Рабіць дабро і атрымліваць за гэта льготы хоча беларускі бізнэс. 21.by

Рабіць дабро і атрымліваць за гэта льготы хоча беларускі бізнэс

14.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра сацыяльную адказнасць бізнэсу перад грамадствам сёння гавораць на ўсіх узроўнях. Кампаніі і прадпрыемствы, аб'яднанні і фонды інфармуюць грамадскасць аб тым, якую дабрачынную або спонсарскую дапамогу яны аказваюць дзіцячым дамам, установам адукацыі і культуры, людзям, якім патрэбна медыцынская дапамога. Яны шчыра лічаць, што гэта і ёсць сапраўдная сацыяльная адказнасць перад грамадствам, не ведаючы, што акрамя дабрачыннасці і спонсарства, маюцца і іншыя формы дапамогі, фінансава менш затратныя, але яны таксама прыносяць рэальную карысць канкрэтным асобам, групам і грамадству ў цэлым; напрыклад, валанцёрства, дабрачынны маркетынг і г.д.

Пра гэта ішла размова на ток-шоу "Праект 1%: Права на сацыяльную адказнасць", арганізаваным фондам "Ідэя". Удзел у ім прынялі прадстаўнікі бізнэс-кампаній, грамадскіх арганізацый, дзяржструктур, а таксама СМІ. У ходзе рознабаковай дыскусіі быў не толькі абазначаны шэраг ключавых праблем у сферы "сацыяльнага" заканадаўства, але і прапанаваны магчымыя шляхі іх рашэння.

Віктар Радзькоў, дырэктар па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці фонду "Ідэя":

— Галоўная мэта любога прадпрыемства — прыносіць прыбытак. Аднак кампаніі, якія ідуць далей і вырашаюць аказваць дапамогу грамадству ў той ці іншай форме, сутыкаюцца з праблемай — аказаць яны яе сёння ў Беларусі могуць толькі з чыстага прыбытку, а значыць, толькі ў пэўны перыяд, пасля выплаты ўсіх падаткаў. А што рабіць, калі дапамога патрэбна аператыўна? Мы хочам рабіць агульную добрую справу і хочам, каб рабіць яе было проста: без лішніх нарматыўных актаў, без складанай справаздачнасці. Мы хочам спрасціць сітуацыю.

Таісія Ялецкіх, галоўны дарадца ініцыятывы ААН "Глабальны дагавор":

— Дзяржаве важна матываваць і стымуляваць бізнэс, уносіць большы ўклад ва ўстойлівае развіццё грамадства. Так, няправільна будзе абкладаць бізнэс, які вырашае пэўныя сацыяльныя задачы, дадатковымі падаткамі. Таксама сёння дзяржава пазначае напрамкі аказання спонсарскай дапамогі. Гэта значыць не я вызначаю, на якія грамадска карысныя мэты я хацела б аддаць грошы, а гэта дыктуе мне дзяржава. У сусветнай практыцы фармулёўка іншая: любыя расходаванні на грамадска карысныя мэты льгатуюцца па пэўнай сістэме. Да таго ж, наша дзяржава дае падатковыя льготы, толькі калі ты займаешся дабрачыннай дзейнасцю ў дачыненні да дзяржустаноў. А калі я хачу рэалізаваць дабрачынны праект з некамерцыйнай арганізацыяй? У рамках існуючай заканадаўчай базы я магу гэта рабіць толькі з чыстага прыбытку.

Шмат складанасцяў і з дзяржпрадпрыемствамі. Аказанне любой дапамогі трэба ўзгадняць са сваімі міністэрствамі, і гэтым ніхто не хоча займацца. Пасля трэба яшчэ даць справаздачу, падрыхтаваць шмат дакументаў і адказаць на магчымыя пытанні з боку падатковай інспекцыі. Усё гэта вельмі перашкаджае развіццю карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.

Вольга Смалянка, юрыст, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі:

— Я павінна, перш за ўсё, сказаць, што заканадаўства — гэта не панацэя. Важныя — практыка і жаданне. Заканадаўства ж накіравана на стымуляванне працэсу. Ва ўсіх краінах Еўропы гэтае пытанне вырашана. Вырашаецца яно і на постсавецкай прасторы. У Беларусі на сёння існуе велізарны пералік нарматыўных актаў, якія так ці інакш рэгулююць пытанні сацыяльнай адказнасці. У нас цяпер адбываюцца кропкавыя станоўчыя змены ў заканадаўстве. Аднак для таго, каб стымуляваць развіццё карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, трэба мець сістэмнае бачанне, канцэпцыю ўдасканалення заканадаўства. У нас да гэтага часу не існуе заканадаўчага азначэння, што ж такое "дабрачынная дзейнасць", "дабрачынныя арганізацыі" і інш. Аднак закон не будзе працаваць, калі мы гэтыя азначэнні проста сфармулюем — неабходны змены ў Падатковым Кодэксе РБ, у некаторых падзаконных актах.

Міхаіл Собаль, дырэктар Міжнароднай грамадскай дабрачыннай арганізацыі "Надзея-Экспрэс":

— Што тычыцца грамадскіх арганізацый, я хацеў бы адзначыць, што ў многіх з іх няма належнай адкрытасці і празрыстасці, якая дазваляла б фарміраваць давер з боку бізнэсу, грамадства і дзяржаўных структур да нашай дзейнасці. Магчыма, наш сектар мае патрэбу ў распрацоўцы нейкага "Этычнага кодэкса", які б задаваў формы і правілы паводзін грамадскіх арганізацый.

Наталля Злотніцкая, галоўны спецыяліст па фандрайзінгу сакратарыята Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа:

— У сферы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ёсць разавыя акцыі, а ёсць устойлівыя партнёрскія адносіны. І ў гэтым выпадку няправільна будзе спаганяць падатак з арганізацыі, якая адлічвае грошы на дабрачыннасць. У шэрагу еўрапейскіх краін рашэнне знойдзена — 1% ад свайго даходу, які не абкладаецца падаткам, кожная бізнэс-структура вылучае на дабрачыннасць. І існуе зацверджаны рэестр надзейных і правераных грамадскіх арганізацый, з якіх бізнэс выбірае адрасата сваёй дапамогі.

Наталля Маханько, дырэктар Міжнароднага дабрачыннага фонду дапамогі дзецям "Шанц":

— У 2010 годзе я была ўключана ў працоўную групу па распрацоўцы заканадаўчага акта ў галіне дабрачыннасці. Адной з нашых прапаноў стала ўнясенне змяненняў у Падатковы кодэкс РБ і павелічэнне льгот пры падаткаабкладанні на прыбытак да 10% пры аказанні дапамогі дзяржаўным арганізацыям. Згодна з падатковым заканадаўствам, яшчэ ў мінулым годзе льготы былі не больш за 5%. У студзені 2012 года былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Падатковы кодэкс Беларусі і прыняты льготы да 10%. Аднак і тут засталося абмежаванне — льготы дзейнічаюць у выпадку, калі гэтая дапамога перададзена бюджэтным арганізацыям, рэлігійным арганізацыям і тром грамадскім аб'яднанням — Беларускаму таварыству інвалідаў, Беларускаму таварыству глухіх і Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку. Увесь астатні грамадскі сектар і бізнэс ільгот пакуль не маюць.

Р.S.<І> Заканадаўчае рэгуляванне ў сферы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Беларусі мае патрэбу ў сістэмным падыходзе — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі ток-шоу. Рэкамендацыі, сфармуляваныя па выніках форуму, будуць перададзены рабочай групе ў рамках Нацыянальнай платформы бізнэсу-2012, у якой распрацоўка законапраекта ў сферы сацыяльнай адказнасці з'яўляецца адным з ключавых пытанняў.

Святлана БУСЬКО

КАМЕНТАРЫЙ

Зінаіда Мандроўская, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў:

— Сацыяльныя праекты сёння вельмі запатрабаваныя. І хачу адзначыць, што эканоміка Беларусі ўжо цяпер з'яўляецца больш сацыяльна арыентаванай, чым у суседніх краінах. У рэспубліцы створана заканадаўства, якое сур'ёзна падтрымлівае і стымулюе развіццё прадпрыемстваў, якія прадастаўляюць працоўныя месцы людзям з інваліднасцю. Прадстаўнікі бізнэсу наракаюць на высокія падаткі, якія стрымліваюць яго сацыяльную актыўнасць. Але варта адзначыць, што сёлета гэты аспект быў улічаны дзяржавай, паколькі падатак на прыбытак знізіўся з 24% да 18%. Акрамя таго, прыватныя кампаніі атрымалі дадатковыя стымулы для развіцця ў сувязі з фарміраваннем адзінай мытнай прасторы. Ільгатуецца прыбытак кампаній пры падтрымцы рэлігійных і бюджэтных арганізацый.

Існуе вялікая колькасць заканадаўчых дакументаў, якія рэгулююць сацыяльную актыўнасць — гэта і Грамадзянскі кодэкс РБ, і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 300 "Аб прадастаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі", і Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2003 года № 24 "Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі" і інш. Аднак магу пагадзіцца з тым, што гэтым дакументам не хапае сістэмнасці. І праца па спрашчэнні павінна быць праведзена. Больш за тое — яна ўжо вядзецца. Вырашаецца пытанне з падаходным падаткам, які спаганяецца з ахвяраванняў прыватным асобам, ставіцца пытанне аб прадастаўленні крэдытаў на льготных умовах кампаніям, якія займаюць сацыяльна адказную пазіцыю і рэалізуюць грамадска значныя праграмы. Але, на мой погляд, сур'ёзнай асновай для хуткага паступальнага рэфармавання заканадаўства ў бок лібералізацыі ў гэтай галіне з'яўляецца празрыстасць дзейнасці грамадскіх арганізацый..

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра сацыяльную адказнасць бізнэсу перад грамадствам сёння гавораць на ўсіх узроўнях. Кампаніі і прадпрыемствы, аб'яднанні і фонды інфармуюць грамадскасць аб...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика