Прадказальнікі змен у “нябеснай канцылярыі”. 21.by

Прадказальнікі змен у “нябеснай канцылярыі”

22.03.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

супрацоўнікі Шаркаўшчынскай аграметэастанцыі Валянціна Буртовіч, Уладзімір Юдаш, Сяргей Цыунчык, Алена Міранчук (начальнік), Еўдакія Сташулёнак і Фаіна Цыунчык (злева направа).

супрацоўнікі Шаркаўшчынскай аграметэастанцыі Валянціна Буртовіч, Уладзімір Юдаш, Сяргей Цыунчык, Алена Міранчук (начальнік), Еўдакія Сташулёнак і Фаіна Цыунчык (злева направа).

“Главней всего погода в доме, а все другое — суета”. Пад радкамі гэтай папулярнай у мінулым песні Ларысы Долінай падпішыцца, бадай, кожны. Бо самае галоўнае для любога чалавека — дамашняя ўтульнасць, сямейны дабрабыт і лад. І ўсё ж не вельмі прыемна спяшацца на працу пад моцным ліўнем або ў снежную завею, нават калі маецца з сабою парасон. А дзякуючы метэаролагам, якія загадзя папярэджваюць нас пра “капрызы” надвор’я, мы заўсёды “ўзброены” інфармацыяй на дзень.

Шаркаўшчынская аграметэаралагічная станцыя, якая адносіцца да Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу акаляючага асяроддзя, вось ужо на працягу васьмідзесяці год займаецца метаэаралагічнымі назіраннямі, якія ўключаюць у сябе вымярэнне тэмпературы і вільготнасці паветра, атмасфернага ціску, хуткасці і накірунку ветру, колькасці ападкаў і іншыя паказчыкі. На станцыі праводзяцца аграметэаралагічныя назіранні. За ростам, развіццём сельгаскультур сочаць спецыялісты ўстановы. Займаюцца на станцыі і назіраннямі за інтэнсіўнасцю сонечнай радыяцыі.

— Адной з галоўных нашых задач з’яўляецца кругласутачнае назіранне за надвор’ем, — кажа нам начальнік аграметэастанцыі Алена Васільеўна Міранчук. — Гэтым у нас займаюцца тэхнікі-метэаролагі Валянціна Вацлаваўна Буртовіч, Фаіна Аркадзьеўна Цыунчык, Еўдакія Іванаўна Сташулёнак і Сяргей Уладзіміравіч Цыунчык. Праз кожныя тры гадзіны спецыялісты здымаюць параметры тэмпературы паверхні зямлі і паветра, ціск, вільготнасць, хуткасць і напрамак ветру, фіксуюць з’яўленне расы, інею, галалёду. Дождж, снег, град і іншыя з’явы прыроды абавязкова фіксуюцца тэхнікамі-метэаролагамі ў спецыяльных журналах, імі ж заносяцца ў камп’ютарную праграму і па каналах сувязі своечасова перадаюцца ў абласны цэнтр.

Акрамя гэтага, у штаце ўстановы прымаюць два інжынеры-аграметэаролагі Анна Казіміраўна Бука і Андрэй Уладзіміравіч Пузікаў. Яны праводзяць назіранні па-за межамі станцыі, непасрэдна на палетках сельгаспрадпрыемстваў. Наша інфармацыя вельмі запатрабаваная гаспадаркамі Шаркаўшчынскага, Міёрскага і Браслаўскага раёнаў. Таму інжынеры-аграметэаролагі ажыццяўляюць выезды ў поле, дзе назіраюць за развіццём сельгаскультур, праводзяць неабходныя замеры, напрыклад, на прадмет гібелі азімых зерневых. Гэта ў сваю чаргу дае падставы для атрымання страхавых грашовых выплат гаспадаркам ад дзяржавы.

Уладзімір Васільевіч Юдаш на працягу многіх год вядзе назіранні на гідралагічным пасту ў райцэнтры, сочыць за ўзроўнем вады ў рацэ Дзісна. Да таго ж ён з’яўляецца яшчэ і вадзіцелем аграметэастанцыі.

Сярод мясцовага насельніцтва існуе памылковае ўяўленне, што мы можам скласці доўгатэрміновы прагноз надвор’я. Бо калі той ці іншы чалавек са сродкаў масавай інфармацыі даведаецца, якое надвор’е будзе ў бліжэйшыя дні, а прагноз не спраўдзіцца, то лічыць, што менавіта мы дапусцілі такую памылку. Гэта не так. Справа ў тым, што мы не складаем на месцы прагнозаў надвор’я. Уся сабраная намі інфармацыя накіроўваецца ў Віцебскі абласны цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, а адтуль перадаецца ў Мінск. Там яна апрацоўваецца і на аснове агульнай інфармацыі ствараюцца прагнозы надвор’я па рэгіёнах.

Мы своечасова атрымліваем яе. Калі чакаюцца непрадбачаныя ўмовы надвор’я, аператыўна паведамляем аб гэтым у адпаведныя службы, арганізацыі, каб засцерагчы насельніцтва ад прыродных катаклізмаў.

Супрацоўнікі нашай установы добрасумленна адносяцца да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў, дакладна і якасна выконваюць сваю працу. Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца ўдзел, перамогі і прызавыя месцы ў рэспубліканскіх конкурсах.

Наш калектыў невялікі — усяго восем чалавек. Кожны адказвае за свой участак работы, а разам мы дапаўняем адно аднаго і робім агульную справу: дзень за днём, у любое надвор’е, своечасова вымяраем, апрацоўваем і перадаём інфармацыю ў адпаведныя службы.

У дзень прафесійнага свята ад шчырага сэрца жадаю сваім калегам, канечне ж, здароўя, поспехаў у працы, каб кожны з усмешкай крочыў на работу і шчаслівы вяртаўся дадому, дзе яго з нецярпеннем чакаюць! Няхай у вашы вокны заўсёды свеціць яркае сонейка, вецер будзе толькі спадарожным, а дожджык цёплым і грыбным!

Даведка

Шаркаўшчынская аграметэаралагічная станцыя заснавана ў лютым 1939 года. Спачатку з’яўлялася метэаралагічнай, а з 1960 года — аграметэаралагічнай. Размешчана з 1954 года па вуліцы Вадап’янава, 40. У розныя гады ўстанову ўзначальвалі Уладзімір Панцялеевіч Пяцько, Лілія Аркадзьеўна Свірковіч, Фаіна Аркадзьеўна Цыунчык, Андрэй Уладзіміравіч Пузікаў. Са студзеня 2017 года начальнікам Шаркаўшчынскай аграметэаралагічнай станцыі з’яўляецца Алена Васільеўна Міранчук.

Цікавы факт

За ўсю гісторыю метэаназіранняў самы халодны дзень 23 сакавіка ў Шаркаўшчыне быў у 1963 годзе. Тэмпература паветра апусцілася тады да адзнакі 24,9 градуса ніжэй за нуль. А самым цёплым выдаўся гэты дзень у 2014 годзе. Паветра прагрэлася ажно да плюс 18,6 градуса па Цэльсію.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика