У Магілёве жабракоў прагналі ад царквы — бо збіраюць грошы толькі на п’янку. 21.by

У Магілёве жабракоў прагналі ад царквы — бо збіраюць грошы толькі на п’янку

19.10.2015 21:02 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У Магілёве каля адной з цэркваў абмежавалі жабраванне, спасылаючыся на тое, што жабракі засмечваюць святыню. Тыя, хто прыходзіць да храма прасіць міласціну, лічаць, што зь імі абышліся несправядліва.

Катэдральны сабор Трох Свяціцеляў у цэнтры гораду. Непадалёк будынак аблвыканкаму ды Лялечны тэатр. Штодня пад гэтай святыняй збіралася на жабраванне стракатая кампанія мужчын і жанчын. Апошнія некалькі тыдняў каля галоўнага уваходу ў сабор іх не відаць.




У мінулую нядзелю журналіст пабачыў каля святыні не зусім звычайную карціну. Ад бажніцы адганялі старога на мыліцах. Ён асабліва не супраціўляўся, але адыходзіў неахвотна. Пакуль ішоў прэч ад храма, адна зь верніц вынесла мужчыну невялікі пірог.

На пытанне, ці прагналі яго ад царквы, стары сцьвярджальна кінуў галавой.

«Можа, ты мне дапаможаш, — звярнуўся ён да журналіста. — Я ў царкву прыйшоў, бо вернік, дык да Бога прыйшоу. Я ж ні ў чыю кватэру не прыйшоў, а да Бога. Ён мне кавалак хлеба дае. Мне Бог дапамагае».

«Дык чаго вас праганяюць?» — зноў пытаюся ў старога.

«Ня ведаю, — адказвае той. — Кажуць, не паложана».

Пачуўшы пытанні журналіста, адна з наведвальніц храма адказала на іх: «Бо яны п’юць ды засмечваюць царкву, таму і не паложана».

Стары на закід жанчыны адрэагаваў па-свойму: «Я да Бога прыйшоў. Якая выпіўка? Я ж на гэтых палках, паглядзіце. Нап’юся, дык заб’юся. Гарбату дык моцную п’ю. У кіёсках прашу».




За гутаркай амаль васьмідзесяцігадовага Альберта — гэтак завуць старога — з журналістам здалёк назіралі яшчэ некалькі небаракаў, якіх адагналі ад царквы. Усе яны былі на добрым падпітку.

У эпархіяльнай управе кажуць, што мусілі абмежаваць жабраванне ля царквы. Многія прыходзяць, каб нажабраваць на выпіўку, кажуць ва управе. Некаторыя, не адыходзячы ад царквы, спраўляюць свае патрэбы.

«Гэтыя людзі збіраюць грошы толькі на п’янку. Калі ім сапраўды патрэбная дапамога, мы ім выдаём гарачае харчаванне, вопратку, харчы, — кажа адзін з супрацоўнікаў управы. — Але тое, што яны робяць ля храму, — блюзнерства. Днямі яны ў прытворы проста наванітавалі. Дарэчы, прыходзяць яны заўжды нападпітку. Даводзіцца пастаянна хадзіць і дзяжурыць. У міліцыі зь імі ня могуць нічога зрабіць».

Стары, якога на вачах журналіста выправадзілі зь цьвінтара, паводле суразмоўцы, прыходзіць жабраваць рэгулярна. Што назбірае, тое прапівае.

Сёння да храму зноў прыйшлі заўсёднікі па міласціну. Зь пяці толькі адна жанчына была цьвярозая. На пытанне, за што гоняць ад царквы, жанчына прызналася: бо п’яныя прыходзім. «Але я цьвярозая цяпер», — сказала суразмоўніца:

«Я пенсію пакуль не атрымліваю. Скралі працоўную кніжку. Мне працаваць нельга. У мяне нага баліць. Я днямі вярнулася з Падмаскоуя з рабства. Тут пад царквой толькі рублёў дваццаць-трыццаць назбіраеш», — кажа пра сваю жыццёвую сітуацыю жанчына.

Многія наведнікі царквы не звярнулі увагі на тое, што жабракі зніклі. На пытанне, ці даюць міласціну, усе, з кім давялося пагутарыць, адказвалі сцьвярджальна.

«Бачна ж, каму даеш. Стараешся калекам. Яны ж лёсам пакрыўджаныя, — тлумачыць жанчына сталага веку. — Што яму яшчэ застаецца рабіць, пенсія ж мізэрная. Паспачуваеш і дасі».

«Даю, але ня часта, — кажа наступная суразмоуніца. — Я ведаю, куды мае грошы пойдуць. На п’янку».

«Наагул кажуць, што ня трэба даваць, — далучаецца да гутаркі яшчэ адна жанчына. — Хто міласціну просіць? Пераважна п’яніцы ды папрашайкі. Па іх відаць, што прап’юць. Мне ня важна, куды яны патрацяць гэтыя грошы. Мне іх шкада, таму даю».

На думку супрацоўніка эпархіяльнай управы, якога журналіст папрасіў пракаментаваць адказы наведнікаў царквы, такая пазіцыя людзей сведчыць, што яны стараюцца адкупіцца:

«Ёсць любоў, а ёсць дагаджанне чалавеку. Гэта калі людзі адкупляюцца ад другіх людзей і ня хочуць тым самым ім дапамагчы сацыяльна адаптавацца. Калі мы бачым, што чалавек сапраўды прыйшоў па дапамогу і сродкі пойдуць на харчаванне ды на паляпшэнне сацыяльных умоваў, то такім дапамагаем найперш».

«Дапамагаць варта, але абачліва», — кажа пра сітуацыю з тымі, хто жабруе каля цэркваў, адзін з праваслаўных святароў Магілёўскай вобласці.

«Калі, напрыклад, наркаману даць грошы на наркотыкі, то ён сябе імі заб’е, і гэта будзе яшчэ большым грахом, — кажа святар. — Трэба усё ж больш уважліва глядзець, каму мы даём. Бывае гэтак, што лепей будзе набыць нейкіх прадуктаў і аддаць іх таму, хто мае патрэбу, чым даваць грошы. Калі мы адчуваем, што яны не на карысць пойдуць, то даваць нельга».



Алесь АСІПЦОЎ
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магілёве каля адной з цэркваў абмежавалі жабраванне, спасылаючыся на тое, што жабракі засмечваюць святыню.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика