвілы. Прычым невыпадкова: у гэты дзень гаспадыня адзначыла свой стогадовы юбілей. Напачатку ў Свірскім касцёле Святога Мікалая адбылася Імша ў інтэнцыі імянінніцы, якую правёў пробашч Канстанцінаўскай парафіі ксёндз Алег. Пасля набажэнства прымала Соф’я Станіславаўна віншаванні ксяндза Алега і пробашча Свірскай парафіі ксяндза Багуслава, а таксама прысутных вернікаў. Гучала ў яе гонар на польскай мове і “Сто лят”. Потым святкаванне прадоўжылася дома, дзе сабраліся родныя і блізкія стогадовай юбіляркі.

Самым першым прывітаў Соф’ю Станіславаўну начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Каркоцкі. Андрэй Анатольевіч, дарэчы, як толькі пазнаёміўся са старажылам, штогод асабіста віншуе жанчыну з днём нараджэння. Наступнымі былі прадстаўнікі Свірскага сельскага выканаўчага камітэта: старшыня Віктар Субач і кіраўнік спраў Святлана Пісарчык. Яны ўручылі кветкі і падарунак. Да віншаванняў і шчырых пажаданняў далучыліся і культработнікі Свірскага гарпасялковага Дома культуры Ірына Селязнёва, Ганна Трошына і Валянцін Мацясовіч, якія падаравалі юбілярцы сувенірную паштоўку-матрошку. А яшчэ ў гонар імянінніцы нават невялікі імправізаваны канцэрт наладзілі. Гучалі песні пра маму, вёсачку, а таксама традыцыйнае “Сто лят”.
Неўзабаве і новыя госці ў хату завіталі: намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Іна Барыева, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Габрусенак і дырэктар Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віталій Місуна. Цёпла вітала Соф’ю Станіславаўну Іна Іванаўна. Зычыла здароўя, дабрабыту, усяго самага найлепшага. Шчырыя пажаданні адрасавалі юбілярцы таксама Вольга Міхайлаўна і Віталій Анатольевіч. Словы, сказаныя ад душы, сталі выдатным дадаткам да кветак і падарункаў, якія прымала ў сваё стагоддзе гэта простая вясковая жанчына.
Міжволі ўзгадаліся Соф’і Сурвіле няпростае жыццё, цяжкая праца, радасці і хваляванні. За доўгія гады, што засталіся ззаду, сапраўды ўсяго хапала: і добрага, і дрэннага.
Як высветлілася, Соф’я Станіславаўна з Літвы. Яна нарадзілася і расла ў вёсцы Каменішкі. Толькі пасля замужжа трапіла ў Беларусь.
— Свайго нарачонага да шлюбу зусім не ведала. Мяне сасватаў мой дзядзька Юзюк, які жыў у Селевічах. Ён ведаў Пятра і лічыў, што з яго атрымаецца добры для мяне муж. Так, дарэчы, і сталася. Калі мне сказалі бацькі, што трэба рыхтавацца да вяселля, я, стоячы ля акна, ім спакойна адказала: “Добра, няхай будзе па-вашаму”. Замуж выходзіла, як кажуць, усляпую. Тады пра каханне і слухаць ніхто не хацеў. Большасць дзяўчат аддавалі за незнаёмых. З Пятра выйшаў добры муж, бацька, ды і гаспадаром ён быў дбайным… На жаль, даўно пайшоў з жыцця…
— А калі вы выйшлі замуж? — цікаўлюся.
— У 1941 годзе. Няпросты гэта быў час, — успамінае жанчына. — Вайна ёсць вайна. І ворагаў бачылі, але, на шчасце, ад іх моцна не пацярпелі. І галадаць давялося. У 1944 годзе пасля вызвалення нашай мясцовасці ад фашыстаў мужа ўзялі на фронт. Я ж засталася адна з двума малымі дзецьмі на руках. Вядома, пагаравала. Праўда, рук не апускала, трэба ж было дачку з сынам падымаць. Чакала вестак ад мужа, жыла надзеяй на хуткае з ім спатканне. Ён жа дайшоў да Варшавы, быў цяжка паранены. Са шпіталю прыслаў ліст, дзе пісаў, што праходзіць лячэнне. Я гэты трохкутнік і цяпер памятаю, быццам толькі ўчора атрымала… Больш Пятра на фронт не ўзялі, дэмабілізавалі.
У пасляваенны перыяд у Сурвілаў яшчэ нарадзіліся сын і дачка. Чацвёра дзяцей — Алімпія, Станіслаў, Віктар і Яніна — раслі руплівымі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы. За іх ніколі не было сорамна матулі з татам. Ва ўсіх былі сем’і, дзеці. На жаль, толькі адна Яніна цяпер засталася. Яны з мужам не забываюць матулю ні ў будні, ні ў святы, часта праведваюць, чым могуць — дапамагаюць.
Стогадовая бабуля цешыцца са сваіх блізкіх. У яе дзесяць унукаў і дванаццаць праўнукаў. Ці ж гэта не багацце? Ды самае каштоўнае, якое нажыла за сваё доўгае жыццё! А яшчэ ёсць і прапраўнучка Сафійка. Ёй яшчэ толькі восем месяцаў, і названа яна ў гонар прапрабабулі.
Соф’я Станіславаўна, колькі сябе памятае, пастаянна цяжка працавала: і на торфараспрацоўках, і на ферме даяркай. Тады ж не было механізацыі. Даіць кароў даводзілася ўручную. І кармы самі цягалі, каб накарміць рагуль. А яшчэ і дома была гаспадарка, як і ва ўсіх вяскоўцаў. Напэўна, гэта цягавітасць, працавітасць і дапамаглі ёй стаць доўгажыхаркай. Ды жанчына і цяпер не можа сядзець склаўшы рукі. Яшчэ і дагэтуль шчыруе на зямлі-карміцельцы: вырошчвае гародніну і ў парніку, і ў адкрытым грунце. Не чакае, пакуль прыедуць на дапамогу дачка з зяцем, унукі. Ці не гэта сувязь з зямлёй і дае бабулі сілы жыць і адчуваць сябе патрэбнай?
У хаце і на падворку ў Соф’і Сурвілы чысціня і парадак. Дапамагае яго падтрымліваць сацыяльны работнік Ядвіга Міхніч, якую ўжо даўно лічыць доўгажыхарка сваім родным чалавекам. Не забываюць Соф’ю Станіславаўну дзеці, унукі. Напрыклад, унук Анатолій жыве ў гэтым жа населеным пункце, што і бабуля. Тут жа, лічы, па суседстве — і стрыечная сястра Марыя. Яны цяпер неразлучныя: ёсць пра што расказаць адна адной, што ўспомніць.
Прыемна было пазнаёміцца з доўгажыхаркай — шчырай, актыўнай, неабыякавай. Яна з верай і надзеяй крочыць па жыцці. Так і хочацца сказаць: “Заставайцеся і надалей, Соф’я Станіславаўна, такой жа энергічнай, бадзёрай! Здароўя вам моцнага, душэўнага спакою, радасці ад сваіх блізкіх! Дай Бог, каб вы на сваіх нагах, пры памяці яшчэ не адзін дзень нараджэння сустрэлі!”

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ШМАТЛЮДНА было сёмага сакавіка ў доме жыхаркі вёскі Балькаўшчызна Соф’і Сурвілы. Прычым невыпадкова: у гэты дзень гаспадыня адзначыла свой стогадовы юбілей....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика