Сваё 90-годдзе нядаўна адсвяткавала жыхарка в. Беляі Марыя Уладзіміраўна Грыцкевіч. 21.by

Сваё 90-годдзе нядаўна адсвяткавала жыхарка в. Беляі Марыя Уладзіміраўна Грыцкевіч

15.07.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_6473 (Копировать)

Нельга не згадзіцца з такім выказваннем, што найбольшым шчасцем для любога чалавека з’яўляецца яго сям’я. Толькі родныя і блізкія людзі заўсёды выслухаюць цябе, калі трывожна на сэрцы, калі здарылася што-небудзь дрэннае. Пад дахам роднага дома і дыхаецца лягчэй, чым удалечыні ад бацькоўскага парога, да якога заўсёды хочацца вяртацца.

Утульнасцю, дабрынёй, ласкай і спагадай заўсёды напоўнены дом Марыі Уладзіміраўны Грыцкевіч, якая пражывае ў вёсцы Беляі Радзюкоўскага сельсавета. Сюды з радасцю прыязджаюць яе дзеці, унукі і праўнукі. Калі мы завіталі да Марыі Уладзіміраўны, у яе невялічкім двары завіхаліся дзеці.

— Гэта мае даражэнькія праўнукі, — з гонарам у голасе сказала нам жанчына. — Улетку прыязджаюць да мяне адпачыць, пазабаўляцца на свежым паветры.

Хлопчыкі гарэзліва ўскочылі на свае невялікія ровары і паімчалі па вясковай вуліцы. Мы ж зайшлі да Марыі Уладзіміраўны ў хату. Разам з намі і яе ўнучка Таццяна, якая прыехала да бабулі ў водпуск з Браслава.

— Цудоўна выглядаеце для свайго паважанага ўзросту, — сказалі мы Марыі Уладзіміраўне ў якасці кампліменту.

Жанчына нядаўна сустрэла свой 90-ты дзень нараджэння, але адразу і не скажаш, што за плячамі гэтага чалавека дзевяць дзесяцігоддзяў.

— Нарадзілася я ў вёсцы Патупы, што на Глыбоччыне, — расказвае нам юбілярка. — З ранніх гадоў пачала працаваць, дапамагаць матулі. Тата вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны хворым, працаваць не мог, прыходзілася і жаночую, і мужчынскую работу выконваць нам. Пятнаццацігадовай дзяўчынай уступіла ў калгас. Адукацыі, канечне ж, ніякай не мела, таму накіравалі мяне ў паляводства, з’яўлялася звеннявой. Вырошчвалі мы самыя разнастайныя сельгаскультуры: буракі, бульбу, лён, турнэпс, гузіку. Нават такую расліну як как-сагыз. З яе потым выраблялі каўчук. Наша брыгада заўсёды была адной з лепшых у сельгасарцелі. За высокія працоўныя паказчыкі мела гонар бываць у Маскве, Мінску, іншых гарадах былога Савецкага Саюза.

А ў Беляі я трапіла, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца Пятра. З ім мяне сасваталі яго дзядзькі. Пасля вяселля непрацяглы час жылі ў Патупах, а потым пераехалі ў Беляі. Тут пабудавалі ўласны дом, абзавяліся гаспадаркай, працаўладкаваліся ў мясцовы саўгас. Муж быў трактарыстам, а я паляводам. Галоўным лічу тое, што нарадзілі і вывелі на шырокую дарогу жыцця сваіх дзяцей — дзвюх дачок і сына. А яны, у сваю чаргу, падарылі нам унукаў і ўнучак. Маю ажно шэсць праўнукаў. Яны — усе мае родныя — і з’яўляюцца сэнсам жыцця, працягам мяне. Ведаеце, якое гэта шчасце, калі дом напоўнены дзіцячымі галасочкамі, тады зусім не адчуваеш хвароб: ні душэўных, ні фізічных. Хочацца проста жыць і радавацца жыццю разам з імі.

У дзень юбілею ў доме Марыі Уладзіміраўны сабраліся ўсе яе родныя людзі. Было мноства падарункаў, слоў віншаванняў, усе жадалі імянінніцы жыць яшчэ многа-многа год, каб радаваць кожнага. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і зычым Марыі Уладзіміраўне толькі шчаслівых і сонечных дзён на яе жыццёвым шляху!

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика