Кавенька. 21.by

Кавенька

20.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі вы, "зялёныя", дажывяце да майго ўзросту, дык міжволі звернеце ўвагу на тое, што горад поўны людзьмі з кавенькамі. Старасць сунецца па жыцці кульгаючы і лёгка абагульняецца праз сваю немач.

Хто, калі і як прыдумаў стандартную кавеньку, цяжка сказаць. Але атрымалася ўдала. Здаецца, яе нельга зрабіць больш простай і зручнай. Трывалая аснова з трубкі, зробленай з лёгенькага металу, зручная рукаяць з удала разлічанымі выгінамі — рука сашчэпліваецца з ёй нязмушана і надзейна, не раўнуючы як касмічны карабель з арбітальнай станцыяй. Атрымліваецца адно цэлае, хоць і з матэрыялаў рознай прыроды. Прасоўванне па зямной арбіце працягваецца!

Гэтае прасоўванне было б не такім трывалым і ўстойлівым, каб не адмысловы наканечнік кавенькі, адліты з асабліва непадатнай зносу, як шыны легкавікоў, гумы. Кавенька ў выніку не шкрабе, нібы капцюр, намошчаны тратуар, а "ступае" на яго мякка, як чаравік на тоўстай падэшве. І на ранішнім лядку гума не саслізгвае ўбок — "прыліпае".

Праўда, па падлозе грукоча, хоць і даволі глуха, але абуджальна. Прынамсі, я нават сярод ночы заўсёды прачынаюся, калі матуля па якой сваёй патрэбе ідзе па кватэры. Кавенька, здаецца, наўпрост грукае ў маё сэрца.


Неадбалансаванасць кавенькі па цэнтры цяжару трохі ўскладняе старым людзям карыстанне ёю. Кіёчак з рукаяццю трэба добра прымасціць, калі адстаўляеш яго ўбок на якую хвілінку, інакш круць — і зручнае апірышча, нарабіўшы грукату, ляціць долу. Гэты грукат трывожыць душу. "Ляці!.." — раптам чуеш трохі раздражнёны голас маці — і тут жа супакойваешся.

А пытанне "Сынок, ты не бачыў маёй кавенькі?" дык і наогул усцешвае. Ага, забылася на сваю спадарожніцу, прытуліўшы яе дзе-небудзь на кухні ці на балконе, прачыкільгала ў свой пакойчык без падпоркі. Абышлася. Значыць, ногі, дзякаваць Богу, яшчэ трымаюць.

Тут я трохі пашкадую, што ў нашай мове няма яскрава пераканаўчага адпаведніка рускаму слову "трость", які б падаваў гэтую рэч не толькі як атрыбут старасці, але і як красамоўны знак форсу, фасоністасці і панскай пыхі.

"Трость" пасуе і маладым, захінутым у адмысловыя строі крамяным здаравякам, а не толькі асунутым старасцю людзям. Гэтая адмыслова адштукаваная, са скульптурным навершшам рэч лёгка спалучаецца і са смокінгам, і са шчыблетамі з кракадзілавай скуры, і з тонкім шалікам на шыі ды і самой доўгай шыяй з графічна вытанчаным на ёй адамавым яблычкам...

А кавенька Чарлі Чапліна была выштукавана зусім не дзеля красы. Здаецца, яна адмыслова для яго вырасла з зямлі кароценькімі бамбукавымі каленцамі ды загнулася ў крук. А можна сказаць, і не з зямлі, а з усяго зямнога шара. Кавенька вусаценькага Чарлі вытачылася з расліннага свету не дзеля суцяшэння старасці, а каб таксама, як чапляюцца сучкі за калашыну ці падол, чапляцца за смешнае ў людскім гармідары.

Зусім інакшая, падораная каралём Эдуардам VІІ, кавенька была ва Уінстана Леанарда Спенсэра-Чэрчыля — з залатым кулачковым навершшам, з адмысловай гравіроўкай... Чэрчыль карыстаўся ёю ўсё жыццё. Кавеньку ён атрымаў у падарунак, калі быў самым маладым міністрам ва ўрадзе. І, вядома, не для таго, каб ён усцешыўся, што займеў надзейную падпорку маючай калі-нікалі адбыцца старасці. Грузна абапёршыся на кавеньку, усемагутны прэм'ер-міністр павінен быў пазначыць пуп зямлі, знакава ўціскаючы ў адвольна вызначаным месцы яе пругкае ўлонне.

Цяпер у самым цэнтры Лондана, у Парламенцкім скверы, на славутую кавеньку абапіраецца бронзавы Чэрчыль. Няўжо тут і праўда, як многім здаецца, пуп зямлі?..

Адзін знаёмы скульптар сказаў мне, што і Заір Азгур спачатку вылепіў Якуба Коласа з кавенькай у руцэ, а потым па невядомых прычынах прыбраў яе. Па ўсім відаць, так і было, бо правая рука ў скульптурным вобразе дзядзькі Якуба выглядае даволі ненатуральна — хоць ты падстаў пад яе звыклае апірышча. Вось так і жыве Беларусь без не пазначанага Коласавай кавенькай літаратурнага пупа.

Калі працягваць расповед пра знакамітых карыстальнікаў кавенькай, дык нельга не згадаць і нашага летуценнага вандроўніка Язэпа Драздовіча. Карункава выразаная з атожылкавай сукавіны кавенька была ў яго відушчай. Язэп не абапіраўся на яе, а падаваў сваю руку — вядзі і помнымі сцяжынамі беларускай мінуўшчыны, і праз даляглядныя абсягі ўяўленай будучыні.

Дзіўная рэч: кавенькі робяць людзей падобнымі адно да аднаго, можна сказаць, уніфікуюць іх, як дакументы часу. І стары дзед з маёй вёскі, і англійскі лорд, напрыклад, аднолькава паспяхова прыстасавалі кавеньку да сваіх зусім не звязаных з абапіраннем падчас хадзьбы патрэб. Дзедухна тупае вузкай сцежкай і, перамяняючы нагу, то падгоніць сваім кіёчкам-кавенькай бадлівую козачку, то, злёгку пастукваючы яе па скабах, скіруе ненаедную ў напрамку сваёй сядзібы...

Падцяты, як хорт, лорд, гуляючы кавенькай, няспешна шпацыруе па лонданскай брукаванцы, а як толькі па яго цыліндры забарабаняць першыя кроплі дажджу, тут жа ўскідвае яе ўгору і звыклым націсканнем кнопкі ператварае ў парасон...

Але кавенька-кіёчак, выразаная з хмыза простым сцізорыкам, мае пераканаўчую перавагу над лордаўскай "тростью". "Трость" так і застанецца моднай забаўкай у далікатных, дагледжаных руках, дарма што яе навершша ўладальнік-хвалько ўпрыгожыць цэлай жменяй дыяментаў. А кавенька-кіёчак у змазоленай, спрацаванай руцэ ці ў руцэ, з якой час ужо сцёр сляды адвечных простых клопатаў, на сцяжыне пошукаў і спадзяванняў незаўважна можа ўзвысіцца-вырасці да высокага посаха. І тады яго навершша ўпрыгожыць сонца існага.

Праўда, я зусім не шкадую, што ніводная кавенька-кіёчак, якіх так шмат мая матуля панаставіла каля роднай хаты, каб заўсёды той ці іншы быў пад рукой, ніколі не набудзе посахавай вышыні. Але што можа быць вышэй, чым глыбіня мацярынскага сэрца.

Сяргей РУБЛЕЎСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі вы, "зялёныя", дажывяце да майго ўзросту, дык міжволі звернеце ўвагу на тое, што горад поўны людзьмі з кавенькамі. Старасць сунецца па жыцці кульгаючы і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика