Неабыякавая да вясковых спраў. 21.by

Неабыякавая да вясковых спраў

11.07.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старэйшынай чатырох вёсак, дзе пражываюць 56 чалавек, і дэпутатам Вайханскага сельскага Савета дэпутатаў 28-га склікання па Маластайкінскай выбарчай акрузе № 4 ужо каля 20 год з’яўляецца Марыя Уласава. Жанчына імкнецца апраўдаць давер вяскоўцаў, выслухаць і прыйсці на дапамогу. І сяльчане ўдзячны ёй за прынцыповасць, настойлівасць у вырашэнні ўзнятых пытанняў. Багаты працоўны вопыт і ўменне ладзіць з людзьмі з’яўляюцца вернымі спадарожнікамі поспеху Марыі Мікалаеўны.

№52 пол 5 с заботой о людях

- Да мяне звяртаюцца то як да старэйшыны, то як да дэпутата, — гаворыць Марыя Уласава. — Стараюся да кожнага чалавека знайсці падыход, дапамагчы ці даць параду. І наконт вулічнага асвятлення, калі чамусьці не гарыць, і каб пачысцілі дарогі ўзімку, клапачуся пра апрацоўку прысядзібных участкаў, нарыхтоўку дроў… Сустракаемся з жыхарамі, абмяркоўваем пытанні, іншы раз людзі самі спяшаюцца да мяне, тэлефануюць. У час жніва складаю спіскі, перадаю іх  у  сельвыканкам. Там дамаўляюцца аб выдзяленні тэхнікі. У прызначаны дзень прыязджае камбайн, праблем з уборкай зерня на агародах не ўзнікае. Мне працаваць проста, бо я ведаю, што старшыня сельвыканкама Лілія Грузневіч не толькі параіць, як лепш зрабіць, але і дапаможа вырашыць пытанні.

   Лілія Анатольеўна таксама ўдзячна Марыі Мікалаеўне за тое, што нясе ўскладзеную на яе грамадскую нагрузку, з’яўляецца надзейнай памочніцай, ініцыятарам добрых спраў. Нарадзілася яна ў в. Цыганы, пасля васьмі класаў паступіла на тэхніка-планавіка ў Полацкі сельгастэхнікум. Пазней Марыя стала працаваць у саўгасе-тэхнікуме, выйшла замуж за мясцовага хлопца Юрыя, разам з ім вырасцілі сына і дачку, зараз выхоўваюць унука.

   -  Пасля таго, як саўгаса не стала, змяніла прафесію, — працягвае суразмоўца. — У 1999 г. стала загадваць сельскім клубам у Вялікіх Стайках. З вяскоўцамі сустракаліся на рэпетыцыях, канцэрты ладзілі, святы вёсак праводзілі, была ў нас свая вакальная група. Зараз знаходжуся ў водпуску па догляду за ўнукам Яраславам (на здымку). Але ж пра справы не забываюся. У вёсцы заўсёды знойдзецца, да чаго прыкласці рукі. Сёлета жыхары ўзнялі пытанне аб добраўпарадкаванні грамадзянскіх могілак у в. Малыя Стайкі. Звярнулася з просьбай у сельвыканкам. І вось перад Троіцай работнікі ГПКіЦС  навялі там парадак: замянілі агароджу, спілавалі старыя дрэвы, прыбралі звалкі смецця.

  Працавітых, кажуць, бачна ўсюды. У вялікіх і ўтульных пакоях, што ў доме Уласавых, адчуваецца ўнутраны камфорт, уражвае мноства кветак. Гаспадыня, як сама прызнаецца, захапляецца вышыўкай, вязаннем. Як кожная вясковая жанчына, Марыя Мікалаеўна шмат часу праводзіць на агародзе, дзе вырошчваюць гародніну, бульбу, даглядае вялізны парнік з таматамі. Штогод  улетку займаецца нарыхтоўкамі варэння ды розных саленняў.

   Марыя Уласава з кагорты тых людзей, што, згодна з народнай мудрасцю, дзе нарадзіліся — там і спатрэбіліся. Яна не прамяняла сваю вёсачку на вялікі горад, наадварот, знайшла сябе тут. Жанчына не ведае, што такое жыць без клопатаў пра іншых. Жыццё сярод людзей і для іх — яе лёс.

  — У нашай вёсцы большая частка жыхароў — пенсіянеры, — адзначае Марыя Мікалаеўна. — Але ж усе стараюцца, каб парадак быў. Дзеці з унукамі дапамагаюць старым, нікога не трэба падганяць, загадваць, каб ля плота абкасілі. Так ужо заведзена ў сяльчан: з ранняй вясны да восені рупяцца яны на падворках, у  агародах, бо не прывыклі сядзець без справы. Я стараюся з усімі ладзіць, дзе пажартую, дзе прамаўчу, прыходзіцца калі-нікалі і пра закон нагадаць. Знаходжу ўзаемаразуменне з людзьмі.

  Як і ўсякі чалавек, Марыя Уласава марыць. Ёй хочацца, каб усё добра было ў дзяцей, унука. А яшчэ, каб вярталася моладзь у родны край, каб у Малых Стайках жылі цікава і прыгожа.

Галіна ЯКАЎЛЕВА, г. Гарадок.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старэйшынай чатырох вёсак, дзе пражываюць 56 чалавек, і дэпутатам Вайханскага сельскага Савета дэпутатаў 28-га склікання па Маластайкінскай выбарчай акрузе № 4...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика