Сям'я Кундзiкавых — 32(!) дзiцяцi. 21.by

Сям'я Кундзiкавых — 32(!) дзiцяцi

06.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Трое прыгожых дзетак

Міня — хлопчык з доўгiмi русымi валасамi i блакiтнымi вачыма як у аляняцi з мультфiльма. Ён трапiў у дом Кундзiкавых праз два тыднi ад нараджэння. Яго нарадзiла няпоўнагадовая мацi, якая доўга перацягвалася, таму са здароўем у малога было шмат праблем. Цяжка паверыць, што гэты гарэзлiвы рэкламны прыгажун пайшоў толькi ў два гады. Маргарыта Уладзiмiраўна i яе старэйшыя дзецi няньчылiся, рабiлi масажы, займалiся, а цяпер не могуць налюбавацца на свайго любiмца.

Каця ў 4 гады — рагатушка i шчабятуха. Абаяльнае стварэнне з задорнымi хвосцiкамi расказвае ўсё, што бачыць, спявае i так прыгожа ўсмiхаецца, што на сэрцы цяплее. Вiдаць, будучая артыстка! Яна з няўдалай сям'i: мацi трагiчна загiнула, а бацька недзе ёсць толькi тэарэтычна. Дзяўчынка, якой не споўнiлася i года, жыла спачатку ў бальнiцы, потым у доме дзiцяцi. Адтуль яе забрала Маргарыта Уладзiмiраўна.

Фотаздымкi Асi ў маленстве Кундзiкава паказвае ў сваiм iнтэрнэт-блогу для параўнання — якiм, прабачце, бярвенцам ляжала кiнутая ў бальнiцы 6-месячная малая.

— Яна не ўмела ўсмiхацца i, напэўна, увогуле не ведала, што такое бацькоўскiя рукi, — каментуе Маргарыта Уладзiмiраўна. — Як у Ахматавай: "Калi б вы ведалi, з якога смецця атрымлiваюцца вершы". Калi б вы ведалi, з чаго атрымлiваюцца добрыя дзецi! Часам з нейкага незразумелага камочка. Галоўнае — любiць дзяцей, астатняе дадасца

Агiднасць сацыяльнага сiроцтва

Два дзясяткi гадоў таму, калi ёй было 28, Кундзiкава ўзяла дзяцей. Яна па прафесii — выхавальнiк, i за сваё працоўнае жыццё прайшла шлях ад нянечкi да загадчыцы дзiцячага садка. Мужа Сяргея ведае з дзяцiнства, у шчаслiвай сям'i нарадзiлiся трое дзяцей. Але аднойчы жыццё змянiлася пасля, падаецца, цалкам будзённай падзеi: Маргарыта Уладзiмiраўна з Клiчава паехала ў абласны цэнтр на курсы, дзе трапiла на экскурсiю ў дзiцячы дом.

— Гэта быў нейкi ступар, — узгадвае жанчына свае ўражаннi. — Я сутыкалася з рознымi сем'ямi на працы, але з такой агiднасцю, як сацыяльнае сiроцтва, сутыкнулася ўпершыню. І супала, што на першым тэлемарафоне на карысць дзяцей-сiрот расказалi пра новую форму выхавання — сямейны дзiцячы дом. I ўсё: я заявiла, што буду гадаваць дзяцей.

Трэба было ўзяць для адкрыцця такога дома 5 дзяцей, трое было сваiх, i Маргарыта Уладзiмiраўна спачатку i не думала браць болей. Але прайшло колькi гадоў, i нехта з медыкаў выпадкова сказаў: "У нашым радзiльным доме ёсць дзяўчынка, ад якой адмовiлiся. Не хочаце паглядзець?"

— Такое здараецца толькi ў серыялах, — усмiхаецца яна. — Я заходжу ў раддом i сутыкаюся ў дзвярах з жанчынай. Мы мiла паўсмiхалiся адна адной, прабачалiся, i я пайшла глядзець дзiця. Надзi было 5 дзён, яна была неданошаная, маленькая, нiбы вусень. Я яе, безумоўна, забрала. А мне кажуць: "А вы там Надзiну мацi не сустрэлi? Яна толькi што падпiсала паперы на адмову ад дзiцяцi i выйшла". Так, я яе сустрэла, i больш нiколi не бачыла. А яна кiнула ў раддоме яшчэ дваiх немаўлят.

Жылi ў кацельнi i кароўнiку

Яна нiколi не блытае iмёны сваiх дзяцей, нягледзячы на тое, што iх колькасць перавалiла за тры дзясяткi, i сярод iх чатыры Мiшы ды тры Кацi. Дарэчы, Надзя — адзiная з прыёмных дзяцей, каму Маргарыта Уладзiмiраўна сама дала iмя: Надзея — у гонар яе мацi i светлай надзеi на шчаслiвае жыццё ўсiх яе дзяцей, нават калi насуперак усяму.

Адны дзецi да яе жылi ў кацельнi, iншыя — у кароўнiку, ды елi прама з кармушкi. А, напрыклад, трое дзяцей з адной сям'i трапiлi да Кундзiкавых з Украiны. Там у пажары загiнуў iх бацька, жыць на папялiшчы было немагчыма. Тады мацi, ураджэнка Клiчаўскага раёна, прыехала сюды з дзецьмi i ўладкавалася на ферму даяркай. Аднак аднойчы, 31 снежня, пад Новы год жанчыну збiў аўтамабiль. Дзецi засталiся лiтаральна на вулiцы: iх нават у дзiцячы дом нельга было аформiць, таму што яны не мелi нiякiх дакументаў. Яны толькi плакалi — iм было страшна. Маргарыта Уладзiмiраўна забрала iх i выхавала: старэйшая сястра ўжо пайшла замуж i стала мацi дваiх дзяцей!

Дзецi растуць, i на палiцах з'яўляюцца вясельныя фотаздымкi. Даўно маюць свае дамы, мужоў i дзяцей, але ўсё адно едуць да сваёй мацi.

— У iх, акрамя мяне, няма нiкога, — проста тлумачыць Маргарыта Уладзiмiраўна.

Яны проста не памятаюць сваiх бацькоў, якiя iх пакiнулi адных у тых цi iншых абставiнах. I толькi адна з дзяўчатак аднойчы сказала мацi: "Вось ты мяне ўзяла, а можа ў мяне недзе асабняк ёсць i бацька з "Мерседэсам". Ёй паказалi бiялагiчных бацькоў... — i ўсё.

Прозвiшчы розныя, а сям'я адна

Сямейны дзiцячы дом Кундзiкавых — гэта два вялiкiя дамы, аб'яднаныя пераходам. Тут усё вельмi проста i сцiпла. Пакоi ўпрыгожваюць кветкi i калекцыi мяккiх цацак, на сценах — мастацкiя працы дзяцей. Iх малявалi ды вышывалi старэйшыя дзецi, таму што цяперашнiя больш захапляюцца камп'ютарамi, чым рамёствамi.

У галоўным пакоi — два сучасныя камп'ютары. Адзiн падарылi сябры — Клiчаўская арганiзацыя МНС, а на iншы самi дзецi збiралi грошы: здавалi ягады ды грыбы, складвалi стыпендыi i аддавалi заробкi ад летнiх падпрацовак. Уклад бацькоў — кругласутачны хуткасны iнтэрнэт.

У пакой радасна ўлятае невялiкi чорны сабачка.

— Гэта мой Лунцiк! — радасна крычыць Мiнька.

— Нам падкiнулi яго маленькiм, — тлумачаць дзецi. — А Мiня заўсёды трызнiў пра Лунцiка, героя мультфiльма. Гэта быў нiбыта яго выдуманы сябар. I калi сабачаня падкiнулi, ён сказаў: "Да нас прыляцеў Лунцiк!" Мы казалi, што сабака не вельмi падобны на самога Лунцiка, але Мiня аўтарытэтна заявiў, што гэта брат яго лепшага сябра.

Вы знешне нiколi не адрознiце дзяцей з сямейнага дзiцячага дома Кундзiкавых ад iншых, якiя жывуць у сваiх добрых сем'ях. Самыя маленькiя — ну нiбыта цацкi. Усе дзяўчаткi — неверагодныя моднiцы. "Пакуль я жывая, мае дзецi будуць апранацца не горш за iншых", — адразае Маргарыта Уладзiмiраўна. Гэтыя дзецi, хутчэй, адрознiваюцца ад iншых згуртаванасцю: яны нiколi не даюць крыўдзiць сваiх:

— Калi новае дзiця прыходзяць у сям'ю i нейкiя праблемы ўзнiкаюць, то часта чую: маўляў, што ж ты робiш, прозвiшча ганьбiш? А прозвiшчы ў iх усе розныя... Але сям'я — адна.

Што датычыцца дабрабыту, то такой вялiкай сям'i грошай на ўсё-ўсё, вядома ж, не хапае.

— Але можна жыць па-рознаму: можа не хапаць на iкру, а можа — i на лусту хлеба, — вучыць мудрая Кундзiкава. — Нам хапае на лусту хлеба з маслам. На iкру не хапае, але яна нам i не патрэбная. Мы i кабачковую паядзiм. Нам бы на iншае...

Напрыклад, не хапае грошай, каб вазiць дзяцей на заняткi да мастакоў у Бабруйск для творчага развiцця. Ламаецца мэбля: дзецi скачуць па канапах бясконца. Заробкi выхавальнiкаў i грашовая падтрымка на дзяцей iдзе, у асноўным, на харчы. Яны сям'ёй з'ядаюць штодня 7 кiлаграмаў крупаў i 15 лiтраў супу, выпiваюць пакунак чаю, а на гатаванне страў патрабуецца поўная бутэлька алею. Таму што тазiк гiганцкiх чабурэкаў — гэта толькi невялiкi перакус для вялiкай сям'i.

Праца па Макаранку

Маргарыта Уладзiмiраўна кажа, што трэба не толькi любiць дзяцей, але i ўмець iх выхоўваць. Яна называе сябе мацi-фанатыкам i не проста цягне цяжкую лямку гадавання, а робiць гэта з энтузiязмам i на навукова-педагагiчнай аснове. Яна — шчырая прыхiльнiца педагогаў Антона Макаранкi i Васiля Сухамлiнскага.

— Я Макаранкам у юнацтве зачытвалася i зрабiла для сябе выснову: дзяцей трэба любiць строга, — лiчыць Маргарыта Уладзiмiраўна.

У сям'i Кундзiкавых усё правiльна. Старэйшыя клапоцяцца пра малодшых. Графiк дзяжурстваў — на кухнi. У кожнага на агародзе — свая градка. I гэта не проста нейкая працоўная павiннасць, а кавалак ад агульнай сямейнай адказнасцi.

— Праца — аснова ўсяго, — вучыць мацi. — Калi мы капаем бульбу, то самыя малодшыя ў сваiх цацачных вядзерцах хоць дзве бульбiны, але нясуць. Потым гордым працаўнiкам дранiкi рабiлi з iх бульбiн!

Падлеткi першыя мабiльныя тэлефоны зарабiлi самi сабе, i на самыя наймаднейшыя джынсы таксама.

— А таксама патрабавальнасць, — працягвае знаёмiць з сiстэмай выхавання "паводле Кундзiкавай". — Я нiколi не мяняю свайго слова i не адмяняю пакаранне.

— Так, я спазнiлася дадому — на наступныя выхадныя не пайду гуляць, — уздыхнула адна з дзяўчатак.

— А адна дзяўчынка пакараная тым, што ўжо тры гады не ходзiць на школьныя дыскатэкi, — погляд Маргарыты Уладзiмiраўны цвёрды як сталь. — Была на гэта важкая прычына. Не, яна — залатое дзiця, але пойдзе толькi на выпускны баль. Проста амнiстыi за праступкi ў нас няма.

Радасць па Сухамлiнскаму

Але нягледзячы на дысцыплiну i патрабавальнасць, з твараў дзяцей не сыходзяць усмешкi. Такiя шчаслiвыя твары наўмысна не зробiш.

— Для нас вiтамiн радасцi — гэта мацi, — кажа адна з дзяўчатак.

— Атмасфера радасцi — таму што дзецi дома, — працягвае Маргарыта Уладзiмiраўна. — У нас тут не прытулак, а сапраўдная сям'я. Сухамлiнскi меў рацыю са сваёй школай радасцi. Ён у пасляваенную разруху i жабрацтва вучыў дзяцей iграць на флейце!

Не трэба хлусiць, што жыццё складаецца толькi з радасцяў. Здараецца i ў вопытнай мацi момант, калi падаецца, што ўсе гэтыя клопаты нiкому не патрэбныя i хочацца, як кажа Кундзiкава, выць на Месяц... Што ж, да любовi да дзяцей абавязкова павiнна дадавацца цярплiвасць i ўменне дараваць.

Але ў дом зноў прыходзiць свята. Нядаўна адна з дачок Кундзiкавай пайшла замуж: урачыстасць была дома, усё рабiлi самi i павесялiлiся на славу. Iншая дачка, цяжарная, паспела добра патанчыць на тым вяселлi, а на наступны дзень нарадзiла Маргарыце Уладзiмiраўне яшчэ аднаго ўнука.

Аднойчы ў доме разбiралi старыя сшыткi на макулатуру, i выпадкова мацi знайшла старое сачыненне Ягора, якi атрымаў заданне напiсаць сябру, а ён напiсаў сваiм продкам.

"У кожнай сям'i ёсць радавое дрэва. Наша дрэва магутнае i трывалае. Мноства продкаў у нашым радаводзе праслаўлялi i ўмацоўвалi яго. А цяпер у iм пераплялiся мноства галiнак, адарваных ад iншых радавых дрэваў. Пераплялiся так, што немагчыма зразумець, дзе чые. Прымiце iх, продкi! Дайце сваю сiлу i мудрасць. Няхай новыя парасткi прыносяць радасць i гордасць вам i наступным пакаленням. Каб iх дзецi не засталiся без роду i без племенi".

Памылак у гэтым сачыненнi было мноства, але настаўнiк на ўсю старонку паставiў дзiцяцi вялiзную дзясятку.

Iлона Iванова,

Клiчаўскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міня — хлопчык з доўгiмi русымi валасамi i блакiтнымi вачыма як у аляняцi з мультфiльма. Ён трапiў у дом Кундзiкавых праз два тыднi ад нараджэння. Яго нарадзiла няпоўнагадовая мацi, якая доўга перацягвалася, таму са здароўем у малога было шмат праблем. Цяжка паверыць, што гэты гарэзлiвы рэкламны прыгажун пайшоў толькi ў два гады. Маргарыта Уладзiмiраўна i яе старэйшыя дзецi няньчылiся, рабiлi масажы, займалiся, а цяпер не могуць налюбавацца на свайго любiмца.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика