В Ушачах на месте массового расстрела и захоронения евреев в годы войны установлен новый памятник. 21.by

В Ушачах на месте массового расстрела и захоронения евреев в годы войны установлен новый памятник

09.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дакладную дату з’яўлення помніка на брацкай магіле мірных жыхароў па вуліцы Кастрычніцкай гарпасёлка наўрад ці хто памятае. Па словах былога дырэктара музея народнай славы Мікалая Мікалаевіча Кірпіча, абеліск мяняўся ў 1968 годзе, потым – у 1975-ым і ў такім абліччы праіснаваў да сёлетняга лета, калі на месцы масавага расстрэлу і пахавання яўрэяў устаноўлены новы помнік. Жалобная цырымонія з нагоды яго адкрыцця прайшла ў панядзелак, 29 ліпеня.

“У 1974 годзе ў першую суботу жніўня ўшанаваць памяць бязвінна забітых тут сабралася чалавек 200, іх родныя прыязджалі з Ленінграда, Масквы, – успамінаў М.М.Кірпіч перад пачаткам мерапрыемства. – Зразумела, што з цягам часу іх заставалася ўсё менш, многія выехалі ў Ізраіль, і ў апошнія гады сустракацца тут практычна стала некаму…” Па словах Мікалая Мікалаевіча, ён не мог не наведаць цырымонію адкрыцця, бо ў свой час амаль тры гады прысвяціў устанаўленню прозвішчаў ахвяр, працаваў у архівах, і не толькі ў Беларусі. На мерапрыемства прыйшлі і яшчэ некалькі дзясяткаў ушачан, якія разам са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам, членамі раённага выканаўчага камітэта віталі гасцей з Мінска і мецэнатаў з ЗША і Вялікабрытаніі, дзякуючы якім на пахаванні з’явіўся новы помнік з чырвонага граніту. Адкрываючы цырымонію, старшыня Саюза яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Ігар Міхайлавіч Краверскі падзякаваў уладам за магчымасць увекавечання памяці ахвяр нацызму і наогул за захаванне гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, расказаў, што ідэю ўстаноўкі новага помніка ва Ушачах выношвалі не адзін год і нагадаў пра злачынства фашысцкіх катаў.

…Яўрэйскае гета ва Ушачах з’явілася зусім хутка пасля акупацыі, у канцы жніўня-пачатку верасня 1941 года па вуліцы Кастрычніцкай, што была ў раёне сучаснай Каранеўскага. Туды сагналі ўсіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Ім было загадана насіць на вопратцы меткі ў выглядзе жоўтай зоркі, не пакідаць самастойна межы гета, абнесенага калючым дротам. Вязняў выкарыстоўвалі на самых цяжкіх відах работ, здзекаваліся над імі. У снежні ва Ушачы былі сагнаны і яўрэі з Кубліч, Селішча, Глыбачкі, Бабыніч, Усы і іх колькасць перавысіла 900 чалавек. З акта Надзвычайнай камісіі па устанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў на тэрыторыі Ушацкага раёна, якую пасля вызвалення раёна ўзначаліў Міхаіл Андрэевіч Цябут, вядома, што карнікі ў лютыя маразы выводзілі з гета маладых дзяўчат і прымушалі на сабе вазіць ваду для коней кавалерыйскай часці. Абяссіленых вязняў білі прыкладамі вінтовак, палкамі, выхаду ў мястэчка для пошуку прадуктаў яны не мелі. За любую правіннасць было адно пакаранне – расстрэл.

І яго не пазбег ніхто з вязняў. 14 студзеня 1942 года ўсіх яўрэяў пад канвоем пагналі па вуліцы Далецкай (зараз Кастрычніцкая) да могілак, дзе загадзя былі выкапаны дзве вялікія ямы. Людзей застаўлялі распранацца да сподняга, клалі ў рады на дне ямы і расстрэльвалі, маленькіх дзяцей праколвалі штыкамі. Такім чынам, з 10 да 16 гадзін было знішчана 925 чалавек. Гэту жудасную расправу ўзначальваў камендант Ушач Карл, для яе ажыццяўлення быў прыцягнуты карны атрад з Полацка.

Па словах сведкаў, калі яму засыпалі, зямля на ёй яшчэ некалькі гадзін варушылася, “дыхала” – сярод забітых аказаліся і раненыя, якія былі асуджаны на пакутніцкую смерць. Маглі б яе мінуць вязні гета? Магчыма, але гісторыя не цярпіць умоўнага ладу. Па ўспамінах былога кіраўніка падпольнай групы Вялікіх Долец Сцяпана Якаўлевіча Маркевіча за некалькі дзён да трагедыі ад справавода воласці стала вядома, што яўрэяў плануюць забіць і іх вырашылі папярэдзіць. На кватэры Міхаіла Фёдаравіча Машчова адбылася сустрэча падпольшчыка Сцяпана Якаўлевіча Барадаўкіна са старастам гета Іосіфам Калманавічам Пейсахавым, на якой яўрэям было прапанавана пры вядзенні калоны напасці на ахову, перабіць яе, захапіць зброю і разбегчыся. Зразумела, ахвяры будуць, але большасць застанецца жыць, дзяцей і старых схавае насельніцтва па вёсках, а дарослыя пойдуць у партызаны…

Вярнуўшыся ў гета, І.Пейсахаў падзяліўся такімі думкамі з членамі савета. Па іх рашэнні ён накіраваўся да каменданта, каб высветліць, ці праўда, што замест адпраўкі ў Палесціну, як гэта казалі немцы, яўрэяў расстраляюць. Гарнізон быў падняты па трывозе, ахова ўзмоцнена, пачаліся вобыскі і праз два дні спецкаманда карнікаў знішчыла насельнікаў гета.

І.М.Краверскі, аналізуючы архіўную інфармацыю, выказаў меркаванне, што вязні гета, нават ведаючы аб запланаваным забойстве, не маглі паверыць у яе праўдзівасць. Многія старыя бачылі тых жа немцаў у часы Першай сусветнай вайны, памяталі савецка-польскую – у акупацыі мірных людзей не чапалі. Ды і, здавалася б, у чым былі вінаватыя гандляры і шаўцы, фатограф, гадзіншчык, іншы рамесны люд, якіх так багата сярод прадстаўнікоў яўрэйскай нацыі? Толькі ў тым, што не ўсведамлялі аднаго – для рэалізацыі гітлераўскай праграмы знішчэння яўрэяў фашыстам не патрэбна ніякіх падстаў.

Пра гэта мы ведаем зараз і не забываемся, не дзелім па нацыянальнасці ахвяр фашызму – яны ўсе былі нашымі землякамі, савецкімі людзьмі, якія ў згодзе жылі на тэрыторыі раёна. Пра гэта ўзгадваў падчас выступлення на мерапрыемстве ўраджэнец Кубліч Васіль Антонавіч Стрыжонак. Таму многія беларусы, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў, хаваючы іх ад нацыстаў і за гэта дзякавалі ўшачанам прадстаўнікі Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, прадстаўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі і Германіі, якія разам з кіраўніцтвам раёна ўсклалі вянкі і кветкі да помніка.

Дзмітрый Раманоўскі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дакладную дату з’яўлення помніка на брацкай магіле мірных жыхароў па вуліцы Кастрычніцкай гарпасёлка наўрад ці хто памятае. Па словах былога дырэктара музея...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика