Людзі былi i застаюцца галоўным багаццем. 21.by

Людзі былi i застаюцца галоўным багаццем

08.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Неаднаразова даводзiлася чуць, што ў вёсцы пануе "кадравы голад". Насамрэч у большасцi (!) сельскагаспадарча-вытворчых кааператываў, як высветлiлася, з колькасцю работнiкаў iстотных праблем няма. Праблема ў iншым — у iх якасцi.  

   

"З "зялёным змеем" змагаемся да апошняга"

— На днях разлiчыў работнiцу, якая разам з сям'ёй прыехала да нас са Стаўбцоўскага раёна, — расказвае старшыня СВК "Крутагор'е-Петкавiчы", што ў наваколлi Дзяржынска, Леанiд ЧЫЖЫК. — Яна — мацi дваiх дзяцей, аднаму з якiх толькi 5 гадоў — трапiла ў трывалыя путы алкаголю. Што мы толькi нi рабiлi: i прасiлi, i накiроўвалi на прымусовае лячэнне. А яна як пiла, так i п'е. Шкада яе дзетак. Яны ж нi ў чым не вiнаватыя.

П'янства, i тут я не адкрываю Амерыку, — страшная навала для вёскi. Раней злоўжывалi выключна мужчыны, а цяпер, што самае страшнае, спiвацца пачалi мацi i маладыя людзi.

— Вось сёлета да нас на працу прыйшлi з вучылiшча сем маладых спецыялiстаў, — кажа Леанiд Чыжык. — Два з iх паступiлi ў ВНУ, аднаго ж лайдака, якi заявiў, што не хоча працаваць механiзатарам у "калгасе", давялося звольнiць за п'янку.

— Вы можаце сабе дазволiць такую раскошу, як раскiдвацца кадрамi? — цiкаўлюся. — Тым больш падчас крызiсу...

— Па Дэкрэце такiх злосных парушальнiкаў трэба адразу звальняць. Мы ж, спытайце ў любога, спрабуем вырваць работнiка з лапаў "зялёнага змея", за кожнага змагаемся да апошняга. I ведаеце, я не сказаў бы, што сёння ў сельскагаспадарчай галiне ёсць вострая праблема з колькасцю кадраў. Людзей ў вёсцы стала менш, але з увядзеннем сучаснай тэхнiкi столькi, колькi было раней, i не патрэбна.

"Я не сказаў бы, што ў нас праблема з колькасцю кадраў"

I сярод гараджан ёсць тыя, каго вабiць зямля. Шмат жыхароў Дзяржынска прамянялi на яе асфальт. Яны штодзень, хто на ўласным аўтамабiлi, а хто на "калгасным" аўтобусе, прыязджаюць на працу ў СВК "Крутагор'е-Петкавiчы". Едуць уладкоўвацца на працу i людзi з iншых абласцей. З жыллём праблем, дзякуй Богу, няма, штогод будуецца па 5-10 дамоў цi кватэр.

— Нядаўна на нашу абвестку ў iнтэрнэце адгукнулася маладая пара з Браслаўскага раёна, — распавядае кiраўнiк гаспадаркi. — Ёй 29 гадоў, яму — 21. Як толькi я iх ўбачыў, адразу зразумеў, што браць iх нi ў якiм разе нельга. Калi затрымаюцца, то ненадоўга. Маю iнтуiцыю пацвердзiла i працоўная кнiжка хлопца: у такiм маладым узросце ён паспеў памяняць ажно тры месцы працы.

"Кожнаму важна адчуваць сваю значнасць"

На зваротным баку вокладкi запiсной кнiжкi старшынi СВК "Крутагор'е-Петкавiчы" напiсаны "залатыя" словы: "Людзi былi i застаюцца галоўным багаццем. I я ўдзячны Богу за тое, што ён даў мне магчымасць iмi кiраваць". Кiраваць — гэта мастацтва. Да работнiкаў, не важна, галоўны гэта спецыялiст цi даярка, кiраўнiк павiнен ставiцца па-чалавечы. Старацца хвалiць часцей, каб яны адчувалi сваю важнасць.

— Мы штогод праводзiм конкурс на лепшага па прафесii, пераможцы якога атрымлiваюць прэмiю — 10 базавых велiчыняў. Акрамя таго, кожны сумленны работнiк можа разлiчваць на прыбаўку да адпускных — 10 працэнтаў ад асноўнага заробку. Парушальнiкi ж пра прэмiю могуць забыцца.

Майстар ад Бога

У сельскай гаспадарцы без каманднага духу далёка не паедзеш. Важна гэта асаблiва ў сезон, калi ледзь паспееш збожжа ўбраць з поля, як трэба брацца за бульбу, кукурузу, буракi... Прычым правiлы гульнi тут дыктуе надвор'е. Паспееш сёння ўбраць — будзеш з хлебам, не — застанецца толькi локцi кусаць.

— Вось i цяпер тых, хто мае пасведчанне кiроўцы, падключаем да ўборкi кукурузы, работнiкаў жа бухгалтэрыi — да ўборкi яблыкаў у садзе. Калi трэба, людзi працуюць i да васьмi, i да дзевяцi, і нават да дзесяцi гадзін вечара. Я ж, у сваю чаргу, таксама стараюся iсцi iм насустрач. У каго ёсць на тое патрэбна, даю выхадны сярод тыдня.

У СВК "Крутагор'е-Петкавiчы", як i паўсюль, ёсць розныя работнiкi.

— Але большасць, на шчасце, добрыя, — кажа Леанiд Чыжык.

— Вось, напрыклад, майстар-наладчык Уладзiмiр КОПАЦЬ на пару з Леанiдам БАТУРАМ сабралi з ваеннай тэхнiкi i са спiсаных агрэгатаў для гаспадаркi чатыры машыны, — расказвае намеснiк старшынi па механiзацыi Юрый КЛIМАШ. — Яны — майстры ад Бога. Уладзiмiр Копаць, акрамя таго, i на працу ездзiць на самаробным мiнi-трактары, аздобiў уласную сядзiбу зробленымi сваiмi рукамi варотамi з дыстанцыйным кiраваннем, лазняй, дзе ўсё працуе ў аўтаматычным рэжыме.

Мясцовага "самаробкiна" мы знайшлi на кукурузным полi. Праўда, "зорная" хвароба яго не закранула. Сцiплы i нешматслоўны, Уладзiмiр Копаць не любiць сябе расхвальваць.

— У мяне няма вучонай ступенi. За ўсё, што я ўмею, удзячны аднавяскоўцу, якi заразiў мяне сваiм апантаным стаўленнем да тэхнiкi. Я цяпер таксама з радасцю перадаў бы свой вопыт i веды каму-небудзь. Але мясцовая моладзь не цiкавiцца гэтым, на жаль. Ды i наогул у маладых людзей сёння няма той адданасцi сваёй працы, якая характэрная была для майго пакалення.

Маладым — дарогу

Што гэта за салдат, якi не марыць стаць генералам? — любiць паўтараць мой знаёмы. Калi доўга таптацца на адным i тым жа месцы, нядоўга страцiць цiкавасць не толькi да працы, але i да жыцця. Таму, пераканана, работнiк павiнен бачыць перспектыву росту.

Андрэй ЯКАЎЛЕЎ прыехаў у СВК "Крутагор'е-Петкавiчы" чатыры гады таму пасля заканчэння эканамiчнага ўнiверсiтэта. Яго замацавалi за галоўным эканамiстам з саракагадовым стажам.

прыехаў у СВК "Крутагор'е-Петкавiчы" чатыры гады таму пасля заканчэння эканамiчнага ўнiверсiтэта. Яго замацавалi за галоўным эканамiстам з саракагадовым стажам.

— Праца падабалася, але заробак не зусiм задавальняў. Я, як i большасць учарашнiх студэнтаў, хацеў усё i адразу. Ды i сябры падбухторвалi: "Кiдай ты гэту працу i пераязджай у горад". Шчыра прызнацца, жыла ў галаве думка адпрацаваць два гады па размеркаваннi i звольнiцца. Але старшыня памяняў усе мае планы адным махам. Запрасiў у кабiнет i прапанаваў заняць пасаду галоўнага эканамiста. Каляжанцы ж, так як яна дасягнула пенсiйнага ўзросту, у якасцi альтэрнатывы даў магчымасць узначалiць прафсаюзную арганiзацыю. Я, не доўга думаючы, згадзiўся i нiколькi аб гэтым не шкадую. Праўда, прапарцыянальна росту заробку ўзрасла i нагрузка. Удзячны сваёй папярэднiцы, якая i цяпер, калi трэба, робiць мне падказкi.

* * *

Ад каго цi ад чаго залежыць якасць работнiка? Як можна заахвоцiць чалавека працаваць на зямлi i пры гэтым развiвацца? Адказ на пытаннi шукаем разам з рэктарам Iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў АПК БДАТУ Уладзiмiрам ДАШКОВЫМ.

"Добры работнiк з неба наўрад цi звалiцца"

— Развiццё работнiка ў многiм вызначаецца ўзроўнем кiраўнiка, — перакананы Уладзiмiр Дашкоў. — На жаль, большасць з іх забываюцца, як самi, прыйшоўшы на першае месца працы, не ведалi, з якога боку дзверы адчынiць, i пачынаюць "здзiраць з маладога i неспрактыкаванага па тры шкуры". Але перш чым патрабаваць, трэба не адзiн месяц павазiцца з новым работнiкам. Не ўсе кiраўнiкi да гэтага гатовыя. "Не бяда, калi захоча звольнiцца, разважаюць некаторыя, усё адно новага прышлюць". Нядзiўна, што хлопцы i дзяўчаты, адпрацаваўшы 2 гады i не знайшоўшы падтрымкi, нярэдка збягаюць з месца размеркавання. I куды б вы думалi? У iншую гаспадарку, дзе ў iх будуць зацiкаўленыя, але ўжо нефармальна. Для таго, каб хоць нейкiм чынам змянiць сiтуацыю, мы прапаноўваем аднавiць iнстытут настаўнiцтва. Добра было б, каб пры ацэнцы працы кiраўнiка ўлiчвалася i тое, колькi ён падрыхтаваў якасных спецыялiстаў.

Уладзiмiр Дашкоў таксама адзначыў, што сёлета ў БДАТУ павялiчаны набор "мэтавiкаў". Гэта станоўчая тэндэнцыя, бо кiраўнiкi гаспадарак змогуць мэтанакiравана фармiраваць будучую каманду.

"Нельга эканомiць на чалавеку"

— Мне вельмi падабаецца жыццёвая пазiцыя генеральнага дырэктара ААТ "Белавежскi" Камянецкага раёна Юрыя Мароза, якi працуе па прынцыпе, што нельга эканомiць на чалавеку. Укараненне новых тэхналогiй i тэхнiкi патрабуе высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў. Апошнiя, у сваю чаргу, таксама маюць патрэбу ў лепшых умовах жыцця для сябе i сваёй сям'i. Юрый Мароз зразумеў, што для таго, каб замацаваць чалавека на зямлi, трэба павысiць узровень яго жыцця. У яго нават ля фермы кветкі квітнеюць. Самi ж бачыце, што ў добрых гаспадарках i чалавек добра жыве. А калi працуе даярка ў брудзе i атрымлiвае ў канцы месяца 200 тысяч, то i дома нiчога не будзе ладзiцца. У сваю ж гаспадарку трэба таксама ўкладаць грошы, а дзе яна iх возьме?..

Павiнен быць стымул

— У Мiнiстэрстве аховы здароўя функцыянуе сiстэма атэстацыi работнiкаў галiны. У прынцыпе такая сiстэма ёсць i ў Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi i харчавання. Але яна пакуль што слаба працуе. Урачы спачатку праходзяць курс павышэння квалiфiкацыi, а толькi пасля здаюць iспыт незалежнай камiсii, заснаванай Мiнiстэрствам аховы здароўя. У нас жа атэстацыя праводзiцца ў самой гаспадарцы цi, у лепшым выпадку, на раённым узроўнi. I не сакрэт, што калi ў работнiка не вельмi добрыя стасункi з начальствам, на катэгорыю ён наўрад цi зможа разлiчваць. Я думаю, што нядрэнна было б надаць атэстацыi i работнiкаў сельскай гаспадаркi больш сiстэмны характар. Гэта дало б стымул працаваць над сабой, бо сёння цiкавасць да павышэння квалiфiкацыi не перавышае 50 працэнтаў. Палова з тых, хто да нас прыязджае, не зацiкаўленыя павышаць узровень свайго майстэрства. Проста няма канчатковага iнтарэсу. Чаму сярод урачоў конкурс — хто сёлета паедзе на курсы павышэння квалiфiкацыi? Бо ведаюць, што, адвучыўшыся, можна здаць квалiфiкацыйны экзамен i ўзняцца на наступную прыступку. А да спецыялiста вышэйшай катэгорыi, несумненна, i стаўленне iншае. Ды i прыбаўка да зарплаты нiколi не пашкодзiць.

Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неаднаразова даводзiлася чуць, што ў вёсцы пануе "кадравы голад". Насамрэч у большасцi (!) сельскагаспадарча-вытворчых кааператываў, як высветлiлася, з колькасцю работнiкаў iстотных праблем няма. Праблема ў iншым — у iх якасцi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика