Вядомы археолаг выказаўся пра "негістарычнасць" праекта помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску. 21.by

Вядомы археолаг выказаўся пра "негістарычнасць" праекта помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску

01.04.2015 11:30 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вядомы беларускі гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі прадставіў у Віцебску кнігу нарысаў "Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі". Прэзентацыя ў горадзе на Дзвіне была прэм'ернай у Беларусі.




На сустрэчы з чытачамі, якая прайшла на віцебскай Арт-базе, аўтар казаў пра нялёгкую працу археолагаў, шкоду ад чорных капальнікаў, эратычныя сюжэты графіці нашых продкаў. Не абышоў увагай і мяркуемы помнік князю Аляксандру Неўскаму ў Віцебску.

Археалогія ў папулярнай форме

Кніга "Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі" выйшла ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор" накладам 4 тысячы асобнікаў і складаецца з 10 нарысаў. Большасць з іх публікавалася раней ў выданні "Літаратура і мастацтва".

Тыя, хто паспеў пагартаць ці набыць кніжку, адзначаюць яе густоўнае аздабленне і якасную паліграфію. Выданне з'явіцца ў кнігарнях у красавіку. Кошт на прэзентацыі – 70 тысяч рублёў.

"Звычайна кнігі па археалогіі, якія выдаюцца тут і дзе заўгодна, – гэта дастаткова спецыяльная і даволі нудная літаратура. А тут была мэта данесці найбольш цікавыя археалагічныя факты ў максімальна папулярнай форме", - патлумачыў Плавінскі.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.


Пад вокладкай – артыкулы пра беларускія скарбы эпохі вікінгаў IX-XI стагоддзяў (у тым ліку пра "Гараўлянскі скарб", знойдзены на Глыбоччыне), раздел пра так званы Пояс Вітаўта, нарысы пра "таямніцы сівых курганоў", раскопы ў Браславе і Мядзелі, два артыкулы пра Язэпа Драздовіча і захапляльны аповед пра сярэднявечныя "фотаздымкі" – графіці.

Анансаваўшы кожны раздзел, Мікалай Плавінскі адказаў на пытанні слухачоў, якія цікавіліся спецыфікай працы на раскопах, чорнымі капальнікамі ды зместам сярэднявечнага графіці.

У чорных капальнікаў – 200 тысяч металадэтэктараў

Наконт праблемы чорнай археалогіі гісторык заўважыў, што курганы вельмі актыўна знішчаюць шукальнікі старажытных прадметаў: "Калі такімі тэмпамі пойдзем, дык невядома, ці застанецца ў нас што-небудзь наогул…".

"Пры гэтым на заканадаўчым узроўні пакуль што не робіцца аніякіх крокаў, каб змагацца з чорнымі капальнікамі. Хаця законапраект існуе, але… Пра пчалаводства вось закон прынялі, а пра барацьбу з чорнай археалогіі – не", - дадаў археолаг.

Па дадзеных Мікалая Плавінскага, у капальнікаў як мінімум 200 тысяч металадэтэктараў. Археолаг кажа, што за гады існавання незалежнай Беларусі да суду не дайшла ніводная крымінальная справа, узбуджаная супраць чорных археолагаў: "Нават адміністратыўныя справы не заводзяцца…"

У беларускім заканадаўстве адсутнічае зараз і норма ўзнагароджання за знаходку скарба (раней была прапісана ў Грамадзянскім кодэксе). І гэта таксама стварае вялікія праблемы. "Але я пра гэта не пішу. Тут усё рамантычна і прыгожа", – пасміхаўся аўтар, дэманструючы вынік сваёй працы.

Ніякай рамантыкі і барацьбы з муміямі

Наконт сюжэтаў старажытных графіці гісторык зазначыў, што продкі, як цяпер і мы, любілі дзесьці штосьці надрапаць і намаляваць, у розных жанрах – ад выяваў святых да аголенай натуры: "Яны нічым ад нас не адрозніваліся. У тым ліку пісалі і тыя цудоўныя словы, што зараз пішуць на заборах…".

Археолаг паспрабаваў развеяць міф пра рамантычнасць сваёй прафесіі: "Усе ўяўляюць археолагаў вельмі рамантычнымі персанажамі. Я нават змясціў у кнізе карцінку з Індзіанам Джонсам з бізуном і пісталетам – як прыклад сапраўднага археолага. Але насамрэч археалогія – гэта ў сваёй штодзённасці дастаткова сумная праца. Больш нагадвае бухгалтэрыю. І ніякай рамантыкі, знаходак скарбаў і барацьбы з ажыўшымі муміямі звычайна няма…".

У апошнім раздзеле кнігі "Адвечныя першапраходцы" Мікалай Плавінскі распавядае пра найбольш вядомых беларускіх археолагаў і помнікі-эталоны айчыннай археалогіі.

Праект помніка Аляксандру Неўскаму "выглядаў не гістарычна"

У самым канцы сустрэчы па просьбе карэспандэнта "ННВ" Мікалай Плавінскі выказаў меркаванне наконт помніка князю Аляксандру Неўскаму, які плануюць усталяваць у Віцебску.

"Ну хочуць паставіць – горш ад гэтага не будзе. Але і лепш – таксама. Якое ён мае дачыненне да Віцебска – незразумела. Толькі ўскоснае", - сказаў гісторык.

Ён прызнаўся, што бачыў праект помніка, і "выглядала гэта досыць жудасна". Як адмыслоўца, Плавінскі рэцэнзаваў праект у частцы гістарычнай вопраткі і дэталяў.

"Выглядаў ён рэальна не гістарычна. Не ведаю, наколькі гэта будзе перароблівацца, я слаба ў гэта веру. Ну, нейкая праца ў іх там ідзе. Але гэта ж каштуе шалёных грошай! І я не думаю, што ў сённяшніх абставінах яго хутка паставяць, бо гэта велізарныя грошы",
– мяркуе Мікалай Плавінскі.

Мікалай Плавінскі – кандыдат гістарычных навук, археолаг. Вывучае пытанні гісторыі старажытнарускай зброі і матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X-XIII стагоддзяў. Займаецца археалогіяй Полацкай зямлі і сумежных рэгіёнаў. Аўтар каля 90 артыкулаў і 6 манаграфій.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Археолаг і гісторык Мікалай Плавінскі прыязджаў у Віцебск з прэзентацыяй сваёй новай кнігі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика