Доўгае вяртанне да вытокаў... У былы палац Друцкіх-Любецкіх завітала прадстаўніца гэтага знакамітага княжацкага роду. 21.by

Доўгае вяртанне да вытокаў... У былы палац Друцкіх-Любецкіх завітала прадстаўніца гэтага знакамітага княжацкага роду

15.06.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

7 чэрвеня 2019 года адбылася даволі неардынарная падзея ў гісторыі нашага горада. Праз 80 гадоў перапынку ў былы палац Друцкіх-Любецкіх завітала прадстаўніца гэтага знакамітага княжацкага роду.

Княгіня Эльжбета паходзіць менавіта са шчучынскай галіны Друцкіх-Любецкіх, яе дзядуля Аляксандр быў братам уладальніка шчучынскага палаца князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага. Сама княгіня нарадзілася ў Варшаве ў 1943 годзе. Яе асабісты лёс не назавеш простым. Сям’я была вымушана шукаць прытулку ў Германіі, Францыі, Бельгіі, а сама Эльжбета нават пражыла пяць гадоў у родзічаў у ЗША. Па вяртанні ў Еўропу яна выйшла замуж за грамадзяніна Бельгіі. Сёння княгіня жыве ў Бруселі, часцей карыстаецца прозвішчам мужа – de Sejounet – і сумна пацвярджае, што род Друцкіх-Любецкіх паступова згасае. Чатыры яе дачкі жывуць у розных краінах Еўропы і натуральна страцілі сувязь з зямлёю продкаў. Тым не менш, пані Эльжбета спадзяецца, што яе досвед падарожжа па Беларусі натхніць сям’ю наведаць гэты край.



У кампаніі сяброўкі – прафесара Тэрэзы Красоўскай з Любліна, гродзенскага экскурсавода Вітольда Іваноўскага і выкладчыка аграрнага ўніверсітэта Мікалая Таранды княгіня Друцкая-Любецкая накіравалася ў Шчучын. Першым прыпынкам імправізаванай экскурсіі стаў колішні княжацкі палац. Пані Эльжбета была прыемна ўражана станам будынка і якасцю рэстаўрацыйных работ. Яна з сумам адзначыла, што ў параўнанні з палацам у Балтове, які не так даўно быў перададзены польскімі ўладамі ва ўласнасць сям’і, стан шчучынскай рэзідэнцыі проста ўзорны.



У ціхім задуменні княгіня шпацыравала па залах і пакоях, пэўна, спрабуючы ўявіць жыццё сваіх продкаў у гэтых сценах. З цікавасцю яна наведала музейныя пакоі, сфатаграфавала радавод на сцяне і партрэты ранейшых уладальнікаў Шчучына, а Тэрэза Красоўская на антыкварным фартэпіяна ў салоне экспромтам выканала паланез Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Дрыготкай ад хвалявання рукой княгіня зрабіла запіс у кнізе водгукаў. У канцэртнай зале пані Эльжбета з сяброўкай, якая прафесійна займаецца музыкай, паразважалі над магчымасцю зладзіць тут канцэрт. 
Калі ўзрушаная жанчына ўжо цёпла развіталася з прадстаўнікамі адміністрацыі, атрымаўшы памятныя сувеніры, і рушыла па сходах, яе абступілі цяперашнія гаспадары палаца – дзеці і моладзь. З вялікай ахвотай княгіня сфатаграфавалася з юнымі і таленавітымі шчучынцамі, дзякуючы якім палац і сёння напоўнены энергіяй і жыццёвай сілай.



У прыватнай размове пані Эльжбета падзялілася сваімі ўражаннямі пра Беларусь, якую наведала ўпершыню. Яе ўразілі цудоўныя прыродныя краявіды, чысціня, але найперш “людскасць” тых, з кім яна сустракалася. І хоць княгіня свабодна размаўляе на англійскай, французскай, нямецкай і польскай мовах, гэтае слова “людскасць” з яе вуснаў прагучала надзвычай арганічна і неяк па-мясцоваму.
Наступным прыпынкам экскурсійнай праграмы стаў касцёл Святой Тэрэзы. Ксёндз-пробашч Вітольд Пяцельчыц распавёў гасцям пра гісторыю касцёла і калегіума піяраў, асабліва падкрэсліўшы значны ўнёсак у фінансаванне пабудовы храма Друцкіх-Любецкіх. Па просьбе пані Эльжбеты ёй нават паказалі склеп пад касцёлам, дзе былі пахаваныя прадстаўнікі княжацкага роду.



І, канешне, завітаць на Шчучыншчыну і не наведаць дом Чэслава Немэна – справа амаль неверагодная для тых, хто хоць трохі знаёмы з гісторыяй і культурай краю. У Старых Васілішках гасцінную сустрэчу для падарожнікаў зладзіў Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта. Цікавы расповед аб зорцы славянскага року пад суправаджэнне вядомых хітоў быў дапоўнены брэндавым пачастункам. Арыстакратычная дама з задавальненнем далучылася да дэгустацыі “канапак з саланінай”, свежай гароднінай і вішнёвага варэння з зёлкавай гарбатай. 
Такім быў гэты візіт – кароткім, але змястоўным. Па словах пані Эльжбеты, пачувала яна сябе тут усё роўна, што дома. У далёкую Бельгію княгіня павязе з сабой, акрамя мноства падарункаў ды сувеніраў, яшчэ і ні з чым не параўнальнае пачуццё адшуканага скарбу. І скарб гэты – зусім не палацы і багацці, а шчырыя і добразычлівыя людзі, з якімі яна тут сустрэлася.
Аляксандр АМШЭЙ.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
7 чэрвеня 2019 года адбылася даволі неардынарная падзея ў гісторыі нашага горада. Праз 80 гадоў перапынку ў былы палац Друцкіх-Любецкіх завітала прадстаўніца гэтага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика