Трэба прымусiць крызiс працаваць на нас!. 21.by

Трэба прымусiць крызiс працаваць на нас!

30.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Пётр Руднiк на прэс-канферэнцыi падвёў вынiкi першага года працы на пасадзе i паставiў задачы на 2010 год.

Крызiс

Кiраўнiкi адаптавалiся да новых умоў гаспадарання, лiчыць Пётр Руднiк. У снежнi чакаецца павелiчэнне вытворчасцi ў параўнаннi з мiнулагоднiм апошнiм месяцам на 8  %. Запасы гатовай прадукцыi паменшылiся.

Калi абрынуўся крызiс, то на пачатку 2009 года прамысловыя прадпрыемствы ўзялi крэдыты, набылi на iх матэрыялы, вырабiлi прадукцыю i паклалi яе на склад. З наступствамi такiх учынкаў давялося разбiрацца цэлы год.

— Кiраўнiкi прадпрыемстваў, вiдаць, меркавалi, што ў 2009 годзе крызiс скончыцца, i лiтаральна назаўтра ўсе пастрояцца ў чэргi за iх прадукцыяй, — пракаментаваў Пётр Руднiк. — Але немагчыма навесiць на вароты замок i адпачываць у чаканнi лепшай будучынi. Трэба працаваць, дзейнiчаць.

Напрыклад, Крычаўскi завод гумавых вырабаў. Там працуюць 300 чалавек — у асноўным жанчыны. У студзенi — усяго 13 % аб'ёмаў вытворчасцi да леташняга ўзроўню, склад забiты чорным гумавым абуткам, кантракты на традыцыйныя пастаўкi ва ўсходнiя краiны адсутнiчаюць. Аднак завод не спынiўся: з'явiлася новае абсталяванне i прадукцыя, аб'ёмы вытворчасцi да канца года павялiчылiся, запасы паменшылiся.

Па словах кiраўнiка Магiлёўшчыны, найбольш камфортна ў пасткрызiснай сiтуацыi адчуваюць сябе прадпрыемствы, дзе адбылася мадэрнiзацыя:

— На рынку ўзнiклi новыя ўмовы канкурэнцыi. Трэба навучыцца працаваць i прадаваць, асвойваць новыя (няхай i далёкiя) рынкi збыту, рэкламаваць свой тавар i так падаваць яго спажыўцу, каб ён не мог адмовiцца.

Новыя iдэi

Прыкладам таго, як можна прымусiць крызiс працаваць на сябе, старшыня Магiлёўскага аблвыканкама назваў ААТ "Магiлёўхiмвалакно".

На пачатку 2009 года аб'ём вытворчасцi гэтага буйнога прадпрыемства не нашмат перавышаў палову.

— З 9600 працаўнiкоў меркавалi скарацiць 4 тысячы, каб перажыць няпросты крызiсны час, — расказаў Пётр Руднiк журналiстам. — Аднак у гэтыя планы мы ўмяшалiся, i на прадпрыемстве з'явiлася новая прадукцыя — бiядызель, якi ўжо цяпер займае ледзь не 30  % у аб'ёме вытворчасцi "Хiмвалакна". Высветлiлася, што не трэба скарачаць людзей, а вытворчасць у 2009 годзе вырасла значна.

Па падобным антыкрызiсным шляху цяпер iмкнецца пайсцi i ААТ "Белшына". Там у снежнi запрацавала вытворчасць бiядызеля, а ў 2010 годзе завершыцца рэканструкцыя вытворчасцi шынаў для легкавых аўтамабiляў.

Але бiядызель — не адзiная новая iдэя. Пётр Руднiк прапаноўвае развiваць традыцыйныя беларускiя рамёствы, ствараць прадпрыемствы па вырабе палiўных пiлетаў, з кароткага льновалакна вырабляць экалагiчныя будаўнiчыя маты. Новыя вытворчасцi дадуць людзям працу i заробак, а даходы ў бюджэт дазволяць ажыццявiць сацыяльныя праекты.

Грошы

— Нельга эканомiць на заробках, — такое стаўленне Пятра Руднiка.

Сёння сярэднi заробак у 500 долараў, якi прагназуецца напрыканцы наступнага года, шмат каму падаецца не вельмi рэальным. Аднак кiраўнiк Магiлёўшчыны перакананы: "Немагчымае — магчыма". І гэта не проста ўпэўненасць: ён прапаноўвае план дзеянняў.

— Крынiцай павелiчэння заробкаў з'яўляецца эканомiя матэрыяльных i энергетычных рэсурсаў, — сказаў Руднiк. — Падлiчана, што калi зэканомiць 1  % матэрыяльных рэсурсаў, то можна павялiчыць заробкi на 4  %. У прамысловасцi, у галiне машынабудавання эканомiя рэсурсаў у 5  % дасць магчымасць вывесцi заробак на пажаданы ўзровень у 1,5 мiльёна рублёў.

Эканомiя разам з укараненнем новых тэхналогiй — гэта, паводле Пятра Руднiка, рэальны шлях для павелiчэння долi заробку людзей у сабекошце прадукцыi.

Будаўнiцтва

У 2010 годзе ў Магiлёўскай вобласцi плануецца пабудаваць 790 тысяч квадратных метраў жылля. Гэта вельмi значная лiчба, калi ўлiчыць, што ў 2006 годзе рэгiён будаваў напалову менш.

Пётр Руднiк паведамiў, што ў наступным годзе адбудзецца пераразмеркаванне новага жылля: акцэнт будзе рабiцца не на абласным цэнтры, а на малых гарадах i перспектыўных сельскiх паселiшчах.

— Ёсць выпадкi, напрыклад у Чэрыкаўскiм раёне, калi побач з сельскагаспадарчым комплексам, якi запрацаваў, пачынаюць адраджацца закiнутыя вёскi: людзi вяртаюцца, калi ёсць праца, а гараджане актыўна набываюць хаты на лецiшчы там, дзе ёсць жыццё.

Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама звярнуў увагу на новыя ўмовы крэдытавання жылля: першы 10-працэнтны ўзнос адмяняецца, а стаўка крэдыту складае толькi 1 %. Такое льготнае крэдытаванне, лiчыць Пётр Руднiк, будзе па кiшэнi жыхарам малых гарадоў i сялянам. Галоўнае — выконваць прагнозныя паказчыкi i павялiчваць заробкi.

Родная мова

У 2010 годзе ў Магiлёўскай вобласцi будзе рэалiзоўвацца комплекс мерапрыемстваў, накiраваных на прапаганду беларускай мовы.

Мы з вамi — беларусы, хоць у нас прыняты дзве мовы — беларуская i руская, — патлумачыў iнiцыятыву магiлёўскiх уладаў Пётр Руднiк.

Ён падкрэслiў, што сам заканчваў беларускамоўную школу, але пры паступленнi ў тэхнiкум давялося пераходзiць з беларускай на рускую, што было даволi цяжка.

Цяпер на адрас уладаў паступiлi звароты, каб у Магiлёўскай вобласцi паскоранымi тэмпамi пашыралася ўжыванне беларускай мовы. "Я не супраць," — адказаў Пётр Руднiк.

Мерапрыемствы падрыхтаваны i нават узгоднены з Адмiнiстрацыяй Прэзiдэнта. Цяпер па гэтым дакуменце пачынаецца праца.

— У гэтым правiльным кiрунку мы рухаемся, — сказаў старшыня Магiлёўскага аблвыканкама. — Я мяркую, што мы дажывём да таго, што ўсе будзем размаўляць на беларускай мове.

Iлона Iванова. Фота Мiкалая Цiтова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Пётр Руднiк на прэс-канферэнцыi падвёў вынiкi першага года працы на пасадзе i паставiў задачы на 2010 год.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика