О «плюсах» бесплатной медицины ИЛИ как попасть на прием к врачу. Мнения читателей. 21.by

О «плюсах» бесплатной медицины ИЛИ как попасть на прием к врачу. Мнения читателей

16.10.2017 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Нашым чытачам было прапанавана выказаць свае меркаванні наконт даступнасці медыцыны. Чаму мы вырашылі звярнуцца да гэтай тэмы? Бадай, гэта адна з самых папулярных сярод нашых чытачоў тэм для выказвання. Прычым у адрас галіны аховы здароўя гучаць як станоўчыя, так і негатыўныя водгукі. Іншы раз выказваюцца не толькі заўвагі, якія трэба прыняць да ведама, але і слушныя парады, якія, магчыма, можна было б узяць на ўзбраенне. Што на гэты раз давялося выслухаць дзяжурнаму журналісту?

«Па талон, як на работу»

Жыхарка г.п.Шарашэва:

— Хочацца выказаць сваё меркаванне наконт даступнасці раённай медыцыны. Калі не патэлефануеш у пружанскую рэгістратуру, чуеш адзін і той жа адказ: «Талонаў для папярэдняга запісу па тэлефоне няма — прыязджайце і бярыце на месцы!» Прыязджаем — і ўсё-роўна застаемся без магчымасці трапіць да ўрача. Так было і пару дзён таму: параілі падысці ў рэгістратуру зранку, што я і зрабіла, але ў 7.40 гадзін усіх ужо адпраўлялі назад ні з чым. І ўсё б нічога, каб на руках у мяне не было дзяцей-двайнятак, якім няма і годзіка, і жылі мы ў райцэнтры, а не ў Шарашэва. Нават калі шанцуе, звычайна даводзіцца ехаць у Пружаны двойчы: першы раз — узяць талончык, другі — ісці на прыём, які, як правіла, назначаны бліжэй да паўдня. А ўжо «ўварваць» у Пружанскай паліклініцы талон да такіх спецыялістаў, як акуліст, псіхолаг, ЛОР і хірург — увогуле вялікая ўдача.

Паколькі выхоўваю двайнятак, нас курыруюць не толькі пружанскія, але і брэсцкія медыкі. Таму, паверце, мне ёсць з чым параўноўваць. Чаму ў Брэсце, дзе штодзённы паток пацыентаў намнога большы, чым у Пружанах, работу магчыма было арганізаваць так, што практычна ніколі няма нараканняў, не паўстае праблем з талончыкамі? Дарэчы, у Брэсце ніколі не губляліся медыцынскія карты маіх дзетак, як у Пружанах.

Яшчэ адна акалічнасць, якую немагчыма растлумачыць з пункту гледжання логікі, — агульная чарга для здаровых і хворых дзетак да педыятра. Прычым на гэта наракаю не я першая.

А яшчэ часта раздражняе культура абслугоўвання малодшага медперсаналу. Да саміх урачоў, з якімі даводзілася сутыкацца, прэтэнзій няма: педыятр, які некалькі разоў на месяц прыязджае ў Шарашэва, — цудоўная жанчына.

Можна многа гаварыць пра тое, што неабходна мяняць у медыцынскай галіне Пружаншчыны. Але калі да гэтых меркаванняў пачнуць прыслухоўвацца і прымаць да ўвагі?

«Ружанам патрэбна яшчэ адна аптэка»

Мікалай Аляксеевіч Кісцюк, г.п.Ружаны:

— Не так даўно ў Ружанскай гарадской бальніцы быў зроблены рамонт. Цяпер там чысціня і парадак, што, безумоўна, не можа не радаваць. І ўрачы ў нас працуюць добрыя: на іх няма нараканняў. Праўда, іх не хапае. Але, на мой погляд, кадравы дэфіцыт у Ружанах — не самая глабальная праблема. Іншы раз пацыентам бальніцы для лячэння трэба дакупіць неабходныя медпрэпараты. Дзе? На абурэнні хворых персанал толькі рукамі разводзіць. Магчыма, у такім разе было б мэтазгодна адкрыць аптэку непасрэдна ў бальніцы?

Крыху з маіх жыццёвых назіранняў. Сёння аптэкі ёсць, здаецца, на кожным кроку: і ў памяшканнях магазінаў, і ў паліклініках, і ў бальніцах. Калі лячыўся ў абласным цэнтры, трэба было дакупіць уколы і бінты, што не даставіла складанасцей, бо там аптэка ў крокавай даступнасці. А як пацыентам Ружанскай бальніцы дакупіць медыкаменты? Не ўсе ж хворыя маюць родзічаў у пасёлку, а да адзінай у Ружанах аптэкі немалая адлегласць. Магчыма, мэтазгодна было б знайсці памяшканне для аптэкі і ў будынку бальніцы, нягледзячы на стандартныя: «Гэта нерэнтабельна, бессэнсоўна і, увогуле, накладна».

Хаця пра недахоп кадраў кіраўніцтву Пружанскай ЦРБ таксама нельга забываць. Не так даўно неабходна была дапамога ўролага, але ж у бальніцы па месцы жыхарства няма да каго звяртацца. Два дні запар ездзіў у Пружаны, каб трапіць хаця б да хірурга, але мяне так ніхто і не прыняў.

«Я згодны нават плаціць»

Дзмітрый, гараджанін:

— Не прывык скардзіцца, але надта ўжо набалела. Каторы раз не магу трапіць да ўрача, і кожны дзень адзін і той жа адказ: «Прыходзьце заўтра!» Але заўтра гісторыя паўтараецца. Зразумела, што і ўрачы — людзі: могуць захварэць, пайсці ў водпуск ці па нейкай прычыне ўзяць «за свой кошт». Але ж Пружанская ЦРБ — не вясковая амбулаторыя, а медустанова раённага значэння. Прычым апошнім часам нават да тэрапеўта, калі няма тэмпературы ці іншых сімптомаў, якія з’яўляюцца паказаннем да тэрміновага прыёму, можна трапіць у лепшым выпадку праз тыдзень. Акрамя таго, штодзень даводзіцца займаць чаргу ў 6.30 гадзін. А як жа работа?! Так нядоўга застацца і беспрацоўным.

Наколькі складана здабыць талончык да вузкага спецыяліста, і згадваць не варта. Не зразумела, для каго створаны і папярэдні запіс да ўрача па тэлефоне, заказ талонаў праз інтэрнэт. Хоць бы раз адміністрацыя бальніцы сама паспрабавала скарыстацца гэтымі «зручнымі» спосабамі запісу на прыём.

Ці ў іншых райцэнтрах няма такіх праблем? Ці ў нас хварэюць часцей, чым у суседніх рэгіёнах? Я згодны нават плаціць грошы, каб трапіць да ўрача, — зрабіце некалькі платных прыёмаў для жадаючых.

Асобнай тэмай для абмеркавання магла б стаць і культура работнікаў рэгістратуры. Хацелася б хоць раз прыйсці ў паліклініку і замест звыклага бурчання пачуць ветлівае: «Добры дзень! Падыдзіце да свабоднага акенца! Вось ваш талончык. Не хварэйце!»

Меркаванні запісала Марына Вакульская

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашым чытачам было прапанавана выказаць свае меркаванні наконт даступнасці медыцыны.  Чаму мы вырашылі звярнуцца да гэтай тэмы? Бадай, гэта адна з самых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика