Культура i рэлiгiя – сферы духоўнага жыцця. 21.by

Культура i рэлiгiя – сферы духоўнага жыцця

25.04.2016 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У рамках акцыі “Культура ва ўсім” сёння мы пагаворым пра культуру рэлігіі. Ці цікавіць гэта пытанне валожынцаў, што вядома ім аб канфесіянальнай сітуацыі ў Беларусі, наколькі значны ўплыў аказвае рэлігійнасць на наша грамадства?

Аб гэтым мы запыталі жыхароў Валожыншчыны і вось што пачулі ў адказ. 

 

Юлія Сяргееўна ПЯТРОВІЧ,

вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 2 г. Валожына:

 – Я з малых гадоў наведваю службы ў каталіцкім храме разам з бацькамі. Мне імпануе тое, што імша ў касцёле вядзецца на роднай мове. Мы з маці шмат падарожнічаем. Бываем, дарэчы, і ў праваслаўных святынях. Любое намоленая месца выклікае ў душы моцныя пачуцці. Рэлігія – магутны выхавальнік. Нядаўна прыйшла да высновы, што сёння статус рэлігіі ў моладзі павышаецца, фарміруючы светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. Заўважаю, што юнакі і дзяўчаты, якія наведваюць храмы, паводзяць сябе больш інтэлігентна.

Ігар Мікалаевіч БУРАКОЎСКІ,

жыхар Валожына:

– Жыццё сучаснага чалавека перанасычана інфармацыяй, эмоцыямі, падзеямі. Рэлігія можа выступіць своеасаблівым фільтрам, які адсарбіруе ўсё непатрэбнае, штучнае, дапаможа знайсці адказы на розныя пытанні. Быць веруючым – значыць паважаць хрысціянскую мараль. Любыя законы, нават свецкі этыкет, зыходзяць са Свяшчэннага Пісання. Лічу, што прадстаўнікам усіх канфесій неабходна прыкласці значныя намаганні, каб біблейскае слова гучала ў кожнай сям’і, каб дзеці з маленства ведалі, што такое сумленне і якой пакутай для яго можа быць злоснае парушэнне Божых запаведзей.

 

 Таццяна Міхайлаўна БАНДАРЭНКА,

намеснік дырэктара ПП “Еўраколас”:

– У цэлым я чалавек свецкі, але да рэлігійных пытанняў стаўлюся з павагай і пачуццём нейкай светлай надзеі на тое, што Бог ёсць і ён ёсць любоў. Я шмат чытала аб розных рэлігійных канфесіях. У многіх народаў релігійнасць набывае даволі непрыемныя рысы, падпарадкоўвае жыццё веруючых выкананню нейкіх жудасных абрадаў. На мой погляд, самая аптымальная сітуацыя для жыцця як веруючых, так і няверуючых менавіта ў Беларусі. Тут дзейнічаюць каля трыццаці рэлігійных накірункаў. Мяркую, усе яны прыўносяць свае набыткі ў культурную скарбніцу краіны.

Уладзімір Міхайлавіч ПУЧКОЎ,

супрацоўнік раённага краязнаўчага музея:

– Мне давялося прайсці доўгі шлях ад атэістычнага ўспрыняцця свету да ўсведамлення неабходнасці верыць у Бога. Але нават тады, калі пазіцыянаваў сябе абсалютна нерылігійным, прызнаваў безумоўную культурную каштоўнасць набыткаў хрысціянства: культавых будынкаў, абразоў, рукапісаў, кніг… На мой погляд – культура Беларусі не толькі цесна звязана з рэлігіяй, яна падпітваецца ёй. У сілу свайго геапалітычнага становішча наша краіна аказалася месцам сустрэчы двух цывілізацыйных працэсаў: усходняга і заходняга, якія дапамагаюць нам у сэнсе культуры развівацца ўсебакова.

Віктар Антонавіч РУСОВІЧ,

вахцёр-вартаўнік Дорскай сярэдняй школы:

– Рэлігія ва ўсе часы ўзбагачала нашу культуру. Пачаць хаця б з таго, што светары звычайна – высокаадукаваныя людзі, да якіх прыхаджане цягнуцца нібы да светача. А храмы? Ці ж не ўпрыгожваюць яны нашу зямлю? Пра іх бязмерную каштоўнасць для кожнага веруючага гаварыць не прыходзіцца ўвогуле. Што тычыцца культуры паводзін нашых людзей… Я наведваю праваслаўную царкву. Даўно заўважыў: храм – менавіта тое месца, дзе кожны з нас становіцца нібы чысцейшым у думках і ўчынках.

Гутарыла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рамках акцыі “Культура ва ўсім” сёння мы пагаворым пра культуру рэлігіі. Ці цікавіць гэта пытанне валожынцаў, што вядома ім аб канфесіянальнай сітуацыі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика