Святло ў акне. Калі цябе чакаюць. 21.by

Святло ў акне. Калі цябе чакаюць

14.01.2017 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Памятаю, неяк у кампаніі адна жанчына расказвала, як яна, у свой час атрымаўшы кватэру ў новым доме, не хацела ў яе засяляцца, бо ўсе вокны выходзілі на чужы двор. А ёй хацелася, каб на свой: каб яна магла штодня паглядзець услед уласным дзецям, калі яны ідуць у школу, каб з вакна памахаць рукой мужу, калі той накіроўваецца на работу, каб увечары чакаць іх вяртання ля гэтага акна, каб у выхадны выглядваць і бачыць, як дзеці гуляюць на двары… І настолькі моцна ёй гэтага хацелася, што муж дамовіўся з суседзямі, у якіх была іншая планіроўка, і яны памяняліся кватэрамі.

Рэакцыя кампаніі была неаднолькавай. Хтосьці сказаў: «Якое глупства!», хтосьці канстатаваў, што гэта быў звычайны жаночы капрыз, хтосьці прызнаўся, што яму ўсё роўна, на які двор глядзяць вокны яго кватэры — свой ці чужы…

А я, памятаю, тады ўспомніла, як прыемна, калі ты вяртаешся ўвечары з працы дахаты, здаля бачыць святло ў сваім акне і знаёмую постаць, якая прызыўна махае табе рукой. І адразу цёпла, радасна становіцца на душы: цябе чакаюць!..

Рэчы, сэрцу дарагія

Не люблю я адной тэлеперадачы і звычайна яе не гляджу — хапіла некалькі першых выпускаў. У ёй нам падказваюць, а дакладней, паказваюць, як трэба абсталёўваць, уладкоўваць свой дом. Вядома, з пункту гледжання сучасных дызайнераў. І як гэта робіцца? Прыязджаюць тэлевізійныя «дабрадзеі» да канкрэтных людзей і літаральна за адзін-два дні ўсё старамоднае, на іх думку, выносяць — мэблю, посуд, кнігі, карціны, сувеніры,  а потым напаўняюць кватэру ці пакой рэчамі, якія быццам бы адпавядаюць сённяшняму часу. Пачынаюць, канешне, з еўрарамонту (з‑за чаго і ўвесь сыр-бор — трэба ж рэкламаваць будаўнічы бізнес). І толькі дзіву даешся: была кватэра, якая гадамі ўбірала ў сябе радасць, трывогі, настрой, святы, расчараванні — увасабляла сабой жыццё сваіх гаспадароў, што адбівалася ў памятных фатаздымках на сцяне, сувенірах з падарожжаў, дзіцячых малюнках, недарагіх, але мілых сэрцу падарунках да значных сямейных падзей… І ўсё гэта ў адзін момант — прэч, каб з нуля, на пустым месцы абсталяваць штосьці абстрактнае, штучнае, затое навамоднае. Ды яшчэ пад ідэяй пазбаўлення ад «тыповай» мэблі, «тыповай» моды і нават «тыповага» мыслення. Але вось дзіўна, калі даводзіцца бываць у кватэрах, пераўладкаваных на сучасны лад, нельга не здзіўляцца «тыповасці» новай моды — аднолькавыя, стандартныя столь, падлога, мэбля, аксесуары… І атмасфера нейкая «тыповая» — штучная. Такое адчуванне, быццам не для штодзённага жыцця насельнікаў дома там усё ўладкавана, а дзеля таго, каб здзівіць гасцей, каб павыхваляцца перад імі.

Таму я вельмі люблю жытло людзей шаноўнага узросту, дзе можна пасядзець на старой канапе (ды яшчэ з валікамі ў белым чахле!), убачыць «пузаты» сервант, у якім сярод іншага посуду абавязкова стаяць шэсць чарак-рыбак вакол графіна-рыбы, пагартаць кнігі на этажэрцы, паглядзецца ў высокае трумо, папіць гарбаты за круглым сталом, пакрытым аксамітным абрусам, паразглядаць чорна-белыя фатаздымкі, што вісяць у рамках на сценах… У такіх кватэрах — асаблівая аўра. Адчуваецца, што тут усё — дзеля сябе і самых блізкіх, а не дзеля пустога выхвалення. І хаця, можа, у гэтай кватэры ніводнай рэчы няма па-сапраўднаму каштоўнай з пункту гледжання гісторыкаў ці антыквараў, але для гаспадароў кожная з іх — дарагая, мілая сэрцу, бо ў кожнай — памяць, лёс, жыццё.

Тыя, хто побач

Аднойчы ў перапоўненым аўтобусе я міжволі падслухала чужую размову: «Так стала цяжка працаваць: на фірме заказаў няма — і заробку добрага няма… Дырэктар аб’явіў, што палову супрацоўнікаў звольніць. На працы нервы накруціш, дадому прыйдзеш — на сваіх злосць спагоніш…». Захацелася зірнуць на мужчыну, які за маёй спінаю спавядаўся знаёмаму, але я своечасова пагасіла ў сабе не зусім сціплую цікаўнасць.

«Дадому прыйдзеш — на сваіх злосць спагоніш…» Вядома, здаровы, дужы мужчына, відаць, не гультай, а зарабіць на сям’ю не можа. Ён пакрыўджаны, злуецца. На дырэктара фірмы, на дзяржаву, на жыццё. Хтосьці ж павінен быць вінаватым?.. А вінаватымі аказваюцца самыя блізкія людзі. Тыя, хто побач. На іх можна накрычаць так, як ніколі б не адважыўся накрычаць на дырэктара фірмы. Перад іхнім носам можна так бразнуць дзвярмі, як ніколі б не бразнуў у кабінеце начальніка. На іх можна нават замахнуцца, калі падвернуцца пад гарачую руку… Але як толькі нехта чужы пазвоніць у дзверы, куды толькі падзенуцца раздражненне і злосць?! Госці на парозе — на вуснах гаспадара (ды і гаспадыні таксама) ветлівая ўсмешка: «Заходзьце! Праходзьце! Вельмі рады!..». А як жа інакш? Мы ўсе з дзяцінства прывучаны «не выносіць смецце з хаты». Не перакладваць на людзей свае праблемы. Не зрываць на чужых дрэнны настрой. А на сваіх можна?..

«Палюбі бліжняга свайго як сябе самога», — гаворыць адна з запаведзяў хрысціянства. І мы, адкрыўшы свае душы насустрач Богу, стараемся любіць бліжніх — суседзяў, супрацоўнікаў, выпадковых знаёмых інвалідаў, жабракоў… А вось тых, хто побач… Але хто ж нам даражэй, больш неабходны, чым нашы сямейнікі?..

Трэба цаніць сваю жонку, таму што яна ваша, вам і вашым дзецям цёпла пад яе крылом. Трэба цаніць сваіх дзяцей ужо за тое, што гэта вашы дзеці, і адно з гэтай толькі прычыны яны лепшыя за іншых дзяцей. Трэба цаніць сваю сям’ю за тое, што гэта ваша сям’я, ваша апора, ваша надзейная гавань, у якую можна схавацца пры любой жыццёвай непагадзі. Якая цяжкая хвіліна ні надарылася б, якая навала ні звалілася б, якая хвароба ні напаткала б, заўжды родныя і самыя блізкія — маці, бацька, жонка, муж, дзеці — дапамогуць і падтрымаюць, а хуткі цягнік жыцця памчыць далей, і ніхто ў яго вагонах нават не прыкмеціць, што вы сышлі на кароткім трывожным прыпынку, і ніхто чужы не саскочыць услед за вамі, каб дапамагчы. І вось тады стане зразумела, што грошы, кар’ера, слава, сябры-таварышы ў жыцці маюць другараднае значэнне. Галоўнае — тыя, хто побач.

Сцяна непарушная

«Купіце абраз, «Непарушная сцяна» называецца. Будзе ахоўваць вашу сям’ю», — сказала мне жанчына, якая гандлявала ў праваслаўным кіёску. У жанчыны быў светлы твар і гэткія ж светлыя (па выразу) вочы. Адчувалася, што і чалавек яна светлы, як кажуць, ад Бога.

Паглядзела я на абраз: Прасвятая Багародзіца ў цёмным адзенні ўзняла ўверх дзве далоні, быццам захінуць нас хоча ад нейкай навалы. І адразу ўспомніла розныя абярэгі, якіх досыць прайшло за многія гады праз наш дом: падковы, амулеты, ідалы, араматычныя свечкі… Чаму мы молімся чужым багам? Цягнем у свой дом, у свае галовы, у сваё жыццё рознае смецце: астралогію, кітайскі фэншуй, буддыйскія сімвалы… Выконваем чужынскія абрады, верым у розныя прыкметы і прымхі…

Мы ўжо ўсе зразумелі, што сям’я, дом — самае вялікае багацце на свеце. Вось і стараемся як мага больш абараніць гэта багацце: расстаўляем мэблю згодна з правіламі фэншуй, развешваем на сценах чужыя нам абярэгі, страшныя маскі, «абкурваем» пакоі нейкімі араматычнымі свечкамі, якія быццам бы адганяюць злых духаў… Ужо і не ведаем, за што хапацца. Але нічога не дапамагае, не абараняе, не захінае. Таму што — не наша.

А вось гэты абраз… Маленькі, а якая сіла ад яго зыходзіць! І чаму я раней ніколі не чула пра «Непарушную сцяну»?.. Вядома, я набыла абраз, а астатнія «абярэгі» выкінула.

Няхай не парушацца сцены нашых дамоў!..

Тамара Бунта

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаю, неяк у кампаніі адна жанчына расказвала, як яна, у свой час атрымаўшы кватэру ў новым доме,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика