Адчыняйцеся, нябёсы, Юр'я ідзе!
05.05.2012
—
Новости Общества
|
"Да подай, маці, ключы Небеса атварыці, Да росаньку спусціці: На новае лета, на зялёнае жыта, На жыта, на пшаніцу, На ўсяку пашніцу...." Яшчэ да першага выгану каровы за вароты ў поле ў Іванавай Слабадзе жанчыны водзяць карагод і спяваюць юраўскія песні. А першы выган адбываўся 6 мая, якраз на Юр'я: "Ой, што ж карагод Сам Бог напярод. Дзе карагод ходзіць — там жыта родзіць, А дзе не бывае — То там палягае..." Юраўскі карагод у гэтым куточку Убарцкага Палесся — не проста малітва, звернутая да паганскага бога, які адмыкае зямлю і спрыяе земляробству, а сапраўднае рытуальнае дзейства. Вось што спяваюць-замаўляюць здавён у вёсцы, выганяючы "тавар": "Ідзі, кароўка, у поле, Зялёную траву паядай, Юр'еву расу папівай. А ты, Юр'я, з таварам хадзі, Стада глядзі, Разам з таварам дамоў ідзі!" Рытуальнымі дзеянням-просьбамі гаспадыні нібы баранілі ад нячыстай сілы сваіх дойных карміліц: "На разыходных дарогах Будзе стаяць ведзьмярыха — Вялікая дойніца. Рожкамі адкаліся, Ножкамі адбрыкніся, Хвосцікам адмахніся — К сабе вядзьмарку не падпусці, Нясі свой удой дамоў..." Штогод 6 мая па традыцыі ладзяць вясновага (галоднага) Юр'я на вясковых скрыжаваннях і ў полі, дзе буйна ўзыходзяць пасевы. Лічаныя вёскі ў Беларусі захавалі прыгожую і відовішчную спеўна-карагодную традыцыю святкавання Юр'я. Сярод іх Іванава Слабада, у якой абрад уключае нашэнне ўпрыгожанай ёлкі і чырвонай хусткі-сцяга.
"Чырвоны "сцяг" сімвалізуе жыта, якое красуе ў полі, а яшчэ бароніць пасевы ад навальніц, граду і дажджоў, — тлумачыць сэнс карагодных сімвалаў Вольга Карась. — Няхай гэтак каласочкі на жыце шумляць, як коснічкі на ёлцы зіхацяць". Пасля карагоду ўпрыгожаную ёлку пакідаюць у полі як ахвяру дзеля ўрадлівасці, добрых ўсходаў і багатага ўраджаю, на які спадзяецца кожны гаспадар. А гурт жанчын крочыць ад хаты да хаты, не толькі спяваючы пад вокнамі, каб атрымаць традыцыйныя яйкі і бліны, але і каб падняць настрой "крывымі" танцамі — "баціначкамі" і вясёлай спеўнай гульнёй "вароты". Вясковы гарманіст Рыгор Карась дае такога жару, што ногі самі просяцца ў скокі. Сёння ў Іванавай Слабадзе галоўнымі захавальнікамі і Юр'еўскага, і іншых старажытных абрадаў з'яўляецца заслужаны аматарскі калектыў "Журавінка". Захоўваючы песні, рамёствы, традыцыйны касцюм, удзельніцы самадзейнасці захоўваюць, без перабольшвання, душу вёскі, яе твар. Захаванне абрадаў ніколькі не пярэчыць сучаснаму жыццю, у якім хутка нівелююцца і знікаюць рысы самабытнасці нават такога багатага рэгіёна, як Палессе. І няхай сабе карагод на Юр'я ў Слабадзе не выконвае цяпер тых сэнсавых гаспадарчых функцый, якія былі раней, заўтра вясковая раніца абудзіцца ўсё тымі ж адвечнымі словамі: "За чэрэтам зеляненькім Ляжыць ралля не арана, Не арана, не пахана. Па той раллі ходзіць панна..." Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Лельчыцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ да першага выгану каровы за вароты ў поле ў Іванавай Слабадзе жанчыны водзяць карагод і спяваюць юраўскія песні. А першы выган адбываўся 6 мая, якраз на Юр'я:
|
|