«Беларусьфільм» прадстаўляе: «Вербіца». Свет. Камера. Матор.. 21.by

«Беларусьфільм» прадстаўляе: «Вербіца». Свет. Камера. Матор.

23.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Яблычны Спас гасцей прымала не толькі ўрочышча «Папоў калодзеж», але і Іваноўскі СДК. У гэты ж дзень у фальклорна-этнаграфічным кутку СДК здымалася кіно аб хоцімскіх абрадах і традыцыях. Удзельніцы народнага фальклорнага аўтэнтычнага гурта «Вербіца» сталі галоўнымі акцёрамі фільма маладога, але ўжо даволі вядомага рэжысёра дакументальнага кіно Юрыя Цімафеева. Дарэчы, у якасці рэжысёра «Беларусьфільма» ён працуе з 2008 года, за гэты час паспела выйсці не адна яго кінастужка. Але варта адзначыць, адметнай асаблівасцю творчасці Цімафеева з’яўляюцца здымкі на складаныя сацыяльныя праблемы. Чым зацікавіла здымачную групу «Беларусьфільма» Хоцімшчына, і якія ўражанні заставіў наш невялічкі, але маляўнічы і багаты традыцыямі край? – Мы падарожнічаем па ўсёй Беларусі, у кожным рэгіёне ёсць свае ўнікальныя традыцыі і абрады. Хоцімшчына не выключэнне, мы здымалі абрад «Капусткі» і фрагмент вяселля. Вельмі падабаліся песні, якія выконваў народны фальклорны аўтэнтычны гурт «Вербіца». Удзячны кожнаму ўдзельніку, уражанні засталіся самыя лепшыя, гэта было натуральна і шчыра, – дзеліцца рэжысёр.
Падчас гутаркі Юрый Цімафееў расказаў, што раней многія хрысціянскія абрады былі пабудаваны на ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Гэта тэма таксама будзе займаць адно з цэнтральных месцаў у фільме, але сама канцэпцыя падачы будзе з сучасным крэатывам.
– Тэма фільма тонкая, але разам з тым цікавая. Праца зроблена вялікая, і хочацца спадзявацца, што гледачам падабаецца наш фільм. Ёсць меркаванне: калі шмат людзей сканцэнтраваны і думаюць аб адным, то вынік павінен атрымацца добры. Па меншай меры, мы шчыра спадзяемся на гэта, – дадае Юрый.
Станоўчыя ўражанні засталіся не толькі ў здымачнай групы нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», але і ў саміх акцёраў. Мастацкі кіраўнік гурта Марына Сухадолава падзялілася імі з карэспандэнтам.
– Марына Віктараўна, калі ласка, падзяліцеся эмоцыямі. Як гэта пабыць у ролі сапраўднага акцёра?
– Эмоцыі самыя станоўчыя. Безумоўна, калі нам толькі паведамілі, што прыязджае «Беларусьфільм», хваляваліся, куды ж без гэтага. І хоць песні і кожны момант абрадаў былі добра адрэпеціраваны, увесь час думалі, як гэта не разгубіцца, зрабіць усё правільна і прыгожа. Але, дзякуючы той цёплай атмасферы, якая была на працягу ўсяго здымачнага працэсу, застаўся толькі пазітыў. У першую чаргу, хачу падзякаваць «Вербіцу»: былі поўным складам, вельмі адказна аднесліся да здымак, і нават жартавалі. Вельмі цікавіла нашых бабуль пытанне: калі і дзе можна ўжо будзе ўбачыць фільм з іх удзелам, цяпер тэлеканал БТ-1 стане самым любімым. Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць словы падзякі Аляксандру Сёмачкіну, мастацкаму кіраўніку Іваноўскага СДК, Настассі Тарасюк, педагогу СШ № 2, Мікіту Малойку, выпускніку СШ № 1 за актыўны ўдзел у здымках.
Асобыя словы падзякі ад сябе і ўсяго нашага творчага калектыва хочацца выказаць і ўсёй здымачнай групе «Беларусьфільм», для нас гэта было цікава, запамінальна.
– Раскажыце падрабязней аб рэпертуары гурта «Вербіца», а таксама аб абрадах і песнях, якія прыйшлося выконваць у кадры.
– Большую частку рэпертуару фальклорнага гурта «Вербіца» складаюць каляндарна-абрадавыя і пазаабрадавыя песні, прыпеўкі, беларускія народныя танцы і гульні, уласцівыя для нашай мясцовасці. Іх галоўнымі носьбітамі з’яўляюцца самі ўдзельніцы гурта, якія перанялі свае веды ад бабуль і матуль. Візітнай карткай «Вербіцы» з’яўляецца песня «У калодзежы дзеўка ваду брала». У рэпертуары гурта ёсць вясельныя, калядныя, вясновыя, рэкруцкія песні, самабытныя танцы («Нарэчанька», «Дасада», «Зялёная рошча»), а таксама беларуская народная гульня з прыпеўкамі «Чапяла». Манеру выканання гэтых песень і танцаў удзельнікі аматарскага калектыву імкнуцца захоўваць нязменнай. Адным з накірункаў дзейнасці нашага гурта з’яўляецца адраджэнне і папулярызацыя мясцовых народных свят і абрадаў. Вербіцай былі адноўлены: «Вяселле», «Каляды», «Капусткі», «Уваходзіны», «Зажынкі» і інш. Быў запісаны абрад «Міраносіца».
Падчас здымак мы паказвалі восеньскі абрад «Капусткі», у якім у мінулыя часы прымалі ўдзел пераважна жанчыны. Мужчынам дазвалялася толькі драбіць соль, займацца нарыхтоўкай морквы ці журавін. Да дадзенага абрада жанчыны рыхтаваліся як след: на галаве павінна была быць павязана белая хустка, капуста павінна была вытрымаць першы замаразак, падчас нарэзкі абавязкова спяваліся песні, першымі ў асобную бочку квасілі верхнія лісты, якія з’ядаліся першымі. Упершыню гэты абрад мы адрадзілі і паказалі ў вёсцы Бярозкі падчас свята народных традыцый, усім падабалася. Пасля «Капусткі» паказвалі яшчэ не раз, і гэты абрад неаднойчы атрымліваў высокую адзнаку гледачоў і не толькі на раённым узроўні (падчас працы інавацыйнай пляцоўкі, у якой прымалі ўдзел ідэолагі з усёй вобласці дадзены абрад прайшоў з сапраўдным аншлагам, тады ўсе прысутныя апладзіравалі стоячы – аўт.).
– Марына Віктараўна, хочаце сказаць, што вашы бабулі ўжо даволі медыйныя асобы і прывыклі да аб’ектыву камер.
– У некаторай ступені гэта так. Мы пастаянна ўдзельнічаем у мерапрыемствах і прычым не толькі раённага, але і абласнога і міжнароднага ўзроўню, і пасля кожнага абавязкова прывозім узнагароды. Нашымі бабулямі заўжды цікавяцца. Так, у мінулым годзе да іх завіталі журналісты з газеты «Культура». У 2015 годзе калектыў «Вербіца» наведала дэлегацыя этнографаў з Польшчы, якія запісалі аўтэнтычныя песні для знаёмства моладзі ва Універсітэтах культуры Польшчы з традыцыйнай культурай беларусаў. У рамках навукова-практычнай канферэнцыі «Я ў міры творчасці» гурт «Вербіца» быў прэзентаваны на рэспубліканскай сцэне.
Безумоўна, «Вербіца» выдзяляецца на фоне іншых фальклорных гуртоў сваёй адметнасцю: гэта і выкананне аўтэнтычных песень, і тое, што бабулі апранаюцца ў касцюмы, якія збіралі самі, падаставалі з куфараў. Гэта вышываныя рубахі, старынныя андаракі і фартухі. Без залішняй сціпласці магу сказаць, што кожнае выступленне фальклорнага аўтэнтычнага гурта – запамінальнае, яскравае, адметнае сваёй святочнай атмасферай, творчасць калектыву заўсёды ўражвае і не пакідае абыякавымі гледачоў. У нашай творчай скарбонцы мноства творчых дасягненняў, перамог і падзяк, і хочацца спадзявацца, што з кожным годам іх будзе толькі прыбаўляцца.
– Як ужо адзначалася раней: у кожнай мясцовасці свае традыцыі, уласцівыя пэўнаму рэгіёну. Што асаблівага ў Хоцімскім раёне?
– Хоцімскія традыцыі сапраўды адрозніваюцца ад іншых раёнаў сваёй аўтэнтычнасцю, нейкай шчырасцю, нават цеплынёй. І гэтыя традыцыі, бадай, самы вялікі наш скарб, які нам неабходна захаваць, каб перадаць наступным пакаленням. Безумоўна, свая адметнаць таксама есць, прасочваецца яна і ў песнях і ў абрадах. Так, вядомы абрад з зазываннем дажджу, калі ўдовы пахалі раздарожжа і кідалі ў калодзеж мак. У тым жа Клімавіцкім раёне, які знаходзіцца зусім побач, гэты абрад выглядае інакш: там успахвалі рэчку. Ці тыя ж «Уваходзіны» (па-іншаму «Улазіны»), калі першай на ноч у хату запускалі кошку, а ў некаторых іншых рэгіёнах – пеўня. І так амаль у кожным абрадзе, ёсць пэўныя нюансы, якія адрозніваюць наш рэгіён ад другіх. І гэта вельмі цікава: ведаць і вывучаць традыцыі свайго мястэчка.
– Мабыць, ёсць нейкія планы ці пажаданні на бліжэйшую будучыню.
– Безумоўна, планаў у нас нямала. У бліжэйшым будучым хочам адрадзіць такі абрад, які называецца Юр’я. Гэта красавіцкае свята пастухоў, калі ўпершыню выганяюць у поле кароў, а таксама абрад хрэсьбінаў. Таму ў першую чаргу хочацца пажадаць моцнага здароўя нашай «Вербіцы», каб усе нашы планы рэалізаваліся.
Пасля гэтай размовы, у чарговы раз можна было пераканацца ў тым, што Хоцімшчына – багаты, цікавы край, і галоўнае наша багацце – гэта самі людзі, якія не толькі змаглі захаваць, але і імкнуцца перадаць свае навыкі нам, маладому пакаленню. За гэта кожнаму захавальніку традыцый і асобна народнаму гурту «Вербіца» шчырыя словы падзякі. Фільм аб хоцімскіх традыцыях зняты, застаецца толькі чакаць яго выхаду. Ёсць упэўненасць у тым, што гэта будзе новы аншлаг гурта.


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Вольга Зайцава

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Яблычны Спас гасцей прымала не толькі ўрочышча «Папоў калодзеж», але і Іваноўскі СДК. У гэты ж дзень у фальклорна-этнаграфічным кутку СДК здымалася кіно аб...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика