Трэцім разам — добрым часам!.. Вадзіцель ААТ «Дабаснянскае» Мікалай Асташоў у трэці раз запар прэтэндуе на перамогу ў раённым спаборніцтве. 21.by

Трэцім разам — добрым часам!.. Вадзіцель ААТ «Дабаснянскае» Мікалай Асташоў у трэці раз запар прэтэндуе на перамогу ў раённым спаборніцтве

08.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 


Вадзіцель Мікалай Асташоў выгрузіў некалькі тон збожжа падчас чарговага рэйсу на збожжаток

Вадзіцеля ААТ “Дабаснянскае” Мікалая Асташова мы сустрэлі на збожжатаку сельгаставарыства, куды ён прывёз чарговы палявы гасцінец ад зямлі-карміцелькі. У кузаў яго САЗа хвілінамі раней з аднаго з камбайнаў ссыпалася свежаабмалочанае збожжа, і каштоўны залацісты груз быў хутка дастаўлены ў сушыльную гаспадарку…

Сёлетняе жніво для Мікалая Леанідавіча дзясятае. Менавіта столькі год таму ён стаў працаваць у “Дабаснянскім”. Хаця вадзіцельскі стаж значна большы. Хлопец з Лешчанкі ў свой час пасля школы скончыў СПТВ-220 у Кіраўску і з таго часу пачаўся адлік яго працы на роднай Кіраўшчыне. Спачатку на малой радзіме ў КСУП “Ніва-Барсукі”, як цяпер завецца гаспадарка. А пазней —  перабраўся ў Добасну: менавіта тут сустрэў сваё каханне — другую палавінку — Лілія Уладзіміраўна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Дабаснянскай СШ. Дарэчы, сын Дзмітрый, як і бацька, мае таксама прамое дачыненне да жніва: працуе камбайнерам у саставе аднаго з экіпажаў гаспадаркі і не раз запаўняў кузаў аўтамашыны бацькі свежым збожжам.

Аднак непасрэдна да Асташова-старэйшага і вернемся. Уборачная кампанія для Мікалая Леанідавіча — час адметны. Жніво вадзіцель чакае з нейкім асаблівым хваляваннем. Часцей так ставяцца да гэтай пары камбайнеры, якія назіраюць за кожным каласком, які трапляе ў жатку збожжаўборачнай машыны. А тым часам праз вочы рулявых машын, якія задзейнічаны на адвозцы і стараюцца не менш, “праскоквае” кожнае зярнятка, якое спачатку ссыпаецца ў кузаў ці прычэп, а пасля — у месца складзіравання ў сушыльнай гаспадарцы. Вось так і ў Мікалая Асташова: кожная тона — на вагу золата. А інакш не бывае, бо хлеб — сапраўды залаты груз.



Перадавога вадзіцеля віншуе першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Анатоль Ланкуць

Днямі напружаны рабочы працэс перадавога вадзіцеля на некалькі хвілін быў прыпынены. Справа ў тым, што вадзіцель першым у раёне перакрочыў тысячатонны рубеж на адвозцы збожжа ад камбайнаў сярод калег, якія працуюць на машынах грузапад’ёмнасцю менш за 5 тон. Здавалася б, чарговы тысячнік на сёлетнім жніве — справа не такая ўжо дзіўная: іх атрад расце літаральна з кожным днём.

Але адна справа перавозіць збожжа на магутных вялізных машынах і завіхацца на аўтамабілях малой умяшчальнасці. Менавіта таму пры вызначэнні лепшых вадзіцеляў у спаборніцтве на жніве і прымяняецца адпаведны каэфіцыент. Дык вось згодна гэтага менавіта Мікалай Асташоў з ААТ “Дабаснянскае” два папярэднія гады запар станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, а ў 2017 годзе яшчэ заняў і другое месца ў абласным. І сёлетняя тысяча тон (і нават ужо значна больш) — гэта важкая заяўка на чарговы трыумф.

У чым сакрэт стабільнага поспеху? На гэтае пытанне Мікалай Леанідавіч адназначнага адказу не даў, крыху сумеўшыся. Але ён чытаецца ў дзеяннях і памкненнях вадзіцеля. “Не падводзіць машына”, — адзначыў субяседнік. А, між тым, ёй ужо 32 гады, і толькі адзін “гаспадар” быў дагэтуль у яе… І як тут не зразумець, што за гэтым стаіць карпатлівая праца вадзіцеля, які з’яўляецца яшчэ і выдатным механікам. Перабраны ўласнымі рукамі кожны вінцік. А, як вядома, пастаянная прафілактыка ў розных сэнсах папярэджвае як хваробу ў чалавека, так і сур’ёзную паломку ў машыны. А галоўнае, безумоўна, — гэта стаўленне да працы, да даручанай справы, для якой кожная раніца — у радасць, а стома ад напружанага дня — толькі прыемная…

А між тым у ААТ “Дабаснянскае” жніво набліжаецца да заканчэння. Па становішчу на ўчарашнюю раніцу збожжавыя і зернебабовыя абмалочаны на 1270 га, што склала 87% ад плана. Заставалася ўбраць крыху больш за 190 га, што пры спрыяльным надвор’і мясцоваму збожжаўборачнаму атраду па сілах зрабіць літаральна за дзень-два. З абмалочаных 1270 га ў сушыльную гаспадарку сельгасарганізацыі дастаўлена 3539 т збожжа. Ужо згодна папярэдніх падлікаў сёлетні ўраджай чакаецца значна большым за леташні, што не можа не радаваць: не менш, чым у паўтысячы тон чакаецца прыбаўка, а гэта, як вядома, добры дадатак у грамадскую касу.

Ураджайнасць у 28 ц/га выглядае зусім нядрэннай. Але ж усё адносна: скажам, трыцікале і пшаніца парадавалі — 40 і 33 цэнтнеры на круг адпаведна, па 27 ц/га далі ячмень і авёс. А вось 16 ц/га зернебабовых — ужо не тое, як хацелася б…



Адзін з перадавых экіпажаў ААТ “Дабаснянскае” ў саставе Аляксандра Міхлюка і Джанэлі Джыкія

Экіпажы камбайнаў, вадзіцелі, занятыя на адвозцы намалочанага збожжа,  спецыялісты агранамічнай службы… Ад механізатара да повара — усе заняты агульнай справай, імя якому — жніво. Алег Сосаў з Максімам Голубевым — лідары па намалотах у гаспадарцы, прычым сёлетні жніўны сезон для камбайнераў адзначыўся на дзвюх машынах: спачатку на “бывалым” КЗС-1218, на якім стартавалі, а ў працэсе ўборачнай кампаніі пераселі на атрыманым КЗС- GS12А. Больш за 400 т механізатары намалацілі на першым з іх, а затым больш за 600 т — на новым. У выніку дабаснянскі экіпаж трапіў у лік тысячнікаў. Выдатна працуюць іншыя камбайнеры. Амаль тысячу тон намалацілі Аляксандр Міхлюк з Джанэлі Джыкія, старанна працуюць Іван Зубаў з Андрэем Канавалавым, Васіль Ясянецкі з Дзмітрыем Асташовым, Яўген Максімаў з Максімам Іваніцкім. Не даюць прастойваць камбайнам, бункеры якіх імкліва напаўняюцца збожжам, вадзіцелі. Пра аднаго з іх — Мікалая Асташова — было распавядана вышэй. Але ж і Аляксей Шыбко, і Яўген Кавалёў на МАЗах шчыруюць не менш: кожны з іх перавёз больш за 1300 т збожжа.

Наладжана работа на збожжатаку, убіраецца з палёў салома, вядзецца ворыва пад сяўбу азімых культур з прыцэлам на будучы ўраджай. Арганізаваны работы — як мае быць, а, значыць, ёсць падставы разлічваць на пазітыўныя вынікі ва ўсіх накірунках дзейнасці сельгаспрадпрыемства ў перыяд уборачнай кампаніі.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Вадзіцель Мікалай Асташоў выгрузіў некалькі тон збожжа падчас чарговага рэйсу на збожжаток Вадзіцеля ААТ “Дабаснянскае” Мікалая Асташова мы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика