Корреспондент газеты «Полымя» стал активным участником уборочной кампании-2018. 21.by

Корреспондент газеты «Полымя» стал активным участником уборочной кампании-2018

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На гадзінніку 9.00 суботняга ранку. Пакуль большасць карэліччан толькі прачынаецца, атрымліваючы асалоду ад доўгачаканага выхаднога дня, на хлебных палетках раёна кіпіць работа: тут плённа працуюць аграрыі, якія не па чутках ведаюць сапраўдную цану хлеба на нашых сталах. Карэспандэнт газеты “Полымя” вырашыў далучыцца да старанных хлебаробаў Карэліччыны і прыняць непасрэдны ўдзел ва ўборачнай кампаніі-2018.

Набліжаючыся да ўрочышча Марысіна каля в. Кальчычы Красненскага сельсавета, здалёк заўважаю некалькі камбайнаў, якія рухаюцца, а хутчэй плывуць па збожжавых палетках СВК “Маяк-Заполле”. Увогуле, толькі той, хто быў на жніве, ведае своеасаблівую атмасферу спакою, павольных і размераных рухаў, дзе няма ніякай спешкі і мітусні. Вось яна, гармонія чалавека і прыроды.


З-за прыгорка павольна набліжаецца “Лексіён-560”, на якім ужо 16 год запар працуе адзін з перадавых экіпажаў “Маяка” – браты Мікалай і Міхаіл Сялецкія, з якімі мне пашанцавала адчуць сябе калі не камбайнерам, дык яго памочнікам дакладна, а таксама сабраць не адну тону спелай пшаніцы.

– Сапраўды, шаснаццаты сезон працуем у адной звязцы: я камбайнерам, брат Міхаіл памочнікам і наш “Лексіён”, – пачаў размову Мікалай Сялецкі, пасля таго, як я заняла ганаровае месца побач з вопытным аграрыем. – Як хутка ляціць час! Здаецца, толькі ўчора былы старшыня гаспадаркі Іван Мікалаевіч Шыш даверыў мне перасесці з “Дона” на новенькі камбайн. Паехаў я ў Абухава пад Гродна атрымліваць свой “Лексіён”. Усю дарогу не мог нарадавацца, што буду працаваць на такой тэхніцы. А як першы раз выйшаў на жніво, адчуў сапраўднае шчасце. Ведаеце, мне ёсць з чым параўноўваць: некалькі гадоў працаваў на “Ніве”, яшчэ 16 – на “Доне”. Спякота, пыл, толькі вочы блішчаць. А тут зусім іншая справа: камфортна, чыста, адным словам, па-еўрапейску.



І сапраўды умовам працы камбайнераў на сучаснай тэхніцы можна пазайздросціць: у кабіне працуе кандыцыянер, таму летняя спякота зусім не адчуваецца. А чысціня – як пасля генеральнай уборкі. Невялікі манітор побач з камбайнерам з’яўляецца сэрцам магутнай тэхнікі, які можа расказаць усё аб стане шаснаццацітоннай машыны: хуткасць руху – 4 кіламетры ў гадзіну, тэхнічны стан у норме, бункер запоўнены на 70%. Менавіта ў гэты момант раздаўся сігнал і пачала працаваць мігалка, што сведчыла аб хуткай адгрузцы зерня.

За хвілін 20 у бункеры “Лексіёна” апынулася каля шасці з паловай тон спелай пшаніцы. Адгрузіўшы першую партыю намалочанага зерня, камбайн рушыў далей, беражна збіраючы каласок за каласком.

– Вечарам вяртаемся з уборачнай дзесьці каля дзевяці гадзін. Безумоўна, стомленасць адчуваецца, асабліва нагрузка на вочы, – уважліва гледзячы на жатку камбайна, якая захоплівае спелую збажыну, адзначае Мікалай Сялецкі. – Жніво я люблю, тут душа радуецца, да таго ж гэта нашае дзяцінства. Памятаю, як збягалі з дому на поле, каб убачыць сапраўдныя камбайны. З 15 гадоў на зернесушыльных комплексах працавалі. Увогуле, было цяжка, але весела.

– Сапраўды, мы шмат працавалі і зараблялі асабістыя грошы. Памятаю, колькі радасці адчуў, калі, вярнуўшыся з арміі, набыў матацыкл “Іж”, – падзяліўся ўспамінамі малодшы брат Міхаіл Сялецкі, ідучы да машыны, ад якой разносіўся пах смачна прыгатаванай ежы. – Для нас ровар быў на вагу золата, сучаснай моладзі адразу аўтамабілі падавай, ды не абы якія.

– На абед сёння халаднік, макароны з катлетай і кампот, – падзялілася раздатчыца Алена Меляняка. – Проста, але сытна.

Як вядома, падчас уборачнай кожная хвіліна на рахунку, таму не паспела вокам мігнуць, як камбайнавыя экіпажы ізноў прыступілі да працы.


– У тых, хто выйшаў з вёскі, любоў да працы ў крыві. Так нас бацькі выхоўвалі, – падзяліўся на развітанне Міхаіл Сялецкі. – Родам мы з в. Амневічы. З дзяцінства пайшло, што працу не перабіралі, а браліся за любую і стараліся добра яе выконваць. Так і сёння: вясной кульцівірую глебу, на корманарыхтоўцы сянаж адвожу, восенню буракі капаю. Да і за іншую работу з задавальненнем вазьмуся.

Вось так жыве і працуе той старанны касцяк “Маяка”, які не лічыцца з асабістым часам, не шкадуе сіл, а смела ідзе да працоўных подзвігаў. Дарэчы, на сёлетняй уборачнай сямейны экіпаж братоў Сялецкіх увайшоў у лік перадавікоў раёна, намалаціўшы больш за 1550 тон зерня.


Зусім у іншым, у адрозненні ад няспешных камбайнаў, тэмпе працуе тэхніка на адвозцы зерня. Убачыўшы, што шматтонныя гаспадары жніва гатовы да выгрузкі, МАЗы імгненна мчацца да іх, каб даставіць залатое збожжа на зернесушыльны комплекс агр. Краснае. На адным з грузавікоў працуе Мікалай Мікалаевіч Друцька, вадзіцельскі стаж якога ў гаспадарцы перавышае 25 гадоў.

– Сёння ўжо шосты рэйс раблю. Яшчэ столькі ж праеду, калі не больш, – дзеліцца па дарозе на КЗС Мікалай Друцька, загрузіўшы ў кузаў МАЗа-551102 звыш 12 тон пшаніцы. – Спытаеце, колькі кіламетраў праеду за сённяшні дзень? Больш 300. І гэта яшчэ не мяжа. Калі адпраўляюся ў міжгароднія камандзіроўкі ў Сноў, Гродна, Смаргонь, кіламетраж значна большы атрымліваецца.

Размаўляючы з Мікалаем Друцька, стала зразумела, што для яго вадзіцель – гэта не проста прафесія, а любімая справа, ад якой ён атрымлівае задавальненне.

– Бацька ўсё жыццё таксама працаваў вадзіцелем у гаспадарцы. Мабыць, я ў яго пайшоў, – усміхаецца мужчына, умела ўпраўляючы велізарным грузавіком. – Але, што ні гавары, прафесія небяспечная. На жаль, такога паняцця як культура ваджэння прытрымліваюцца далёка не ўсе ўдзельнікі дарожнага руху.


На адвозцы залатога ўраджаю СВК “Маяк-Заполле” ёсць і свае ветэраны. Віктар Іванавіч Барыла на працягу 31 года кіруе аўтамабілем ГАЗ-53, які, як верны баявы таварыш, стараецца не падводзіць. Больш 30 гадоў працуюць у гаспадарцы вадзіцелі А. А. Жукоўскі і С. У. Міхайлоўскі.

– Трэба камусьці і на гэтых машынах працаваць. За рэйс забіраю каля 5 тон зерня. Атрымліваецца, што за дзень перавожу каля 50 тон збожжа, – адзначае Віктар Барыла.


Вынік усіх старанняў і намаганняў хлебаробаў “Маяка” нідзе лепш не ўбачыш, як на зернесушыльным комплексе, дзе, гледзячы на залацістыя горы збажыны, адчуваеш сапраўдны гонар за працавітых аграрыяў раёна.

– Зараз з палёў прывозяць сухое зерне, вільготнасць якога 9-11%. Яго мы толькі ачышчаем і адпраўляем на захоўванне на склады, – расказвае загадчыца зернесховішча СВК “Маяк-Заполле” Алена Артураўна Казак. – Вільготнае зерне захоўвацца не будзе. Яно пачынае пакрывацца цвіллю. Таму наша задача – адправіць на склады поўнасцю сухое збожжа. Часам зернесушылкі працуюць да 3-4 гадзін раніцы, каб дабіцца жадаемага выніку.



Алена Казак з вялікім веданнем справы расказвала пра тэхналогію высушвання збожжа і прынцып дзеяння зернесушылак. Здавалася, што гэтай справай яна займаецца ўсё сваё жыццё. Але на самой справе сённяшняя загадчыца склада шмат гадоў працавала ў сферы гандлю. Узначальвае зернесушыльны комплекс агр. Краснае толькі трэці год.

– Падчас першай уборачнай было вельмі складана. Але сваім вопытам са мной дзялілася Ніна Аркадзьеўна Нікіціна, менавіта ад яе я пераняла эстафету захавання збожжавага скарбу гаспадаркі, – дзеліцца Алена Казак. – Калі хочаш працаваць, абавязкова навучышся. Асабіста я адчуваю ўнутранае задавальненне, гледзячы на сёлетні добры ўраджай гаспадаркі. Мая бабуля пякла вельмі смачны хлеб. Бывае, раніцай адкрыю дзверы склада і адчуваю той самы, ні з чым не параўнальны пах свежай скарынкі.


Гледзячы на добрасумленную працу маякоўцаў, адчула ўнутраны спакой: пакуль клапатлівыя рукі аграрыяў беражна збіраюць кожнае зярнятка, будзе хлеб на нашым стале.

Аксана Януш
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гадзінніку 9.00 суботняга ранку. Пакуль большасць карэліччан толькі прачынаецца, атрымліваючы асалоду ад доўгачаканага выхаднога дня, на хлебных палетках раёна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика