Цуды для дзіцяці, мова і негорад у горадзе. "Магілёў майго дзяцінства" Віталя Марфеля. 21.by

Цуды для дзіцяці, мова і негорад у горадзе. "Магілёў майго дзяцінства" Віталя Марфеля

16.08.2017 16:18 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Неўзабаве мне споўніцца 38 год. Не юбілейная дата, але асабіста для мяне важная: якраз мінае роўна 19 год, як я не жыву ў горадзе майго дзяцінства — Магілёве», — так пачынае сваю гісторыю Віталь Марфель. Ён успамінае сваё захапленне мастом праз Днепр, як магілёўцы самі падзялялі сябе на гараджан і не гараджан, як ураджэнцы вёсак саромеліся размаўляць на беларускай мове. Усё гэта — у апошняй гісторыі конкурса TUT.BY «Магілёў майго дзяцінства».


Театральная площадь, 1984 год. Фото из архива Олега Лисовского.

Апошнія 9 год жыву ў Мінску. Нягледзячы на наяўнасць прапіскі і жылля, праўду сказаць, так і не адчуваю сябе стлічным жыхаром. Усё часцей успамінаю менавіта першую палову свайго жыцця — дзяцінства, юнацтва. І, без сумніву, яна непарыўна звязана з родным горадам, роднымі мясцінамі. Здараецца, чалавек пакідае іх, але яны патаемна жывуць у яго сэрцы. Чалавек носіць іх, нават сам таго не ведаючы, пакуль яны ціха не паклічуць яго ўспамінамі.

Часта прыязджаю ў Магілёў - наведваю маці. Горад змяняецца. Але ў маёй памяці ён такі, якім я бачыў яго крыху больш, чым трыццаць год таму. Для мене ён застаецца тымі канкрэтнымі мясцінамі, што глыбока ўрэзаліся ў маю дзіцячую памяць і яскрава паўстаюць цяпер перад вачыма. Іх тры: Лупалава — тая задняпроўская часціна Магілёва, дзе я жыў, мост праз Дняпро, які злучае абедзе часткі горада, і ўласна Магілёў.

Лупалава

На двары 1984 год. Мне 5 год. Я жыву ў СССР, у горадзе Магілёве на вуліцы Сіманава. Яе нядаўна пераназвалі - раней яна называлася Гагарына. Дакладней сказаць, кавалак вуліцы Гагарына назвалі ў гонар пісьменніка Сіманава, які нядаўна памёр. Ён быў удзельнікам вайны і апісваў у сваіх творах бітвы, якія адбываліся у ваколіцах горада, што цяпер сталі таксама горадам, дзе трэстам «Лаўсанбуд» у 70-ыя гады пабудаваныя шматпавярхоўныя дамы, ў тым ліку і той, дзе я жыву.

Канешне, аб гэтым я дазнаўся ў новапабудаванай школе № 38, куды я праз год пайшоў вучыцца. Памятую, што па нейкім прадмеце задалі напісаць рэферат пра вуліцу, на якой жывеш. Я паслухмяна пайшоў у дзіцячую бібліятэку і карпатліва адшукваў у розных даведніках скупыя дадзеныя пра родную вуліцу. Нават і не думаў, што яны застануцца ў маёй памяці біяграфіяй роднага горада.

А пакуль вуліца Сіманава для мяне — гэта возера, што праз дарогу ад нашага дома. Мы ходзім з мамай туды гуляць. Яно вельмі вялікае, пасярэдзіне яго есць востраў, і там шмат птушак, якія голасна крычаць. Называецца яно Святое. Дзіўная назва. Бабуля тлумачыць, што «раней тут стаяла цэрькаў, а потым яна скінулася пад зямлю і на тым месцы абразавалася возера». Бабуля расказвала гэта вельмі сур’ёзна, ніколькі не сумняваючыся ў тым, што менавіта так і было. Я таксама верыў у гэтую байку, бо верыў бабулі.


Гребеневское водохранилище (Святое озеро), 2016 год. Фото: Анжелика Василевская, TUT.BY

Чым яшчэ адметная нашая вуліца? З гонарам магу запэўніць, што ў нас ёсць тое, чаго няма на іншых вуліцах — гэта ДАІ. Дарэчы, мне мала вядома, што гэта такое (і зусім невядома, што яно нават абласное!), альбо, як мы, дзеці, тады казалі, як гэта расшыфраваць.

Мая бабуля — мой галоўны сябар, настаўнік і выхавацель. Вельмі яе люблю і шаную. Але ў яе есць адна хіба — яна не ўмее мне шмат чаго патлумачыць, каб яно стала зразумелым. Мая бабуля — малапісьменная (як яна сама пра сябе гаварыла — «малаграматная»), паспела да вайны скончыць некалькі класаў пачатковай школы. Яна навучылася чытаць і трохі пісаць — па-беларуску. Пасля вайны да школы хадзіць не стала — саромелася, бо была ужо вялікай. Так і жыла.

Дык бабуля не ведала не толькі тое, як «расшыфраваць» ДАІ, але і не разумела, навошта там штосьці расшыфровываць. «І так усё панятна», — казала яна. А мне было нічога незразумела. Акрамя таго, што, калі мы шпацыравлі з маці па дарозе да возера, з гэтага будынку выходзілі людзі ў прыгожай міліцэйскай форме.

Таксама ў нас ёсць паліклініка. Нават дзве: адна — дарослая, другая — дзіцячая. Яе нядаўна пабудавалі, бо раней мы з мамай ходзілі ў іншую, якая была далёка.

На нашай вуліцы няма магазіна. І таму мы хозім на суседнюю вуліцу Астроўскага. Там, дарэчы, знаходзіцца і дзіцячы садок, куды мяне штораніцы адводзіць мама. Я ведаю яго лічбу — № 68. На гэтай вуліцы ёсць два магазіны: адзін «малочны» — там прадаюць малочныя тавары, а другі «хлебны» — там прадаюць ўсё іншае.

Бывае, мы ходзім ва ўніверсам — даволі вялікі магазін, і там шмат чаго прадаецца. Але ён знаходзіцца далекавата — два прыпынкі на аўтобусе, адразу за скрыжаваннем з праспектам Шмідта, які мая бабуля, ня ўмеючы правільна выгаварыць, называе па-свойму: «Шмікта». І я яго так называю, бо пакуль што не ведаю, як правільна.


Улица Виленская (Лазаренко), 1980 год. Фото из архива Олега Лисовского.

Тыя, хто цяпер жывуць у Магілёве на левым беразе Дняпра, у так званым Задняпроўі, напэўна не памятаюць таго, што 30−40 год назад людзі, што там жылі, лічылі сябе не зусім магілёўцамі. Добра памятую, калі мяне малога бабуля брала з сабой куды-небудзь, я пытаўся ў яе па дарозе на аўтобусны прыпынак, куды мы паедзем, бабуля заўсёды адказвала: «У горад». Так казалі ўсе, калі гаворка ішла пра паездку праз мост за Дняпро: «Едзем у горад»

Мне малому падавалася гэта дзіўным: як у горад? Мы ж не ў вёсцы жывём. Не месцілася ў галаве гэтая маленькая геаграфічная недарэчнасць. У галаве паволі праяснялася, калі бабуля, сустрэўшы на Быхаўскім базары сваю зямлячку, былую аднавяскоўку, якую не бачыла добрых 10 год, і калі тая ў яе пыталася, дзе жывеш, яна нязменна адказвала, што «кварціру палучыла ні ў Мігілёве, а ў Лупалаве».

Сёння некаторыя нават і не ведаюць, што такое Лупалава. Некаторыя па старой звычцы так завуць велізарны прыватны сектар, што схаваўся за гмахамі шматпавярховікаў на Пушкінскім праспекце і цягнецца да дняпроўскіх лугоў. Альбо ў некаторых Лупалава атаясамліваецца з аднайменнай чыгуначнай станцыяй. Здаўна сённяшняе Задняпроўе звалася Лупалавам — уся левабярэжная частка Магілёва. Для колішняга жыхара горада быў выразны крытэрый падзелу месца жыхарства: за мастом, за Дняпром — горад, перад ім — Лупалава. Не прадмесце, якім яно калісці было, не асобны населены пункт, але і не Магілёў. Каб гэта зразумець, трэба быць магілёўцам, дакладней — лупалаўцам.

Мост

Нечастыя паездкі «у горад» — заўседы на аўтобусе. Пехатой — далёка, а машын на пачатку 1980-х было дзве-тры на пад’езд. Еду па дарозе, прыпаўшы блізка тварам да шыбы жоўтага Ікаруса-гармошкі маршрута № 8. Былі, канешне, і іншыя маршруты: 13, 14 і нават 25 экспрэс. Апошні здаваўся дзівам, бо прыпыняўся не на кожным прыпынку, але толькі праз два.

Каб дацягнуцца да шыбы, станаўлюся каленкамі на сядзенне і гляджу ўдалечыню. Наперадзе — столькі цікавага. У Задняпроўі, праўда, цікавага мала. Толькі рэшткі прыватнага сектара сярод радоў шматпавярховікаў разбаўляюць пануры краявід і выклікаюць чарговую недарэчнасць: што яны тут робяць? Паводле маіх дзіцячых уяўленняў, у горадзе павінны быць толькі каменныя дамы, а не драўляныя, як у вёсцы. Пытаюся ў бабулі пра гэта. Яна патлумачыць гэта не можа, як і наогул зразумець сэнс майго пытання, таму адказвае мне проста: «Людзі тут жывуць. Скора пастроюць дамы, і іх папасносюць».


Улица Первомайская, 1985 год. Фото из архива Олега Лисовского.

Потым, як мне падаецца, раптоўна горад скончваецца. Дамы знікаюць. З левага боку віднеюцца, як мы, дзеці, казалі, каруселі (некалькі атракцыёнаў сярод кволых дрэўцаў тады называліся паркам). Хочацца як мага хутчэй выйсці з аўтобуса і пабегчы туды, на гэтыя каруселі, але бабуля, бачучы маё раптоўнае ажыўленне, рашуча спыняе яго: «У следушчую суботу мама цібя сводзіць туды». Душу агортвае радасць.

Трэба прызнаць, што бабуля заўсёды потым казала, каб маці звазіла мяне туды, і тая з ахвотаю выконвала маё жаданне, пра якое я неўзабаве забываўся, і паездка «на каруселі» станавілася сапраўдным сюрпызам. Асабліва ж хацелася патрапіць на самалёт, які стаяў сярод іншых атракцыёнаў і падаваўся чарговай недарэчнасцю. Што ён там робіць? Навошта ён там? Гэта ж не аэрапорт.

У бабулі была свая версія на гэты конт. Яна расказвала, што «на тым месцы, дзе наш дом, раней быў эрадром, самалёты лёталі. Вот адзін і астаўся». Мала ў гэта верылася, гледзячы на зіхацеючы фюзеляж ТУ-134, які, дарэчы, стаіць там і па сённяшні дзень.

З правага боку быў іншы выгляд: набярэжная Дняпра і пляж на тым беразе. Але што яны былі ў параўнані з самалётам! Іх атрымлівалася разгледзіць толькі тады, калі мы займалі месцы ў аўтобусе з правага боку. Улічваючы, што сядалі мы на канцавым прыпынку, я заўсёды выбіраў месцы з левага, бо памятаў, што з гэтага боку выгаднейшы выгляд. Калі вярталіся назад дамоў, выбіраць не прыходзілася, бо ўсе месцы ў аўтобусе амаль заўсёды былі занятыя.

І вось надыходзіць той момант, якого я з нецярпеннем чакаў усю паездку: пачынаецца мост. Для мяне малога гэта было нечым неверагодным! Мастоў на той час у Магілёве было два — гэты і мост на праспекце Шмідта. Шмідтаўскім мы амаль не карысталіся — куды па ім ехаць? Таму найчасцей ездзілі па гэтаму, цэнтральнаму. Я нават не ведаў, што ён мае нейкую назву.


Пушкинский мост, 1987 год Фото из архива Олега Лисовского

Заўважаю хвалі ракі. «Дняпро», — кажа бабуля. Я ведаю гэта, бо масту папярэднічала вялікая шыльда, на якой так і напісана: «Дняпро». Я ўжо ўмею чытаць, хаця пакуль не хаджу ў школу. Напісана па-беларуску. Я тады не ведаў, што па-беларуску. Як не ведаў, што ёсць розныя мовы.

У тыя часы большасць гараджан была ўчорашнімі вяскоўцамі. Адны саромеліся гаварыць па беларуску («па-дзеравенскі») і размаўлялі па-руску са страшэнным беларускім акцэнтам, некаторыя намагаліся перайсці на рускую мову, але ў іх атрымлівалася нейкая жахлівая трасянка. Гаварылі так, як умелі, бо не ўмелі «па-гарадзкому». Канешне, гэта быў мясцовы дыялект, даволі каларытны, з вялікай колькасцю рускай лексікі, а не тая класічная літаратурная беларуская мова, якой я потым навучыўся ў школе і на якой пішу гэты артыкул. Ва ўсялякім разе, мова — яна адтуль, з дзяцінства. Для мяне яна — даніна памяці маім продкам, якія на ёй размаўлялі, і апошнім носьбітам якой была мая бабуля.

Але вернемся да маста праз Дняпро. Больш за ўсё мяне непакоіць думка: «Куды знікла дарога, і як мы рухаемся, калі яе няма?». Я спытаўся пра гэта ў бабулі. Яна сур’ёзна і коратка адказала: «Мост». Гледзячы на тую велізарную прорву паміж срэбнымі хвалямі ракі і мастом (тады яна мне падавалася нейкай неверагоднай вышынёй), мяне пачынала непакоіць іншае: а ці не звалімся мы раптоўна ў ваду? Пытанне гэтае мяне трывожыць усур’ёз, бо я не ўмею плаваць. Увесь шлях па масту маё сэрца дрыгаціць у грудзях, пакуль мост не скончваецца, і я супакойваюся. Пачаўся горад.

Горад

Галоўным крытэрыем жыцця «у горадзе» быў той факт, што мы жывём у кватэры у шматпавярхоўным будынку. Бабуля вазіла мяне на сваю радзіму ў вёску да сваякоў. І галоўнае, што мяне ўразіла, што там былі толькі драўляныя хаты. У маім дзіцячым светаўспрыманні ўсё было вельмі проста: у гарадах — дамы, у вёсках — хаты.

Пасля з’езда з маста пачынаецца горад. Сэрцам авалодвае ўзрушанне, бо з левага боку высіцца велічны курган. Пытаюся ў бабулі пра яго. Бабуля на свой лад пачынае апавядаць сівую легенду пра «разбойніка і лыцара Машэку, каторага забілі, а потым тут пахаранілі і насыпалі курган». Мне мала верыцца — навошта аднаму чалавеку такая велізарная магіла?

Аўтобус угору ледзве цягнецца. Мае сумнівы пацвярджаюцца, калі раптам наверсе кургана я бачу нейкі помнік (яго нядаўна збудавалі). Ага, здаецца гэта той Машэка? Але не, майму зроку адчыняецца высачэзны манумент, наверсе якого бягучая жанчына. Вось дзіва! На маё чарговае пытаннне аб асобе на пастаменце бабуля адказвае як заўсёды ўпэўненна: «Бягушчая жэншчына», не тлумачучы больш нічога, бо і сама не ведае, навошта пасярод кургана незразумелы помнік.

Я потым спытаўся ў маці, калі мы з ёю ехалі ў аўтобусе, пра гэты помнік. Маці жартаўліва адказала: «Оксана, бегущая с „Лавсана“». Але і яна мне так і не змагла патлумачыць яго сэнс. Адныя незразумеласці. Якая Аксана? Чаму Аксана, а не Машэка? З якого «Лавсана»? Калі я трохі падрос, то старэйшая сябры патлумачылі: Аксана — гэта баба, якая бяжыць з завода, які называецца «Лавсан», бо не хоча там працаваць. Сапраўды, гэты недарэчлівы манумент і сёння знаходзіцца на тым узгорку, дзе месціцца плошча Славы.

Нарэшце шлях угору скончваецца і аўтобус выязджае наверх і прыпыняецца. Кіроўца праз мікрафон аб’яўляе чарговы прыпынак: «Площадь Орджоникидзе». Ого! А гэта што такое незразумелае. На гэтае пытанне бабуля не можа адказаць, бо з яе пачатковай адукацыяй нават не ўмее правільна выгаварыць такую «скарагаворку».

Далей з левага боку прыгожы будынак з чырвонай цэглы. «Ціатр» — апярэжвае мае думкі бабуля. Аўтобус паварочвае, і пачынаецца галоўная вуліца горада — Першамайская. Высокія прыгожыя будынкі, шчыльная забудова, квартальная структура ў адрознені ад мікрараённай у Задняпроўі, — робяць на мяне уражанні, і я, нібыта, зачараваны, глытаю водар сапраўднага горада.


Кинотеатр «Чырвоная зорка», 1982 год. Фото из архива Олега Лисовского.

Наперадзе — кінатэатр «Чырвоная зорка». Дарэчы ўсе магілёўцы называюць яго менавіта так, па-беларуску, але на рускі манер — «Чирвоная зорька». Далей — вялікі дом. «Ого, які доўгі» — здзіўляюся я. «Кітайская сцяна» — удакладняе бабуля. Дзіва — ды і толькі.

Наверсе дома ўсталяваны «бягучы радок», і вечарам, стоячы на прыпынку, можна чытаць яго. Але ў такім ўзросце я не бываю ў горадзе так позна, каб пабачыць гэта. Калі я трохі падрос, маці пачынае браць мяне з сабой на працу (на станцыю «хуткай дапамогі»), і мы, вяртаючыся дамоў увечары, калі ўжо сцямнела, назіраем за перасоўваючыміся электроннымі радкамі. У даінтэрнэтаўскую эпоху гэта падаецца сапраўдным цудам!

Далей універмаг. Вялікі магазін, дзе прадаюць усё! Тры паверхі! Бабуля ходзіць па ўсіх адделах у пошуках дэфіцыту. Мы стаім у даўжэнных чэргах. Мне ніколькі не сумна, бо есць чым заняцца. Навокал столькі людзей, яны ўсе такія розныя. Час пралятае хутка. Бабуля з пакункамі набытых тавараў вядзе мяне да прыпынку. Цяпер мы паедзем дадому. Усё бачанае паўтарыцца, калі толькі пашчасціць заняць патрэбнае месца. Але як заўсёды ўсе месцы занятыя. Некаторыя прапануюць «пусть ребёнок сядет», але бабуля адмоўна хістае галавою. Пастаіць. Я стаю і ён пастаіць. Але я не адчуваю стомы. Я шчаслівы, бо я ездзіў у горад!

Проголосовать за лучшую историю, присланную на конкурс «Могилев моего детства», можно будет с 17 августа. Победителю, напомним, достанется 100 рублей.

 
Теги: Могилев
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Бабуліна зямлячка, былая аднавяскоўка, адказвала, што "кварціру палучыла ні ў Мігілёве, а ў Лупалаве".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика