Другога ліпеня жыхары нашага раёна адзначылі 75-гадавіну з дня вызвалення Смалявіч і ўсяго Смалявіцкага краю ад нямецкіх захопнікаў. Гэта свята ўвабрала ў сябе і ўшанаванне памяці тых, хто здабыў для нас Вялікую Перамогу, і тых змагароў, хто заўчасна пакінуў гэты свет і яшчэ мог бы доўга жыць і займацца стваральнай працай.

Мая сваячка Антуніна Міхайлаўна Казак (па мужу Баравая) штогод віншуе мяне са святам вызвалення Смалявіч і нашай роднай вёскі Шпакоўшчына. Яна кажа, што гэта для яе найвялікшае свята.



Нарадзілася Антуніна Міхайлаўна ў 1934 годзе. Гады вайны ў яе і яе аднагодкаў заглушылі памяць аб паху хлеба, кветак і траў… Вайна напоўніла дзіцячую памяць пахамі гары ад палаючай вёскі, стрэламі, відовішчамі смерці і крыві, гукамі незнаёмай нямецкай мовы, якую потым, пасля вайны, дзеці не хацелі вывучаць.
Памяць 85-гадовай жанчыны, эпізод за эпізодам, уваскрашае тыя падзеі. Слухаеш яе, і здаецца, што адбываліся яны не 75 гадоў таму, а зусім нядаўна. Жахі вайны і момант вызвалення роднай вёскі засталіся ў памяці маёй сваячкі на ўсё жыццё.

“У гэты вечар ніхто з жыхароў вёскі ў лес ужо не вярнуўся”

2 ліпеня 1944 года, пад вечар, у Шпакоўшчыне з’явіліся савецкія танкі і абозы з салдатамі. Людзі павыбягалі з лесу, з балота і кінуліся ў вёску. Радасныя крыкі “Перамога!” скалыхалі паветра. Салдаты былі стомленыя. Жанчыны з крыкамі і плачам падбягалі да іх, цалавалі іх і іх запыленыя боты.
У гэты вечар ніхто з жыхароў вёскі ў лес ужо не вярнуўся. Начавалі на сваіх спаленых падворках, пад кустамі, прытуліўшыся адзін да аднаго.



Але з вызваленнем Смалявіч і Смалявіцкага раёна вайна не скончылася.Яна пайшла на захад, а разам з ёй пайшлі і ўсе мужчыны, якія маглі трымаць у руках зброю. Мужчын нашай вёскі і іншых вёсак Емельянаўскага сельсавета сабралі ў Емельянаве і павезлі ў Смалявічы. Адтуль, з чыгуначнай станцыі, іх адправілі на фронт.
А ўсе тыя, хто застаўся, прыступілі да аднаўлення сваіх вёсак і пасёлка Смалявічы.
“Удзельнікам аднаўлення гарадскога пасёлка выдаюцца працоўныя кніжкі…”

Наша раённая газета, якая ў гады вайны выдавалася са студзеня 1943 года па 2 ліпеня 1944 года пад назвай “Смерць фашызму”, у пасляваенны перыяд пачала выходзіць з 12 ліпеня 1944 года і мела назву “Трыбуна калгасніка”. Потым яна неаднаразова сваю назву мяняла. Раёнка таго часу трымала ў полі зроку, аператыўна і падрабязна асвятляла ў сваіх матэрыялах ход адраджэння Смалявіцкага краю.
Пагартаем газетныя старонкі той пары. Матэрыялы тагачаснага друку дапамогуць нам усвядоміць веліч і размах сапраўднага працоўнага подзвігу, які здзейсніла пасляваеннае пакаленне жыхароў Смалявіцкага раёна.
У нумары за 8 ліпеня 1945 года “Трыбуна калгасніка” змясціла зварот старшыні райсавета дэпутатаў працоўных І. Арэстовіча. У сваёй прамове ён даводзіць да ведама ўсіх жыхароў, што “…10 кастрычніка 1944 года выканкам Смалявіцкага райсавета дэпутатаў працоўных вынес рашэнне аб аднаўленні гарадскога пасёлка і аб працоўным удзеле ў гэтай справе насельніцтва. Згодна гэтага рашэння рабочыя і служачыя, якія працуюць па 8 газін у дзень на асноўнай рабоце, адпрацоўваюць на аднаўленні гарадскога пасёлка па 30 гадзін у месяц у нерабочы час, а тыя, хто працуе на асноўнай рабоце з павялічаным рабочым днём — па 20 гадзін у месяц. Астатнія працаздольныя грамадзяне, не занятыя работай на прадпрыемствах, адпрацоўваюць па 60 гадзін у месяц. Удзельнікам аднаўлення гарадскога пасёлка выдаюцца працоўныя кніжкі, у якіх адзначаюцца адпрацаваныя гадзіны”.



Далей ў сваёй прамове І. Арэстовіч растлумачвае, што “…Ачысткай гарадскога пасёлка ад лому мы прыводзім яго ў належны парадак, ствараем прадумову для яго адбудовы занава. У наш раён з Масквы прыбудзе група архітэктараў і планавікоў, якія намецяць рысы будучага пасёлка з прыгожымі будынкамі і вуліцамі. На шляху да гэтай мэты мы ўжо дасягнулі некаторых поспехаў. Яны бачны кожнаму з нас”.
Якія ж гэта былі поспехі?
1 жніўня 1944 года ў пасёлку была створана жыллёва-камунальная гаспадарка — Смалявіцкая ЖКГ. Гэтае прадпрыемства на той час зрабіла вельмі многа для таго, каб Смалявічы паўсталі з попелу і разбурэння. Перш за ўсё адразу пасля вызвалення пасёлка сіламі работнікаў ЖКГ былі адбудаваны два разбураныя немцамі масты праз раку, пабудавана пажарнае дэпо і адзін жылы двухпавярховы дом.

У раённым цэнтры з’яўляліся ўсё новыя і новыя пабудовы

Але пакуль вялася расчыстка вуліц ад бітай цэглы, усялякага лому, пакуль рыхтаваліся пляцоўкі пад будаўніцтва новых дамоў, многія грамадскія ўстановы і прадпрыемствы мясціліся ў адзінкавых ацалелых будынках і прыстасаваных памяшканнях. Так з-за адсутнасці кінатэатра фільмы ў пасёлку пачалі дэманстравацца ў Доме Соцкультуры. У нумары за 16 кастрычніка 1944 года раёнка пісала: “ З’яўленне новага кінафільма ў нашым гарадскім пасёлку адразу становіцца вядомым усяму насельніцтву. Вызваленыя ад нямецка-фашысцкай акупацыі працоўныя з вялікай цікавасцю праглядаюць савецкія фільмы. Зала Дома Соцкультуры заўсёды перапоўнена”.
У 1957 годзе ў Смалявічах з’явіўся будынак кінатэатра “Родина”, які стаў упрыгожаннем пасёлка і любімым месцам адпачынку смалевічан.



Ішоў час. У раённым цэнтры з’яўляліся ўсё новыя і новыя пабудовы. Можна ўявіць, з якой радасцю, узяўшы ў рукі нумар “Трыбуны калгасніка” за 20 сакавіка 1949 года, жыхары раёна даведаліся аб тым, што “ў гарадскім пасёлку Смалявічы на вуглу вуліц Ленінскай і Савецкай 19 сакавіка адкрыт новы ўнівермаг. У магазіне маюцца аддзелы гатовага адзення, прамтаварны, абутковы і парфюмерны”.
У 1951 годзе раённая газета прынесла сваім чытачам яшчэ адну прыемную навіну аб адкрыцці кніжнага магазіна на вуліцы Савецкай і аб тым, што “… ў продажы маюцца творы Леніна і Сталіна на беларускай і рускай мовах, мастацкая і дашкольная літаратура, а таксама школьна-канцылярскія прылады”.

Райпрамкамбінат — галоўнае смалявіцкае прадпрыемства

Нельга абмінуць увагай гісторыю пасляваеннага адраджэння самага голоўнага смалявіцкага прадпрыемства — райпрамкамбіната, які ў 1898 годзе быў заснаваны купцом Хаймам Суціным.
Падчас вайны гэтае прадпрыемства было ўшчэнт разбурана і яго прыйшлося ўзнаўляць. Аб тым, як гэта адбывалася, распавяла сваім чытачам раённая газета ў 1958 годзе.
“Было гэта ў 1944 годзе. Толькі-толькі заціхлі выбухі гармат і бомб на тэрыторыі нашага раёна, а райпрамкамбінат зноў пачаў сваю дзейнасць. Сюды сыходзіліся старыя і падлеткі, бо ўсе, хто мог трымаць зброю ў руках, пайшлі на фронт. Першым быў запушчаны сталярны цэх, які размяшчаўся ў бараку, пабудаваным немцамі для ваеннапалонных. Ні варштатаў, ні інструментаў не было. Кожны рабочы прыносіў з дому то рубанак, то стамеску…”
“…Хоць і не складаную мэблю выраблялі: табурэткі, ваконныя рамы, дзверы, але і гэтыя рэчы такім інструментам было цяжка рабіць. А заказы павялічваліся. Насельніцтва не абмяжоўвалася табурэткамі і сталярнымі вырабамі. Неабходна было наладзіць вытворчасть шафаў, тумбачак. Хутка настаў час, калі неабходна было вырабляць складаныя двух- і трохстворчатыя шафы пад чырвонае дрэва і ясень, трумо, тумбачкі для радыёл”.



Далей з газетнага матэрыялу мы даведаемся аб тым, што з цягам часу перад прадпрыемствам была пастаўлена задача арганізаваць вытворчасць цацак для дзяцей. І з гэтым заданнем рабочыя райпрамкамбіната справіліся паспяхова: зайцы, піраміды, дзіцячыя тачкі, скакалкі, кубікі і іншыя цацкі радавалі смалявіцкую дзятву. Пазней цацачнаму цэху даручылі выраб новага віда прадукцыі: лазовыя калыскі, дзіцячыя крэслы, этажэркі.
А яшчэ трэба ўзгадаць пра чамаданы, вешалкі, усялякія палічкі, прыгожыя жаночыя хусткі, якія карысталіся вялікім попытам.
Мне прыпомнілася размова з адным мужчынам сталага ўзросту падчас чакання аўтобуса на прыпынку каля Дома быту. Зайшла гаворка і пра райкамбінат. Мужчына, як мне падалося, і з гонарам, і адначасова з жалем прамовіў: “О! Прамкамбінат! Ён адзін выпускаў столькі прадукцыі, колькі сёння вырабляе вялікі Кітай!”

Вайна пакінула і вялікую колькасць асірацелых дзяцей

Вызваленне прынесла народу не толькі доўгачаканую свабоду. Вайна пакінула разбурэнне, голад і вялікую колькасць асірацелых дзяцей. Лёс дзяцей-сірот вызываў найбольшую занепакоенасць у кіраўніцтва раёна. “У нашым раёне налічваецца больш 500 дзяцей, бацькі якіх загінулі на франтах Айчыннай вайны і ў партызанскай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 150 такіх сірат выхоўваецца ў дзіцячым доме” — паведамляла “Трыбуна калгасніка” 11 кастрычніка 1945 года.
Праз газету кіраўніцтва раёна прызывала ўсе прадпрыемствы, калгасы, грамадскія арганізацыі штодня клапаціцца аб тым, каб дзеці-сіроты раслі і выхоўваліся ў добрых умовах і не былі пакінуты на вырак лёсу. Калгасам прапаноўвалася не толькі пастаўляць прадукты харчавання для дзіцячага дома, але пералічваць працадні ў фонд дапамогі асірацелым дзецям. Мне расказвалі жыхары нашай вёскі аб тым, што калі ў нас пабудавалі першыя дамы, то два адразу аддалі дзецям, бацькі якіх загінулі на вайне.
Мяркуючы па тагачасных газетных матэрыялах, кіруючыя органы раёна прыкладалі шмат намаганняў, каб як мага хутчэй даць людзям дах над галавой. Будаўніцтва жылля з’яўлялася найгалоўнейшай задачай, бо амаль усе вёскі Смалявіччыны пасля вайны паўставалі на папялішчах. Дзяржава выдзяляла будматэрыялы, прысылала ў вёскі брыгады цесляроў. Дапамогу ў будаўніцтве аказвалі і салдаты, і самі жыхары. Не цяжка сабе ўявіць, якую радасць і зацікаўленасць вызвала паведамленне ад 25 жніўня 1946 года аб тым, што “тры дамы будуецца ў калгасе імя Будзённага Емяльянаўскага сельсавета. Туды выдзелена дастатковая колькасць цесляроў і падвод”. Гэта была навіна пра вёску Шпакоўшчына.

Танцпляцоўка

Нягледзячы на цяжкае жыццё і працу, што знясільвала, маладым людзям у вольны час хацелася павесяліцца, патанчыць. Але “… у Смалявічах няма танцпляцоўкі і моладзь вымушана ладзіць танцы на мастах праз рэчку” — канстатуе газета 11 мая 1956 года.
У 1958 годзе танцпляцоўка ўжо з’явілася, але запатрабаванні маладых людзей з цягам часу раслі, аб чым сведчаць газетныя радкі: “У гарадскім пасёлку Смалявічы пакуль яшчэ няма Дома культуры. Адзіным месцам, дзе можа павесяліцца моладзь, з’яўляецца танцавальная пляцоўка”. Але ў час танцаў з-за шоргання ног не было чуваць гукаў гармоніка, з якім заўсёды прыходзілі навучэнцы вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. Затым быў набыты дынамік. Музыка стала больш чутнай.
Тут мне хочацца прыпыніцца і зрабіць дапаўненне, якое тычыцца гэтай навучальнай установы.

Вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі

Прынята лічыць, што школа механізацыі была створана ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення райцэнтра. Але дакументы, знойдзеныя мной у архіве Мінскай вобласці, аспрэчваюць гэты факт. Так, дакумент пад назвай “ О работе Смолевичской сельхозшколы за 1939 год» дае нам падставы меркаваць аб тым, што школа была ўтворана ў перадваенныя гады. У справаздачы “О работе Смолевичской областной школы механизации за 1940/1941 учебный год” ўтрымліваюцца звесткі пра тое, што за гэты навучальны год было падрыхтавана 90 трактарыстаў. Прычым кадры механізатараў рыхтаваліся ў Смалявічах для ўсёй вобласці. Кожны калгас хацеў мець сваіх трактарыстаў, бо ў гаспадаркі пакрыху пачала паступаць тэхніка. На той час трактарысты карысталіся вялікім аўтарытэтам і ім плацілі зарплату. Астатнім калгаснікам за адпрацаваны дзень у канторы пісалі толькі “палачкі”, а ў канцы года выдавалі некаторую колькасць зерня. Таму амаль усе хлопцы ў вёсках хацелі стаць механізатарамі.

Востра стаяла пытанне забеспячэння насельніцтва вадой

На старонках пасляваеннага друку вялася гаворка не толькі пра поспехі ў адбудове пасёлка, адлюстроўваліся не толькі станоўчыя моманты жыцця. Вялікая ўвага надавалася і тым недахопам, якія азмрочвалі жыццё людзей. Напрыклад, востра стаяла пытанне забяспэчэння насельніцтва вадой. Таму людзі пісалі ў рэдакцыю сваёй газеты, якую яны шчыра любілі, каб яна паспрыяла вырашэнню іх набалелага пытання.
“Вось ужо два гады жыхары Нова-Базарнай і Базарнай вуліц гарадскога пасёлка Смалявічы звяртаюцца ў горпасялковы савет, каб пабудавалі тут калодзеж” — паведаміла газета 22 лютага 1958 года.
“…Час ідзе, а калодзежаў няма. Ля калодзежаў, якія знахозяцца на вуліцах Савецкай, Сацыялістычнай і іншых, няма вядзёр для агульнага карыстання, крышкі адарваны. Ваду дастаюць кожны сваім вядром”.
Сёння ўжо адышла ў нябыт такая сацыяльная паслуга, як калодзежы. Вада прыйшла амаль у кожны дом, у кожную кватэру.

Кожны пасляваенны год прыносіў станоўчыя вынікі і ў сельскай гаспадарцы

Дзякуючы агульным намаганням нашых працавітых людзей, кожны пасляваенны год прыносіў станоўчыя вынікі, якімі з радасцю дзялілася рэдакцыя са сваімі чытачамі.
“На долю нашага раёна выпаў вялікі гонар гэтымі днямі адгрузіць слаўнаму Ленінграду некаторую колькасць будьбы ў лік абавязковых паставак дзяржаве” — паведаміла раёнка 11 кастрычніка 1948 года. У гэтым жа нумары — інфармацыя рахункавода калгаса “Перамога” Емяльянаўская сельсавета Ф. Сарокі аб тым, што калгас выбраў 13 га і здаў дзяржаве 9 тон бульбы. Не былі абмінуты ўвагай і поспехі нашага калгаса імя Будзённага, які “…да 6 кастрычніка 1948 года выканаў план здачы бульбы дзяржаве на 112 працэнтаў, за што быў занесены на раённую Дошку Гонару”.
Але трэба зазначыць, што не было ў тых пасляваенных паведамленнях яшчэ ўспамінання пра мяса і малако. Поспехі ў гэтых галінах гаспадаркі прыйдуць значна пазней. А пакуль павольна і паступова ішло адраджэнне калгасаў. І адбывалася гэта дзякуючы дапамозе дзяржавы, якая выдзяляла сродкі: будматэрыялы, машыны, насенне, жывёлу.
На пачатку 50-х гадоў у Шпакоўшчыне на ферме быў ужо даволі вялікі статак кароў, меўся і табун коней.
Для набыцця асабістых кароў людзі збіраліся па некалькі чалавек і ехалі ў Прыбалтыку. Адтуль прывозілі кароў бурай масці. Зоркі, Розы, Малюты, Графіні, Рабушкі станавіліся галоўнымі карміліцамі ў вялікіх сем’ях.
Жыццё наладжвалася. Набіралі моц калгасы, аднаўляліся разбураныя прадпрыемствы і ствараліся новыя.

На торфа- прадпрыемстве “Усяж”

“Яшчэ да вайны было пачата будаўніцтва цагельнага завода пры торфабрыкетным прадпрыемстве “Усяж”. Нямецкія захопнікі разбурылі ўсё тое, што было зроблена. У ліпені гэтага года зноў пачалося будаўніцтва гэтага завода. Будаўніцтва ішло паскоранымі тэмпамі. У выніку завод у асноўным пабудаваны і ўжо даў 80 тон цаглін-сырцу (“Трыбуна калгасніка”, 11 кастрычніка 1945 года)
“На торфапрадпрыемстве “Усяж” нядаўна адкрылася новая сельская бальніца з аддзяленнем для стацыянарнага лячэння на 15 месц. Бальніца мае навейшае абсталяванне айчыннай вытворчасці” (“Трыбуна калгасніка”, 4 кастрычніка 1953 года).

Хуткімі тэмпамі вялося будаўніцтва

Атрымаць пакой у бараку для людзей на фоне пасляваеннага разбурэння было сапраўднай радасцю. А першыя двухпавярхоўкі падаваліся ім палацамі.
Асабліва плённым на наваселлі з’явіўся 1957 год. У гэтым нас пераканала раёнка, змясціўшы ў №1 за 1958 год наступную інфармацыю:
“У раёне пабудавана 248 індывідуальных дамоў. У іх справілі наваселлі калгаснікі, рабочыя і служачыя”;
“У раённым цэнтры здадзен у эксплуатацыю 8-кватэрны жылы дом”;
“47 дамоў пабудавалі калгаснікі , рабочыя і служачыя пасёлка Жодзіна”;
“Калгаснікі сельгасарцелей “Перамога” і “Ленінскі шлях” вечары адпачынку праводзяць у новых калгасных клубах”;
“Пабудаваны сельскі клуб у вёсцы Емяльянава”.

***
Сёння мы ўзгадалі толькі некаторыя з тых падзей і фактаў, якія маглі быць назаўсёды забытыя, але былі занатаваны журналістамі нашага раённага друку для будучых пакаленняў. Закончыць свой аповед мне хочацца словамі пасляваеннага кіраўніка раёна І.Арэстовіча: “Мы самі будзем ад душы радавацца, адбудаваўшы і ўпрыгожыўшы гарадскі пасёлак, а будучае пакаленне будзе бязмежна нам удзячна”.
Смалявічы сёння — гэта горад, поўны жыцця, поўны маладых светлых твараў: вясёлых і сумных, дзелавых і аптымістычных.
Смалевічане працягваюць стваральную працу сваіх папярэднікаў.
Валянціна КАЗАК, вёска Шпакоўшчына.