Зацікаўлена і канструктыўна. 21.by

Зацікаўлена і канструктыўна

17.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ДНЯМІ адбылася сустрэча старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатолія Вайнілкі з жыхарамі вёскі Камарова Свірскага сельсавета

Можна сказаць, што на Мядзельшчыне гэты населены пункт займае асаблівае месца. Адметнасць тлумачыцца наяўнасцю сядзібнага комплексу з паркам графа Старжынскага, у якім захавалася некалькі старадаўніх будынкаў з чырвонай цэглы. Менавіта тут ужо трынаццаць год ладзіцца свята народных рамеснікаў і прамыславікоў “Камарова — кола дзён”. Даволі паспяхова працуе бізнес-інкубатар па стварэнні спрыяльнага асяродку для развіцця і падтрымкі суб’ектаў малога прадпрыемніцтва. Ды і населены пункт не з маленькіх, цяпер у ім жыве 381 чалавек. Аднак, калі ўлічыць, што дзесяць год таму было 535, то відавочна істотнае пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Праўда, нельга не ўлічваць існавання на той час вядомага на ўсе навакольныя раёны Свірскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Перш, чым распачаць адказваць на пытанні, Анатолій Мар’янавіч кораценька пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы са станам спраў у галінах народнай гаспадаркі азёрнага краю.

Адзначалася, што і ў цэлым па раёне дэмаграфічная сітуацыя выклікае заклапочанасць. Цяпер насельніцтва налічваецца каля дваццаці пяці з паловай тысяч, і штогод яго становіцца менш на 200-250 чалавек. Адно, што стабільнай застаецца лічба жыхароў па Мядзеле, а прырост фіксуецца толькі па курортным пасёлку. Дэмаграфічная праблема, па меркаванні Анатолія Вайнілкі, адна з найбольшых. Яе вырашэнне ў пэўнай меры бачыцца ў павелічэнні ў нашым курортным рэгіёне сярэднямесячнай зарплаты. За шэсць месяцаў яна склала 765 рублёў. І хаця ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года прыбаўка перавышае дзесяць працэнтаў, гэтага недастаткова. Прыстойныя заробкі ў энергетыкаў, газавікоў, электрасувязістаў, у здраўніцах. Анатолій Мар’янавіч прывёў у прыклад НДЦ “Зубраня”, які гэтымі днямі ўрачыста адзначае пяцідзесяцігадовы юбілей. Там працуе больш за чатырыста чалавек, а сярэднямесячная зарплата складае 1300 рублёў.
І выдаецца яна не проста так — установа мае някепскія паказчыкі сваёй дзейнасці. У прыватнасці, гадавы экспарт паслуг набліжаецца да паўтара мільёна долараў ЗША. Дарэчы, і ў цэлым у гэтым напрамку Мядзельшчына працуе паспяхова. Агульнымі намаганнямі здраўніц, Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, гатэляў, аграсядзіб зарабілі летась каля пятнаццаці мільёнаў долараў ЗША. У многім дзякуючы таму, што нашы людзі паўсюль дэманструюць замежнікам сваю сардэчную гасціннасць, робяць усё неабходнае, каб у турыстаў засталося цудоўнае ўражанне пра азёрны край.
Што датычыцца прамысловасці, то ў раёне цяпер два асноўныя прадпрыемствы. Гэта жыллёва-камунальная гаспадарка, якая забяспечвае спажыўцоў цяплом і гарачай вадой, а таксама “Ілаўскае”. Унітарнае прадпрыемства сёння праходзіць працэдуру санацыі, там працуе антыкрызісны кіраўнік. Чаму яно апынулася ў такой незайздроснай сітуацыі? Справа ў тым, што завод адпускаў шмат прадукцыі многім райспажыўтаварыствам, якія сталі масава марудзіць з разлікамі. Гэта і прывяло да вялікай запазычанасці прадпрыемства перад дзяржавай па падатках — амаль 3,2 мільёна рублёў. Зараз яно праходзіць аздараўленне. Фінансавае становішча завода пакрысе ідзе на лад. Адначасова тут мэтанакіравана працуюць над паляпшэннем якасці сваёй прадукцыі і выпуску тых яе відаў, якія карыстаюцца на рынках устойлівым попытам, удасканальваюць тэхналагічныя лініі. На думку Анатолія Мар’янавіча, за перыяд, які адведзены прадпрыемству для аздараўлення, яно стане на ногі. Ва ўсялякім выпадку, сёння пагашэнне запазычанасці ідзе згодна з даведзеным графікам.
Добра тое, што ў раёне робяцца дзейсныя захады па стварэнні новых рабочых месцаў. Як правіла, на базе невялічкіх прадпрыемстваў. За першыя шэсць месяцаў года такім чынам на працу ўладкаваны 49 чалавек. Адно з іх — ТАА “КастАйрон”. Выкупіла ў “Мядзелаграсэрвіса” будынак, які пуставаў. Цяпер там плануюць пашырыць вытворчыя плошчы пад выпуск ліцейнага чыгуну, у прыватнасці, патэльняў і загатовак для арыгінальных бутэлек рознай ёмістасці. Адпаведна, узрасце там з часам і колькасць работнікаў…
Меліся ў вяскоўцаў да кіраўніка раёна і пытанні. Так, Клаўдзія Грынкевіч спачатку падзякавала Анатолію Мар’янавічу за хуткае вырашэнне праблемы, звязанай з перабоямі падачы электраэнергіі ў дамы вяскоўцаў па вуліцах Лугавой, Маладзёжнай. Адначасна Клаўдзія Іосіфаўна панаракала, што ў іх практычна ўсе атрымліваюць адмову на рэканструкцыю дамоў з мэтай устаноўкі электракатлоў для патрэб ацяплення жылля і гарачага водазабеспячэння. Найбольш актуальна гэта для вяскоўцаў сталага ўзросту, бо ім ужо няпроста назапасіць паліва на зіму, прапаліць у печы. Пра тое ж пазней казала і Ларыса Барадзіна. Анатолій Вайнілка заўважыў, што такія цяжкасці маюць месца з прычыны адсутнасці ў  энергетыкаў тэхнічнай магчымасці для павелічэння электранагрузкі. І не толькі ў Камарове, але і шмат дзе на Мядзельшчыне. Між тым, на думку Анатолія Мар’янавіча, уздым на якасна новы ўзровень вырашэння асноўных бытавых праблем вяскоўцаў з ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем за кошт электраэнергіі для той часткі рэгіёну, куды не падведзены прыродны газ, — добрая перспектыва. Яна можа паспрыяць ажыўленню нашых вёсак, калі там будуць створаны ўмовы для камфортнага пражывання. Наколькі можна спадзявацца, з часам істотна ўзрастуць і тэхнічныя магчымасці энергетыкаў. А што датычыць канкрэтна Камарова, то яны яшчэ раз звераць усе свае разлікі з улікам магутнасці мясцовай падстанцыі. Тым больш, што вяскоўцы запэўнівалі: у выпадку неабходнасці яны гатовы за ўласныя сродкі набыць неабходную колькасць электракабелю.
Другое сур’ёзнае пытанне —рамонт 18-кватэрнага жылога дома па вуліцы Паркавай, які цяпер належыць жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Пасля сустрэчы з вяскоўцамі Анатолій Вайнілка разам са старшынёй Свірскага сельвыканкама Валянцінай Субач выехаў на месца, пагутарыў з жыхарамі. Асабліва вялікі аб’ём работ там чакае на першым, паўпадвальным паверсе, дзе калісьці былі дзве кватэры. Пасля падрыхтоўкі адпаведнай дакументацыі яны будуць адноўлены, заменяць і сістэму водазабеспячэння дома. Пры добраўпарадкаванні яго тэрыторыі давядуць да ладу і вуліцу. Ямачны рамонт таксама плануецца правесці на незаасфальтаванай частцы вуліцы Куцькаўскай. Зрабіць жа там грунтоўнае пакрыццё сёлета не атрымаецца, гэта справа на перспектыву, бо патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі. Вялі вяскоўцы гаворку і наконт асфальтавання ўчастка дарогі ад выезда з Камарова да шашы Смаргонь—Лынтупы, якая вядзе да Блакітных азёр. Аператыўнасць вырашэння пытання ў многім будзе залежаць ад Вілейскага дзяржаўнага каледжа, бо ўчастак знаходзіцца на балансе гэтай навучальнай установы. Дакументы на яго ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры падрыхтаваны. Пасля таго, як дырэкцыя каледжа іх атрымае, можна будзе весці гаворку аб перадачы гэтага ўчастка спецыялізаванай дарожнай арганізацыі і брацца за прывядзенне яго ў належны выгляд.
У цэлым сустрэча кіраўніка раёна Анатолія Вайнілкі з жыхарамі вёскі Камарова пакінула добрае ўражанне. Яна праходзіла хаця і шумнавата, але канструктыўна, па паднятых пытаннях людзі знаходзілі ў Анатолія Мар’янавіча разуменне і падтрымку.
Павел ЖУКАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ДНЯМІ адбылася сустрэча старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатолія Вайнілкі з жыхарамі вёскі Камарова Свірскага сельсавета Можна сказаць, што на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика