ООО «Экологические материалы»: инвестиции с умом — отдача гарантирована. 21.by

ООО «Экологические материалы»: инвестиции с умом — отдача гарантирована

10.10.2017 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Невыкарыстоўваемыя аб’екты, па розных прычынах выведзеныя з гаспадарчага абароту, уцягваюцца ў эканамічную дзейнасць некалькімі спосабамі. Напрыклад, уся тэрыторыя са збудаваннямі былой Аранчыцкай базы паліва была перададзена пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта маладому таварыству з абмежаванай адказнасцю «Экалагічныя матэрыялы». Гэта азначае, што заснавальнікі новага прадпрыемства, атрымаўшы нерухомасць практычна бясплатна, былі вымушаны ў вызначаны тэрмін наладзіць вытворчасць і стварыць працоўныя месцы.

Варта адзначыць, што на фоне няўдач (часам нават з-за нежадання ўкладваць сродкі ў набытыя за адну базавую велічыню аб’екты), гэты выпадак — з разраду паспяховых, з выдатнай перспектывай.
— Справа ў тым, што мы з самага пачатку дасканала пралічылі свае магчымасці і кожны наш крок быў узважаны і абгрунтаваны,— расказвае А.У.Гіль, адзін з уладальнікаў ТАА «Нятканы свет», якім належыць таксама і навастворанае ў Аранчыцах прадпрыемства. — Даўно выспела думка аб пашырэнні вытворчасці, а пустуючая тэрыторыя для гэтага выдатна падыходзіла. Але адной толькі зямлі было недастаткова: мы падрыхтавалі эканамічныя разлікі, вывучылі рынак збыту. І, безумоўна, узважылі ўласныя магчымасці, каб потым не расчаравацца самім і не расчараваць раённую і абласную ўлады, якія нам перадалі нерухомасць ва ўласнасць.
На жаль, такія сапраўды сур’ёзныя намеры маюць далёка не ўсе інвестары, якія пры першых непрадугледжаных цяжкасцях адразу адмаўляюцца ад узятых на сябе абавязацельстваў. Але гэта толькі не пра нядаўна створанае таварыства «Экалагічныя матэрыялы».


Як расказвае начальнік вытворчасці А.В.Басак, афіцыйна прадпрыемства было створана ў 2014 годзе, але на поўную сілу пачало працаваць толькі праз тры гады. За гэты час давялося перажыць нямала непрыемнасцей, вырашыць вялікі стос складанасцей, што чакалі наладчыкаў вытворчасці літаральна на кожным кроку.
— Збудаванні нам дасталіся ў даволі добрым стане: спатрэбілася толькі невялікая рэканструкцыя, каб прывесці іх у той выгляд, які патрабуецца для вытворчых умоў,— успамінае Андрэй Валер’евіч. — А вось з абсталяваннем і па сённяшні дзень «змагаемся».
Неабходныя для выпуску задуманай прадукцыі станкі былі набыты ў Кітаі. Уласнымі сіламі іх устанаўлівалі і настройвалі, потым мадэрнізавалі і зноў настройвалі. Сёння выпраўляюцца апошнія хібы, уносяцца карэктывы ў рабочыя моманты.

Пасля гэтага пачалі адладжваць тэхналогію, дакладней, распрацавалі ўласнае ноу-хау: яшчэ да стварэння таварыства заснавальнікі мелі намер наладзіць выпуск какосавых матаў для вырабу артапедычных матрацаў і мяккай мэблі, бо падобнай вытворчасці ў нашай краіне няма. Такая прадукцыя карыстаецца вялікім попытам у вытворцаў мэблі Расіі, Польшчы і Украіны, пэўную долю падобнай прадукцыі завозяць і айчынныя вытворцы.

Робяцца такія маты толькі з натуральнай сыравіны. Усе іншыя кампаненты павінны быць таксама экалагічна бяспечнымі. Вось з-за гэтага і ўзнікала складанасць, бо кітайскія станкі не былі разлічаны на «бесхімічныя тэхналогіі». З дапамогай кемлівасці і пры наяўнасці жадання ўсё-такі ўдалося пераадолець цяжкасці, і ў студзені бягучага года быў запушчаны няспынны канвеер. Чаму няспынны? А таму, што работу адразу давялося наладжваць у тры змены, каб як мага хутчэй задавольваць вялікі паток заказаў. Па словах начальніка вытворчасці, ніяк не ўдаецца з пачатку года стварыць хаця б невялікі запас прадукцыі: даводзіцца працаваць літаральна «на колы».

— У верасні змаглі адвезці на склад невялікі запас, але толькі на тыдзень. Цяпер тавар вывозім назад і грузім у фуры,— паказваючы працэс пагрузкі, каментуе А.В.Басак.
Хутка прадпрыемства пачало расці. Усе збудаванні ўвялі ў эксплуатацыю, а цяпер абмяркоўваюцца планы будаўніцтва новых плошчаў. Напрыклад, дзякуючы наладжанай безадходнай вытворчасці, тут зноў трапляюць на канвеер не толькі абрэзкі, але і тэхналагічны пыл, які збіраецца ў якасці энергарэсурсу для ўласнай кацельні, якую мяркуе набыць прадпрыемства.


Толькі за год калектыў таварыства павялічыўся з 35 работнікаў да 80. Новыя прэтэндэнты ідуць сюды ахвотна, але кадравае пытанне вырашаецца ўсё роўна даволі складана. Па-першае, не ўсіх задавальняюць умовы аплаты працы, калі зарплата выплачваецца менавіта за зробленае. Здараліся выпадкі, калі брыгады самі прасілі выключыць з іх складу гультая, работу якога даводзілася выконваць калегам. Па-другое, цяжка знайсці і такіх, у каго «на рахунку» няма парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Па-трэцяе, тут неабходна ўмець працаваць з даволі складаным абсталяваннем, хаця разабрацца ў ім дапамагаюць менавіта на прадпрыемстве. Навічок спачатку працуе на ўмовах выпрабавання з замацаваннем за ім настаўніка. Потым ён пераходзіць у брыгаду, дзе зноў трапляе на «вучобу» да вопытных таварышаў. І толькі пасля «выпускнога» дапускаецца да работы на станках. Таму, як зазначае начальнік вытворчасці, працавітых людзей тут чакаюць, тым больш што ў бліжэйшым будучым плануюць павялічваць колькасць рабочых рук.
У ТАА «Экалагічныя матэрыялы» створаны належныя ўмовы і для ўтрымання кадраў. Напрыклад, сярэдняя заработная плата за першае паўгоддзе тут склала 650 рублёў, а па выніках года мяркуюць выйсці на 760 рублёў.

На прадпрыемстве арганізаваны пазменны рэжым работы, а дзякуючы гэтаму, у работнікаў ёсць магчымасць і адпачыць, і вырашыць хатнія справы. Усе работнікі забяспечваюцца спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны. Прадугледжаны таксама сацыяльныя гарантыі і матэрыяльныя даплаты ў розных жыццёвых абставінах.
Нельга сказаць, што інвестарам проста пашчасціла знайсці «залатую жылу»: справа ў тым, што ў кожнай дзелавой справе неабходны разумны падыход з дакладнымі эканамічнымі выкладкамі, а не проста жаданне стаць уласнікам нерухомасці па прывабным кошце.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Невыкарыстоўваемыя аб’екты, па розных прычынах выведзеныя з гаспадарчага абароту, уцягваюцца ў эканамічную дзейнасць некалькімі спосабамі. Напрыклад, уся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика