Прыцяжэнне зямлі. Гісторыя жыцця працавітай сям’і Нясвіжчыны. 21.by

Прыцяжэнне зямлі. Гісторыя жыцця працавітай сям’і Нясвіжчыны

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На бойкай дарозе Сноў — Баранавічы, недалёка ад самога аграгарадка з цэнтральнай  сядзібай СВК “Агракамбінат Сноў”, раскінулася вёска Грускова. Тут жыве шмат  працавітых, цікавых людзей. Тут у 1955 годзе нарадзіўся  сённяшні кіраўнік агракамбіната, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі  Беларусь, старшыня  рэспубліканскага аграпрамысловага саюза  “Бел АПС” Мікалай Радаман. Тут і зараз жыве яго мама Людміла Мікалаеўна, у мінулым — перадавая даярка калгаса імя Калініна.

Я не раз брала інтэрв’ю ў Мікалая Вячаслававіча. І калі размова заходзіла пра асабістае, звярталіся да вытокаў яго дзейнасці на роднай зямлі, да каранёў.

Два родныя браты яго дзядулі  Івана Паўлавіча былі старшынямі  калгасаў да 1951 года, да ўзбуйнення  гаспадарак. Павел Паўлавіч — у Снове, Канстанцін Паўлавіч — у Грускове. Яны былі нядрэннымі гаспадарамі, таму аднавяскоўцы і выбралі іх кіраўнікамі.


Мікалай Вячаслававіч Радаман 15-ы год узначальвае СВК “Агракамбінат Сноў”

Бацька майго суразмоўцы, Вячаслаў Іванавіч, працаваў у калгасе  будаўніком, а ў гарачую пару жніва  ці ўборкі льну ішоў возчыкам. Маці, Людміла Мікалаеўна, працавала ў паляводстве, пасля — у жывёлагадоўлі. Звычайная сялянская сям’я, дзе выхоўваліся два хлопчыкі. І сям’я гэта была вельмі працалюбівай. Напрыклад, за сваю рупнасць Людміла Мікалаеўна мела ордэн Дружбы народаў і тры медалі выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Вось у такой  атмасферы фарміраваліся  характар і светапогляды Мікалая Радамана. Мікалай Вячаслававіч з цеплынёй  гаворыць пра сваю родную вёску:

— У кожнага чалавека ёсць свой, мілы сэрцу, куток. Куток  гэты — тая хата, дзе ён навучыўся бегаць, адчуў цеплыню матчыных рук і цеплыню яе сэрца. Такім куточкам маленства з’яўляецца для мяне мая родная  вёска Грускова. Тут я рос, пазнаваў навакольны свет, людзей. У руплівых, гаспадарлівых бацькоў  вучыўся настойлівасці, працавітасці.

Пакуль бацькі былі заняты  на калгаснай працы, хлопчыкі  за-віхаліся па хатняй гаспадарцы. Мікола ў шэсць гадоў сам выганяў і  прыганяў карову. Пасля дапамагаў і ў полі.

Людміла Мікалаеўна ўспамінае:

— Калі Колю было 12 гадоў, ён самастойна запрагаў каня і акучваў бульбу. Казаў: “Тата, пасядзіце, я сам”. І шкада мне яго было, але і гонар перапаўняў, што такі памочнік расце.

Мікалай Вячаслававіч дадае:

— А яшчэ коннымі граблямі збіраў  сухую траву на сенажацях. Наогул, колькі сябе памятаю, быў пры справе. То на ферме, то на будоўлі, то на “дзялках” кукурузы ці морквы. У школе атрымаў правы трактарыста.

У 13-гадовым узросце Мікола страціў бацьку. І стаў для маці найлепшым памочнікам.

Вось такой была школа жыцця,  так праходзіла дзяцінства ў родным Грускове. Адсюль ён хадзіў у Сноўскую сярэднюю школу. Адсюль пайшоў у самастойнае жыццё — стаў студэнтам Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. І сюды ж, у свой калгас імя Калініна, вярнуўся на работу.  Чаму іменна такі шлях вызначыў для сябе? Таму што памятаў мудрыя словы другога  свайго дзядулі, Мікалая Рыгоравіча, пра тое, дзе чалавек можа  прынесці большую карысць людзям.


Кавалер ордэна Дружбы народаў даярка Л.М. Радаман (справа) — са старшынёй калгаса імя Калініна Я.В. Аляксанкіным і іншымі ардэнаносцамі гаспадаркі. Пачатак 80-х гадоў

— Усё ж у нашага чалавека на  першым месцы — клопат пра хлеб надзённы, — разважае мой  суразмоўца. — А ў вёсцы да лю-дзей, звязаных з тэхнікай, заўсёды  адносіліся з  павагай.

Станаўленне спецыяліста прайшло пры кіраўніцтве гаспадаркай Якавам Васільевічам Аляксанкіным. У тыя гады была  створана моцная сельгасвытворчасць, развіваліся жыллёвае будаўніцтва, сацыяльная інфраструктура. Затым працаваў  пад старшынствам Міхаіла Аляксандравіча Карчміта. Многа сіл, сродкаў і  ведаў укладвалі ў рэканструкцыю фермаў, ва ўкараненне навейшых  тэхналогій. Мікалая Радамана, як галоўнага энергетыка, гэта датычыла ў першую чаргу. Яны шмат  ездзілі ў іншыя краіны, вучыліся, пераймалі перадавы вопыт, укаранялі ў сябе. І цяпер ён, ужо 15-ы год  узначальваючы  СВК “Агракамбінат Сноў”, стараецца захаваць і прымножыць  усё лепшае.  У гаспадарцы працуе высокапрадукцыйная тэхніка, што дае магчымасць у сціслыя і самыя аптымальныя тэрміны праводзіць работы.

 

З гісторыі вёскі Грускова

Грускова — вёска ў Сноўскім сельсавеце.

Як паведамляецца ў кнізе “Памяць. Нясвіжскі раён”, у 1870 го-дзе яна належала  Сноўскай воласці Навагрудскага  павета. Налічвалася ў ёй 119  душ мужчынскага полу. У 1897 г. налічвала 47 двароў, 351 жыхара.

У 1906 годзе ў Грускове быў арганізаваны Сноўскі валасны ка-мітэт  Мінскай акруговай сялянскай арганізацыі  пры РСДРП. Членамі арганізацыі былі сяляне вёскі В.П. Хоміч, І.К. Іваноўскі, О.А. Жывень, Ю.А. Нячай, П.І. Касюль. Кіраваў арганізацыяй В.П. Хоміч. У яго хаце  зімой 1906-1907 гадоў  неаднаразова праходзілі сялянскія сходкі. Пазней арганізоўваліся патравы памешчыцкіх сенажацей і збожжавай нівы. У верасні 1907 г. паліцыя знайшла ў вёсцы пячатку і праект статута арганізацыі, арыштавала 13 чалавек.

У зборніку дакументаў і матэрыялаў “Рэвалюцыйны рух у Беларусі 1905 — 1907 гг. змешчана Данясенне начальніка Мінскага губернскага жандармскага ўпраўлення ў дэпартамент паліцыі пра забастовачны рух сялян. У ім  гаворыцца: “Сяляне (…) Сноўскай вол. Навагрудскага павета адмовіліся хадзіць да памешчыкаў на ўборку з палёў збажыны і сена…

…Настрой сярод сялян мірны, за  выключэннем Гарадзейскай і Сноўскай воласцей, дзе сяляне моцна ўзбуджаны супраць памешчыкаў, мясцовай улады і  земскай стражы”. Ішлі гады першай рускай  рэвалюцыі. Сялянскія хваляванні былі накіраваны супраць  прыгнятальнікаў. І жыхары вёскі Грускова знаходзіліся ў авангардзе  барацьбітоў за лепшую долю.

У 1909 г. вёска налічвала 58 двароў, 445 жыхароў. У 1921 г. — 80 двароў, пражываў 521 чалавек. Вёска ўвайшла  ў склад Нясвіжскага павета Польшчы. З 1939 года — у складзе БССР. У 1940 г.  тут было 134 двары, 754 жыхары.

У гады Вялікай Айчыннай вайны жыхары вёскі, як і ўсе беларусы, усталі на барацьбу з ворагам. На жаль, не ўсе вярнуліся на родную зямлю. Загінулі на франтах ці прапалі без вестак А.М. Дамінікан, А.Ф. Дамінікан, А.І. Дамінікан, В.А. Дамінікан, М.А. Да-мінікан, М.С. Дземідовіч, Я.К. Іваноўскі, В.К. Каспер, М.Л. Нячай, В.І. Тондзель, У.Л. Цівунчык, І.А. Шмыка, У.М. Шчасны.

У 2001 годзе вёска налічвала 122 двары, 229 жыхароў.

Па стане на 01.01.2019 г. тут 173 гаспадаркі, пастаянна пражываюць 483 чалавекі.

 

Радаман — кіраўнік вельмі патрабавальны, і да падначаленых, і да сябе. Тэхналагічная дысцыпліна  захоўваецца строга. Бо, упэўнены Мікалай Вячаслававіч, зямлю абмануць немагчыма, што ты ёй даў — тое і атрымаеш. А атрымліваць у раслінаводстве  трэба многа, велізарная патрэба ў кармах, бо ў агракамбінаце  высокая шчыльнасць  жывёлы і птушкі. І намаганні прыносяць добры плён.  Напрыклад,  ура-джайнасць збожжавых  вырасла да 90    ц/га і вышэй. Надой малака на адну фуражную карову перавысіў 10 тысяч кілаграмаў. СВК “Агракамбінат Сноў” з’яўляецца адной з вядучых гаспадарак краіны.

Мікалай Радаман упэўнены: трэба памятаць, што ва ўсе часы людзі былі і застаюцца галоўным багаццем, і трэба любіць зямлю, на якой яны працуюць, радуюцца, кахаюць. Адным словам — жывуць. Іменна дзякуючы працы людзей і іх  любові да зямлі сноўскі край  з кожным годам становіцца  прыгажэйшым.

Людміла Мікалаеўна Радаман 17 гадоў працавала паляводам, затым была цялятніцай і 21 год — даяркай

Узяць тое ж Грускова. Пачынаючы з 2000-га года, гаспадарка пабудавала ў гэтай вёсцы 62 новыя дамы. Вырасла цэлая вуліца. Назвалі яе  Пасялковай. Дамы сядзібнага тыпу  на ёй атрымалі працаўнікі гаспадаркі з розных сфер  дзейнасці. Памятаю, некалі я брала  інтэрв’ю ў аднаго з навасёлаў — аператара свінакомплексу Аліны Валянцінаўны Мацкевіч. Яе сям’і вы-дзелілі тады першы  дом на новай вясковай вуліцы. Пачыналі забудову падчас старшынства М.А. Карчміта, узвялі на новай вуліцы тры першыя дамы, а ўжо далейшыя турботы па ўзвядзенні  камфортнага жылля для сяльчан ляглі  на плечы М.В. Радамана.

Пачалася  актыўная работа па ліквідацыі старых хат, якія не маюць гаспадароў. Усю працэдуру прызнання такіх хат нічыйнымі выконвае сельвыканкам. А вось знос старых і забудову ўчасткаў новымі дамамі вядзе агракамбінат.

— Вельмі прыгожая вёска стала, — задаволена старшыня Сноўскага сельскага Савета Галіна Карпей. — Плануем летам правесці тут свята вёскі, на дзіцячай пляцоўцы на вуліцы Пасялковай.

Летась на вуліцы Цэнтральнай на месцы знесенай  хаты з’явіўся 2-кватэрны дом. Адну кватэру выдзелілі сям’і механізатара гаспадаркі Яўгену Вялічку. У Яўгена  Уладзіміравіча і яго жонкі  Вольгі Аляксееўны два сыночкі. Другую кватэру атрымала сям’я майстра  каўбаснага цэха Вадзіма Гадуна. У Вадзіма Аляксандравіча і Вікторыі Міхайлаўны таксама двое дзяцей, толькі — дзяўчынкі.

Я пагутарыла з адным  з навасёлаў — Яўгенам Вялічкам. Ён задаволены:

— Мы дагэтуль жылі ў аднапакаёвай кватэры. Цесна было. У лістападзе засяліліся  сюды, у трохпакаёвую. Ёсць дзе разгарнуцца, дзецям пагуляць. У кватэры — усе камунальныя выгоды, цэнтральнае водазабеспячэнне. А хата, якая раней стаяла на гэтым месцы, была старая, не дагледжаная, толькі псавала агульны выгляд вуліцы.

Яўген Вялічка восем гадоў працуе ў “Снове” механізатарам. Кіруе энерганасычаным трактарам МТЗ-3522. Дарэчы, Яўген — прыезджы. У агракамбінаце працуюць і два яго браты — механізатарам і ва-дзіцелем. Мой суразмоўца  смяецца:

— Так атрымалася, што я — сею, Андрэй — убірае, а Леанід — адвозіць ураджай. Такі вось сямейны падрад.

Каб маладыя працавітыя людзі затрымліваліся  ў агракамбінаце, для іх і ствараюць  тут належныя ўмовы. А будуць клапатлівыя рукі — будуць і высокія паказчыкі, і прыгожыя вясковыя сядзібы.

— Я добра ведаю людзей, чаго хто варты, на каго можна  абаперціся. Узаемаадносіны з землякамі ў мяне простыя, зразумелыя. Многа жыве ў агракамбінаце маіх сваякоў. Але на рабоце ўсіх ацэньваю па іх прафесіяналізме і старанні. Прынцып для ўсіх без выключэння адзін: як працуеш, так і жывеш, — расказвае Мікалай Радаман. — Людзі — наш залаты запас. Маладое пакаленне  змалку ўцягваецца ў сялянскую працу, атрымлівае загартоўку з дарослымі на вытворчых участках. Моладзь вучыцца не пасаваць перад цяжкасцямі, ганарыцца працай хлебароба, любіць Бацькаўшчыну. А мы ствараем усе ўмовы для дастойнага жыцця, працы і адпачынку хлебаробаў.

У Мікалая Радамана — асаб-лівая прыхільнасць да роднай зямлі. І ён пры выпадку не прамінае нагадаць радкі з вядомай паэмы Якуба Коласа:

“Зямля не зменіць

і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне.”

Праязджаючы міма бяс-крайніх сноўскіх палёў — з ідэальна выраўненай глебай, з густымі пасевамі, ён  любуецца імі. Вый-дзе з машыны, удыхне на поўныя грудзі свежае паветра, акіне вокам зялёную азіміну, прыкрытую снегам, ці  ўлетку — залатую сцяну збажыны, узважыць на далоні цяжкі колас… На душы становіцца радасна, і нараджаецца пачуццё гонару, адчуванне значнасці сваёй справы.

…Мікалай Радаман з сям’ёй жыве ў Снове. І як толькі  здараецца вольная хвіліна, ён абавязкова едзе ў Грускова, да маці. У хату, адкуль пайшоў у жыццё.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва

СВК “Агракамбінат Сноў”.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На бойкай дарозе Сноў — Баранавічы, недалёка ад самога аграгарадка з цэнтральнай  сядзібай СВК “Агракамбінат Сноў”, раскінулася вёска Грускова. Тут
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика