Сабакі да Раўбіч давязуць. 21.by

Сабакі да Раўбіч давязуць

25.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Запрашальнік

На спаборніцтвы па ездавым спорце некаторых удзельнікаў прывязуць бацькі, а адзін прыедзе на інваліднай калясцы

"Дабірацца на сабаках" — для спартсменаў, якія займаюцца ездавым спортам, і аматараў паўночных ездавых сабак гэты выраз зусім не фігуральны. Дый для многіх беларусаў зімовыя гонкі на сабачых запрэжках перасталі быць экзотыкай дзякуючы міжнародным спаборніцтвам па ездавым спорце "Завіруха", што адбудуцца сёлета ўжо трэці раз.

Паводле слоў ідэйнага натхняльніка чэмпіянату, старшыні Клуба паўночных ездавых сабак Вольгі Ведзянеевай, 26 і 27 студзеня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі "Раўбічы" чакаецца больш за 130 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Літвы і Латвіі, а таксама каля 8000 гасцей. Далей за ўсіх ехаць давядзецца спартсмену ажно з Чукоткі — з Анадыра. "Акрамя дарослых спартсменаў, да ўдзелу заяўлены і дзеці — некалькі маленькіх спартсменаў ва ўзроставай катэгорыі да 7 гадоў будуць удзельнічаць у пазаконкурсных заездах, яшчэ некалькім паўнапраўным удзельнікам спаборніцтваў — ад 7 да 13 гадоў. Самаму сталаму нашаму гоншчыку — 71 год, і гэта, лічу, сведчыць аб тым, што ездавы спорт падуладны кожнаму, — расказала арганізатар. — Акрамя таго, упершыню на "Завіруху-2013" прыедзе спецыяльны госць з Расіі, інвалід-калясачнік Дзмітрый Волкаў з Цвяры, які нароўні з усімі, толькі з дапамогай лыжных палак, на адмыслова вырабленых нартах жадае прайсці нашу дастаткова складаную трасу".

Хоць спаборніцтвы і трэція па ліку, але сёлета на іх шмат што адбудзецца ўпершыню. Пачынаючы з найбольш грунтоўнай падзеі — пераезду з загараднага клуба "Фестывальны" на Валожыншчыне на прасторную алімпійскую пляцоўку Раўбіч. Арганізатары тлумачаць гэта проста: мерапрыемства разрастаецца, вось і атрымалася "каралеўства малаватае, разгарнуцца няма дзе". Таксама ўпершыню сёлета адчуць азарт спаборніцтваў і падтрымаць удзельнікаў змогуць нават тыя, хто будзе знаходзіцца ад трасы далекавата ці нават не зможа прысутнічаць асабіста — дзякуючы тэлевізійнай (на вялікім экране) і анлайн-трансляцыі "Завірухі-2013". Упершыню сумаваць не давядзецца нават самым юным наведнікам спаборніцтваў — для зусім маленькіх будзе працаваць адмысловы пакой "Маці і дзіця", дзе малых можна будзе пераадзець і пакарміць, а для крыху старэйшых дзетак ладзяць пакой для гульняў і адпачынку. Дарослых жа чакае насычаная праграма — не толькі ўласна заезды з 1, 2, 4 і 6 сабакамі, але таксама эстафета і слалам на нартах, зборка запрэжкі на хуткасць, конкурсы на самага моцнага, самага прыгожага, самага разумнага і паслухмянага сабаку. Плюс відовішчная мультыгонка "8 колаў" з выкарыстаннем прынад ад лыжаў да веласіпеда, сямейныя гонкі на санках для дзетак з бацькамі (прыз пераможцу — цёплыя шкарпэткі), вяровачны лабірынт "Павуцінне", Кірмаш майстроў, стральба з лука і арбалета, сярэднявечныя шатландскія гульні і шмат чаго яшчэ... "Ва ўсім свеце гонкі па ездавым спорце традыцыйна праходзяць як гэткі міжсабойчык для спартсменаў, а ў нас атрымаўся з самай першай "Завірухі", хутчэй, фестываль актыўнага ладу жыцця", — не без гонару адзначае суарганізатар спаборніцтваў Алег Гапановіч.

Лыжаролерная траса ў Раўбічах спецыяльна падрыхтавана да ездавых спаборніцтваў, а пэўнае абсталяванне, напрыклад, сістэму аўтаматызаванага хронаметражу і фотафінішныя ўстаноўкі, пазычыла Федэрацыя біятлону. "Нават калі да выхадных пройдуць моцныя снегапады, як на мінулым тыдні, і "Завіруха" апраўдае сваю назву на 100%, мы сумесна з мясцовымі ўладамі пастараемся зрабіць усё магчымае, каб непагадзь не сапсавала настрой удзельнікам і гледачам", — запэўніваюць арганізатары.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Даведка "Звязды"

На сёння Міжнародная кіналагічная федэрацыя вылучае 4 пароды ездавых сабак: хаскі, маламуты, самаеды, грэнландскія ездавыя. Усе астатнія лічацца так званымі метысамі.

Лічыцца, што "правільны" ездавы сабака мусіць важыць 35-45 кг і дасягаць росту 55-65 см у карку.

Да зімовых відаў ездавога спорту належаць:скіджорынг (лыжная гонка з 1-2 сабакамі), пулка (гонкі лыжніка з 1-4 сабакамі, запрэжанымі ў адмысловыя маленькія санкі — пулку), запрэжка (гонкі нартаў, запрэжаных некалькімі сабакамі, якімі кіруе спартсмен-каюр).

Існуюць таксама бясснежныя віды спорту, або драйлэнд, куды ўваходзяць канікрос (бег з сабакам), байкджорынг (буксіроўка сабакам веласіпеда са спартсменам), картынг (буксіроўка сабакамі адмысловага вазка — карта) і скутарынг (гонкі на спартыўных самакатах).

На заметку

Квіткі на адзін дзень спаборніцтваў, набытыя загадзя, абыдуцца дарослым у 30 тысяч беларускіх рублёў, на два дні — у 45 тысяч. Непасрэдна ў дні гонкі яны падрастуць у цане на 5 тысяч. Дарэчы, для дзяцей ростам да 140 см уваход бясплатны.

Гаспадары, якія прывязуць з сабой на мерапрыемства чатырохногіх сяброў, мусяць мець пры сабе ветэрынарныя пашпарты гадаванцаў і трымаць тых строга на павадку.

Прыемная дэталь для аўтааматараў: паркоўка падчас правядзення "Завірухі-2013" будзе бясплатнай, а колькасць парковачных месцаў — максімальнай. Тым не менш арганізатары просяць аўтамабілістаў з разуменнем і цярпеннем ставіцца адзін да аднаго і да дарожнай сітуацыі, якая можа скласціся пры вялікай колькасці гасцей.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На спаборніцтвы па ездавым спорце некаторых удзельнікаў прывязуць бацькі, а адзін прыедзе на інваліднай калясцы "Дабірацца на сабаках" — для спартсменаў,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика