Пісьмы з фронту. Аб чым пісалі салдаты падчас вайны?. 21.by

Пісьмы з фронту. Аб чым пісалі салдаты падчас вайны?

15.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Маленькія пажаўцелыя трохвугольнікі, спісаныя простым або хімічным алоўкам, са штампам “Праверана ваеннай цэнзурай”, крыху памятыя ад нашэння ў салдацкай кішэні, палітыя слязамі бацькоў, жонак і дзяцей. Глядзіш на літары, якія дзесьці расплыліся, дзесьці зацёрліся – і ўяўляеш, з якой тугой і любоўю пісаўся кожны радок, якая надзея і вера ў хуткую сустрэчу жывуць у скупых словах, як, адрываючы бясцэнныя хвіліны ад кароткага адпачынку, салдаты спяшаліся паведаміць родным: “Я жывы!”

Напярэдадні 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы публікуем вытрымкі з франтавых пісьмаў, якія знаходзяцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі.

Калі ў вашай сям’і ёсць такія рэліквіі, вы гатовы падзяліцца гісторыяй сваёй сям’і з іншымі, тэлефануйце, прыносьце іх у рэдакцыю. Магчыма, гэтыя радкі крануць самыя патаемныя стрункі душы, магчыма, ад іх з’явіцца камяк у горле і слёзы на вачах. Але гэта наша гісторыя, наша памяць, якую нельга страціць.

“Чакайце з перамогай!”

“Добры дзень ці вечар, мае паважаныя бацькі. Шлю я вам сваё гарачае прывітанне”, - такія радкі, напісаныя рукой Мікалая Катлаванава, ляцелі ў далёкую Чалябінскую вобласць. Мікалай, які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, ніколі не пісаў маме, тату і сястры Тамары, як яму цяжка, як страшна. Мама не ведала, як побач з сынам кожны дзень гінуць баявыя таварышы, як звонам у вушах адгукаюцца выбухі і стрэлы. Затое шчыра радавалася, што Мікалай сустрэў свайго вясковага знаёмага Шурку, што сябры ў яго надзейныя, што хоць ноччу паспаць рэдка ўдаецца, днём ёсць магчымасць адпачыць… І на заканчэнне кожнага пісьма – упэўненае мужчынскае: “Чакайце з перамогай”.

І бацькі чакалі. Нават калі атрымалі паведамленне “Прапаў без вестак”, усё роўна чакалі. А іх дарагі Мікалай загінуў пад Смаргонню ў ліпені 1944 года. Пахавалі яго ў брацкай магіле, што на тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы. А ў 70-я гады група вучняў СШ №3 пад кіраўніцтвам настаўніцы Любові Кучко занялася пошукам сем’яў тых салдат, што загінулі ў баях за вызваленне нашага горада. Толькі ад іх маці Мікалая Катлаванава даведалася пра лёс свайго 19-гадовага сына. Не магла яна не прыехаць на магілу. На смаргонскім вакзале яе сустрэла Любоў Кучко разам з вучнямі.

Успаміны Любові Фёдараўны запісала былы супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Надзея Маркава: “На перон выйшла худзенькая, невысокая жанчына ў растаптаных тапках, штапельнай кофтачцы і такой жа спадніцы”. Чатыры дні гаротная маці пабыла ў Смаргоні. Кожны з гэтых дзён яна пачынала і заканчвала на магіле сына, размаўлялаз ім, плакала. Здаецца, толькі тады паверыла, што Колю свайго страціла назаўсёды. Вельмі цёпла прывітаў жанчыну тагачасны старшыня райвыканкама Афанасій Салаўёў, нават выдзеліў ёй грашовую дапамогу, разумеючы, што для пенсіянеркі такое падарожжа каштавала нямала.

Маці Мікалая Катлаванава прывезла з сабой сціплыя, але вельмі кранальныя падарункі – вышытыя сваімі рукамі ручнікі і пісьмы, якія цяпер захоўваюцца ў музеі.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маленькія пажаўцелыя трохвугольнікі, спісаныя простым або хімічным алоўкам, са штампам “Праверана ваеннай цэнзурай”, крыху памятыя ад нашэння ў салдацкай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика