Працай дух умацоўвалі. 21.by

Працай дух умацоўвалі

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напэўна, каб тады, напярэдадні 1997 года, павялічылі пенсійны ўзрост, то ў працоўную кніжку Адама Дубіны з Заброддзя давялося б устаўляць старонкі, менавіта ў той раздзел, дзе ўпісваюцца ўзнагароды. У адзінаццаці пунктах запісу ў раздзеле “Узнагароды і заахвочванні” значацца толькі самыя важныя вехі яго працоўнага жыцця: ордэн працоўнага Чырвонага сцяга, ордэн Працоўнай славы ІІІ ступені, два бронзавыя медалі “За дасягненні ў народнай гаспадарцы СССР”, ганаровыя граматы. А са спецыяльна прызначанай для ўзнагарод і дакументаў жаночай сумкі яго верная спадарожніца жыцця Любоў Якаўлеўна спецыяльна для нас дастала яшчэ шэсць нагрудных знакаў “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”.

На сценах іх прасторнага дома – вышываныя карціны гаспадыні ўпярэмешку з партрэтамі мужа – у касцюме і пры ўзнагародах.

IMG_2887_1

– Гэты вялікі партрэт мы забралі, калі ў калгасе разбіралі Дошку гонару, – адказвае на наша здзіўленне такому “шэдэўру” Адам Марцінавіч. – Перадавікі ў гаспадарцы заўсёды былі на пачэсным месцы. Быў у штаце мастак, які маляваў партрэты для Дошкі гонару – Алег Сохар. Цяпер вось гэты малюнак упрыгожвае пакой.

2Свайму Заброддзю Адам Дубіна ніколі не здраджваў. Тут нарадзіўся, тут маці яго з сястрой Ганнай ратавала ад фашыстаў, тут рана стаў гаспадаром, узваліўшы яшчэ на дзіцячыя плечы цяжар сялянскай працы.

Бацька не вярнуўся з фронту, іх хату, як і многіх аднавяскоўцаў, спалілі карнікі. Пасля вайны адбудавалі маленькую хацінку, па памерах – як рукі развесці.

– Вось гэтая шафа была ў той хатцы пад самую столю, – паказвае гаспадар на старадаўні шыфаньер. – Яшчэ тады вырашыў для сябе, што мой уласны дом будзе вялікім. Паспеў скончыць сем класаў: першыя чатыры класы тут, у Заброддзі, па хатах вучыліся, потым яшчэ тры гады ў Навасёлках. Голадна было, самі знаходзілі, дзе падзарабіць. Яшчэ падлеткамі хадзілі ўсё лета на сенажаць. Там касцоў калгас карміў, і нас не крыўдзілі, галоднымі адтуль не вярталіся.

У дваццаць тры гады, пасля навучання ў Капаткевічах у школе ДТСААФ, Адам Марцінавіч упершыню сеў за руль трактара. І не толькі марыў пра свой вялікі дом, але і пачаў будаваць. Замуж сваю Любу пазваў, калі паставіў ўжо зруб.

– Яна акуратная дзеўка была, а бацька яе быў лесніком. Мне ж хату будаваць трэба было, таму і паклікаў замуж, – жартуе мужчына.

На самой справе ўсё было больш рамантычна: ён – першы гарманіст на вёсцы, яна – першая танцорка. Жанчына кажа, што і цяпер пусцілася б у скокі, як зайграе муж, ды ногі не тыя. А яго іграць прымушае. Тры гады назад здароўе гаспадара моцна падвяло. Цяпер у яго ўсталяваны кардыёстымулятар, ходзіць мала. Таму жонка прымушае іграць, каб хоць пальцы працавалі.

– Цяжка ў вёсцы жыць, але было не бяды, – узгадвае Адам Марцінавіч тыя гады. – Саўгас наш у Навасёлках грымеў на ўвесь Савецкі Саюз. Працавалі ўсе, і за працу атрымлівалі па заслугах. Мне некалькі разоў давалі новую тэхніку – трактары, камбайны. Працаваў усюды: на ворыве, на зерневым камбайне, убіраў бульбу, зімой – на адкорме жывёлы. Толькі ў Заброддзі і Клясаве стаяла каля тысячы галоў жывёлы. Першыя камбайны былі з “капюшонам”, жняярка на тры метры. Потым перасеў на новыя “Ніву” і “Колас”. Кабіны закрытыя, спякота, пот вочы выядае, ад дэрмацінавых сядзенняў скура аблазіла. Даводзілася і стоячы за руль трымацца. Дома і не бываў ніколі. Хацелася зарабіць больш, каб дзецям нешта сабраць. Усё, што маглі – трынаццатую зарплату, прэміі, грошы ад здачы цяляці ці кабана – усё клалі на ашчадкніжку. Стаялі на чаргу на легкавушку, дзецям на вяселлі прыгатавалі грошы, збіралі, каб на пенсіі бязбедна жыць. А тут 90-ы год. 23 тысячы рублёў згубілі. Усё, з-за чаго тая шкура аблазіла, згінула. А калі пачаў афармляцца на пенсію, налічылі яе памер, як і іншым калгаснікам. Сказалі, што каб быў яшчэ адзін ордэн, то і пенсія была б большая.

– Чаго крыўдаваць! – далучаецца да расказа мужа гаспадыня. – Ніколі не міналі Адама ва ўзнагародах. Акрамя грошай і падарункі давалі: гадзіннікі, посуд, электрабрытвы, нават матацыкл. За яго, праўда, і грашыма можна было забраць, але муж вырашыў, што я буду на матацыкле за поштай ездзіць, паштальёнам працавала. Мне ж штодзень даводзілася хадзіць спачатку ў Бобрыкі, 10 кіламетраў, затым у Навасёлкі, за 6 кіламетраў. Ну, села, паехала. Даехала да хвойніка і кінула ў карчы. Сын потым прыгнаў яго дадому. Так і праездзіла 29 гадоў на веласіпедзе. Нават медаль за працоўныя поспехі далі мне, каб быць вартай мужа, – смяецца Любоў Якаўлеўна.

1

У клопатах на працы і ў вялікай уласнай гаспадарцы незаўважна выраслі дзве дачкі і сын. Сёння яны дапамагаюць бацькам справіцца з агародам, адвозяць на чарговае лячэнне бацьку. Старэйшая Наташа, праўда, жыве ў Стаўрапольскім краі і на радзіме бывае рэдка, а сын і Ірына – тут часта. Радуе старых гэта ўвага і тое, што ўжо дачакаліся аж двух праўнукаў.

– Пайшоў на пенсію, але без трактара не застаўся, – расказвае пра свайго “сябра” гаспадар. – Нельга трактарысту без “жалезнага каня”. Сын купіў недзе ў Гомелі спісаны. Перабралі з ім тэхніку па шрубках. І дасюль працуе як гадзіннік. Праўда, я ўжо на ім не работнік. Прайду першую баразну, а сын астатняе. Раней дык на дзве вёскі ўсё людзям рабіў. Ішлі бясконца, то ўзараць, то забаранаваць, то прывезці. І ўсё бутэлькі ў кабіну тыкалі. Піў віно за ваду.

– Гэта ж бяда, – устаўляе жонка. – Прашу: “Людцы, не давайце віно”. А ім што, кажуць: “Дзячым, што паслухаў, а заплацім грашыма”. Добра, што розуму ў яго хапіла спыніцца, не прапасці.

Бядуюць старыя па вёсцы. Любоў Якаўлеўна як сапраўдны паштальён пералічыла жыхароў вёскі – 28 чалавек. Пустуюць хаты, двары, зарасла зямля. Кажуць, што страшна ў сухмень: загарыцца ў адным канцы вёскі, у іншым скончыць гарэць. Але  галоўнае, што яны разам.

– Ужо берагу яго, дагаджаю, – зноў узгадвае гаспадыня пра слабое здароўе мужа, падарванае непасільнай працай. – Каб толькі быў ды камандаваў мне ў хаце. Без яго не магу, нават калі ў бальніцу ў чарговы раз едзе. Няхай нягожы, удвух смялей і весялей, надзейна. Ён у мяне ўвогуле – надзейны, як кажуць, каменная гара, нават цяпер.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, каб тады, напярэдадні 1997 года, павялічылі пенсійны ўзрост, то ў працоўную кніжку Адама Дубіны з Заброддзя давялося б устаўляць старонкі, менавіта ў той...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика