Зімовы паход у беларускую пячору. 21.by

Зімовы паход у беларускую пячору

01.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Аляксей Бука любіць гатаваць.

Удзельнікі турыстычнага клуба “Чарапашкі” перад святамі вярнуліся з паходу па Глыбоцкім раёне, у якім яны наведалі сапраўдную пячору.

Паход пачаўся з прыпынку “Палевачы”. Ад яго ідзе дарога праз незвычайную вёску Празарокі. Першая адметнасць, якую я заўважыў, былі львы на плоце насупраць адной з хат. Злева ўдалечыні віднелася царква. Пасярод вёскі ля сельсавета стаіць арыгінальны помнік ахвярам Айчыннай вайны 1941-1944 гадоў у выглядзе абвугленых слупоў хаты.

Далей мы ўбачылі стэлу з барэльефам Ігната Буйніцкага (1861-1917), заснавальніка сучаснага беларускага тэатра. Справа ад дарогі стаяць дзве крамы з назвай старажытных беларускіх грошай “Талер” і “Дукат”, побач з якімі знаходзіцца касцёл з чырвонай цэглы. Мяне ўразіла добразычлівасць мясцовых жыхароў, яны звярталіся да нас, давалі парады. Мы шлі праз вёскі Шалушына, Саннікі, Косарыва. Гэтыя вёскі паціху выміраюць. Пра гэта сведчыць парослае зялёнай травой буслінае гняздо на коміне адной з хат, звонку яшчэ добрай. Але складвалася ўражанне, што жыццё тут ідзе сваім ходам, не азіраючыся на чалавека.

Хто бачыў гэтыя цудоўныя краявіды, будзе імкнуцца вярнуцца сюды зноў. Дарога збягала ўніз, а потым падымалася на ўзгоркі, на адным з якіх мы і ўбачылі чароўнае возера. Нягледзячы на шэры і змрочны дзень, яно вабіла сваёй чысцінёй і глыбінёй. Дарэчы, возера Гінькава займае трэцяе месца па глыбіні ў Беларусі: найбольшая глыбіня 43,3 метра.

Па стромкіх берагавых схілах праз гушчар хмызняку, праз мокрыя яры ўсё ж змаглі адшукаць прыдатнае для стаянкі месца. Далей пачаліся бівачныя работы: збіранне дроў, распальванне вогнішча, усталяванне намёту. Пакуль мы адпачывалі, ноччу ішоў снег. І елкі вакол возера надзелі сваё зімовае ўбранства. Раніцай наступнага дня мы пайшлі шукаць пячору. Як нам паведамілі мясцовыя жыхары, некалі іх тут было шмат, і жылі людзі.

Але, дбаючы пра бяспеку няўрымслівых даследчыкаў, навукоўцы-археолагі абвалілі тыя пячоры. З цяжкасцю, але нам удалося адшукаць адну адтуліну ў зямлі. Праход вузкі, пралезці можна толькі па-пластунску. Усярэдзіне маленькі і нізкі пакойчык на некалькі чалавек. Зверху звісаюць кангламератныя ўтварэнні фантастычных формаў.

Углыб пячоры вядуць вузкія хады, праз якія можа прасунуцца толькі невялікая жывёліна. Верх пячоры мае пражылкі чорнай зямлі, гэта сведчыць пра небяспеку абрушэння. Магчыма, мы былі апошнія, хто сюды наведаўся. Але вылазіць з яе не хацелася. Напэўна, пячоры ля в.Рэчкі Вілейскага раёна маюць падобнае паходжанне.

Надышоў час вяртацца. Зваротны шлях быў цяжэйшы, бо выпаўшы снег зрабіў гліняную сцежку слізкай, месцамі непраходнай (там-сям “лавілі зайцоў”, г.зн. падалі).

Возера не хацела адпускаць, гэта адчувалі ўсе. Ад паходу са мной засталіся толькі добрыя ўражанні і фатаграфіі.

Мікіта СТАНКЕВІЧ,
вучань 10 ”А”класа вілейскай гімназіі №2,
сябра турысцкага клуба “Чарапашкі” Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Фота забяспечана Міхаілам Петухам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Удзельнікі турыстычнага клуба “Чарапашкі” перад святамі вярнуліся з паходу па Глыбоцкім раёне, у якім яны наведалі сапраўдную пячору.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика