Калектыў Шаркаўшчынскага камбіната бытавога абслугоўвання працуе з людзьмі і для людзей. 21.by

Калектыў Шаркаўшчынскага камбіната бытавога абслугоўвання працуе з людзьмі і для людзей

22.03.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

у ліку лепшых работнікаў — В. У. Рагачэўская, Г. А. Шышко і Л. В. Паляк

у ліку лепшых работнікаў — В. У. Рагачэўская, Г. А. Шышко і Л. В. Паляк

Нягледзячы на павелічэнне колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ствараюць свой бізнес у аналагічнай сферы, паслугі Шаркаўшчынскага камбіната бытавога абслугоўвання па-ранейшаму запатрабаваны ў шаркаўчан і асабліва ў сельскіх жыхароў нашага рэгіёну. Сам жа калектыў КБА, у складзе якога працуюць 30 чалавек, як і ў мінулыя гады імкнецца максімальна хутка, якасна і ў поўным аб’ёме задаволіць усе патрэбы насельніцтва ў плане іх бытавога абслугоўвання.

— У склад Шаркаўшчынскага камбіната бытавога абслугоўвання ўваходзяць 6 комплексных прыёмных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі аграгарадкоў, — паведаміла часова выконваючая абавязкі дырэктара прадпрыемства Людміла Генадзьеўна Пілатовіч. — Кожны дзень аўтамабіль КБА, адпаведна з вызначаным графікам работы, накіроўваецца ў адзін з населеных пунктаў нашага раёна для аказання вяскоўцам неабходных бытавых паслуг. Іх у агульнай колькасці наша прадпрыемства аказвае 17 відаў. Гэта паслугі цырульніка і фатографа, рамонт мэблі, вязанне і рамонт трыкатажных вырабаў, а таксама рамонт і пашыў швейных, паслугі хімчысткі, у вясновую пару — паслугі трактара і некаторыя іншыя.

Прыватныя цырульні, напрыклад, працуюць толькі ў райцэнтры і даехаць да іх можа далёка не кожны жыхар глыбінкі. Ды і кошт іх паслуг значна больш высокі. А нашы майстры рэгулярна, згодна з зацверджаным графікам работы, выязджаюць на сяло і ажыццяўляюць сваю работу непасрэдна на месцы. Гэта датычыцца і фатографа, які пры неабходнасці таксама наведвае вясковых жыхароў. Працуюць на выездзе і іншыя нашы спецыялісты. І хоць сёння сістэма бытавога абслугоўвання раёна перажывае не лепшы свой перыяд, у КБА не апускаюць рукі і робяць усё магчымае, каб вытрымаць канкурэнцыю і заставацца запатрабаванымі на рынку паслуг. Для гэтага і працуе дружны і зладжаны калектыў работнікаў сферы бытавога абслугоўвання, якія заўтра, 24 сакавіка, будуць адзначаць сваё прафесійнае свята.

Віншаванні ў гэты дзень ад сваіх калег, кіраўніцтва і ўдзячных кліентаў разам з іншымі прадстаўнікамі КБА будуць прымаць Ларыса Васільеўна Паляк, Галіна Антонаўна Шышко і Вольга Уладзіміраўна Рагачэўская, пра якіх можна смела сказаць, што гэта людзі, правераныя часам, гатовыя супрацьстаяць многім праблемам і цяжкасцям, адказныя спецыялісты. Напярэдадні прафесійнага свята Ларыса Васільеўна Паляк узнагароджана Падзякай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, імя Вольгі Уладзіміраўны Рагачэўскай будзе занесена на Дошку гонару Шаркаўшчынскага райвыканкама, а Галіна Антонаўна Шышко ўвайшла ў лік лаўрэатаў “Чалавек года Шаркаўшчыны”.

У сферы адказнасці майстра Шаркаўшчынскага КБА Ларысы Васільеўны Паляк уваходзяць 6 комплексных прыёмных пунктаў у аграгарадках раёна. Дзякуючы паспяховай рабоце гэтай жанчыны вясковым жыхарам даступны ўсе віды бытавых паслуг, якія аказваюцца праз сетку КПП. Майстрам па сялу Ларыса Васільеўна працуе на камбінаце 24 гады, у сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва — ужо 41 год: усё жыццё на адным прадпрыемстве.

Шмат гадоў прайшло з таго часу, калі малады тэхнік-тэхнолаг,  выпускніца Мінскага тэхналагічнага тэхнікума прыехала па размеркаванні ў Шаркаўшчыну на камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва. Дзяўчына з Лепеля і ўявіць у той час не магла, што з нашым невялікім гарадком, які ёй адразу неспадабаўся на першы погляд, у далейшым звяжа ўсё сваё жыццё. Разам з калектывам камбіната бытавога абслугоўвання Ларыса Васільеўна перажыла некалькі няпростых дзесяцігоддзяў, падчас якіх былі не толькі ўзлёты але і падзенні. Не ў самы лёгкі перыяд ва ўмовах рыначнай эканомікі бытавікі нашага раёна працуюць і сёння. І ўсё ж, як і многія іншыя жанчыны, якія не адзін год аддалі гэтаму прадпрыемству, Ларыса Паляк упэўнена:  залатыя рукі і працаздольнасць усіх работнікаў іх дружнага калектыву ў спалучэнні з новым відамі паслуг абавязкова прывядуць Шаркаўшчынскі камбінат бытавога абслугоўвання да поспеху. Ва ўсякім разе сама майстар па сялу імкнецца зрабіць усё ад яе залежнае, каб поўны спектр паслуг камбіната бытавога абслугоўвання быў даступны кожнаму вясковаму жыхару.

Галіна Антонаўна Шышко сваю будучую прафесію выбрала яшчэ ў дзяцінстве, бо цырульніцкай справай у вёсцы Папкі займаўся яе тата, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Антон Ігнацьевіч. У сваёй вёсцы мужчына з’яўляўся цырульнікам-самавучкай, чалавекам, які, аднойчы ўзяўшы ў рукі нажніцы, зацікавіўся гэтай надзвычай запатрабаванай у вёсцы справай. У яго вельмі хутка сталі атрымлівацца мужчынскія стрыжкі, гэтай справай вясковы будаўнік займаліся яшчэ шмат гадоў, чым заваяваў аўтарытэт і павагу сярод аднавяскоўцаў. Майстэрства ад бацькі перадалося і дачцэ Галіне — цырульніку 5 разрада Шаркаўшчынскага КБА. У сферы аказання бытавых паслуг жанчына працуе 33 гады, з 1988 года — непасрэдна цырульнікам у жаночай зале раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Галіна Антонаўна — вопытны майстар, прафесіянал высокага класа. Яшчэ з савецкіх часоў яна стварае для шаркаўчанак новыя мадэлі прычосак, робіць жанчын прыгожымі. Напэўна, таму тры дзесяцігоддзі яе работы ў сферы аказання бытавых паслуг праляцелі так хутка. За гэты перыяд не раз мяняліся і мода, і тэхналогіі, і майстры, з якімі шмат гадоў адпрацававала побач. Нязменнай застаецца толькі якасць работы жанчыны і колькасць удзячных кліентак, якіх у Галіны Антонаўны заўсёды шмат. А сваё майстэрства і любоў да прафесіі Галіна Шышко перадала дачцэ Алёне. Дзяўчына жыве ў Віцебску і таксама працуе цырульнікам. Так у сям’і Галіны Антонаўны працягваецца цудоўная традыцыя — дарыць жанчынам прыгажосць і рабіць іх больш шчаслівымі.

Вольга Уладзіміраўна Рагачэўская — калега Галіны Антонаўны і адна з лепшых маладых цырульнікаў камбіната. У мужчынскай зале яна працуе апошнія 5 гадоў. Да гэтага часу на працягу 8 гадоў з’яўлялася прыёмшчыцай заказаў і цырульнікам комплекснага прыёмнага пункта ў Навасельцах.

Як адзначае сама маладая жанчына, яна невыпадкова звязала сваё жыццё менавіта з гэтай прафесіяй, бо стаць цырульнікам марыла з самага дзяцінства. На камбінаце бытавога абслугоўвання Вольга выконвае розныя віды стрыжак: дзіцячыя, мужчынскія і жаночыя. З’яўляецца творчай асобай з выдатным пачуццём стылю, а таму і індывідуальнае планавае заданне ў жанчыны заўсёды выконваецца. Толькі ў мінулым годзе колькасць кліентаў маладога цырульніка перавысіла 1300 чалавек.

Маладая жанчына ўпэўнена, што гэта надзвычай цікавая і творчая прафесія ніколі ёй не надакучыць, і заўсёды будзе запатрабавана ў грамадстве.

— Гэта толькі на першы погляд кожны дзень адно і тое ж: нажніцы, стрыжкі, фены, лакі. На самай справе ўсе кліенты такія розныя: у кожнага свая структура валасоў, іх даўжыня, колер. З кожным — свой прынцып работы. І гэта вельмі цікавая прафесія! — адзначыла мая суразмоўца.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Валерыя КАВАЛЁНКА.

 

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика