Ахвяры лютаўскай паводкі. 21.by

Ахвяры лютаўскай паводкі

10.02.2011 16:53 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ахвяры лютаўскай паводкі

Радыё Свабода
У гэтыя дні на Берасьцейшчыне й Гомельшчыне - зімовая паводка, выкліканая працяглай адлігай. Вада ў рэках хутка прыбывае і шмат дзе падтапіла вясковыя падворкі і нават дамы.



БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

"Мы не патрэбныя гэтай уладзе!"

Каторы год падчас паводкі дамы жыхароў суседніх зь Берасьцем вёсак затапляе вада. Сёлета праблемы пачаліся ўжо ў лютым. Вада ў пойме Буга ў некаторых вёсках падымаецца вельмі імкліва.

Вёска Нэплі, якая знаходзіцца кілямэтраў за пяць ад Берасьця, ператварылася ў вялікае возера, пасярод якога стаяць хаты. Вада з Буга заліла ўсю галоўную вуліцу, прысядзібныя ўчасткі, скляпы.

Тацьцяна, мясцовая жыхарка
, кажа: цяпер сюды і хуткая дапамога не дабярэцца:

"Плаваем тут, хутка тануць пачнем. Цяжка і маладым, і пажылым. Вось так і мучымся тут. Улады ж не жадаюць гэтым займацца. Такое адчуваньне, што мы ім непатрэбныя. Тут пяць кілямэтраў ад гораду, але ўладам мы непатрэбныя. А каму ж мы тады патрэбныя? Хто нам дапаможа? Ніхто, атрымліваецца".

У мінулым годзе каля вёскі несьлі дзяжурства супрацоўнікі МНС, міліцыя. Сёлета такога няма. Вяскоўцы абураюцца, кажучы, што мясцовая адміністрацыя магла б парупіцца, каб вырашыць гэтую праблему, тым больш што абяцаньні дапамагчы гучалі:

"Нам абяцалі пабудаваць мост. Але дзе ён? Дзе грошы, якія былі выдзеленыя на гэты мост? Патрацілі? Трубы паклалі, але ж вада іх зьнесла. Значыць, патрэбны іншыя захады. Што мы так, кожны год будзем жыць? Няўжо ў нас ніякай тэхнікі няма, каб вырашыць праблему? Але ж затое Аляксандар Лукашэнка заклікае ехаць жыць у вёску, кажа, што дапаможа. Дык дапамажыце ж нам. Што ж вы не дапамагаеце?"

Каб уратаваць дом ад паводкі, гаспадар перацягнуў яго на горку

Васіль, жыхар вёскі Нэплі, з дапамогай тэхнікі перацягнуў свой дом на вышэйшае месца, куды вада амаль не падступае:

"Дом перацягнулі трактарамі з дапамогай тросаў, бо ў тым месцы, дзе ён стаяў раней, пастаянна была вада. А так мы паднялі будынак, падклалі тэлефонныя слупы і паціху перацягнулі, як на санках, мой дом сюды".

Васіль кажа, што задаваў пытаньне чыноўнікам пра тое, калі ж будзе вырашана праблема з паводкай. Паводле супрацоўнікаў МНС, толькі ў 2012 годзе плянуецца збудаваць дамбу. Але, кажа Васіль, пляны - адно, а рэальнасьць - зусім іншае:

"Там, дзе цяпер раскапаная дарога, спрабавалі зрабіць мост. Прывезьлі матэрыял, будаўнічы нават. Але праляжалі яны каля дзесяці гадоў, пакуль не расьцягнулі ўсё. Так няма ні мосту, ні дарогі, нічога".

Вяскоўцы кажуць, што вырашыць праблему магчыма. Летам, калі вада спадае, дастаткова пачысьціць раку, правесьці каналы. Многія нават адзначаюць, што самі пойдуць працаваць і дапамагаць у гэтым:

"Дастаткова пачысьціць раку, паставіць трубы. І вада болей ня будзе сюды паступаць. Пазьней насыпаць дамбы, і гэтая рачная вада болей ня будзе нас заліваць".


Кожны год вёску Нэплі каля Берасьця затапляе 


Вада падступае да самаго дому, вяскоўцы рыхтуюцца да горшага

Амаль кожны год вада залівае практычна ўсю вёску

Галоўная вуліца пераутварылася ў даволі глыбокую раку



ГОМЕЛЬШЧЫНА

"Жывем як на высьпе"

Раней зімовая паводкі на Прыпяці не здараліся. Прынамсі, старажылы такога не памятаюць. Сёлета пачатак лютага выдаўся надзвычай цёплы - і рэкі разьліліся. Выйшла зь берагоў Прыпяць.

Гаворыць прадстаўніца Жыткавіцкай раённай мэтэаралягічнай станцыі, якая сочыць за ўзроўнем вады ў Прыпяці ля вёскі Чэрнічы:

"Небясьпечны ўзровень - 500 сантымэтраў. На сёньня ўзровень - 535. Падымаецца вада пакрысе. Крыху раней было 3-4 сантымэтры, цяпер - 1 сантымэтар за суткі. Ёсьць падтапленьні - пакуль невялікія, але яны ёсьць".

Паводле выратавальнай службы, у Жыткавіцкім раёне з прычыны разьліву Прыпяці й Сцьвігі падтоплены звыш 20 прыватных падворкаў і сельскагаспадарчых пабудоваў у 8 паселішчах - Верасьніцы, Поўчыне, Запясоччы, Тураве, Азяранах, Пагосьце, Перарове, Хлупіне.

Цярпяць ад вады й некаторыя падворкі ўздоўж Прыпяці і ў Петрыкаўскім раёне.

"У хляве вада, у гаражы таксама, і бурт з бульбай замачыла"

Скардзіцца спадарыня Анастасія зь вёскі Верасьніца Жыткавіцкага раёну:

"Зусім ужо нас тут затапіла — у хлеў ісьці ці на бераг, то ўжо боты патрэбныя. Тут гараж у нас, і ў гаражы вада, і дзе бульба была на гародзе закапаная. Бульбу ў сенцы перанесьлі ды сушым. Хлопцаў вясковых нанялі, бо мы ўжо старыя, нічога рабіць ня вартыя".

70-гадовая вяскоўка кажа, што на вуліцы Школьнай два дзясяткі сядзібаў нібы на высьпе. Гэтае месца і называюць - "Востраў". Засьцерагчы людзей ад прыпяцкай вады можна было б дамбай, якую ўлады абяцалі ўзьвесьці, але не зрабілі:

"Трэба дамбу зрабіць. Яна ідзе ад Запясочча сюды, да Верасьніцы, і далей дацягнуць яе да шляху, што ідзе на Малішаў. Мы б тады сядзелі спакойна. Дык яны капалі, капалі, абяцалі, абяцалі, а потым хадзілі з паперкамі, што нехта ня згодны. А гэта няпраўда. Калі паводка, то ўсе згодны, каб зрабілі дамбу, каб нас ад вады, ад Прыпяці адгарадзіць. Каб нам спакойна было, пакуль мы будзем жыць".

Вуліца Першамайская - найбольш праблемная


Спадарыня Надзея зь вёскі Запясочча таго ж Жыткавіцкага раёну таксама жыве на праблемнай вуліцы, якая завецца Першамайскай. Пэнсіянэрка нават газэты адмовілася выпісваць, бо паштальёнам складана ўжо дабірацца да яе хаты. І самой ёй таксама няпроста:

"Вось яшчэ ноч - і выйсьці няможна будзе нават па хлеб. Так і сяджу - ніхто не прыйшоў, не намасьціў. Мосьцяць там, дзе іншым разам і ня трэба, а мне - ніколі. Мы ўсё жыцьцё масьцілі тут, пабудаваліся - цяпер дзед мой памёр. Машыны менскія, што працавалі тут, пазвалакалі ўсё, раздратавалі ды зрабілі балота. Тут з краю хата стаіць, трэба было падсыпаць ля яе. У тым годзе так і дамаўляліся. А куды грошы падзелі, што не зрабілі? Вада калі пачала прыбываць, то прама сюды".



Тым часам Міністэрства надзвычайных сытуацый у сваёй апэратыўнай зводцы паведаміла, што на сёньня ў раёнах Берасьцейшчыны й Гомельшчыны падтоплена больш за 230 падворкаў, а таксама 200 садовых участкаў, сто скляпоў, некалькі ўчасткаў дарог. Пра выезды ратавальнікаў на дапамогу ў пацярпелыя ад паводкі вёскі афіцыйнай інфармацыі няма.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтыя дні на Берасьцейшчыне й Гомельшчыне — зімовая паводка, выкліканая працяглай адлігай. Вада ў рэках хутка прыбывае і шмат дзе падтапіла вясковыя падворкі і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика