Велапрабег Памяці. 21.by

Велапрабег Памяці

03.09.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

1505713168_images__news_2015-08_veloprobeg

На могілках у вёсцы Жукі Ложныя знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахаваны воіны 423 і 517 палкоў 166 стралковай дывізіі:  Бенгас Егуда Ісаевіч, Ліхоцін Міхаіл Рыгоравіч, Салянкоў Аляксей Паўлавіч, Дубінін Сямён Дзмітрыевіч, Падалка Емяльян Рыгоравіч, Дзігцяроў Мікалай Мацвеевіч, Бокаў Уладзімір Іванавіч, Гібскі Ілля Пятровіч, Кулікоў Іван Пятровіч і невядомы салдат. Рухаючыся праз Германавічы, у вёсцы Стары Пагост Міёрскага раёна  яны трапілі на нямецкую засаду і былі смяротна параненыя.  Іх прывезлі ў 215 медсанбат, які знаходзіўся ў вёсцы Жукі Ложныя, дзе ўсе 10 пехацінцаў памерлі ад ран. Самаму малодшаму з іх было толькі 20, самаму старэйшаму — 40 гадоў.  У ліку загінуўшых рускія, беларусы, яўрэі, украінцы.

Па ініцыятыве старшыні Германавіцкага  сельвыканкама Маі Яўгенаўны Якімовіч у памяць аб загінуўшых салдатах і афіцэрах 166-й стралковай дывізіі і ўсіх воінах, паклаўшых сваё жыццё на алтар Перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў арганізаваны велапрабег па маршруце аграгарадок Германавічы—вёскі Дзікева—Красоўшчына—Стары Пагост—аграгарадок Германавічы—вёска Жукі Ложныя, у якім удзельнічалі педагогі ўстаноў адукацыі, супрацоўнікі ўстаноў культуры, былыя настаўнікі. Велапрабег пачаўся з ускладання кветак да помніка нашым землякам у цэнтральным парку аграгарадка Германавічы, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як толькі выехалі за вёску пасыпаў дождж, але гэта не спыніла ўдзельнікаў велапрабегу. А вось і першы прыпынак.  У вёсцы Дзікева спыніліся каля помніка Рагавому Валерыю Іванавічу, які загінуў у 1948 годзе ад рук бандытаў. У гэтым жа населеным пункце ўсклалі кветкі да помніка ўраджэнцам вёсак былога Беладворскага сельскага Савета, якія не вярнуліся з вайны.  Далей наш шлях ляжаў праз вёску Красоўшчына. Абапал дарогі прыгожы лес. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён ратаваў партызан, якія праводзілі ў нашай мясцовасці дыверсіі супраць акупантаў.

Калі дасягнулі мэты сваёй велавандроўкі — вёскі Стары Пагост —ужо свяціла сонца. Яно літаральна пазалаціла жытнёвае поле на беразе маляўнічага возера, і мы не ўстрымаліся, каб не зрабіць фотаздымак на памяць. Гледзячы на гэту прыгажосць, у думках супастаўлялі сённяшні дзень з тым днём 3 ліпеня 1944 года, калі тут, у Старым Пагосце, ад балючых ран пакутавалі чырвонаармейцы.

На жаль, у вёсцы Стары Пагост няма помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Але мы пагутарылі з мясцовым жыхаром, які сустрэўся нам на шляху, і даведаліся ад яго, што людзі ведаюць аб падзеях ваеннага часу ў сваёй мясцовасці.

Памяць аб гераічных старонках Вялікай Айчыннай  вайны жыве, яна перадаецца з пакалення ў пакаленне. І гэта ці не самы вялікі помнік тым, хто ахвяраваў сваё жыццё дзеля сённяшняга мірнага дня.

Апоўдні ўдзельнікі велапрабегу ўжо зноў былі ў аграгарадку Германавічы, дзе ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі іх чакала сустрэча з малалетнімі вязнямі нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў смерці. Па іх лёсах прайшлася вайна і засталася балючымі ўспамінамі. Але яны парадавалі ўсіх прысутных сваёй бадзёрасцю, жыццярадаснасцю, святочным настроем. Разам з Адай Эльеўнай Райчонак мы ўспомнілі аб тым, як 34 гады таму былі зроблены першыя крокі па заснаванні школьнага музею. Потым нашы госці і ўдзельнікі велапрабегу наведалі помнік воінам 1406-га зенітна-артылерыйскага палка, якія ўдзельнічалі ў вызваленні вёскі Германавічы. Далей наш шлях ляжаў у Жукі Ложныя на брацкую магілу воінаў-пехацінцаў. Праз 75 год мы праехалі па апошнім іх шляху, каб ушанаваць памяць тых, хто не шкадуючы свайго жыцця набліжаў вызваленне ад фашысцкай навалы, хто прынёс на нашу святую зямлю мір, супакой і радасць, каб сказаць: “Мы памятаем… Беларусь памятае…”

І.  ПУЧЫНСКАЯ,

кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” Германавіцкай СШ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика