Брытанка Анна Савіер з дачкой Джэсікай наведала Лужкі, дзе нарадзіўся яе бацька Мікалай Савіцкі. 21.by

Брытанка Анна Савіер з дачкой Джэсікай наведала Лужкі, дзе нарадзіўся яе бацька Мікалай Савіцкі

26.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анна Савіер (другая справа) і Джэсіка Савіер (другая злева) разам з беларускімі сваякамі

Анна Савіер (другая справа) і Джэсіка Савіер (другая злева) разам з беларускімі сваякамі

Мікалай Савіцкі нарадзіўся 22 красавіка 1919 года ў мястэчку Лужкі. Дзіцячыя і юнацкія гады яго прайшлі тут жа, на маляўнічых берагах вірлівай ракі Мнюта. Служыў у польскім войску. З гісторыі вядома, што некаторы час на ўскрайку Лужкоў размяшчаліся вайсковыя казармы, у якіх пражывалі польскія жаўнеры. Парады, прымеркаваныя да таго або іншага свята, адметнай даты ў польскім календары, вайскоўцы ўрачыста ладзілі на цэнтральнай плошчы Лужкоў, дзе ў цяперашні час размяшчаюцца сквер і рынак. Удзельнічаў у парадах, пастраеннях і Мікалай.

Верасень 1939 года. Савецкая ўлада прыйшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Многія карэнныя жыхары засталіся на сваёй малой радзіме, некаторыя вырашылі па пэўных прычынах кардынальна змяніць сваё жыццё. Па гэтым шляху пайшоў і Мікалай Савіцкі. Малады хлопец пакінуў родныя Лужкі і эмігрыраваў за мяжу.

Пасля доўгіх пакут, пераездаў, змен месцаў жыхарства па розных краінах Мікалай апынуўся ў далёкай Вялікабрытаніі. Туманны Альбіён стаў назаўсёды другой радзімай для нашага земляка. Тут ён працаваў, ажаніўся, у сям’і нарадзіліся дзяці. Але ў думках зноў і зноў вяртаўся туды, дзе берагі родных Лужкоў амывае Мнюта, дзе засталіся родныя, сябры, знаёмыя, дзе засталася часцінка сэрца і душы Мікалая.

21 красавіка сёлетняга года ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” прызямліўся пасажырскі самалёт. На беларускую зямлю ступілі Анна Савіер і яе дачка Джэсіка з горада Манчэстэр. Канчатковым пунктам сваёй паездкі яны абралі аг. Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. Тут пражывае траюрадная сястра Анны Зінаіда Агей, а ў Шаркаўшчыне траюрадны брат Аляксандр Савіцкі. Тата Зінаіды Аляксандр і тата Аляксанда Міхаіл былі стрыечнымі братамі Мікалая Савіцкага, таты Анны Савіер, які эмігрыраваў у 1939 годзе за мяжу.

У першы дзень для гасцей з Англіі змястоўную экскурсію па Лужках і Гарадцу правяла бібліятэкар Верацееўскай бібліятэкі Ларыса Мядзелец. Анна і Джэсіка былі прыемна ўражаны убачаным, у захапленні ад архітэктуры, старадаўніх забудоў, якіх захавалася вялікае мноства на шматлікіх вуліцах. Прайшліся англічанкі і па брукаванай дарозе па вуліцы Маставая. Пабывалі ў касцёле, дзе ксёндз Міхал правёў для іх святую Імшу, а затым запрасіў да сябе ў госці, каб бліжэй пазнаёміцца і пагутарыць.

У другі дзень знаходжання ў нашым раёне Анна і Джэсіка завіталі ў госці да Ніны Іванаўны Савіцкай — удавы Міхаіла Савіцкага, які быў стрыечным братам бацькі Анны Мікалая. І хоць зносіны паміж сваякамі ішлі на розных мовах з дапамогай перакладчыка, яны разумелі адно аднаго душой і сэрцам. І гэта яскрава было бачна па позірках вачэй, якія ад радасці доўгачаканай сустрэчы, іскрыліся слязьмі.

Увесь дзень яны гутарылі, успаміналі сваіх родных, якіх ужо няма ў жывых, разглядалі фотаздымкі мінулых гадоў. Дарэчы, Мікалай Савіцкі ў 1988 годзе прыязджаў з Англіі на сваю малую радзіму. І гэты яго прыезд быў тады, на вялікі жаль, апошнім.

За святочным сталом сваякі ўзгадалі, што 22 красавіка, роўна 100 год назад, нарадзіўся Мікалай Савіцкі. Вельмі сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень яны сустрэліся разам — Анна і Джэсіка з Зінаідай, Аляксандрам і Нінай Іванаўнай. Так, праз гады і вялікія адлегласці ўз’ядналася вялікая сям’я Савіцкіх. Уз’ядналася, каб ніколі больш не парываць сувязей. А на развітанне кожны з іх паабяцаў, што чарговая сустрэча адбудзецца абавязкова, а дзе менавіта — на шаркаўшчынскай зямлі або ў Англіі — у хуткім часе яны вырашаць. Галоўнае, што цяпер яны разам.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика