Памятны знак да 1155-годдзя Полацка зробяць па эскізе мінскага скульптара. 21.by

Памятны знак да 1155-годдзя Полацка зробяць па эскізе мінскага скульптара

24.04.2017 09:29 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёлета самы старажытны горад Беларусі адзначыць сваё 1155-годдзе. У гонар гэтага адкрыюць памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці». Міністэрства культуры і мясцовыя ўлады правялі конкурс эскізных праектаў, на які падалі 10 заявак.


Журы аддало перавагу працы мінскага скульптара Уладзіміра Піпіна, ураджэнца Оршы, выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго скульптурныя кампазіцыі ўсталяваны ў Оршы, Магілёве, Мсціслаўлі, Гродне, польскіх гарадах Ломжа і Сувалкі, а трохфігурны рэльеф на тэмы беларускіх народных святаў упрыгожвае Палац незалежнасці ў Мінску.

— Я вельмі люблю Полацк і разумею ўсю адказнасць сваёй задачы. Магчымасць рэалізаваць такі знакавы праект — для мяне вялікі гонар, — сказаў скульптар.

Што ўяўляе сабой прапанаваная ім кампазіцыя? Гэта шматгранны метафарычны вобраз: з аднаго боку — калыска, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, з другога — ладдзя, што плыве з мінулага ў будучыню па хвалях часу.

На шчытах, злучаных у адзіную звязку, будуць партрэты знакамітых гістарычных асоб — ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Усяслава Чарадзея і вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. На адваротным баку скульптар плануе размясціць ключавыя даты станаўлення нашай дзяржаўнасці, тэксты з летапісаў, магчыма, цытаты сучасных аўтараў.

Над праектам Піпін працуе разам з Арменам Сардаравым — дэканам архітэктурнага факультэта БНТУ, вядомым навукоўцам і педагогам.

Спачатку меркавалася, што помнік усталяюць з заходняга боку Сафійскага сабора — там, дзе ў ХI стагоддзі знаходзіўся яго галоўны фасад. Але пасля ўзнікла прапанова вынесці кампазіцыю на бераг ракі.

— Заходняя Дзвіна — не проста водная артэрыя, — тлумачыць Армен Сардараў. — Па ёй праходзіў шлях «з вараг у грэкі», які ў многім паўплываў на гістарычны лёс краіны. З Візантыі прыйшло хрысціянства ўсходняга абраду, варагі прынеслі пачаткі палітычнага ладу. Сафійскі сабор у Полацку пабудавалі і як знак рэлігіі, веры, і як сімвал дзяржаўнасці. Усё сплялося ў адной кропцы. А вобраз калыскі-ладдзі якраз увасабляе гэты рух часу, звязвае падзеі.

Канчатковую версію скульптурнай кампазіцыі зацвердзіць Рэспубліканскі мастацкі савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.

Памятны знак адкрыюць падчас Дня беларускага пісьменства ў першыя выхадныя верасня. Галоўнымі тэмамі свята стануць 1155-годдзе беларускай дзяржаўнасці і 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятны знак адкрыюць падчас Дня беларускага пісьменства ў першыя выхадныя верасня.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика