Разам і назаўсёды. 21.by

Разам і назаўсёды

Размер текста:
A
A
A

Разам і назаўсёды

Сёлета, 26 жніўня, Валянціна і Сяргей Мацкевічы з вёскі Высокая Гара Багушэвіцкага сельсавета будуць адзначаць сваё палатнянае вяселле. За сямейным сталом у родным доме, дзе мноства кніг прыгожа суседнічае з буйствам пакаёвых кветак, дзе карціны арыгінальна дапаўняюць розныя віды падсвечнікаў, шчаслівыя віноўнікі свята будуць частаваць сыноў, унукаў і сваякоў духмянай гарбатай з зёлак, рознымі хатнімі прысмакамі. Як звычайна, сярод родных і дарагіх сэрцу людзей расчуленая гаспадыня заплача. Заплача ад радасці і замілавання. За трыццаць пяць гадоў шлюбу Валянціна і Сяргей не страцілі гарачыню сваіх першых пачуццяў, ніводнага разу не пакрыўдзіў муж каханую жонку ні словам, ні ўчынкам, але не змог пазбавіць ад горкіх разлук і невыносных перажыванняў…

Валянціна выйшла замуж праз два месяцы пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Бацькі спрабавалі яе адгаварыць, маўляў, маладая яшчэ, пажыві для сябе, пагуляй. Але куды там! Кожны вечар яна птушкай ляцела да свайго Сяргея, які прызначаў спатканні ў самых маляўнічых вясковых мясцінах.
— Мы нарадзіліся ў адзін год і адзін месяц, – гаворыць жанчына. — Маю матулю выпісвалі з радзільнага дома, а яго — прымалі.
Сам жа Сяргей сваю будучую жонку запрыкмеціў выпадкова. Неяк Валянціна, будучы вучаніцай 3-га класа, разам з цёткай крочыла па вясковай вуліцы і сустрэлася з ім. Ужо тады пэўная іскра праляцела паміж імі. Першыя чатыры гады Валя вучылася ў тагачаснай Высакагорскай школе, а пасля пешшу хадзіла ў Багушэвіцкую дзесяцігодку. Лёсам не наканавана было Сяргею сядзець з Валянцінай за адной школьнай партай, але яна кожны момант у класе адчувала на сабе яго ўважлівы і цікаўны позірк.
— Неяк нашы позіркі суты-кнуліся, — прызнаецца жанчына, — і маё сэрца забілася часцей. Мінула шмат гадоў, але я дагэтуль успамінаю тыя мае дзявочыя пачуцці, калі бываю ў гэтым класе.
Ужо тады паміж імі ўсталявалася нябачная для ўсіх душэўная сувязь. Неяк вясной прама на рукі Валянціны сеў белы голуб. Бацькі супакоілі яе, гэта добры знак. І сапраўды, на наступны дзень да яе зайшоў Сяргей. Аднак чакаць прызнання ў каханні Валянціне давялося доўга. Сваё сэрца і пачуцці ён падарыў ёй пасля службы ў арміі.
Пасля вяселля муж і жонка пачалі будаваць сямейнае жыццё ў родным гняздзе Валянціны. Яна вярнулася ў сваю школу выкладаць рускую мову і літаратуру, адзін за адным нарадзіліся двое сыноў. А Сяргею пасля тэрміновай службы ў арміі прапанавалі вучыцца ў школе прапаршчыкаў у Мінску. Жонка не пярэчыла яму, разумеючы, як важна мужчыну набыць прафесію. Але ўсе планы маладой сям’і былі ўмомант перакрэслены. Спачатку гэта зрабіла аварыя на Чарнобыльскай АЭС.
Прапаршчык Сяргей Георгіевіч Мацкевіч, які служыў у Мар’інагорскай вайсковай часці, 1 студзеня 1987 года апынуўся адразу ў трыццацікіламетровай зоне.
— Размясцілі нас у вёсцы Рудакова Брагінскага раёна, — успамінае ён, — а займаліся мы праверкай тэхнікі на ўзровень радыяцыі, якая ішла з Прыпяці, то з іншых забру-джаных мясцін, то на ЧАЭС. Пра радыяцыю тады ведалі ня-шмат, аднак стараліся прытрымлівацца рэкамендацый па санітарыі, раз на тыдзень ездзілі ў Брагін у лазню.
Валянціна сваімі трывогамі мужа не даймала, бо сама была недасведчанай у той час пра радыяцыю, ды і турботы пра малых сыноў начыста праганялі дурныя думкі.
У саставе ваеннай аўта-інспекцыі Сяргей Георгіевіч праслужыў у Брагінскім раёне тры месяцы. За ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ён быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Вясной 1987 года вярнуўся ў сваю вайсковую часць. Аднак не паспеў нарадавацца сустрэчы з сям’ёй, як яго адправілі ў Афганістан.
— Ці можна было тады адмо-віцца ад гэтага загаду? – сам у сябе пытаецца Сяргей Георгіевіч. — Вядома, можна, але як затым жыць і служыць з такім грузам на сэрцы?
Валянціна спрабавала пярэчыць рашэнню мужа, плакала, пагражала, а ўжо на наступны дзень з сынам без эмоцый правяла яго на вайну.
— Спачатку наш самалёт даставіў воінаў у Кабул, дзе раз-мяшчаўся перасыльны пункт, а затым ужо трапілі ў Кандагар, — расказвае мужчына, — не перадаць словамі мае першыя пачуцці ад убачанай краіны. Тут упершыню я, звычайны беларускі юнак, пабачыў і ўдосталь наеўся персікаў і вінаграду.
Дзесяць месяцаў афганскай службы Валянціна Міхайлаўна ледзь перажыла. Для яе яны цягнуліся цэлую вечнасць і засталіся самымі чорнымі ў жыцці. Сяргей пакінуў дом у жніўні, але амаль да кастрычніка лістоў ад яго не было – захварэў на тыф і доўга не мог пісаць. Кожную раніцу жанчына сустракала паштальёна, бегла да яго колькі хапала сіл!
— А якая радасць была, калі прыходзіла пісьмо са знаёмым почыркам, здавалася, сэрца ра-зарвецца ад пачуццяў, — прызнавалася жанчына. — Пра-чытаеш яго — нібы параз-маўляеш з мужам, падтрымаеш яго ў цяжкі момант, зберажэш ад бяды. Пройдзе нейкая гадзіна і сэрца зноў не на месцы: як ён там? Ці жывы? Ізноў чакаеш пісьма, не спіш начамі, бяжыш да паштальёна. Не ведаю я з таго часу нічога цяжэй, чым чакаць лістоў з вайны.
Перажыванні Валянціны добра разумелі яе бацькі. Яны ў поўнай меры зведалі цяжар пакут у гады Вялікай Айчыннай вайны. Бацька з баямі прайшоў да Кенігсберга, а матуля страціла першага мужа. Яны, як маглі, кожны дзень суцяшалі дачку. Не вытрымала гэтых трывог дачкі матуля. Яна памерла, так і не дачакаўшыся зяця з чужыны.
— Мы ўвесь час сачылі за падзеямі ў Афганістане патэлевізары, — удакладняе Валянціна, — таму летам 1988 го-да чакалі свайго тату і мужа. Той дзень стаў самым шчаслівым і сонечным у маім жыцці. Дзеці гулялі ў двары, а каб яны не выбеглі на вуліцу, я завязала веснічкі вяроўкай, а сама корпалася ў градах. Раптам пачула гул машыны, якая спынілася каля нашага двара. Вырашыла падбегчы і ўбачыла легкавушку сястры, якая гасціла днямі ў мяне. Няўжо нешта забылася? А бачу – мужа! Ад хвалявання веснічкі доўга развязаць не магла, а ён стаяў у чаканні і жартаваў: “Ад каго гэта ты так завязалася?”.
Дзеці бацьку пазналі не адразу і яшчэ некалькі дзён клікалі яго дзядзькам. Самая працяглая разлука аказалася апошняй у іх жыцці. Сяргей Георгіевіч уладкаваўся на працу ў Багушэвіцкае лясніцтва, а Валянціна Міхайлаўна працягвала настаўнічаць. Пякучы нясцерпны боль, пакінуты вайной у Афганістане, паціху супакойваўся кветкамі, якія муж шчодра дарыў сваёй жонцы. Аднак усё ўмомант перавярнулася ў жаночай душы і вярнуліся былыя трывогі Валянціны, калі на свет з’явіла-ся кніга Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”.
— Увесь час майго настаў-ніцтва я была яшчэ і класным кіраўніком, — гаворыць яна, — і па сваіх абавязках наладжвала для дзяцей урокі мужнасці. Расказвала вясковым гарэзам пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра выкананне інтэр-нацыянальнага абавязку ў Афганістане, на прыкладзе подзвігу нашых бацькоў і мужоў вучыла вырашаць іх усе канфлікты мірным шляхам.Спрабавала мужа далучыць да такіх мерапрыемстваў, аднак ён не пагадзіўся.
— Яшчэ ніводная выпушчаная кніга і сучасны кінафільм не перадалі і дзясятую частку таго гора і пакут, якія выпалі на долю юнакоў, што прайшлі праз вайну ў Афганістане, — тлумачыць Сяргей Георгіевіч. — Крый Божа, зведаць гэта нашым дзецям і ўнукам! Колькі людзей знайшлі там сваю смерць з-за нявопытнасці, няправільных дзеянняў у крытычных сітуацыях, недастатковых ведаў.
У памяць урэзаўся адзін трагічны выпадак. На аэрадроме прызямліўся савецкі самалёт з афганскімі апазнавальнымі знакамі, але пры прызямленні і развароце машыну вынесла на замініраванае поле. Самалёт пачаў гарэць. Усе, хто быў у ачапленні аэрадрома, пабеглі ратаваць лётчыкаў і тэхніку. Хтосьці крыкнуў:”Бомбы”! Раздаўся выбух. Тады загінулі 28 чалавек, 14 атрымалі раненні. Здолелі выскачыць з самалёта і адбегчы пілоты. Яны ўратаваліся ад смерці, але трапілі за краты.
Памяць аб тых жудасных афганскіх падзеях захоўвае сямейны архіў Мацкевічаў. Тут беражліва складзены пажоў-клыя ад часу, чорна-белыя фота-здымкі, дзе Сяргей Георгіевіч малады і падцягнуты; некалькі медалёў і, вядома, пісьмы. Яны аказаліся непадуладны часу. Напісаныя тры дзясяткі гадоў таму, пісьмы не маюць ніякіх прыкмет часу. Сакрэт у радках лістоў, напоўненых бясконцым трапяткім каханнем звычайных вясковых людзей. Гэтым узнёслым радкам і глыбокім пачуццям пазайздросціў бы і ўпадабаны Валянцінай Міхайлаўнай паэт Міхаіл Лермантаў. Ці мог ён уявіць сабе, што ў далёкім дваццатым стагоддзі будуць звяртацца адзін да аднаго так ласкава і хвалююча — “дорогая моя женушка”, “дорогой мой, любимый муженек”.
Трываласць першых дзіця-чых пачуццяў па сённяшні дзень мацуецца ў сэрцы Сяргея Георгіевіча і Валянціны Міхайлаўны любоўю да баць-коўскага дома і роднай вёскі, якую яны нясуць разам усё жыццё. Гэтым бясконцым багаццем душы яны шчодра дзеляцца з кожным, хто заходзіць у іх утульны і прыгожы дом, дзе на падворку рыкае карова, кожную вясну квітнее сад і гудзяць пчолы, ды і мяжуюць з драўлянай аркай веснічкі, якія ніколі падоўгу не зачыняюцца.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

VN:F [1.9.9_1125]
please wait...
Rating: 0.0/10 (0 votes cast)
VN:F [1.9.9_1125]
Rating: 0 (from 0 votes)
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета, 26 жніўня, Валянціна і Сяргей Мацкевічы з вёскі Высокая Гара Багушэвіцкага сельсавета будуць адзначаць сваё палатнянае вяселле. За сямейным сталом у родным...

Комментарии


 
 
 


Архив (Новости регионов)

21.by в социальных сетях


© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика