Мосцік цераз Лясную, або серыя анекдотаў брэсцкага прыгарада. 21.by

Мосцік цераз Лясную, або серыя анекдотаў брэсцкага прыгарада

24.09.2014 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Ісці страшнавата

Месціцца азначаны мосцік паміж вёскамі Клейнікі і Цюхінічы. Відавочна, з’яўляецца яшчэ адной балячкай ракі Лясной, поруч з экалагічнай катастрофай мінулага лета. Пра гэта засведчыў ліст у рэдакцыю. 

Нам напісалі

Ліст няйначай быў напісаны пасля прачытання нашых матэрыялаў аб ліпеньскім атручэнні ўсяго жывога ў гэтай прыгожай рацэ. Увага да газеты гэта прыемна, адно што тэма звароту была зноў не надта камфортная... Сказаўшы наўпрост, пісалі пра досыць агідныя рэчы.

Ад імя жыхароў вёсак Старое Сяло, Баброўцы і Скокі жыхарка адной з іх Юлія Кіцель акрэсліла, што пабудаваны сваімі сіламі мосцік на другі бераг Лясной эканоміць жыхарам вёсак Скокі, Баброўцы і Старое Сяло 10 кіламетраў аб’езду да прамысловай зоны і горада Брэста на супрацьлеглым беразе. Але пры пракладцы трубы пад каналізацыю яго пакрывілі (падарвалі апоры) будаўнікі, і з цягам часу збудаванне стала небяспечным. Да ліста прыкладзеная схема, з якой вынікае, што будаўнікі каналізацыйна-помпавай станцыі (КПС) каля вёскі Баброўцы...зрабілі загагуліну ў паўтара плюс паўтара кіламетры, “ абы пакарыстацца мосцікам”. Напрыканцы выказана меркаванне, што мосцік абавязкова трэба неяк выратаваць, “таму што гэта адзінае месца пераходу цераз раку Лясную жыхароў гэтай мясцовасці, а сярод іх і пенсіянеры, і работнікі гарадскіх арганізацый”.

 


Мосцік і траса каналізацыі. Схема Ю. Кіцель

Рэкагнасцыроўка на мясцовасці

Найперш паехаў праверыў на месцы. Дапраўды, ёсць такі мосцік, у кіламетры ад былой шашы на Кацін Бор. Шаша заглушаная, пераходу там цяпер няма, толькі нейкія сірацінныя калкі ў вадзе тырчаць ад змытай кладкі цераз Лясную.

Рака пасля колішняга замору коціць пустыя воды. Ад гэтага сумна. Але галоўнае: яе па-ранейшаму проста так не фарсіруеш ­ – шырыня каля 20 метраў, ды і глыбіня месцамі значная. Па мосціку, які ў нейкім кіламетры ў бок Камянецкай шашы, яшчэ пакуль можна так-сяк перабрацца. Як-ніяк ляжыць ён на капітальнай жалезнай трубе, якая пралягае ад берага і да берага. Падпертая з двух бакоў у двух месцах тоўстымі жалезкамі ў форме перакуленай лацінскай літары V. “Вікторыя”, маўляў, перамога. Апоры заглыбленыя ў дно ракі.

Мост высокі, упоравень са стромкімі тут берагамі. Канцы трубы замацаваныя на масіўных бетонных блоках. А вось насціл хліпкі, месцамі цянюсенькі, а пры правым беразе небяспечна нахілены. Каб не жалезныя парэнчы, падумаў бы, ці варта ісці.

Якраз з таго боку перайшла па мосціку дзяўчына. Распытаўся. Вольга Нікіціна ішла да бабулі.

Мосцік надта патрэбны. Ім на працу ходзяць многія, – сказала дзяўчына. – Але хліпкі стаў. Патрабуе рамонту”. На маё пытанне, а чаму не зробяць мясцовыя таго рамонту, яна з абурэннем засведчыла, што замест гэтага летам маладыя бейбусы, якія адпачывалі тут, разбіралі мосцік на вогнішча для шашлыкоў. Ці рабіў хто процілеглае, ці звярталіся да мясцовых уладаў па спрыянне, Вольга не ведае.

 


А ў гэтым месцы мосцік “падсеклі”

Аўтар і выканаўца праекта

Зайшоў па адрасе, пазначаным на канверце. Адрасата не было дома. Пагадзіўся пагаварыць бацька Юліі Кіцель. Аказалася, што ён, Леанід Браніслававіч Юхневіч, гэты мосцік і змайстраваў. “Калі быў маладзейшы, у поўнай сіле. Для ўдоваў і дзяцей. Так і на шыльдзе выгравіравана,” – з пэўным гонарам сказаў гаспадар дома. І матывацыю назваў: “Калі пабачыў аднаго разу, як карачацца на каленях цераз часовую кладку ў царкву жанчыны, дык вырашыў – трэба народу дапамагчы”.

З ягоных словаў, праца заняла каля 20 абедзенных перапынкаў (на той час, 15 гадоў таму, яшчэ працаваў). Пошукі жалеззя, транспарту для перавозкі, праца з бетонам, іншымі будматэрыяламі, зварныя работы... Яшчэ два дні адкопваў і шмуляў бензарэзам тоўстую трубу, якую нагледзеў пасля будаўнікоў у прамысловай зоне і выпрасіў пад аснову мосціка.

Мосцік выйшаў ладны, кажа ветэран, але неўзабаве ўзяліся злучаць КПС у Каціным Бары з новай станцыяй на гэтым беразе. “Наманулася ж ім прабіваць трубу пад дном ракі якраз каля самага мосціка. А ні, каб якіх пяць метраў убок адступілі. Вось і парушылі. Дабіваўся ў аддзеле капітальнага будаўніцтва райвыканкама, хто – дык не выдалі. Сказалі, што загадаюць паправіць. Ну, тыя і паправілі. Пару драўляных падпорак утыркнулі. Згнілі праз паўгода і адваліліся. Ды яшчэ зямлі бульдозер нагарнуў, бо пасля іх “працы” лесвіца трэба была на мост узбірацца”, – кажа спадар Леанід.

Пытаю, ці стаіць мосцік на нечыім балансе і ці звяртаўся хто да мясцовых уладаў па раду. “Фактычна, гэта народны такі праект, – адказаў гаспадар. – Тут жа непадалёку раней штатны мост быў, з наўпроставай аўтадарогі, з Кацінага Бору. Пры мне яго будавалі салдаты. Бярозавымі чуркамі сваі заганялі ў дно. Ну, дык яго і размыла хутка. А потым і часовую кладку вада пабурыла ды пустадомкі ўсялякія. А мой, вось, стаіць. А па дапамогу – так, звяртаўся. Немалады ўжо, сіл менш і сродкаў. Улады адна на другую ківаюць. Гарадскія – маўляў, гэта не наша, па-за рысай горада. У тутэйшых адзін адказ: няма грошай. Але ж хаця б арганізацыйна. Нядаўна да вясковага старасты Волкава звяртаўся. Той паабяцаў, але, як бачым...”


Люк каналізацыі каля мосціка

Улады

Віктар Аляксандравіч Волкаў патлумачыў: “Я асабіста быў на прыёме ў старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. Ставіў пытанне пра аднаўленне капітальнага дарожнага маста з Кацінага Бора. Бо туды на працу на завод з гэтага берага дабіраюцца 120 чалавек. Але адказ быў, што аднаўляць не будуць. Прычына: там лінія электраперадачы стаіць, газавая труба праходзіць, а рака непрадказальная, з норавам, так што немэтазгодна.”

Пра наяўны мосцік спадар Волкаў сказаў, што патрэбен яму капітальны рамонт. “Там мужчына мала не ўпаў у раку, насціл не вытрымаў. Былі мы там з Уладзімірам Мікалаевічам, старшынём сельсавета. Але грошай у мясцовай улады на гэта няма. Няма іх нават на падсыпку наяўных дарог, бо граззю заплылі тут некалькі вуліц. Абяцалі ў наступным квартале толькі”.

Старшыня Матыкальскага сельскага Савета Уладзімір Леташкоў быў менш дыпламатычны. “Нельга ім дапамагчы. Мосцік саматужны, без праекта. Ні на чыім балансе не стаіць. Лясная рака небяспечная, плыве хутка, разліваецца. Ёсць штатныя масты і дарогі”. Паўтараю аргументы жыхароў вёсак з ліста ў рэдакцыю: “Была штатная дарога з Каціна Бора – чаму не аднавіць? Круг жа вялікі ў горад дабірацца – 10 кіламетраў”. Падмацоўваю сваёй карцінкай: “Цяпер, як на Захадзе, нават дарожкі па газону кладуць там, дзе людзі натапталі – каб ім зручна было.”.

Старшыня не дае збіць сябе з пазіцыі: “Маё меркаванне такое: калі жывеш у вёсцы, дык трэба ў вёсцы і працаваць. А калі ўжо працуеш у горадзе, то ёсць таксічка нумар 21”.

 


Рэшткі мосціка з Каціна бора

Будаўнікі

У аддзеле капітальнага будаўніцтва Брэсцкага райвыканкама сказалі, што трубу паміж каналізацыйна-помпавымі станцыямі клаў іхні жылкамунгас. Вядучы спецыяліст аддзела па тэхнагляду Іван Пятручык патлумачыў, што рамантаваць мосцік яны не будуць. “Па-першае, а чаму гэта мы абавязкова. Нехта там нешта парушыў. Экспертызы ж не было. А потым – дапусцім, парамантуем яго. Праекта няма. Мала ці што можа здарыцца. Нехта ўпаў з яго, потым адказвай. А што бухцяць людзі – дык мы ж ім каналізацыю праклалі. Мільярды ўкладзеныя, каб было як у горадзе. Ім бы ўдзячнымі быць, а яны незадаволеныя”.

Пытаю, чаму праклалі трубы не наўпрост, а звялі па берагах да мосціка – тры лішніх кіламетры агулам. “Былі, відаць, нейкія тэхнічныя падставы. Трэба браць праект, разбірацца. Цяпер справаздачнасць, няма часу”, – быў адказ.

Прыйшла парадаксальная думка: а ці не павялі каналізацыю да мосціка, каб сапраўды яго знішчыць, бо несанкцыянаваны?

Нейкі замах на анекдот выходзіць...

Высновы

У нас чамусьці ні на што не хапае грошай. І ці не таму, што робім цяп-ляп. Спадар Юхневіч згадаў, як казаў будаўнікам дарожнага маста, які заваліўся, што трэба сваі забіваць іншым спосабам, чым кувалдамі, інакш рака вымые. “Вымые – заб’ем новыя”, – цытуе ён колішняга выканаўцу работ. “ А вось і не забілі – дарогу закрылі. Рамантаваць даражэй, чым рабіць нанова,” – закругляе Юхневіч.

Чым не анекдот?

Або параўнаем з еўрапейскімі стандартамі трасу Р-84 Казловічы – Тэльмы. У супярэчнасці з маркіроўкай, дарога мае міжнароднае значэнне – толькі па ёй ідуць за мяжу цяжкавагавыя грузавыя аўто. Апошнія 10 кіламетраў яна пралягае ўздоўж Лясной, з яе (не НАД ёй і не ПАД ёй) адыходзяць магчымыя развязкі на той бераг. Яе перасякала колішняя дарога з Кацінага Бора ў Скокі. Мастоў для развязкі руху на трасе Р-84 тры, два развязваюць рух аўтатранспарта і чыгунку і адзін аўтамост над трасай Брэст -- Высокае. Аўтадарожных развязак, якія маглі б уключаць масты цераз Лясную, на гэтай ажыўленай трасе, на дзіва, няма. Каб неяк перапыніць паведамленні аб аварыях, якія нагадваюць франтавыя зводкі, паставілі ў самых крытычных месцах светлафоры. Заўважу, светлафоры і “зебры” ёсць нават на галоўнай трасе краіны – шашы М1, што не дазваляе ёй быць аўтабанам.

Чым не анекдот? Мабыць, толькі тым, што занадта чорны гумар часам атрымліваецца. Або зусім і не гумар, а жалоба. Таму, як нейкая светлая пляма, згадваюцца рознаўзроўневыя з’езды і заезды , развязкі-масты на нямецкіх аўтабанах. Могуць жа людзі зрабіць сабе жыццё камфортным.

А у нас ні табе ракі як зоны адпачынку – уся рыба ў Лясной знішчаная на працягу 100 кіламетраў, – ні перайсці цераз гэтую мёртвую раку, – зроблены саматужна мосцік парушылі, рамантаваць нельга, – ні табе спакойна перайсці цераз міжнародную трасу – бо пераход у адной плоскасці. І тады чытаем у зводках: “чалавек па дарозе ў царкву ўпаў у раку і мала не патануў”; “аўтобус пераехаў насмерць двух дзяцей на пешаходным пераходзе цераз трасу М1”...

На такім фоне паведамленне “дваццаць рабочых у дзясяты раз спазніліся на працу, бо нязручна дабірацца на завод, які знаходзіцца ў кіламетры цераз раку” ўжо сапраўдным нейкім анекдотам гучыць...

І гэта наш анекдот. Анекдот брэсцкага прыгарада.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Месціцца азначаны мосцік паміж вёскамі Клейнікі і Цюхінічы. Відавочна, з’яўляецца яшчэ адной балячкай ракі Лясной, поруч з экалагічнай катастрофай мінулага лета....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика