Пенсіянеры вынайшлі, як за дзень зарабіць "надбаўку". 21.by

Пенсіянеры вынайшлі, як за дзень зарабіць "надбаўку"

03.06.2011 13:45 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пенсіянеры вынайшлі, як за дзень зарабіць "надбаўку"

Тут і цяпер
Упершыню пасля выбараў-2010 улада раскашэлілася і павысіла пенсіі. Аднак пенсіянеры ўсё адно шукаюць, дзе зарабіць лішні рубель. Прычым не заўсёды законным чынам.
 
Рост коштаў асвяжыў памяць беларускіх пенсіянераў. Зараз яны ашчаджаюць па-савецку, робяць бізнес па-гарбачоўску ды працуюць па-прыгонніцку. Пенсіянеры вынайшлі, як за дзень зарабіць столькі, колькі Лукашэнка прыбавіў на месяц.

Надзея гоніць самагонку, каб дапамагаць унукам ды сыну, які хутка выйдзе з турмы. Ганна а пятай ранку збірае ў лесе ландышы, каб зарабіць на лекі. Марыя ў абед ходзіць на Камароўку "пакаштаваць" сальтысон. Лукашэнка заве іх нямоглымі, а беларускія пенсіянеркі і без яго знайшлі спосаб выжыць.
 
Ландыш серабрысты 
 
80 тысяч, на якія Лукашэнка падняў пенсіі беларусам, 70-гадовая выкладчыца з Баранавічаў зарабляе за дзень — Ганна Сцяпанаўна гандлюе ландышамі. Да пенсіі жанчына працавала выкладчыцай у баранавіцкім каледжы. Кошт на яе кветкі стабільны — максімальна 4 тысячы. Рост коштаў на ежу пенсіянерка не паспявае адсочваць.
 
Ганна Сцяпанаўна прачынаецца а чацвёртай раніцы ды шыбуе на слабенькіх нагах да бліжэйшага лесу. А шостай з Баранавічаў выязджае электравік на Мінск. Па дарозе пенсіянерка вяжа букеты. Каля дзевяці яна дабіраецца да працоўнага месца — да падземнага пераходу на станцыі метро "Плошча Якуба Коласа". Трымаючы ў руках букецік, перавязаны суровай ніткай, жанчына тлумачыць:
 
— Букецікаў 20 прывожу. Глядзіце, якія прыгожыя! Так да абеду і прадаю, а потым назад. Цяжка, канешне, а што рабіць? Дзеткі, не дай бог нікому такога... Во глаўкома ў мяне, хадзіць цяжка. А дзецям, унукам дапамагаць трэба. Усюды ўсё даражэе, во і прыходзіцца працаваць.
 
На будучыню Ганна Сцяпанаўна мае канкрэтны план: "Ландышы адыдуць, грыбы, ягады пачнуцца, і так да зімы ажно".
 
Падтрымайма "нямоглых"
 
— Бедных трэба падтрымаць, нямоглых трэба падтрымаць, — у такіх выразах Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў павышэнне пенсій на нядаўняй нарадзе з урадам.
 
Гэтая заява тычыцца больш як чвэрці беларусаў. У краіне 2 мільёны 469 тысяч чалавек атрымліваюць пенсію па ўзросце. У сярэднім на чалавека прыпадае 120 долараў, або 612 тысяч. Прэзідэнцкім указам з 1 чэрвеня пенсіі выраслі прыкладна на 13,4% — гэта каля 16 долараў, або 80 тысяч.
Пенсіі павысілі на фоне девальвацыі ды імклівага росту коштаў. Паводле Белстата, за 4 месяцы 2011 года харчаванне падаражэла на 22%: больш за ўсё бульба, крупы, алей, цукар, агародніна ды фрукты.
 
Эканаміст Сяргей Чалы адзначае, што такая індэксацыя не кампенсуе пенсіянерам страт ад росту коштаў:
— Рэальных грошай у краіне няма, каб забяспечыць хаця б гэтыя датацыі пенсіянерам. Верагоднасць таго, што будзе запушчаны друкавальны станок, надзвычайна высокая. Аднак потым кошты непазбежна павысяцца зноў. Адно, чаго можна дабіцца такімі захадамі, дык гэта яшчэ больш раскруціць махавік інфляцыі. Відавочна, што зараз не гэта з'яўляецца першачарговай праблемай для ўлады.
 
Пра мэты павышэння пенсій гаворыць эканаміст Аляксандр Сінкевіч:
— Многія называюць гэта танным папулізмам, бо такія крокі стрымліваюць сацыяльны выбух у грамадстве, які можа адбыцца ў выніку валютнага і коштавага шоку. Таму гучныя заявы кіраўніка дзяржавы скіраваны на тое, каб знізіць сацыяльную напружанасць у грамадстве. Але гэтыя захады толькі разцягваюць у часе крызісны перыяд.
 
Адчайная гаспадынька
 
Надзея Пятроўна з Гомеля ў свае восемдзесят гадоў мае сына, які неўзабаве вызваліцца з турмы, ды ўнукаў, што засталіся ў яе на руках. Да пенсіі працавала на вагонарамонтным заводзе, а зараз гне спіну на лецішчы — вырошчвае бульбіну ды агуркі.

Пенсія ў Надзеі Пятроўны каля 600 тысяч. Яе ледзь хапае на камунальныя плацяжы, ежу ды лекі. Фінансавую дабаўку жанчына атрымлівае з продажу самагонкі, якую вырабляе сама па найлепшым рэцэпце.
 
— Усе кампаненты натуральныя, працэс сама кантралюю, атрымліваецца выдатны прадукт, — хваліцца Надзея свамі таварам. — Бутэльку на вёсцы можна прадаць тысяч за сем, але зараз на гарэлку, цукар кошты выраслі, дык думаю таксама павысіць...
 
У Гомелі Надзея Пятроўна мае кватэру, якую цяпер здае. Перавагу аддае студэнтам-завочнікам, бо яны часта мяняюцца, і грашовы абарот больш хуткі. Пакой каштуе 15 тысяч на чалавека за суткі. За двухтыднёвую сесію на дваіх студэнтах можна зарабіць 420 тысяч рублёў, на траіх — 630.
Адміністрацыйны штраф можна атрымаць як за першы, так і за другі занятак — незаконны продаж алкагольных вырабаў ды ўхіленне ад падаткаў. На шчасце, Надзеі Пятроўне неяк удаецца пазбягаць непрыемнасцей з законам.
 
Чорны дзень наступіў
 
Жыццё прывучыла пенсіянераў разлічваць толькі на сябе ды не жадаць замнога. Людміла кажа, што пенсія яе цалкам задавальняе. Наша размова адбылася, калі жанчына вярталася з базару, дзе купіла некалькі кіло агуркоў са зніжкай — па 3 тысячы (сярэдні кошт таго дня — каля 10 тысяч).
— Мне пенсіі 700 тысяч цалкам хапала б, каб я жыла адна, — кажа Людміла. — За кватэру тысяч 120, на ежу частку, нават заставалася б. А я з сынам жыву, то яго заробак малы — працуе кантралёрам у краме за 600 тысяч.
 
Людміла прызнаецца, што ёй не трэба нічога надзвычайнага: адзення з маладосці назбіралася шмат, упрыгажэнні ёсць. Калі якія штаны запатрабуюцца, то можна купіць на базары — там танней. Падарожнічаць ды па санаторыях адпачываць жанчына не імкнецца.
 
Яшчэ адна пенсіянерка — Тамара — 28 гадоў працавала настаўніцай у вясковай школе. Зараз атрымлівае каля 550 тысяч. У Рагіні Буда-Кашалёўскага раёна жыве разам з мужам, прычым толькі на яго пенсію. Старыя дапамагаюць грашыма сыну, які пасля смерці жонкі застаўся з дзіцем ды нявыплачанымі крэдытамі.
 
Тамара ўжо прызвычаілася да цяжкасцей:
— У шасцідзясятых дзецям не было чаго даць паесці — ні мукі ў краме, ні крупы. Праўда, Хрушчоў з крызісу хутка выйшаў, але гэта зрабіла мяне запаслівай. Ад тых часоў маю звычку трымаць колькі кілаграмаў круп, цукру, солі, мукі.
 
У трох вялікіх алюмініевых бідонах трымае Тамара запасы на чорны дзень. А чорны дзень надыходзіў пасля Хрушчова двойчы: падчас перабудовы і ў канцы дзевяностых. Ды хіба што цяпер зноў настаў.
 
На ўсе цяжкасці Тамара мае адну параду — працаваць, сябе не шкадуючы. І зараз, калі ёй за семдзесят, яна ад святла да цемры корпаецца на агародзе:
— Канешне, крыўдна, што маладая была — працавала, і на пенсіі во даводзіцца. Але ж у такой краіне мы жывём...
 
У якой краіне мы жывем
 
Камароўскі рынак — царства кантрастаў. На прылаўку з вяндлінамі ззяюць цэннікі — 33, 40, 45 тысяч за кіло мяса. З іншага боку чаргі падыходзіць нізенькая бабулька з добрымі вачыма. Яна просіць гандлярку даць ёй пакаштаваць сальтысон. Бабулька ды гандлярка знаёмыя: "Марыя, бач, якая чарга, пачакай крыху,— кажа гандлярка. — Глядзі, колькі смакаты навезлі! Кілбасы вось хочаш?"
 
Праз колькі метраў ад вяндліны пачынаюцца прылаўкі з марскімі далікатэсамі. Каля іх паволі шаркаюць нагамі дзве пенсіянеркі: "Яны што, здзекваюцца з нас? Ну што такое трынаццаць працэнтаў?! На базар раз схадзіць, ды і то не хопіць". І жанчыны мінаюць вітрыну з марынаванымі васьміногамі па 200 тысяч за кілаграм. 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню пасля выбараў-2010 улада раскашэлілася і павысіла пенсіі. Аднак пенсіянеры ўсё адно шукаюць, дзе зарабіць лішні рубель. Прычым не заўсёды законным чынам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика