Чаму можна павучыцца ў нарвежцаў?. 21.by

Чаму можна павучыцца ў нарвежцаў?

08.01.2014 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Нават улетку нарвежскія горы ля Паўночна-Ледавітага акіяна пакрытыя снегам.

Некаторыя дробязі з паўсядзённага жыцця скандынаўскай краіны варта было б пераняць у Беларусі.

Нарвегія – гэта не толькі ф’ёрды і палярная ноч. Няхай краіна і прымацавалася тоненькім ланцужком уздоўж Скандынаўскага паўвострава, але цікавых рэчаў у сабе хавае безліч.

Пабываць там варта хаця б для таго, каб пабачыць горы ля Нарвежскага мора, пакаштаваць мясцовыя стравы і паслухаць такую дзіўную для славяніна нарвежскую мову.
Нарвегія лічыцца адной з самых дарагіх краін Еўропы, таму, выбіраючыся туды нават на пару дзён, трэба распланаваць свой бюджэт. Краіна не ўваходзіць у Еўрапейскі Саюз, затое ўваходзіць у Шэнгенскую прастору. Значыць, наведаць яе можна, маючы ў пашпарце Шэнгенскую візу.

Разлічваюцца там нарвежскімі кронамі (1 крона – каля 1500 рублёў) і размаўляюць па-нарвежску. Але з веданнем англійскай мовы можна адчуваць сябе ўпэўнена – ёй валодаюць нават у невялікіх мястэчках.

Невысокія бярозы з неймавернымі выгібамі  - звычайныя для халодных скандынаўскіх краявідаў.


Пачытаць газету і пагуляць з дзіцем, не трацячы грошы

У Нарвегіі можна не баяцца што-небудзь згубіць. У большасці выпадкаў мясцовыя людзі вельмі сумленныя і дапамагаюць, як могуць.

Ва ўсіх крамах на ўваходзе ёсць адмысловая сцяна для бясплатных аб’яў. Там можна не толькі даведацца, хто ў горадзе арандуе ці шукае кватэру, але хто і дзе знайшоў ці згубіў што-небудзь. Аб’явы кшталту “знойдзена дзіцячая рукавіца” там не рэдкасць.

Цікавую дэталь можна назіраць і на дзіцячых пляцоўках. Ля пясочніц абавязкова будзе стаяць невялікая скрыня. Але ў ёй знаходзіцца не пясок, а… дзіцячыя цацкі.
Каб не насіць іх з сабой кожны дзень, нарвежкі пазбаўляюць сябе гэтага цяжару, пакідаючы формачкі і рыдлёвачкі ў скрынцы. Прычым ўсё, што ў ёй знаходзіцца, – для агульнага карыстання.

Таксама ў нарвежцаў існуе добрая традыцыя: прачытаў газету – перадай іншаму. Справа ў тым, што агульнанацыянальныя газеты каштуюць каля 5 еўра. Гэта не танна нават для Нарвегіі.

Таму мясцовыя жыхары робяць наступнае: набыўшы і прачытаўшы газету, яны пакідаюць яе ў людным месцы. Для гэтага пасуюць столікі кафэ і кавярняў, лавачкі ў парках, аўтобусныя прыпынкі.

Як у іх вучацца ў школе?

Варта сказаць яшчэ колькі слоў пра нарвежскія ўстановы адукацыі. Мне пашчасціла пабываць як у звычайнай мясцовай школе горада Тромсё, так і ва ўніверсітэце.

Першае, што кідаецца ў вочы – шматлікія лавачкі ва ўсіх калідорах. У школах паміж лавачкамі стаяць спецыяльныя палічкі з мясцовымі газетамі, ва ўніверсітэтах – яшчэ і невялічкія столікі, на якіх вельмі зручна арганізоўваць кава-паўзы паміж лекцыямі.

У школах ёсць асобны пакой, у якім месціцца літаральна склад канцылярскіх рэчаў. Тут можна знайсці самыя розныя сшыткі, каляровыя алоўкі, лінейкі, паперу, кардон, папкі, нажніцы.

Так выглядае пакой у звычайнай школе, для кожны вучань можа атрымаць неабходныя канцалярскія прыналежнасці.


Самы цікавы момант: усё гэта – для агульнага карыстання. Калі ў вучня скончыцца сшытак ці яму спатрэбіцца цыркуль, ён можа проста звярнуцца да настаўніка, які мусіць схадзіць на “склад” і прынесці вучню ўсё неабходнае.

Прычым колькасць узятага неабмежаваная, а грошы вяртаць не трэба. “Гэта ж такія дробязі, за што тут вяртаць?” – здзіўляюцца нарвежцы. Вядома, школьнай формы і партфеляў на “складзе” не знойдзеш, але ў нечым ён і сапраўды нагадвае наш тыповы школьны базар.

– Магчыма, гэта і кепска, – гаворыць мясцовы настаўнік. – Не ўсе дзеці цэняць тое, што ім даюць. Могуць за ўрок, гуляючыся, зламаць дзесятак алоўкаў. Але такіх дзяцей няшмат.

Ва ўніверсітэце таксама ёсць цікавы кабінет – пакой для адпачынку студэнтаў. Як расказалі мясцовыя знаёмыя, часцей за ўсё гэта нават не пакой, а 4-5 пакояў, злучаных разам. У адным знаходзіцца вялікі тэлевізар з мяккімі канапамі, у другім – настольны футбол, дартс, твістэр і іншыя гульні. У трэцім – своеасаблівая кухня з халадзільнікам, мікрахвалевай печкай, электрычным чайнікам, кававаркай. Такі вось “дамашні куточак” унутры ўніверсітэта.

Да таго ж у Нарвегіі ў кожнай навучальнай установе абавязкова будзе прынтар і ксеракс, карыстанне якімі таксама заўсёды бясплатнае. А каля прынтара – шафа са стосамі рознакаляровай паперы. Выбіраеш колер на свой густ – і друкуеш.

Што ядуць у Нарвегіі?

Асобная размова – пра нарвежскую кухню. Замарожаныя крэветкі, якія з’яўляюцца далікатэсам для многіх беларусаў, у Нарвегіі проста выкінуць у сметніцу. У марской краіне нельга дазволіць сабе есці замарожанае!


Марскія прадукты,  асабліва рыба, падаюцца на стол кожны дзень. Да таго ж рыба ў Нарвегіі адносна танная. Адна знаёмая фінская сям’я, якая жыве на мяжы з Нарвегіяй, ездзіць у суседнюю краіну закупляць танную і свежую рыбу.

У асаблівай пашане ў нарвежцаў траска. Спосабаў яе прыгатавання хіба не меней, чым у беларусаў – рэцэптаў з бульбай.

Існуе ў Нарвегіі і свая сетка мясцовых кавярняў хуткага харчавання. Там таксама падаюць гамбургеры і смажаную бульбу. Але замест звычайнай булкі ў гамбургеры вотруб’евы хлеб, а бульба толькі крыху падсмажаная і падаецца ў смятане. Знайсці тут тыповы амерыканскі гамбургер трэба пастарацца.

Калі вы ясце на вуліцы, то варта быць пільнымі, каб не патрапіць пад нападзенне… птушак. Мясцовыя чайкі рады паласавацца хоць чым, і для гэтага яны не пасаромеюцца вырываць ежу проста з рук. Чамусьці асабліва даспадобы марскім птушкам прыходзіцца марожанае. Таму каля шапікаў з марожаным абавязкова стаяць таблічкі, якія папярэджваюць пра магчымае птушынае зладзейства.

Навошта хадзіць з лыжнымі палкамі летам?


Калі ходзіш па вуліцах нарвежскіх гарадоў, кідаецца ў вочы, што многія людзі шпацыруюць па горадзе, трымаючы ў руках лыжныя палкі. І рухаюць імі так, быццам едуць на лыжах.

Насамрэч нарвежцы займаюцца скандынаўскай хадзьбой. Гэты занятак даўно набраў папулярнасць ва ўсёй Еўропе і, вядома, на радзіме – у Скандынавіі.
Хадзьба са спецыяльнымі палкамі вельмі карысная для здароўя, прызнаюць дактары. Пры такой фізічнай нагрузцы напружваюцца мышцы ўсяго цела, трэніруюцца сардэчныя мышцы і ў выніку павышаецца вынослівасць арганізма.

Тым больш займацца хадзьбой зручна паўсюль – з палкамі можна ісці і па цэнтры горада, нават дабіраючыся да працы, і на прыродзе.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота забяспечана аўтарам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некаторыя дробязі з паўсядзённага жыцця скандынаўскай краіны варта было б пераняць у Беларусі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика