Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч правёў “прамую лінію” для жыхароў раёна. Ніжэй – рэпартаж з яе.
Вольга Пятроўна Сахарчук, г. Маларыта, вул. Заводская, 10/1, кв.1:
- У нас шматдзетная сям’я. Будуем свой дом. Банк не дакрэдытаваў нас, а тэрміны будаўніцтва завяршаюцца ўжо. Як нам быць?
- Паважаная Вольга Пятроўна, грамадзян, якія ўзялі льготны крэдыт, але не паспелі дабудаваць жыллё, дакрэдытуюць на ранейшых умовах. Такі Указ №184 ад 17 красавіка 2012 г. падпісаў Прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка. Гэты дакумент закліканы вырашыць праблемы на будаўнічым рынку, якія пачаліся год назад. Паколькі ў Вас шматдзетная сям’я, вы маеце льготы ў першую чаргу.
- А ці будзе прадастаўлена нам адтэрміноўка па крэдыту, калі спатрэбіцца, і які парадак яе атрымання?
- Калі настане такая сітуацыя, тады вы звернецеся ў райвыканкам, і нашы спецыялісты вам дапамогуць.
- Дзякуй.
Рыгор Аляксандравіч Лук’янчук, в. Мельнікі, вул. Юбілейная, 16:
- У нашай вёсцы склалася праблема чыстай вады, у некаторых калодзежах яе зусім няма. Ці не звязана гэта з распрацоўкай Хаціслаўскага кар’ера і будаўніцтвам новага завода?
- Адразу скажу, што не. За водным рэжымам ідзе пастаяннае назіранне на высокім узроўні. Праблема якаснай вады характэрна не толькі для Мельнік, але і для многіх вёсак нашага раёна, што патрабуе будаўніцтва цэнтральных водаправодаў. Каб пабудаваць яго, вам трэба стварыць кааператыў. Для гэтага неабходна звярнуцца ў сельскі Савет, вам раскажуць, як гэта зрабіць. А работы мы дапаможам выканаць. Толькі так я бачу вырашэнне гэтай праблемы.
Сяргей Уладзіміравіч Васілеўскі, в. Радзеж:
- На нашым фельчарска-акушэрскім пункце ёсць стаматалагічны кабінет. Але ён не дзейнічае. Ці будзе ён працаваць у бліжэйшы час?
- Для таго, каб задзейнічаць яго, трэба неабходнае сучаснае абсталяванне. Сёння мы не можам забяспечыць ім тыя медустановы, дзе аказваецца не толькі стаматалагічная дапамога, але і паслугі пратэзавання. Напрыклад, Ланскую ўрачэбную амбулаторыю, дзе вы таксама можаце абслугоўвацца. Таму ў бліжэйшай перспектыве, дакладна скажу, стаматалагічны кабінет на Радзежскім ФАПе працаваць не будзе.
- І другое пытанне. Жыхары нашай вёскі трымаюць жывёлу на сваіх падворках. Летась яны не маглі набыць сена. А як сёлета будзе з гэтым кормам?
- Пытанне вырашыцца.
- І яшчэ. Ці будзе аказваць гаспадарка дапамогу ў вывазцы гною на агароды?
- Пасля завяршэння пасяўных работ у гаспадарцы пяройдуць і да пасадкі агародаў.
Галіна Мікалаеўна Дручык, в. Ланская:
- Наша сям’я шматдзетная: у нас трое непаўналетніх дзяцей. Напісалі заяву на выдзяленне зямельнага ўчастка на будаўніцтва дома ў Маларыце. Але ніякага адказу пакуль не атрымалі.
- Разбярэмся і паведамім вам.
Ганна Уладзіміраўна Янч, жыхарка в. Чарняны:
- У мяне двое дзяцей, трэцім цяжарная. Звярнулася за адраснай сацыяльнай дапамогай, але мне прапанавалі выдаць яе прадуктамі.Нас лічылі неспрыяльнай сям’ёй. Аднак у нас усё цяпер наладзілася: у доме парадак, прадукты ёсць, муж работу не прагульвае. Зарплата ў яго маленькая, грошай не хапае, каб адзенне дзецям купіць, за камунальныя паслугі заплаціць. Ці нельга мне выдаць адрасную дапамогу не прадуктамі, а грашыма?
- Па-першае, Ганна Уладзіміраўна, калі гэта так, то прыемна, што вы памянялі адносіны ў сям’і ў лепшы бок. Па-другое, нічога канкрэтнага па вашай сітуацыі адразу не скажу, трэба разабрацца.
Казімір Віктаравіч тут жа звязаўся па тэлефоне са старшынёй Чарнянскага сельвыканкама Юліяй Плуцэнік, якая пацвердзіла, што ў гэтай сям’і шмат чаго змянілася ў станоўчым плане. Падстаў лічыць яе неспрыяльнай няма. А таму ёсць магчымасць задаволіць просьбу жанчыны.
Дзмітрый Браніслававіч Вагнер, г. Пінск:
- Быў у гасцях у Маларыце. Давялося пад’ехаць да магазіна “Шчодры”. Тэрыторыя вельмі няроўная, што небяспечна для машыны…
- Ведаем. Вы маеце рацыю сказаць пра гэта. Тэрыторыя ведамасная, яна належыць райспажыўтаварыству. Будуць у яго фінансавыя магчымасці, абавязкова гэты ўчастак добраўпарадкуюць.
Ірына Мікалаеўна Лебедзева, г. Маларыта, вул. Піянерская, 12, кв. 2:
- Наш дом не быў уключаны ў спіс тых, якія рамантавалі перад абласнымі дажынкамі. Цяпер ўсе жыхары свае кватэры прыватызавалі. Дом наш пакуль не газіфікаваны прыродным газам – мы ўсё яшчэ карыстаемся балонным палівам. Наш дом ужо на абслугоўванні ў ЖКГ. Ці будуць капітальна рамантаваць яго і калі?
- Паважаная Ірына Мікалаеўна! Згодна з Графікам чарговасці правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду на 2010-2015 гг. ваш дом уключаны ў тытульны спіс на 2013 год. Таму пачакаць давядзецца зусім нямнога. У наступным годзе ў вашым доме будзе праведзены капітальны рамонт з газіфікацыяй.
Ніна СВІЦЮК.
Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч правёў “прамую лінію” для жыхароў раёна. Ніжэй – рэпартаж з яе. Вольга Пятроўна Сахарчук, г. Маларыта, вул. Заводская, 10/1, кв.1: -...