Кладаўшчык, які спявае. 21.by

Кладаўшчык, які спявае

24.03.2015 — Новости регионов |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напярэдадні 90-годдзя мы завіталі да цудоўнай жанчыны – Марыі Данілаўны Берлінай. Разам з яе былой калегай і сяброўкай Ганнай Карэба зайшлі ў невялічкі дворык, потым па прыступках – у сенцы. На сціплай кухні, за драўляным сталом, прыбраным яскравым абрусам, сядзела ўсмешлівая пажылая жанчына. Няспешна мяшаючы гарбату, гаспадыня павітала нас.

– Вось, прывяла да цябе, Марыя Данілаўна, гасцей з газеты. Яны хочуць аб табе напісаць, – сказала Ганна Карэба.
Мы прайшлі ў пакой, дзе віселі фотаздымкі, дарагія сэрцу ветэрана: яна сама ў маладосці, трое сыноў і фота памёрлага мужа.
– Нарадзілася я 22 сакавіка 1925 года ў вёсцы Агародня Добрушскага раёна, – пачала распавядаць аб сваім жыцці Марыя Данілаўна. – Сям’я ў нас была добрая. Бацька спяваць вельмі любіў, таму я з маленства наведвала мясцовую царкву, дзе ён быў удзельнікам хору. І так спадабалася мне гэта справа, што я сама пачала выступаць у школьнай самадзейнасці з песнямі, а пасля ў КБА кіравала аматарскім хорам. 
Марыя Берліна, як і любая маладая дзяўчына, жадала быць каханай. Такі чалавек сустрэўся ёй вясной 1941 года…
– Скончыла я 10 класаў, і тут – вайна... Немцы ў нашу вёску ўвайшлі. Пачалася акупацыя. Зразумела, што вучыцца я ўжо больш не магла. Адправілі мяне на торфазавод. Мой жаніх быў партызанам, як і мой бацька. А я стала сувязной іх партызанскага атрада, бо працавала побач з нашымі і магла перадаць ім ці словы патрэбныя, ці звеску ад родных, – успамінае пажылая жанчына.
– Чаму ў партызаны пайшла? – перапытвае з лёгкім здзіўленнем Марыя Данілаўна, – я такая актыўная была, жвавая. Мяне ўсе ведалі. Добра хоць, што немцы аб тым, што я раблю, не здагадваліся.
Пасля, калі вызвалілі Добруш, дзе я тады жыла, мне давялося працаваць фінансавым інспектарам. Жылося хоць і бедна, але весела. Вы ведаеце, якое раней сяброўства было? Сур’ёзна сябравалі, не так, як цяпер.
Жыццё цякло вельмі імкліва, Марыя Данілаўна выйшла замуж, нарадзіўся сын.
– Тады я і пачала працаваць ў КБА кладаўшчыком-прымальнікам. Шмат дакументаў мне прыходзілася запаўняць – папяровая пасада, – жартуе Марыя Берліна. – Са мной працавалі адны мужчыны, але яны ведалі маю дысцыпліну. 
– Хто хоча працаваць, таму няцяжка, – так адказвае ветэран на пытанне аб умовах працы ў КБА.
– Яна такая вясёлая была, знаходлівая, – падключаецца да размовы сяброўка Ганна Карэба. – З Марыяй Данілаўнай і працаваць, і адпачываць было прыемна.
– Усюды мяне хапала: на рабоце, дома. Трое сыноў нарадзіла: старэйшы навукоўцам стаў, сярэдні – музыкам, а малодшы – вайскоўцам. Са дня на дзень чакаю іх разам з унукамі ды іх сем’ямі на сваё 90-годдзе. Цікава, што я нарадзілася на сваё прафесійнае свята, Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, нават зрабіла сама сабе падарунак – старэйшага сына нарадзіла, – гаворыць Марыя Данілаўна.
Калі яна выходзіла на заслужаны адпачынак, нават у яе гонар свята зладзілі.
– Поўнае кафэ набралася, усе хацелі павіншаваць Марыю Данілаўну і пажадаць ёй самага найлепшага, – распавядае Ганна Карэба.
Але не змагла гэта спрытная і працалюбівая пенсіянерка мірна сядзець дома: працавала яна ў родным КБА, а потым – запраўшчыцай на бензакалонцы. 
Зараз Марыя Данілаўна жыве адна, але па-ранейшаму не губляе аптымізму і жыцця-любства, дзякуючы якім яе памятаюць і паважаюць.
Вольга САВІЦКАЯ
Фота Яўгена УСЦІНАВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні 90-годдзя мы завіталі да цудоўнай жанчыны – Марыі Данілаўны Берлінай. Разам з яе былой калегай і сяброўкай Ганнай Карэба зайшлі ў невялічкі дворык,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости регионов)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика