Мастацтва дрэва і разца. 21.by

Мастацтва дрэва і разца

19.07.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Так супала, што поруч з Рэспубліканскім фестывалем харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў Мядзеле праходзіла яшчэ адно цікавае мерапрыемства — рэгіянальнае свята-конкурс майстроў разьбы па дрэве “Разьбы зачараванне”. Яно таксама стала традыцыйным: ладзілася сёлета восьмы раз.
З розных куткоў Міншчыны завіталі ў азёрны край сапраўдныя чараўнікі, якія, прапускаючы праз сваю душу прыродную прыгажосць, умела пераносяць яе на дрэва, ствараючы арыгінальныя вырабы — незвычайна цёплыя, жывыя. Адораных людзей на самай справе нямала, але далёка не ўсім удаецца тонка раскрыць прыроду матэрыялу, паказаць яго ўнутраны свет, гармонію, жыццёвую сілу і таямнічасць. А вось самародкам, якія прыехалі на Мядзельшчыну, каб прадэманстраваць свае ўменні і навыкі работы з дрэвам, гэта пад сілу. Бо ўсе яны — людзі цікавыя і таленавітыя, якіх яднае любоў да народнай творчасці, да роднай зямлі.
Пасля прывітання вядучая Вікторыя Стэрнад пазнаёміла прысутных з канкурсантамі. Наш раён прадстаўлялі метадысты-майстры з Крывіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў Мікалай Свечкароў, Уладзімір Хіхіч, Наталля Свечкарова са сваімі выхаванцамі Дзмітрыем Шырочыным, Аляксандрам Хуртаем, Аляксандрам Машко, Сяргеем Баранскім і Анастасіяй Хіхіч. З Валожыншчыны прыехалі ў Мядзел майстар Сяргей Пупко і яго юныя пераемнікі Максім Страчынскі і Настасся Азарэвіч, а таксама кіраўнік народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца” Валожынскага раённага Цэнтра культуры Наталля Клемянок. Тры майстры завіталі са Стаўбцоўшчыны — Валерый Чараднічэнка, Алег Калевіч і Уладзімір Трубіш. А Бярэзінскі раён прадстаўляў вядомы не толькі на Міншчыне, але і за яе межамі Яўген Осіпаў.
Ад гаспадароў свята слова мела галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол. Ганна Мікалаеўна, зазначыла, што ёй прыемна бачыць знаёмыя твары майстроў і таленавітую моладзь, якая прыехала, каб паказаць сваё ўмельства працаваць з дрэвам. Прамоўца пажадала ўсім удзельнікам поспехаў, натхнення, і, канечне ж, самых цёплых уражанняў ад мерапрыемства і ад чарговага спаткання з нашай цудоўнай Мядзельшчынай.
Потым увазе канкурсантаў было прадстаўлена журы. У яго ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаслаў Клімовіч, народны майстар Рэспублікі Беларусь, член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Юрый Камандзірчык і дырэктар Мядзельскага раённага Цэнтра культуры Анатоль Гайдыш. Ад імя журы да ўдзельнікаў свята звярнуўся Юрый Камандзірчык. Юрый Іванавіч падкрэсліў, што для асобных майстроў, асабліва пачаткоўцаў, свята можа стаць свое-
асаблівай прыступкай да далейшай творчай дзейнасці, як некалі і для яго самога. Пажадаў усім плёну ў працы і, вядома ж, вызначыцца. Бо конкурс менавіта для таго і праводзіцца, каб выявіць лепшых з лепшых.
Старт мерапрыемству дадзены! Усе ўзяліся за працу: вопытныя майстры — каб паказаць спрыт і ўменне, а моладзь — паспрабаваць раскрыць свой талент. Дарэчы, конкурс доўжыўся тры гадзіны і складаўся з двух этапаў. Па-першае, з выставы гатовых работ, якія пры жаданні можна было і прыдбаць. Па-другое, з самога конкурсу — на хуткасць і якасць выканання вырабу. Мяркую, не толькі членам журы, але і многім жыхарам і гасцям горада, якія ў той дзень прыйшлі ў скверык ля будынка Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка, было цікава назіраць, як проста на вачах дзякуючы ўвішнасці рук чалавечых кавалак дрэва змяняўся, набываў форму і ўрэшце ператвараўся ў арыгінальны выраб. Заўважыла, што юныя разьбяры, у тым ліку і нашы, даволі ўмела ўпраўляліся з разцом, а вопытныя майстры вельмі спрытна арудавалі яшчэ і сякерай, хоць гэта было не так і лёгка.
Акрамя вырабаў з дрэва, прадстаўленых разьбярамі, можна было пазнаёміцца і з творамі майстроў Лацвянскага і Дзягільскага Дамоў майстра, Сваткаўскага сельскага Дома культуры. Акрамя таго, дэманстравалі свае працы таксама майстар Сяргей Чапурко і аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Многія гараджане падоўгу спыняліся ля сталоў, дзе былі выкладзены арыгінальныя сувеніры. А асобныя і штосьці сабе на памяць аб мерапрыемстве набывалі.
Упрыгажэннем свята стала і выступленне народнага хору ветэранаў вайны і працы Слуцкага гарадскога Дома культуры (мастацкі кіраўнік — наша зямлячка Ала Матанская). У выкананні гэтага калектыву прагучалі песні ваеннай тэматыкі, патрыятычнага зместу, народныя, жартоўныя. Прыемна, што спіс узнагарод случчан папоўніў таксама дыплом удзельнікаў фестывалю харавога мастацтва “Пеўчае поле”, які ім быў уручаны падчас мерапрыемства. Многія мядзяльчане адзначалі прыгожыя галасы і артыстызм спевакоў. Нездарма кожны нумар канцэртнай праграмы суправаджаўся працяглымі апладысментамі, словамі “брава!”, “малайцы!”.

 

…Нарэшце журы падвяло вынікі спаборніцтваў. Узнагароджанне праводзілася ў розных намінацыях. Былі адзначаны работы гасцей Настассі Азарэвіч, Алега Калевіча, Максіма Страчынскага, Сяргея Пупко. Як самы малады ўдзельнік заахвочаны Дзмітрый Шырочын, за лепшы твор дэкаратыўнага характару — Валерый Чараднічэнка, а за зберажэнне творчых традыцый разьбы па дрэве — Уладзімір Трубіш. Дыплом за высокае майстэрства і мастацкі густ атрымаў Яўген Осіпаў.
У якасці спонсара конкурсу выступіла раённая арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Прадстаўніца названага фарміравання Кацярына Клімовіч уручыла дыпломы маладым разьбярам з азёрнага краю Сяргею Баранскаму, Аляксандру Хуртаю і Аляксандру Машко. А ў намінацыі “Мая малая радзіма” былі адзначаны Анастасія Хіхіч з Крывічоў і ўзгаданы вышэй Яўген Осіпаў са Стаўбцоўшчыны.
Свята закончылася. Як мне здалося, яно паказала рознабаковую адоранасць самадзейных майстроў, іх уменне адчуваць і ствараць прыгожае. Ці не таму і не разрываецца ніць народнага мастацтва, якая ідзе з глыбінь стагоддзяў, а цягнецца далей — у будучыню?

 

 

 

 

 Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так супала, што поруч з Рэспубліканскім фестывалем харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў Мядзеле праходзіла яшчэ адно цікавае мерапрыемства — рэгіянальнае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика