Будні польскага журналіста. Назіранні знутры. 21.by

Будні польскага журналіста. Назіранні знутры

16.10.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Інтэрв'ю з сямятыцкім бурмістрам. Ён расказвае, чаму ў Польшчы цяжка скрасці бюджэтныя грошы Журналістыка – такая прафесія, якая вельмі добра адлюстроўвае стан грамадства ўвогуле. Гэта ж пра нешта гаворыць, калі ў Беларусі журналіст усюды павінен рассылаць інфармацыйныя запыты ды атрымліваць акрэдытацыі, а наш польскі калега свабодна праглядае прыбыткі свайго бурмістра проста ў інтэрнэце.

За працай калег з невялікай сямятыцкай газеты “Кур’ер падляскі” я назірала амаль тыдзень. Хадзіла разам з імі на пасяджэнне мясцовай рады, на афіцыйныя прыёмы, назірала, як яны ўвогуле дабываюць інфармацыю. Глядзела і зайздросціла.

 Рэдакцыйная палітыка

“Кур’ер падляскі” – гэта амаль што равеснік “БК”, выходзіць з 1990 года. На сёння ў яго няма канкурэнтаў не толькі ў Сямятычах, дзе знаходзіцца рэдакцыя, але і на досыць вялікай прылеглай тэрыторыі. Наклад складае крыху больш за 4 тысячы, але паколькі газета каштуе амаль даляр, то продажы з’яўляюцца асноўным прыбыткам выдаўцоў.

Сітуацыя, як бачым,  кардынальна адрозніваецца ад беларускай, дзе незалежныя выданні жывуць выключна за кошт рэкламы. Ад гэтага іх незалежнасць выглядае досыць умоўнай, паколькі ніводнае з іх не будзе друкаваць крытычны артыкул на пастаяннага рэкламадаўцу. Апошнія да таго селі на шыю газетам, што дыктуюць, якія матэрыял павінен стаяць побач з іх рэкламай. Польскія калегі такой вольнасці партнёрам не даюць. А прытрымліванне  крытычнага артыкула на рэкламадаўцу ўвогуле расцэньваецца як карупцыя.

Цікавая і пакуль што нязвыклая для нас палітыка дробных польскіх газет па абароне свайго кантэнту. Калі ў Беларусі перадрук вялікімі газетамі матэрыялаў малых лічыцца чымсьці ледзь не прэстыжным для рэгіянальнага СМІ, то ў Польшчы аўтарскія правы абараняюцца вельмі сур’ёзна. Намеснік рэдактара і сувыдавец “Кур’ера падляскага” Яцэк Васілеўскі прыгадвае выпадак, калі вялікая жоўтая газета “пазычыла” здымкі сямятыцкага выдання, адфарматавала іх такім чынам, каб не быў бачны капірайт аўтара, і размясціла на сваім сайце. Пасля ліста з “Кур’ера падляскага” вялікая газета без усякіх спрэчак выплаціла за некалькі здымкаў суму, эквівалентную 400 далярам. Бо на выйгрыш у судзе выданне не мела ніякіх шансаў.

Але і дробная газета таксама не мае права “пазычаць” кантэнт. Таму ў “Кур’еры падляскім” прынцыповае правіла – усе здымкі і тэксты выключна свае. Няма ні навін з інфармагенцтваў, ні абстрактных карцінак з фотарэсурсаў. Калі журналіст хоча падаць агульнадаступную навіну ў газету, ён мусіць яе актуалізаваць, пазваніўшы сваім крыніцам. А калі хоча абстрактную карцінку – на гэта ёсць уласныя рукі і фотаапарат.

І яшчэ цікавая рэч. Рэгіянальныя газеты Польшчы зусім не пішуць пра падзеі па-за іх рэгіёнам. Прэзідэнт на іх старонках фактычна адсутнічае. “Але калі б ён прыехаў у Сямятычы, мы б пра яго напісалі”, - гаворыць сакратарка газеты Ганна Кандрацюк.

 Засядалкі і пасядзелкі

Журналісты ведаюць пра ўсе афіцыйныя нарады і мерапрыемствы нават не таму, што іх туды запрашаюць. Прадстаўнікі мясцовай улады праз газету даюць абвесткі пра такія падзеі дзеля інфармавання людзей. Бо прыйсці на пасяджэнне, скажам, павятовай рады мае права не толькі журналіст (без усякай акрэдытацыі), а кожны ахвотны. Карыстаюцца гэтым правам далёка не ўсе – ва ўсякім разе, асаблівага натоўпу я не заўважыла на пасяджэнні рады ў гміне Драгічын – а з большага тыя, хто хоча на нешта паскардзіцца.

Скардзіцца можна без папярэдніх узгадненняў і рэгістрацый. Проста ў адведзены для гэтага час устаеш, расказваеш пра сваю праблему і просіш раду яе вырашыць. (Рада эквівалентная нашаму Савету дэпутатаў.)

У скаргах хаваецца самае цікавае для журналіста. Можна назбіраць цікавостак і са справаздач бурмістра і кіраўнікоў усіх службаў, але ў іх нудныя даклады мала хто ўслухоўваецца, не чакаючы там нічога сенсацыйнага. Паслухаўшы дыскусіі і пытанні, я зрабіла выснову, што самыя злабадзённыя для палякаў тэмы – гэта асобны збор смецця ды дарогі.

Ацаніць ступень дэмакратыі і адначасова ўважлівасць да самых звычайных праблем людзей можна па тым, што рада добрыя паўгадзіны абмяркоўвала, ці варта спіліць дрэва ў нейкай вёсцы. Праблему ўзняў войт, які расказаў, што дрэва расце на закінутым прыватным участку, але крона яго небяспечна звісае над дарогай. На думку войта, кіраўнік гміны мусіць неадкладна заняцца гэтым пытаннем. Бурмістр адказвае, што пакуль заняцца не атрымаецца, бо ёсць больш пільныя справы. У адказ на гэта войт у досыць вострай форме выказвае ўсё, што думае пра бурмістра, і гаворыць, што гэта і ёсць важная справа. Нават мая багатая фантазія не дазваляе ўявіць, як наш старшыня сельсавета дыскутуе са старшынёй райвыканкама, абараняючы інтарэсы аднавяскоўцаў.

Пазней я спытала ў бурмістра Сямятыч, 32-гадовага банкіра, як у яго складваюцца адносіны з прэсай. Ён адказаў, што кантактуе выключна сам, не мае прэс-сакратара, і што кожны журналіст газеты, у сваю чаргу, у любы час можа пазваніць на яго мабільны. Гэта пры тым, што газетчыкі нават пры агульнай прыязнасці да маладога бурмістра нячаста надзяляюць яго добрым словам на старонках выдання. “Мы і так ведаем, што добра жывём, - гаворыць Ганна Кандрацюк. – І абмяркоўваць гэта няма сэнсу. У той жа час застаюцца праблемы, у вырашэнні якіх зацікаўленыя ўсе. Пра іх мы і пішам”.

 Здабыванне інфармацыі

Зразумела, што журналістаў далёка не заўсёды сустракаюць з раскінутымі для абдымкаў рукамі. Журналіст “Кур’ера падляскага” Ева Іванюк у якасці прыкладу прыводзіць войта адной з вёсак, які проста на дух не пераносіць ніякай крытыкі. “Як толькі напішаш нешта нядобрае, ён адразу перастае кантактаваць і даваць інфармацыю”, - кажа супрацоўніца газеты. Ёсць такія людзі і сярод радных, і сярод бурмістраў, і, пэўна ж, сярод высокіх чыноўнікаў. І тут мы з польскімі калегамі знаходзімся на роўных. Розніца ў тым, што ў іх такія людзі хутчэй выключэнні, рудыменты, узрошчаныя камуністычнай дыктатурай.

Большасць жа дзяржаўных службоўцаў успрымае журналістаў як прышчэпку – можа, і непрыемна, але патрэбна. Напрыклад, былы прэсавы сакратар паліцыі Рамуальд Леанюк распавядае, што далёка не заўсёды паліцыі хочацца пра нешта распавядаць, асабліва калі ў нейкай непрыгляднай справе фігуруе сам паліцыянт. “Але інфармацыя ў газеце з’явіцца незалежна ад таго, дадзім мы каментар ці не. І тады будзе толькі горш – тое, што журналіст дадумае, можа балюча ўдарыць па нашай рэпутацыі”, - кажа Рамуальд. Дарэчы, польская паліцыя карыстаецца сярод насельцтва досыць вялікім даверам – ёй давяраюць 70% грамадзян – і гэта вынік у многім сумеснай працы паліцыі і СМІ.

У гарадку Драгічын кірмашны дзень

Ну і несумненна, чытачы давяраюць таксама сваім газетам. У сямятыцкі “Кур’ер падляскі” яны прыходзяць штодня ці тэлефануюць па кругласуткавым нумары. Могуць сярод ночы пацікавіцца ў дзяжурнага журналіста, чаму гэта на вуліцы праехала машына з сірэнай. І журналіст, калі хоча, гэтак жа сярод ночы можа пазваніць паліцыянту і задаць тое ж пытанне.

Адзінае, чаго, магчыма, не стае польскім калегам, дык гэта дрвайву. У такіх умовах працы можна і забыць, як выглядае радасць, калі дастаў закрытую для ўсіх інфармацыю. Але ёсць падазрэнне, што яны нашаму драйву не вельмі зайздросцяць.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналістыка – такая прафесія, якая вельмі добра адлюстроўвае стан грамадства ўвогуле. Гэта ж пра нешта гаворыць, калі ў Беларусі журналіст усюды павінен...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика