Ці гатовы кіраўнікі ўстаноў адукацыі падтрымаць першы беларускамоўны клас Брэста?. 21.by

Ці гатовы кіраўнікі ўстаноў адукацыі падтрымаць першы беларускамоўны клас Брэста?

30.05.2015 17:22 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

27 мая адбыўся выпуск у першым беларускамоўным класе горада. Ён быў створаны ў 2011 годзе намаганнямі неабыякавых бацькоў у 34-й пачатковай школе ў мікрараёне Усход.


Будучая беларуская элiта з настаўніцай Таццянай Машновай (сядзіць справа) і бацькамі Уладзімірам і Маргарытай Вялічкінымі. Фота: vb.by

За чатыры гады ў вучняў змяніліся дзве настаўніцы. Тым не менш, як лічыць цяперашні педагог Таццяна Машнова, яе выхаванцы добра авалодалі праграмай пачатковай школы. З улікам невялікай колькасці дзяцей (тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі) навучанне вялося індывідуальна, у цесным супрацоўніцтве з бацькамі.

У дзяцей было дастаткова і падручнікаў, і дапаможнай літаратуры. А, да прыкладу, задачнік па матэматыцы бацька Францішка Уладзімір Вялічкін склаў і надрукаваў самастойна. Аказалася, шмат вельмі цікавых кніг можна набыць у крамах па зніжках.

А цяпер паўстала пытанне: што далей? Ці захаваецца клас у тым жа складзе? Якая з брэсцкіх школ прыме дзяцей на другую ступень навучання? Гэта стане вядома ў жніўні. Але ўжо цяпер час задумацца пра будучыню гэтага класа. Да кіраўнікоў адукацыі хочацца звярнуцца мовай папулярнай сацыяльнай рэкламы: якім будзе ваша слова?..

Юрый Прасмыцкі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста:

- Мы абапіраемся ў першую чаргу на меркаванне бацькоў: на якой дзяржаўнай мове - беларускай ці рускай - арганізаваць навучанне ў школах.

На момант адкрыцця класа ў 34-й школе Брэста быў зварот пяці сем'яў, якія захацелі, каб вучоба іх дзяцей ішла на беларускай мове. Ужо тады мы папярэджвалі бацькоў, што ў выпадку, калі колькасць дзетак на ўзроўні другой ступені (з пятага класа) будзе змяншацца, з захаваннем класа могуць узнікнуць праблемы. Для аднаго дзіцяці сёння ва ўмовах горада непрыймальна арганізоўваць такое навучанне. Дарэчы, у Брэсце ў гэтым накірунку працуе гімназія № 3 у Ленінскім раёне. Таму нельга сцвярджаць, што ў горадзе не створаны ўмовы для беларускамоўных класаў. Іншая справа - тэрытарыяльная блізкасць вучняў да школы.

Зараз бацькі спрабуюць вызначыць "траекторыю" адукацыі сваіх дзяцей, у якой установе яна прадоўжыцца, калі бацькі вызначацца, а колькасць жадаючых працягваць адукацыю на беларускай мове не зменшыцца, як мы і дамаўляліся, калі пачыналі гэту работу, будзем думаць, як стварыць умовы для далейшай вучобы дзяцей.

Брэст, дарэчы, ніколі не быў беларускамоўным - гэта мульцікультурны горад. Іншая справа - ідэнтыфікацыя сябе як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Для гэтага неабходна як мінімум ведаць мову. І тут якраз поле для дзейнасці школ. Школа павінна навучыць дзіця гаварыць, чытаць па-беларуску. А ўжо ўжываць ці не ўжываць мову ў паўсядзённым жыцці, рашае кожны чалавек сам.

На маю думку, беларуская мова распаўсюджваецца недастаткова. Аднак гэта вельмі тонкая матэрыя, і, лічу, не школа павінна тут быць лакаматывам. Неабходна карпатлівая работа па фарміраванню моўнай культуры беларусаў з удзелам СМІ, устаноў культуры, адукацыі, грамадзянскай супольнасці. Важна ўсё: на якой мове гавораць з народам рэлігійныя дзеячы, як мы падаем прывабнасць этнатурызму ў Беларусі, распаўсюджваем рэкламную інфармацыю. Вялікі фронт работы для айцішнікаў. Ці ёсць сёння беларускамоўны Майкрасофт-офіс? Ці можна ў любой інтэрнэт-прасторы ў свабодным доступе атрымаць шэдэўры беларускай літаратуры? Радуе, што хоць дамены свае, беларускія, з'явіліся. А вы знайдзіце хоць адзін перакладчык электронны. Літоўская мова ёсць, украінская і нават эстонская, а беларускай - няма. Так што мова - гэта наш агульны клопат.

Уладзімір Вялічкін, адзін з ініцыятараў адкрыцця беларускамоўнага класа ў школе № 34 Брэста:

- Безумоўна, мы хацелі б захаваць наш клас. І не проста захаваць, а "нарасціць" яго з дапамогай тых бацькоў, якія, як і мы, лічаць, што гэта толькі на карысць дзецям: ведаць дадаткова яшчэ адну мову, асабліва калі гэта мова - твая родная, па якой цябе адрозніваюць ва ўсім свеце.

Зараз мы знаёмімся з сітуацыяй і з кіраўнікамі школ (пабывалі ў розных школах Маскоўскага і Ленінскага раёнаў). Пры наборы дзяцей у пяты клас педагогі могуць прапанаваць бацькам, каб іх дзеці вучыліся ў беларускамоўным класе. Некаторыя кіраўнікі ставяцца з разуменнем. Але ёсць і такія, каму гэта не падабаецца.

Насамрэч, цяжкасці ў арганізацыі беларускамоўнага класа на другой ступені навучання часта перабольшваюцца. Падручнікаў у школах дастаткова. Універсітэт імя Пушкіна выпускае спецыялістаў, якія могуць выкладаць усе прадметы на роднай мове. Тут іншае: жадаюць кіраўнікі ўстаноў адукацыі, каб быў беларускамоўны клас, ці не жадаюць. Што датычыцца саміх дзяцей: у адной з брэсцкіх школ, дзе праводзілася анкетаванне, больш чым трэцяя частка дзяцей у старэйшых класах выказаліся, што хацелі б дасканала валодаць беларускай мовай.

Гэта ўжо іншае пакаленне, і моладзь добра ўсведамляе, што беларуская мова дазваляе лепш засвойваць еўрапейскія мовы, бо яна ўтрымлівае мноства слоў з агульнаеўрапейскімі каранямі. Беларус, як вядома, заўсёды без перакладчыка паразумеецца з палякам і ўкраінцам. Цяпер, калі грамадства вяртаецца да нацыянальнай ідэі, нам патрэбны людзі з веданнем беларускай мовы не толькі ў сферы культуры, але і ў дзяржаўных установах, і нават у бізнес-асяроддзі. Інакш як мы адкрыем сябе свету?
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
27 мая адбыўся выпуск у першым беларускамоўным класе горада, які быў створаны ў 2011 годзе намаганнямі неабыякавых бацькоў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика