Строители Ушаччины отметили профессиональный праздник. 21.by

Строители Ушаччины отметили профессиональный праздник

13.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

“Вось гэта прасторная кухня аднапакаёвай кватэры, а вось так выглядае “трошка”, вокны якой будуць выходзіць і на суседнія пяціпавярхоўкі, і ў бок “Юнацтва-Ушачы”. У гэтым доме іх будзе пяць”, – праводзячы экскурсію па будоўлі новага кааператыва на Віцебскай, расказвае прараб ПМК-66 Мікалай Грыневіч. Шматпавярхоўка “расце” літаральна на вачах, гэтымі днямі будаўнікі завяршалі вывядзенне другога паверха, а таму ўжо добра праглядвалася, якімі будуць апартаменты 40-кватэрнага дома.

Кожны дзень сюды спяшаюцца не толькі ўшацкія будаўнікі, а і іх шумілінскія калегі. “Як і падчас будаўніцтва папярэдняга дома: адзін пад’езд за намі, другі – за імі. Каб было больш рук, і самі справіліся б, але ж тэрміны сціслыя, а жыллё павінна быць гатова да новага года”, – адзначаюць рботнікі ПМК-66. Зараз тут задзейнічана больш 30 чалавек, палова з якіх – ушацкія муляры.

Трэба адзначыць, што калектыў будаўнікоў у апошнія гады амаладзіўся. “Гэта чацвёрты мой вялікі аб’ект за тры гады работы ў арганізацыі. Першым і своеасаблівым экзаменам быў суседні 40-кватэрны дом па вуліцы Віцебскай”, – прыгадвае М.Грыневіч. Паважаюць маладога прараба і старажылы прадпрыемства, і новая змена. Толькі брыгада муляраў у апошні час папоўнілася пяццю прадстаўнікамі моладзі. На новым доме зараз шчыруюць Уладзіслаў Лабань, Павел Курбака, Ілья Савук, браты Арцём і Павел Залатухіны. Пераймаць жа прафесійны вопыт тут ёсць у каго! Колькі гадоў таму гэтак жа пачынаў Вадзім Рыкцер, а сёння яго прозвішча за старанні і прафесіяналізм занесена на Дошку гонару прадпрыемства. Не толькі да многіх жыллёвых кааператываў на гэтай вуліцы, а і да іншых аб’ектаў у раёне прыклалі руку Васіль Шарыпа і Пётр Мянецкі, якія параўноўваюць сябе са скульптарамі: “Неспецыялісту кладка сцен можа паказацца сумным заняткам, але гэта не так. Для муляра не бывае аднолькавых сцен: адзін дзень ён выконвае прамую кладку, у другі – стварае вострыя вуглы, акругласці, аркі”.

Зараз на аб’екце ўзвышаецца вялізны будаўнічы кран, які ледзь паспявае падаваць матэрыялы мулярам, а наступным летам тут ужо будуць жыць шчаслівыя навасёлы, а вуліца яшчэ больш напоўніцца дзіцячымі галасамі.

Вольга КАМАРКОВА.

Няхай жонкі не засмучаюцца!

Брыгада цесляроў-бетоншчыкаў ПМК-66 на старонках “раёнкі” з’яўляецца часта. А вось у родным раёне яна апошнім часам госць даволі рэдкі: сёлета будаўнікі ў асноўным вядуць “качавы” лад жыцця. Але на гэта зусім не скардзяцца: работа на аб’ектах у розных рэгіёнах Віцебшчыны дазвалае атрымліваць прыбытак прадпрыемству і дастойны заробак самім спецыялістам.

Такая запатрабаванасць стала вынікам якаснай працы: уменне і стараннасць работнікаў ацаніў кіраўнік кампаніі “Віцебскаграпрадукт” Уладзімір Некрашэвіч, які інвесціраваў сродкі ў будаўніцтва жывёлагадоўчага аб’екта ў Хадакове. Брыгада ў сціслыя тэрміны ўзвяла жалезабетонны каркас новага корпуса і нарасціла ў даўжыню тры былыя. “Працавалі нават 8 Сакавіка, чым засмуцілі сваіх жонак!” – з гумарам прыгадваюць мужчыны. Аператыўна давялося выконваць работы і на будаўніцтве двух зернесховішчаў на Лепельшчыне, заказчыкам якіх таксама выступіў прыгаданы віцебскі бізнесмен. Нягледзячы на чэрвеньскую спёку ўшачане справіліся за тры тыдні, і зараз новыя памяшканні ўжо прымаюць збожжа сёлетняга ўраджаю. Дзякуючы старанням нашай брыгады гатова да засялення гадаванцамі свінаферма ў Чашніцкім раёне. На гэты аб’ект ушачане прыязджалі па чарзе вахтавым метадам – усе акрамя кранаўшчыка Паўла Мікалаевіча Бурака, для якога камандзіроўка доўжылася няспынна. “Працаваць з ім – адно задавальненне!” – характарызуе калегу брыгадзір Сяргей Уладзіміравіч Курбака. Зрэшты, толькі добрыя словы пачулі мы ад яго і ў адрас работнікаў брыгады. Сапраўдным мэтрам будаўнічай справы можна назваць Мікалая Пятровіча Коршуна, які ў родным ПМК-66 з 1988 года. Хоць і мог бы ўжо пайсці на заслужаны адпачынак былы зваршчык Іван Уладзіміравіч Шараг, але не захацеў развітвацца з родным калектывам і перакваліфікаваўся ў цесляра-бетоншчыка. Праверанымі “штыкамі” брыгады з’яўляюцца Дзмітрый Пецкалёў, Сяргей Гарыслаўка, Алег Квяцінскі. Яшчэ адзін Алег – Манецкі, вярнуўся на прадпрыемства пасля арміі. Толькі тры месяцы ў складзе брыгады Павел Сільвановіч, але ўжо паспеў заслужыць характарыстыку “хлопца, з якога будзе толк”. А літаральна некалькі дзён таму калегі шчыра віншавалі яго з нараджэннем сына – іх навічок стаў мнагадзетным татам!

Пра ўсё гэта мы размаўлялі падчас невялікай паўзы, што выдалася ў ходзе работ на будынку дзіцячага сада – брыгада Сяргея Курбакі вярнулася на радзіму і дапамагае завяршыць аб’ект. Зрэшты, хутчэй за ўсё, пабыўка будзе нядоўгай: якраз у гэтыя дні вырашаецца пытанне аб даручэнні нашым будаўнікам узвядзення фермы Полацкага КХП у Расонскім раёне. Праглядаюцца планы і па рэканструкцыі яшчэ аднаго сельгасаб’екта на Ушаччыне.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: С.Курбака, І.Шараг, А.Манецкі, П.Сільвановіч, М.Коршун, П.Бурак, Д.Пецкалёў.

Усё магчымае і нават больш

“Гэта наш пажарны!” – адрэкамендаваў дырэктар ПМК-66 Аляксандр Лукіч Фамёнак работніка арганізацыі Ігара Мікалаевіча Арэхву. І, апярэдзіўшы наша пытанне наконт незвычайнай штатнай адзінкі на будаўнічым прадпрыемстве, патлумачыў: “Вядома ж, не ў літаральным сэнсе. Па пасадзе ён дыспетчар, але ў экстрэмальнай сітуацыі магу накіраваць Ігара ў любую “гарачую” вытворчую кропку: ён і прараба падменіць, і забеспячэнца, і іншых спецыялістаў”.

Пасля такой характарыстыкі зусім не здзівіліся, калі раніцай у сераду знайшлі Ігара Мікалаевіча не ў кабінеце, а на стратэгічным аб’екце – такі статус зараз мае дзіцячы сад №3, да здачы якога засталіся лічаныя дні. Зрэшты, галоўная прылада дыспетчарскай працы – тэлефон – заўсёды ў яго кішэні. “Тэрмінова трэба паўкуба вапнавага раствору для шумілінцаў”, – аддаў ён чарговае ўказанне субяседніку на другім канцы проваду. Галоўны абавязак дыспетчара – своечасова накіраваць на ўсе аб’екты патрэбныя для работы матэрыялы, механізмы і тэхніку, а таксама пракантраляваць справу.

А вось прыгаданы дырэктарам універсалізм – плён ужо немалога вопыту і пастаяннага папаўнення багажу навыкаў. У школе Ігару добра давалася фізіка, выкладчыцу якой Тамару Ільінічну Калеснік прыгадвае добрым словам і зараз. Паспяхова скончыў будаўнічы факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта і вярнуўся ва Ушачы, але старт кар’еры правёў у якасці цесляра-бетоншчыка, што, прынамсі, было карысна для спасціжэння прафесіі. Калі ж прапанавалі месца майстра ў меліярацыйным ПМК-50, давялося асвоіць земляныя работы. Вакансія ў галоўнай будаўнічай арганізацыі раёна з’явілася ў 2005, і за 14 год Ігар Мікалаевіч паспеў папрацаваць і інжынерам па ахове працы, і прарабам – закрываў любыя праблемныя кадравыя кропкі. Не здрадзіў прадпрыемству ў складаныя часы і з аптымізмам распавядае пра цяперашнія рэаліі: што здолелі выплаціць вялізную запазычанасць па падатках, планамерна разлічваюцца з крэдыторскімі даўгамі, як апантана займаецца пошукам новых вытворчых аб’ёмаў кіраўнік і “легенда” арганізацыі А.Л.Фамёнак. Увогуле Ігар Мікалаевіч з вялікай цеплынёй адгукаецца пра ветэранаў прадпрыемства, якія ў свой час дапамагалі яму тут адаптавацца і перадалі свое­асаблівую патрыятычную эстафету: гэта Сяргей Уладзіміравіч Каранеўскі, Сцяпан Андрэевіч Захарэнка, Барыс Іванавіч Акулёнак, Анатоль Мікалаевіч Мартыновіч, а таксама былы кадравік Лідзія Якаўлеўна Цяцерка, якая, па словах дыспетчара, “і вучыла, і выхоўвала”. Прыклад прафесійных адносін да справы падаваў маладому работніку тагачасны галоўны інжынер ПМК-66 Аляксандр Сяргеевіч Лосеў. Зараз жа дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва не шкадуе добрых слоў у адрас Ігара: “Гэта вельмі сумленны чалавек, які працуе ў нашай сферы выключна па прызванні”. А цяперашні калега па рабоце, галоўны інжынер Аляксандр Уладзіміравіч Клопаў адметнай рысай дыспетчара лічыць адказнасць і тое, што ён шчыра хварэе за справу: “Памятаю, як для завяршэння тэрміновага этапу работы не хапіла паліва для тэхнікі, і каб не здарылася прастою, Ігар Мікалаевіч набыў яго за ўласныя грошы”.

За гады работы з удзелам гэтага чалавека было ўзведзена нямала аб’ектаў. Самым жа памятным ён называе комплекс “Юнацтва- Ушачы”, будаваць які было наколькі складана і працаёмка, настолькі ж і цікава. А вось канкрэтныя сітуацыі, з якіх удалося знайсці выйсце, прыгадваць не стаў: “Кожную раніцу на нарадзе дэталёва распланоўваем работу, але ж не бывае дня, каб усё прайшло без сучка і задзірынкі: машыны і механізмы не новыя, ды і дастаўка будматэрыялаў не заўсёды залежыць толькі ад нас”.

Тое ж, што залежыць непасрэдна ад яго, і нават звыш таго Ігар Мікалаевіч абавязкова зробіць. І менавіта за гэта калектыў арганізацыі летась вылучыў яго кандыдатуру для занясення на раённую Дошку гонару. Надзейным мужчына з’яўляецца не толькі ў прафесіі, а і ў сям’і – яго жонка Наталля лічыць, што са спадарожнікам жыцця ёй пашанцавала. Зараз жа яна штодня распытвае пра ход работ на “стратэгічным аб’екце”, бо пасля адкрыцця садка будзе там выхавацелем. Розум, кемлівасць і працавітасць пераняла ў сваіх бацькоў і дачка Насця: залатая медалістка Ушацкай школы набывае зараз прафесію ўрача.

“Зусім не разумею, чаму менавіта мне выпала столькі ўвагі, – адзначыў на развітанне Ігар Мікалаевіч. – Мой унёсак у агульную справу зусім сціплы і ніяк не параўнальны з тым, што робяць нашы хлопцы, якія ўзводзяць сцены, пракладаюць камунікацыі…” І за час нашай размовы гэта была, бадай, адзіная выснова, якую варта паставіць пад сумненне.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Вось гэта прасторная кухня аднапакаёвай кватэры, а вось так выглядае “трошка”, вокны якой будуць выходзіць і на суседнія пяціпавярхоўкі, і ў бок...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика