Споведзь лялечніка з Міра. Канстанцін Петрыман: «Паміж акцёрам і лялькай павінна ўсталявацца непарушная еднасць». 21.by

Споведзь лялечніка з Міра. Канстанцін Петрыман: «Паміж акцёрам і лялькай павінна ўсталявацца непарушная еднасць»

21.03.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Для дзяцей лялькі – любімыя цацкі, а для дарослых яны нясуць зусім іншы сэнс і часта становяцца метафарай чалавечага жыцця. У гэтым глыбока перакананы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, мастацкі кіраўнік народнага тэатра “Батлейка” Канстанцін Петрыман.


– Канстанцін Леанардавіч, пачнем з глабальнага пытання: як “ажывіць” ляльку, каб глядач паверыў, што ў яе ёсць душа?

– З даўніх часоў лялькі мелі асаблівае сакральнае значэнне. Для нашых продкаў яны служылі абярэгамі сям’і, неслі ў сабе памяць і таямніцу цэлага роду. На маю думку, гэта і было першай спробай чалавека “ажывіць” ляльку. Выдатна справіўся пазней з аналагічнай задачай тэатр. Тут лялька загучала па-новаму, глядач пачаў асацыяваць яе з сабой і ўспрымаць як жывую істоту. Але такі цуд адбываецца толькі ў тым выпадку, калі акцёр разумее, пра што яго лялька гаворыць, які вобраз і настрой нясе ў залу. Патрэбна “паразмаўляць” з ёй, як не парадаксальна гэта гучыць, бо ляльку не падманеш. І, безумоўна, выканаўцу неабходна ўкласці ў “кусок дрэва” кавалачак сваёй душы, каб яно ажыло, як у казцы пра Бураціна. Паміж акцёрам і лялькай павінна ўсталявацца непарушная еднасць.

– Вы памятаеце свае першыя лялькі ў батлейцы і эмоцыі, звязаныя з дэбютам на сцэне?

– Гэта было дзіўна, уразліва, захапляльна і нечакана. Здарылася знакавая падзея шмат гадоў таму, калі Мірская батлейка здавалася мне недасягальным Алімпам. Так склаліся абставіны, што мяне пакінулі дзяжурыць у зале для выступленняў. Я быў адзін, падыйшоў да батлейкі, разглядаў лялькі і раптам пачаў па памяці іграць “Цара Ірада”. Безумоўна, гаворка ідзе пра спробы дылетанта. Усведамленне таго, як шмат можна сказаць лялькай і якая гэта надзвычайная з’ява, прыйшло значна пазней. Але менавіта першы вопыт натхніў мяне на даследніцкую дзейнасць і творчыя пошукі. З таго часу стан узнёсласці і эйфарыі не адпускае мяне.

– На дадзены момант якая лялька іграе ў Вашым жыцці выключную ролю?

– Выбраць цяжка і практычна немагчыма, бо батлейка – гэта ўніверсум, адно цэлае і непадзельнае. Але прызнаюся, што апошнім часам для мяне вызначальнай лялькай стала фігура Трох Каралёў. У іх я бачу паяднанне зямнога і нябеснага. З аднаго боку – гэта людзі, а з іншага – праваднікі вышэйшых ісцін, праз якія можна адчуць Боскую міласць. А яшчэ Тры Каралі – сімвал калектыўнасці. Я нашым юным артыстам заўжды кажу браць прыклад з гэтай лялькі і падчас выступленняў быць адным цэлым.

– Ці можна сказаць, што сёння існуе асобна мірская лялька?

– У прынцыпе, каноны класічнай лялькі ў Беларусі практычна аднолькавыя. Таму лепш казаць пра існаванне мірскай батлейкі. Першае, што яе адрознівае ад іншых, гэта самастойныя самабытныя прадстаўленні, апроч традыцыйных. Напрыклад, на Піліпаўскі пост у нас ставілі “Салдат і Чорт”. Другая асаблівасць – гэта зварот да мясцовай праблематыкі, што яскрава бачна ў інтэрмедыі “Дары”. Трэцяя адметнасць – полікультурнасць. Бо мястэчка Мір – гэта сплаў розных культур: беларускай, габрэйскай, польскай, рускай, татарскай. Гэта чутна і ў гаворцы тутэйшых людзей. Безумоўна, і наша батлейка таксама гучыць на розныя галасы. Анёл, дзякуючы ўспамінам старажылаў, у нас размаўляе як мірскі “паламар-бацюшка” (аўт. – панамар) напачатку ХХ стагоддзя, а чорт – як “Мэйза-Грэйза Стэльмахоў” (аўт. – габрэй-гандляр Мацей Стэльмах). І яшчэ адна адметная рыса нашай батлейкі – унікальная і непарыўная сувязь з мірскай зямлёй. Мы шмат дзе паспяхова выступаем, але нашы самыя незабыўныя і моцныя прадстаўленні здараюцца менавіта тут, на малой радзіме.

– А што там, наперадзе, ды цешыць душу лялечніка?

– Хочацца годна працягнуць справу мірскіх батлеечнікаў-рамеснікаў братоў Сіўко. Ведаеце, апошні з іх дынастыі па мянушцы Жэнік-Бэтлік не толькі змайстраваў уласнаруч батлейку, але яшчэ скрыпку і камеру-абскуру. Да таго ж, мы працуем над адраджэннем прадстаўленняў батлеечнікаў Монічаў з Краснага. А як педагогу мне важна перадаць дзецям, якім цікавы лялечны тэатр, адчуванне цуда ў іх душы і жыцці. Уяўляеце, што адбываецца ўнутры маладых людзей, які магутны працэс перараджэння, калі яны выконваюць старадаўнія канты і тым самым вяртаюцца да сваіх каранёў і адначасова знаходзяць сябе. Сапраўды, батлейка асвечана Богам, а значыць здольная асвяціць жыццё кожнага з нас.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для дзяцей лялькі – любімыя цацкі, а для дарослых яны нясуць зусім іншы сэнс і часта становяцца метафарай чалавечага жыцця.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика