Сцепаніда Сцепанюк на Маларытчыне – асоба вядомая, знакамітая, яркая, самабытная, чалавек чуйны, назіральны, з высокім мастацкім густам. Сваёй працай, ведамі, уменнямі яна змагла тканай ніткай як бы злучыць у адно цэлае вякі, якія прайшлі, з днём сённяшнім. Адноўленая жанчынай тэхналогія ткацтва касцюма Маларыцкага строю адзення прынесла ёй вядомасць і прызнанне.
- Сцепаніда Аляксееўна, дзе чэрпаеце натхненне для творчасці? – цікаўлюся.
- Паўсюль (усміхаецца). Наша паўсядзённае вясковае жыццё так багата на розныя тэмы, вобразы. Нікуды і ехаць няма неабходнасці. Стымулам для творчасці можа быць усё, што знаходзіцца побач. Каб усё гэта адчуць і ўбачыць, трэба толькі ўважліва пры-слухацца і прыглядзецца.
Нядаўна Сцепаніда Сцепанюк адзначыла сваё 80-годдзе. З нагоды гэтай даты у ГДК Маларыты прайшоў вечар-сустрэча “Шлях, вызначаны лёсам”. Павіншаваць народнага майстра з юбілеем прыйшлі родныя, знаёмыя, калегі… Цёплыя і шчырыя словы Сцепанідзе Аляксееўне гаварылі многія, у тым ліку і Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Кацярына Ігнацюк, вядучы метадыст Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, Аляксандр Быцко, член грамадскага аб’яднання аматараў мастацтва “Тур”, а таксама Томаш Суліма і Зоя Майстровіч з Беластоцкага ваяводства (Польшча), удзельнікі дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала”, які існуе пры Хаціслаўскім СДК (кіраўнік Галіна Хомік), народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” ГДК, Наталля Буневіч, кіраўнік узорнага дзіцячага калектыву “Таўкачыкі” з Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў, Ірына Гулюта, кіраўнік гуртка па саломапляценні з Кобрынскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа…
У час мерапрыемства Сцепанідзе Сцепанюк жадалі здароўя, доўгіх гадоў жыцця, увагі і клопату з боку дзяцей і ўнукаў. Народная майстрыха атрымлівала шматлікія шчырыя віншаванні. Ганаровай граматай за значны асабісты ўклад у захаванне і адраджэнне нацыянальных рамёсных традыцый, культурнай спадчыны рэгіёну Сцепаніду Сцепанюк адзначыў Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў, Граматай – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама. Прыемным сюрпрызам стала ўзнагароджванне народнага майстра грамадскім ордэнам “За вернасць Бацькаўшчыне”. Сцепаніда Аляксееўна гэтай узнагародай адзначана за нястомныя намаганні па ўслаўленні сваёй малой радзімы, пераканаўчы прыклад творчага даўгалецця. Між іншым, на адваротным баку ўзнагароды можна пабачыць парадкавы нумар вырабу (“чатыры”) i кляймо ювелiра – заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мiкалая Кузьмiча, які ўзнавіў нацыянальную святыню – Крыж Еўфрасінні Полацкай. Ініцыятыва заснавання гэтага ордэна належыць колу беларускай інтэлігенцыі, якая вырашыла падтрымаць таленавітых самадзейных творцаў. Уручаецца ўзнагарода раз на год.
* * *
…Назаўтра Сцепаніда Аляксееўна зноў сядзе за ткацкі станок. Жанчына без гэтага ужо не можа жыць. Яна будзе ткаць і, як заўсёды, спяваць. Песня за песняй, нітка за ніткай… А побач сядзе праўнучка Дашка і будзе пільна назіраць за тым, як бабуля Сцепаніда тчэ палатно свайго лёсу. Мікалай НАВУМЧЫК. На здымку: вечар-сустрэча ў ГДК, прымеркаваная да 80-годдзя Сцепаніды Сцепанюк. Фота аўтара.
Сцепаніда Сцепанюк на Маларытчыне – асоба вядомая, знакамітая, яркая, самабытная, чалавек чуйны, назіральны, з высокім мастацкім густам. Сваёй працай, ведамі,...