Руплівая праца зоркаўскіх хлебаробаў. 21.by

Руплівая праца зоркаўскіх хлебаробаў

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

705 (Копировать)

Уборачная кампанія сёлетняга года перайшла свой экватар. Абмалочваюцца хлебныя нівы, напаўняюцца засекі гаспадарак збожжам, сельгаспрадпрыемствы адпраўляюць вырашчаны ўраджай на хлебакамбінаты, каб выканаць дзяржаўны заказ, умацаваць харчовую бяспеку краіны.

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Ельня-Агра” зерневыя і зернебабовыя культуры трэба ўбраць на плошчы 1.036 гектараў. Па стане на 5 жніўня абмалочана  723   гектары, што складае  69,8 працэнтаў да задання. Дарэчы, ураджайнасць тут адна з самых высокіх па раёне. У сярэднім на круг хлебаробы атрымліваюць 30,9  цэнтнераў.

— Цяпер, калі ў гаспадарцы гарачая пара, уся тэхніка выведзена на поле, — кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Мікалаевіч Якімовіч. — Паралельна з уборкай зерневых прэспадборшчыкамі рулонім салому, вывозім яе з поля. Займаемся таксама ўзворваннем, нарыхтоўкай сенажу ў стрэйч-плёнку. Часам нават не хапае працоўных рук, але мы спраўляемся. У гаспадарцы маецца пяць зернеўборачных камбайнаў. Нягледзячы на тое, што эксплуатуюцца яны больш за дзесяць сезонаў, тэхніка ў руках вопытных камбайнераў працуе амаль без паломак. Камбайнамі кіруюць Аляксей Малыш, Віктар і Аляксандр Мацкевічы, Васілій Красоўскі і Міхаіл Заляціла. Гэта вельмі адказныя і сумленныя работнікі, якім мы цалкам давяраем.

Азімыя даюць нядрэнную ўраджайнасць, трыцікале таксама. Самы вялікі валавы намалот зерневых у нашай гаспадарцы складаў 3.200 тон. Сёлета, нягледзячы на капрызы надвор’я, плануем атрымаць каля 3.000 тон зерня. Гэта дазволіць нам закласці насенны фонд, прадаць зерне на хлебакамбінаты, каб узамен атрымаць камбікорм. Дарэчы, дзяржаўны заказ мы цалкам выканалі. Пры плане рэалізацыі 260 тон, паставілі 411 тон.

Паралельна з абмалотам зерневых вядзём уборку гароху. Культуры гэтыя спеюць адначасова, таму галоўны аграном пільна сочыць, куды лепш накіроўваць тэхніку.

Сам жа галоўны тэхнолаг палёў Пётр Віктаравіч Протас сачыў за працэсам сушкі зерня на таку гаспадаркі.

— Зернесушыльны комплекс працуе ў штатным рэжыме, — кажа Пётр Віктаравіч. — Работнікі стараюцца, каб прывезенае зерне не знаходзілася пад адкрытым небам, не трапіла пад дождж. На зернесушылцы пазменна працуюць Андрэй Асташонак з Леанідам Брылёвым і Уладзімір Васілеўскі з Анатоліем Акуневічам. Зерне ад камбайнаў паступае з вільготнасцю ад 10 да 20 працэнтаў. Канечне, пры большай вільготнасці патрабуецца і большая колькасць пячнога паліва для сушкі. Тым не менш, стараемся выконваць гэты працэс якасна. Усё зерне адпраўляецца на хлебаперапрацоўчыя камбінаты чыстым і высушаным.

У суседнім з зернесушылкай будынку на агрэгаце “Петкус” працаваў малады спецыяліст гаспадаркі Міхаіл Акуневіч. Пасля заканчэння Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа хлопец вярнуўся ў родныя мясціны. Яго асноўная прафесія — электрагазазваршчык. У час уборачнай кампаніі займаецца чысткай зерня на насенне. Як сказала нам намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Ніна Генадзьеўна Буда, Міхаіл вельмі старанны работнік. Агрэгат “Петкус” ён асвоіў яшчэ тады, калі старшакласнікам у час летніх канікул працаваў у гаспадарцы.

Каля вёскі Ямна ўборкай трыцікале на КЗС-1218 займаўся Віктар Мацкевіч. Спыніўшыся пад чарговую разгрузку, камбайнер крыху пагутарыў з намі.

— Гэта мая трыццатая па ліку ўборачная кампанія, — кажа Віктар. — Яшчэ ў маладосці пачынаў убіраць збажыну на СК-4, затым былі “Ніва”, “Дон”. Вось ужо дзясяты сезон працую на КЗС-1218. У розныя гады па-рознаму даводзілася намалочваць, але тысячны рубеж у тонах яшчэ не пераадольваў. За ўчарашні дзень намалаціў дзесяць бункераў зерня. Сёння яшчэ толькі два. Дождж не дазваляе больш.

І сапраўды, капрызы надвор’я ўносяць свае карэктывы ў работу хлебаробаў. У час нашай паездкі па гаспадарцы яе кіраўнік Міхаіл Мікалаевіч Якімовіч сказаў, што праца аграрыяў з’яўляецца працай у цаху пад адкрытым небам. І з гэтым выказваннем нельга не пагадзіцца. Шмат што залежыць ад “нябеснай канцылярыі”. Марознай і бясснежнай зімой могуць загінуць азімыя культуры. Вясной, калі насенне загортваюць у глебу, часта здараецца засуха. Нават, калі ўраджай вырасце добрым, могуць пайсці працяглыя дажджы, якія не дазволяць якасна і ў поўным аб’ёме сабраць яго з палёў. Але праца аграрыяў ніколі не была лёгкай і, калі хочаш, каб зямля-карміцелька шчодра падзялілася восенню сваім вырашчаным ураджаем, трэба прыкладаць для гэтага максімум намаганняў. На гэта і скіравана работа кожнага працаўніка ААТ “Ельня-Агра”, ад механізатара і палявода, да галоўнага агранома і кіраўніка сельгаспрадпрыемства.

Сяргей РАЙЧОНАК.

691 (Копировать) 702 (Копировать)

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика