З блакнотам па раёне. Крукаўшчына. 21.by

З блакнотам па раёне. Крукаўшчына

18.07.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Крукаўшчына, вёска ў Казловіцкім сельсавеце. Вядома з другой паловы XIX стагоддзя. Гэта быў засценак Бабруйскага павета, у 1909 годзе ён налічваў 12 двароў, 108 жыхароў. У 1926 годзе тут быў арганізаваны калгас “Новая Крукаўшчына”, а зараз гэта землі калгаса “Зара Камуны”.

Такія звесткі пра Крукаўшчыну чытаем у кнізе “Памяць. Глускі раён”. Тут пазначаны прозвішчы мясцовых жыхароў, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама згадваецца пра ўраджэнца Крукаўшчыны Васіля Гулевіча — удзельніка Руска-японскай вайны, які потым да 1918 года служыў у кавалерыйскіх войсках у Маньчжурыі. Георгіеўскі кавалер, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ваяваў на Украіне ў складзе конніцы Варашылава, быў цяжка паранены.

Каля Крукаўшчыны пачынаецца рака Бежыца. Доўжыцца яна ўсяго 15 кіламетраў, потым упадае ў Пціч.

Сягоння ў Крукаўшчыне пастаянна пражывае 11 чалавек. У пачатку вёскі стаіць хата, у якой нарадзіліся і выраслі Вера Хацько і яе брат Міхаіл. Цяпер яны абодва ўжо пенсіянеры. Карэннымі жыхарамі лічыцца сям’я Нікановіч. У адной хаце, якая ўшчыльную прымыкае да тутэйшых лясоў, жывуць маці Анастасія Паўлаўна і два яе сыны — Мікалай і Аляксандр. Дарэчы, Анастасія Паўлаўна ў гэтай вёсцы цяпер самая старэйшая жыхарка, ёй 88 гадоў. У бацькоўскую хату гадоў 10 таму прыехаў Андрэй Каранец, а адносна нядаўна купілі сабе дамы яшчэ дзве сям’і. У адным пасяліліся Віктар Багам’я і Ніна Федчанка, у другім — Міхаіл і Галіна Новікі. Чымсьці прывабіла Крукаўшчына былую бабруйчанку Галіну Рыняк, якая ў пачатку гэтага года памяняла гарадскую прапіску на сельскую. І цяпер яна самая маладая жыхарка, але і сама неўзабаве стане пенсіянеркай.



Першае ўражанне ад Крукаўшчыны ў мяне было яркае. І выклікаў эмоцыі невялікі лужок на ўездзе ў вёску па левы бок вуліцы, лужок стракацеў некранутым рукой чалавека разнатраўем. Убачанае кранула душу, і міжволі ўспомнілася сваё вясковае дзяцінства. Расчуленая, я пайшла далей, але пустэльныя вуліцы з зарослымі дварамі навявалі сумныя думкі. Калі ўбачыла жылыя дамы, ажно адлегла ад сэрца. Першым сустрэўся мне Мікалай Нікановіч, ён аказаўся субяседнікам гаваркім. Паведаў, як яму тут жывецца з маці і братам.

— Гэта мая радзіма, і я люблю сваю Крукаўшчыну, — гаварыў Мікалай Мікалаевіч. — Нягледзячы, што вёска пусцее, яна ўсё роўна для мяне самая прыгожая. Паглядзіце, якія тут наўкола лясы, багатыя на ягады ды грыбы. Нават вадаём каля нас ёсць свой. Праўда, ён пажарны. А вада тут чыстая. Хто б што ні казаў, нам тут падабаецца, і думкі не было, каб куды-небудзь з’ехаць.



Тое, што гэта сям’я асталявалася тут надоўга, відаць па адноўленым дыхтоўным доме, вакол якога чысціня і парадак. Браты кажуць, што так было ў іх заўсёды. Былое ўспамінаюць з прысутнай чалавеку настальгіяй. Паведалі, што людзі тут жылі дабрадушныя, адзін аднаму ніколі не зайздросцілі, не было калі — увесь час у працы. Пацвярджэнне пра шчырасць да працы тутэйшых сялян знаходзім у раённай газеце 1940-х гадоў. “Соцыялістычная вёска” пісала: “Калгаснікі калгаса “Новая Крукаўшчына” Казловіцкага с-с Бахановіч А. і Хоцька П., не гледзячы на свой узрост, з’яўляюцца перадавікамі калгаснай працы. За пяць месяцаў гэтага года шасцідзесяцігадовыя тружанікі выпрацавалі звыш 150 працадзён кожны.” (“Працуюць самааддана”, аўтар Р. Залескі).



Успамінаючы сваё дзяцінства, браты расказалі, што ў  вёсцы была пачатковая школа, пабудаваная ў 1927 годзе, і да пяці класаў яны вучыліся там. Школа стаяла крыху больш за сотню метраў ад іх дома, насупраць таго месца, дзе зараз скульптура “Маці, якая смуткуе”. Дарэчы, тут пахаваны 13 партызан атрадаў Шчорса і Кірава 37-й партызанскай брыгады імя Пархоменкі і 2 вайскоўцы, якія загінулі ў 1943—1944 гг. каля Крукаўшчыны.

Мне хацелася як мага больш даведацца пра былое гэтай невялікай вёскі. У бібліятэцы Засценка Усцярхі, куды я патэлефанавала, мне падказалі, што ў Глуску жыве Аляксандра Васілеўна Арцёмчык, колішняя жыхарка Крукаўшчыны. Яна з задавальненнем адгукнулася на маю просьбу, і мы сустрэліся ў яе дома.



— Пачну з таго, што маё дзявочае прозвішча Дайгот. На першы погляд можа падацца, што яно незвычайнае для нашай мясцовасці, але гэта не так. Бацька мой з Крукаўшчыны, маці таксама, так што карані нашы тут. Большая частка майго жыцця прайшла ў гэтай вёсцы. Гэта быў самы шчаслівы час. Чым жа запомнілася мне мая вёска? Людзьмі, добрымі і спагадлівымі, якія і працаваць любілі, і адпачываць умелі. А моладзь якая дружная і вясёлая ў нас была! Клуба ў вёсцы не мелася, і мы самі ладзілі вечарынкі. Прасіліся па хатах, хто пусціць, туды ішлі. Часцей за ўсё танчылі ў хаце цёткі Мані. Добрая яна была, ніколі не адмаўляла, толькі казала: “Ідзіце гуляйце, але ж падлогу пасля сябе не забудзьце памыць”. Вось такая была ў нас дамова: спачатку дапазна гуляем, а потым чысціню наводзім. Да нас прыходзіла моладзь з усёй акругі, і з усімі мы сябравалі, толькі не было ў нас міру з хлопцамі з Засценка Усцярхі. Іх ніколі не запрашалі, яны самі прыходзілі і абавязкова біліся. Як толькі ўбачым, што прыйшлі засценкаўскія, так і чакаем бойкі.

Бывала, што і мы выбіраліся пагуляць у якую-небудзь вёску. Памятаю, як хадзілі на вяселле ў Доўгі Лес. Дарога няблізкая, больш за чатыры кіламетры ў адзін бок. Туды яшчэ ішлі нічога, а назад, натанцаваўшыся, ледзьве ногі валаклі. Больш так далёка не хадзілі.

Наша вёска складаецца з дзвюх частак, яе падзяляе выган. На цэнтральнай вуліцы колісь дамы стаялі дах у дах, так шчыльна, быццам бы месца будавацца людзям не хапала. Чаму так рабілі, і зараз не магу сказаць.

У нас былі пачатковая школа і магазін, а да яго — ларкі, спачатку ў доме Віктара Гулевіча, а потым у Скіндзера. Магу памыліцца ў даце, але дзесьці ў 1976 годзе, праз год, як закрылася школа, адкрылі стацыянарны магазін. Туды запрасілі працаваць майго мужа, які ў калгасе “Зара Камуны” займаў пасаду інжынера па тэхніцы бяспекі. Аднойчы старшыня паклікаў яго і кажа: “Ідзі папрацуй у магазін. Толькі сваёй работы не кідай. Ведаю, што справішся адначасова быць у двух месцах”. Спачатку так і было. Потым муж рашыў застацца толькі ў магазіне, там ён адрабіў 6 гадоў.

Я ўжо казала, што сяляне Крукаўшчыны былі шчырыя ў працы. Хто на палявыя работы хадзіў, хто на ферме свіней даглядаў, потым — кароў. Статак не вельмі вялікі быў, хапала чатырох даярак.. Пра свіней хачу расказаць невялікую гісторыю. Мая маці была адна са свінарак, хто там рабіў. Тады калгасных свіней пасвілі на полі, і маці паслала мяне. Я малая яшчэ была, пасвіла, пасвіла і не прыкмеціла, як заснула. Свінні ж тым часам нарабілі шкоды на калгасным полі. Памятаю, здорава тады мне дасталася ад маці трапкачом (кухонны ручнік з махрамі. — Аўт.). Дзякуй бабулі, якая заступілася за мяне. Дарэчы, у нашай сям’і, акрамя мяне, гадавалася яшчэ дзве сястры, і нас з маленства прывучалі да самастойнасці. Неяк аднойчы мы ўтраіх пайшлі праз лес да цёткі ў госці — у вёску Каменка Бабруйскага раёна. Маці нас адпусціла, бо была ўпэўнена, што не заблудзімся.

Рана сталелі дзеці ў той час. Да работы іх змалку прывучалі. Жыла ў вёсцы такая сям’я Бачынскіх. З дзяцей — чатыры хлапцы і  дзяўчына. Дык тыя хлапцы разам з бацькам, які добра разумеў па сталярнай справе, хадзілі па вёсках і рубілі людзям зрубы. А ўзяць знатнага каваля Віктара Багам’ю, які славіўся на ўсю акругу сваімі вырабамі. Дык ён свайму майстэрству таксама навучыў сына, той, дарэчы, і зараз жыве ў Крукаўшчыне. Шчырасць да працы ў людзей была: і на сваёй гаспадарцы, і на калгасных палетках. Вакол вёскі гаспадарка садзіла шмат гародніны: агуркі, памідоры, капусту, моркву. І ўсё было дагледжана. Памятаю, як маёй маці выдзелілі ўчастак морквы. Трэба было прапалоць, а потым убраць яе. Дык вось з чатырох сотак мы накапалі 8 тон караняплодаў. А якія памідоры вырошчвалі, цяпер такіх няма. У той час я працавала брыгадзірам. Бывала, выйдзеш на поле, а яно ўсё чырвонае ад тых памідораў. А капуста якая была, ледзьве абхопіш той качан.

Расказваючы пра нашу вёску, нельга не сказаць пра лазню. Калгас клапаціўся пра людзей, кожны тыдзень ладзілі  лазневы дзень, сяляне хадзілі туды бясплатна. А таму, хто прапальваў гэту лазню, калгас яшчэ і плаціў. Вось такія выгоды былі для людзей. Цяпер я калі-нікалі наведваюся на бацькаўшчыну. Там у мяне жывуць добрыя сябры — сям’я Новік. І я шчыра рада, што яны абжыліся, што ім там падабаецца.



Міхаіл і Галіна Новік — сучаснае Крукаўшчыны. Адносна нядаўна гэта сям’я памяняла глускую прапіску на вясковую. Мы былі на іх падвор’і. Што тут можна сказаць — на ўскрайку вёскі, крыху воддаль ад дарогі, пасяліліся сапраўдныя гаспадары. У сілу сваёй сціпласці ні Міхаіл Рыгоравіч, ні Галіна Пятроўна асабліва не хацелі, каб пра іх расказвалі і пісалі. Маўляў, якія мы героі, жывём, працуем на зямлі, як робяць гэта многія людзі. Знаёмыя часта пытаюцца, што яны знайшлі ў такой глушы, ці не сумна ім тут. І я хачу адказаць за іх. Сям’і Новік няма калі сумаваць. Гаспадары ўвесь час заняты. Спачатку стараліся, пакуль купленую тут старую хату давялі да толку. І я скажу вам, што многія могуць ім пазайздросціць: у доме настолькі ўтульна і гарманічна, што не хочацца выходзіць. І выгоды гарадскія ў іх ёсць: вада, каналізацыя… На падвор’і лазня, хлявы. А агарод які акуратны, на градках расце разнастайная гародніна. Ёсць у гаспадарцы і жыўнасць. Галоўным жа гонарам сваёй мясціны сям’я лічыць дубы, якія растуць пры ўваходзе на сядзібу. Гэта іх сімвал надзейнасці, стабільнасці і даўгалецця. І няхай яно так будзе.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крукаўшчына, вёска ў Казловіцкім сельсавеце. Вядома з другой паловы XIX стагоддзя. Гэта быў засценак Бабруйскага павета, у 1909 годзе ён налічваў 12 двароў, 108 жыхароў....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика