Шыльды па-беларуску. Як выконваюцца патрабаванні закону на Гомельшчыне?. 21.by

Шыльды па-беларуску. Як выконваюцца патрабаванні закону на Гомельшчыне?

03.12.2014 12:16 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ігар Случак звярнуўся у райвыканкамы Гомельскай вобласці з пытаннем, чаму шыльды і паказальнікі не падпісваюцца па-беларуску, як гэтага патрабуе закон. І вось якія атрымаў адказы.




Закон "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" існуе ў Беларусі з 2010 году. Ягоны артыкул 17 прадугледжвае норму, паводле якой назвы геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой шляхам транслітарацыі перадаюцца на рускую.

Гэта добрая норма, бо ў адпаведнасці з ёй усе вулічныя паказальнікі ў беларускіх населеных пунктах павінны рабіцца па-беларуску. Павінны, - гэта, вядома, задужа моцнае слова, закон дазваляе пісаць назвы вуліц па-руску. Але, думаю, самы заўзяты рускі нацыяналіст не захоча, каб гомельская Гаспадарчая вуліца была нанесена на шыльду па-руску як "Господарчая улица", згодна з патрабаваннем беларускага заканадаўства, а не "Хозяйственная".

Я накіраваў чыноўнікам лісты з пытаннем: ці выкарыстоўваюцца беларускамоўныя шыльды і ці правільна праводзіцца транслітарацыя рускамоўных? Ці ведаюць і выкарыстоўваюць закон чыноўнікі, якія адказваюць за добраўпарадкаванне населеных пунктаў?

Паспрабуем з гэтым разабрацца і пачнём з Гомельшчыны, самай усходняй часткі Беларусі, што мяжуе як з Расіяй, так і з Украінай.


Віктар Замосцік

Намесьнік старшыні Калінкавіцкага райвыканкаму Віктар Замосцік паведамляе наступнае:

"У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Беларусі дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца беларуская і руская. Акрамя таго, у адпаведнасці з артыкулам 8 закону "Аб мовах" у Беларусі мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў з'яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.

Закон не прадугледжвае вядзенне справаводства, дакументацыі, у тым ліку дубляванне назваў вуліц і іншых паказальнікаў адрасоў, адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах".



"Сядай, Віктар, кол!", - так бы сказаў князь Ярэма Вішнявецкі. А мы проста заўважым, што чыноўнік спасылаецца на Закон аб мовах, але справа тычыцца закону "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў", пра існаванне якога чыноўнік, магчыма, не ведае.


Генадзь Суздалеў - з правага боку

Былы старшыня Жлобінскага райвыканкаму Генадзь Суздалеў пераплюнуў свайго калегу з Калінкавіч у веданні юрыдычных нормаў, якія не тычацца справы. Да пералічаных Замосцікам Канстытуцыі і закону "Аб мовах" ён дадаў яшчэ і невядома навошта Кодэкс аб адукацыі. Усе гэтыя акты, на яго думку, "даюць магчымасць грамадзянам самім выбіраць, на якой з дзвюх моваў размаўляць, атрымліваць адукацыю, займацца творчасцю і г. д. У сувязі з гэтым, шыльды з назвамі вуліц і іншыя надпісы, якія пазначаюць месцазнаходжанне аб'ектаў, могуць быць як на рускай, так і на беларускай мовах".



Цікавыя высновы, якім бы пазайздросціў і Кручкоў з "Пінскай шляхты". Але, тым не менш, закон "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" зноў не ўзгаданы. Адпаведна, і спадзявацца на слушную транслітарацыю жлобінскіх шыльдаў не выпадае. Спадзяюся, пры новым старшыні Івану Навуменку сітуацыя з шыльдамі зменіцца ў лепшы бок - пра гэта мы даведаемся неўзабаве.


Таццяна Шэхцер

Намесніца старшыні Кармянскага райвыканкаму Таццяна Шэхцер, здаецца, пра закон "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" ведае, хоць магчыма не ведае пра закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", паводле якога адказ на зварот павінен давацца на мове звароту. У маім выпадку зварот быў па-беларуску, але адказ быў падрыхтаваны на рускай мове. Вось, што паведамляецца ў адказе:

"Кормянский районный исполнительный комитет благодарит Вас за предложение. Мы с Вами согласны".



Ну, калі згодныя, то я ўжо гатовы дараваць і рускамоўны адказ - не часта сустрэнеш пісьменнага і адэкватнага чыноўніка.

Далей Шэхцер працягвае:

"Все заинтересованные службы ознакомлены с Вашим предложением. Работы по замене уличных указателей будут производиться постепенно при проведении ремонтных работ и наличии финансовых средств".

Гэта ўсё, вядома, правільна і абгрунтавана, але калі закон "Аб назвах геаграфічных аб"ектаў" прадугледжвае напісанне вулічных шыльдаў або па-беларуску, або ў транслітарацыі з беларускай, - то ці законнае існаванне старых рускамоўных шыльдаў, дзе з беларускай даецца пераклад? Тэрмінаў замены незаконных шыльдаў закон не вызначае. Але закон і не кажа, што яны маюць права на існаванне і могуць быць замененыя пры правядзенні рамонтных працаў і фінансавых магчымасцяў для гэтых працаў. Так гэтая замена шыльдаў на дзесяцігоддзі можа расцягнуцца, бо метал - ён і ў Беларусі метал: зношваецца мала і якасцяў сваіх не траціць вельмі доўга.

Дык калі закон не працуе - ці гэта закон? Чыноўнікі, здаецца, лічаць, што калі няма выразнай санкцыі за невыкананне, закон можна і не выконваць або выконваць у форме "італьянскага страйку".

Калі ў раённых цэнтрах сітуацыя з выкананнем закону "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" не вельмі вясёлая, то, магчыма, яна лепшая ў раёнах абласнога цэнтру?

Сяргей Кадола

У адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля пра закон ведаюць, як ведаюць і пра падзаконныя акты. Акрамя іншага, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Сяргей Кадола паведаміў наступнае:

"У адпаведнасьці з нарматыўнымі актамі перайменаванне вуліц, а таксама ўзгадненне адзінага ўзору эскізу вулічных паказальнікаў знаходзяцца ў вядзенні тапанімічнай камісіі, створанай у Гомельскім гарадскім выканаўчым камітэце (рашэнне Гомельскага гарвыканкама ад 1999 года № 194).

Зыходзячы з вышэй сказанага, рэкамендуем накіраваць Вашыя прапановы па афармленні вулічных паказальнікаў у гарадскую тапанімічную камісію.

Дзякуем Вам за актыўную жыццёвую пазіцыю і неабыякавыя адносіны да афармлення інфармацыйнай прасторы нашага горада".




Мяркуючы па адказе, у адміністрацыі Савецкага раёну за заканадаўствам сочаць, але рэалізоўваць яго не спяшаюцца. Ды зыходзячы з сітуацыі, якая склалася ў Гомелі з шыльдамі, тапанімічная камісія з 1999 году так і не вызначылася з адзіным эскізам вулічных паказальнікаў.

У адных выпадках патрабаванні закону "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" у Гомелі выконваюцца, і рускамоўныя шыльды змяняюцца на беларускамоўныя.

У іншых выпадках патрабаванні закону ігнаруюцца, замест беларускамоўных шыльдаў вешаюцца новыя рускамоўныя ў перакладзе з беларускай.

А бываюць навогул выпадкі, калі ўжо беларускамоўныя шыльды транслітаруюць з рускай мовы на беларускую, тым самым не толькі парушаючы закон, але і легалізуючы "трасянку".




Бываюць і проста шыльды з памылкамі.




Нават у добрых прыкладах вулічных шыльдаў досыць часта сустракаецца тая хіба, што з беларускай мовы на рускую робіцца пераклад, а не транслітарацыя.




І гэта пры тым, што сітуацыя з шыльдамі ў Гомелі нашмат лепшая, чым у раённых цэнтрах вобласці.

Я скарыстаўся прапановай адміністрацыі і звярнуўся ў Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт.


Аксана Рудзянок - з правага боку

Намесніца Гомельскага гарвыканкаму Аксана Рудзянок паведаміла:

"Вашая прапанова вырабляць новыя паказальнікі па-беларуску пры правядзенні прац па замене старых шыльд з назвамі вуліц на новыя будзе разгледжана на чарговым паседжанні тапанімічнай камісіі Гомельскага гарвыканкаму. Па выніках рашэння камісіі адказ будзе дадзены дадаткова".



Я запасся папкорнам, але адказ доўга чакаць мяне не прымусіў. Згаданая Аксана Рудзянок праз месяц паведаміла:

"Дадзенае пытанне будзе разглядацца дадаткова пры замене аншлагаў у выпадку наяўнасці фінансавання ў бюджэце ў 2014 годзе".



Як бачым, зноў мы вяртаемся да таго, што закон "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" не ўспрымаецца ўсур'ёз як закон, і яго выкананне залежыць ад збегу абставін. У дадзеным выпадку - ад наяўнасці фінансавання.

Сканчваецца 2014 год, але сітуацыя з шыльдамі ў Гомелі не палепшылася. Больш за тое, з'яўляюцца новыя рускамоўныя шыльды, дзе рускамоўныя назвы не транслітараваныя з беларускай, а перакладзеныя.

Але, магчыма, лепшая сітуацыя на абласным узроўні?


Ірына Даўгала

Начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкаму Ірына Даўгала паведаміла:

"Па даручэнні кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкаму Ваш зварот разгледжаны галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з галоўным упраўленнем юстыцыі аблвыканкама і гаррайвыканкамамі вобласці".



Нічога не скажаш - вялікая нарада атрымалася, столькі вучоных мужоў і жанок сабраліся ў адным месцы, каб шыльдачкі абмеркаваць. Але які вынік? Вынік такі, што ў адказе былі згаданыя толькі Канстытуцыя і закон "Аб мовах", а пра закон "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" ні слова. Нават упраўленне юстыцыі не дапамагло яго адшукаць, што ўжо казаць пра ідэолагаў і кіраўнікоў раёнаў.

Таму і лагічным было рэзюмэ ідэолага Даўгалы: "Парадак выкарыстання дзяржаўных моў непасрэдна пры афармленні шыльд з назвамі вуліц і іншымі геаграфічнымі найменнямі законам не вызначаны".

Такі вось юрыдычны нігілізм, хоць у законе "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў", як мы ведаем, усё гэта прапісана.

Але напрыканцы вернемся ў раёны, а дакладней - у Акцябрскі раён, праслаўлены Ксюшай Дзягелькай і недарэчнай назвай, якая засталася яму ў спадчыну з савецкіх часоў.

Намеснік старшыні райвыканкаму Ігар Угрын нормы закону "Аб назвах геаграфічных аб"ектаў" ведае (а як з такой назвай раёну не ведаць!) і паведамляе:


Ігар Угрын па цэнтры

"Нормай закону ўсталявана транслітарацыя геаграфічных назваў з беларускай мовы на рускую, а не прамы пераклад".

Бінго! Тое, над чым раіліся ідэолагі, юрысты і старшыні раёнаў і гарадоў вобласці, здзейснілася - быў дадзены нарэшце правільны адказ! І чаму толькі Ігар Угрын не ў аблвыканкаме, ці хоць бы не намеснік, а старшыня Акцябрскага райвыканкаму?..



Толькі вось адно, як той казаў, пытаннечка ўзьнікае - калі ў адпаведнасці з законам транслітарацыя назвы геаграфічнага аб'екту робіцца з беларускамоўнага варыянту, то чаму Ксюша Дзягелька і Ігар Угрын жывуць у Акцябрскім раёне, а не ў Кастрычніцкім?

Але гэта ўжо іншая гісторыя. А наступным разам мы пагаворым з вамі пра тое, як адлюстраваная беларуская мова на вулічных шыльдах іншых беларускіх рэгіёнаў.
 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Актывіст звярнуўся у райвыканкамы Гомельскай вобласці з пытаннем, чаму шыльды і паказальнікі не падпісваюцца па-беларуску, як гэтага патрабуе закон. І атрымаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика